...Хто першым сказаў пра Галіну «бездакорная наша», цяпер не ўспомніць, а шкада, бо гэту жанчыну і сапраўды не было ў чым папракнуць: яна, як здавалася, заўсёды ўсё паспявала, рабіла правільна, ні ў чым не сумнявалася, бездакорна выглядала і з форсам насіла галаву. Яна працавала, мела траіх сыноў і мужа...
Зрэшты, гэта некалі, ужо даўно.
...Бездакорная ў дэкрэтным была, калі аднойчы ў кватэры зазваніў тэлефон і нейкая незнаёмая «дабрадзейка» хітранька спытала, ці «ў курсе» яна, чым пасля работы займаецца яе муж? «Падпрацоўвае, зарабляе грошы на сям’ю», — адказала жонка. «А хацелі б убачыць, як?» — спытаў той жа галасок і тут жа падказаў, куды для гэтага трэба пад’ехаць.
Час, каб сабрацца (у тым ліку з думкамі), у бездакорнай быў. Яна (гэта святое!) прыбралася сама і прыбрала дзяцей, яны дружна пакіравалі ў дарогу.
Бацьку ўбачылі яшчэ здалёк — ён і праўда стаяў ля заводскай Дошкі гонару, некага, відаць, чакаў. Малыя падумалі, што іх, хацелі пабегчы насустрач, — маці не пусціла. Усе разам яны стаялі паводдаль, усе разам спужаліся, убачыўшы, як міма іх (скончылася змена) паваліў народ... Потым, праз парадзелы натоўп, згледзелі, што бацька нікуды не сышоў — стаіць — у бездакорнай мову адняло — з нейкай жанчынай... І хоць бы што на ёй — ну, такое... А то ж — моль! Ні да вока, ні да бока…
— Ты на што спадзяешся, мілая? — «падруліўшы» бліжэй, спытала ў яе Галіна. — Што ён развядзецца? Са мной? Дзеля каго?..
— Сціхні! — засланіўшы сабою «моль», загадаў муж. — Ты нічога не ведаеш.
— І ведаць не хачу! — ужо яму крычала жонка. — Здраднік пракляты! Памыйны кот…
Муж, не сцяміўшы, як спыніць гэту лаянку (на іх азіраліся людзі), з сілай штурхануў яе — ледзь не ўдарыў…
Бездакорная знячэўку знямела. «Моль» — знікла, натоўп — разышоўся, бо скончыўся цырк, прынамсі, першае аддзяленне.
Дома і ўжо без гледачоў (дзяцей муж адвёў да суседскіх) пачалося другое — і такое ж кароткае: жонка, нічога не чуючы, паскладала ў сумкі яго адзенне і рэчы — вынесла за парог. Ён сышоў.
«Нідзе не дзенецца! Вернецца!» — услед падумала Галя.
І ён сапраўды «не дзеўся»: ледзь не штодня прыходзіў, гуляў з сынамі, прыносіў прадукты і грошы, па-ранейшаму шмат што рабіў па гаспадарцы, але каб застацца…
Бездакорная цярпліва чакала, яшчэ і таму, што цудоўна ведала, як моцна ён любіць дом, парадак, камфорт, смачную ежу... Што з гэтага «набору» было ў яго інтэрнацкім пакоі? Нічога! Што туды магла прыўнесці тая разлучніца (як далажыла «разведка» — хворая на анкалогію)? Таксама нічога…
Муж, тым не меней, з ёй распісаўся.
Вось цяпер ужо трэба было змірыцца: не спадзявацца, не чакаць, што вернецца. Але ў такім выпадку, як ні страшна гэта гучыць, ёй, бездакорнай, чакаць... не было б чаго, ну зусім. Як ні старалася, не змагла зрабіць кар’еру, займець сапраўдных сяброў, а самае крыўднае — утрымаць дзяцей. Сыны змалку захапляліся боксам і шахматамі (у бацькі — разрады). Яны ж, трохі падросшы, «фанацелі» ад музыкі — Каця (тая самая «моль») вучыла іграць на гітары, мела машыну і вадзіла яе, як сапраўдны Шумахер! З ёй — і, вядома ж, з бацькам — так цікава было некуды хадзіць, ездзіць на рыбалку, у грыбы, на лецішчы да радні і сяброў, нават на мора... Гэта пакуль Каця БЫЛА жывая і больш-менш здаровая…
Але ж і потым, ужо ўдаўцом, да сваёй бездакорнай муж не вярнуўся: дабудаваў кватэру, забраў да сябе старэйшага сына, там жа ашываецца цяпер сярэдні.
...Мараль?
Дарэчней — малюнак з натуры. «Дзядуля, павіншуй мяне, я жанюся! — аб’явіў унук, прыехаўшы ў вёску. «Яна такая прыгожая! (Стары сядзіць на лаўцы, маўчыць, сваёй кавенькай выводзіць на зямлі нулік.) Такая вясёлая! — працягвае хлопец. (Побач з першым нулікам малюецца другі.) Такая добрая і разумная! (З’яўляюцца трэці з чацвёртым...) — Дзядуля, ну чаму ты маўчыш? — крыўдуе ўнук. — Ты, што, зусім не рады?! Я ж так кахаю яе!»
Вось тут стары прыўзняў галаву, усміхнуўся, абняў шчаслівага жаніха і перад усімі тымі нулямі вывеў кавенькай акуратную роўную... палачку.
Што азначала толькі адно: калі ты напраўду кахаеш, усе вартасці твайго абранніка ў тысячы разоў памнажаюцца, калі не — застаюцца нулямі.
Валянціна ДОЎНАР
Прэв’ю: з адкрытых крыніц
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».