Размова ў Савеце Рэспублікі, падчас якой не было закрытых тэм і пытанняў, выйшла шчырай і адкрытай і працягвалася некалькі гадзін. Вітаючы, Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што такія сустрэчы вельмі важныя для парламентарыяў і папрасіла маладых людзей даваць зваротную сувязь. Яна растлумачыла гэта тым, што члены Савета Рэспублікі прымаюць законы, якія ідуць «ад жыцця», таму вельмі важна разумець, што цікавіць і хвалюе грамадства, у тым ліку і моладзь.
Для маладых людзей наведванне Савета Рэспублікі — выдатная магчымасць пазнаёміцца з работай заканадаўцаў, даведацца пра гісторыю беларускага парламентарызму. Важная частка падобных сустрэч, якія ўжо сталі традыцыйнымі, — экскурсія па музейнай экспазіцыі Савета Рэспублікі. Тым больш што размова са Старшынёй Савета Рэспублікі праходзіла менавіта ў той зале, дзе праходзяць сесіі верхняй палаты парламента і найважнейшыя падзеі.
Наталля Качанава расказала гасцям аб рабоце парламентарыяў, аб тым, у якіх умовах нараджаюцца важныя для краіны дакументы. Спікер зрабіла акцэнт на дзейнасці Экспертнага савета пры Савеце Рэспубліцы. Наталля Качанава расказала пра работу членаў Савета Рэспублікі з грамадзянамі, гэты напрамак яна назвала вельмі важным. Таксама спікер падрабязна расказала пра міжнародную дзейнасць парламентарыяў на розных пляцоўках, падзялілася ўражаннямі ад афіцыйнага візіту ў Кітай.
Старшыня Савета Рэспублікі расказала, што прадстаўнікі Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах парламента, працуюць на асабістых прыёмах грамадзян. «Гэта выдатная школа для тых, каму цікавая гэтая дзейнасць. Калі маладому чалавеку цікава заканатворчая дзейнасць, работа з людзьмі, калі яму хочацца быць на вастрыі тых падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне і за мяжой, — гэта цудоўна, і мы такіх маладых людзей цалкам падтрымліваем», — сказала Наталля Качанава.
Пытанняў падчас сустрэчы было шмат і на розныя тэмы. Абмяркоўвалі змену пакаленняў, маладыя людзі раіліся, як захаваць традыцыйныя каштоўнасці ў няпросты час. «У нашых традыцыях — сямейныя каштоўнасці, роля маці і бацькі, павага да бацькоў, і гэта трэба перадаваць з пакалення ў пакаленне. Цяпер ідзе актыўная прапаганда не нараджаць, не выходзіць замуж, жыць „так, як табе камфортна“. Так, нехта выбірае для сябе такое жыццё, але хіба гэта шчасце? Калі ў цябе ёсць сям’я, калі ты можаш з кімсьці параіцца, атрымаць падтрымку — гэта дарагога варта. І нават у самыя складаныя перыяды жыцця ты разумееш, што гэта вялікае шчасце, калі ў цябе ёсць аднадумцы. А, паважаючы сваіх бацькоў, вы будзеце працягваць традыцыі, якія ёсць у вашых сем’ях», — адказала Наталля Качанава.
Не абышлося і без надзённых пытанняў. Разам са Старшынёй Савета Рэспублікі студэнты абмеркавалі найважнейшыя законапраекты, міжнародны парадак дня. Пагаварылі і пра сучасныя тэхнлогіі і іх уплыў на наша жыццё. «Штучны інтэлект — гэта будучыня. Але яго, як і атам, трэба выкарыстоўваць у мірных мэтах», — заўважыла Наталля Качанава. Старшыня Савета Рэспублікі дзялілася гісторыямі з асабістага жыцця, давала маладым людзям парады на аснове ўласнага досведу.
У размове з журналістамі Наталля Качанава адзначыла, што сустрэчы з маладымі людзьмі важныя і цікавыя для любога кіраўніка. «Гэта, можа быць, банальна, але гэта так, маладыя людзі — гэта нашая будучыня. А нам, членам Савета Рэспублікі, карысна сустракацца з маладымі людзьмі яшчэ і таму што, працуючы над законапраектамі, важна разумець, якія пытанні актуальныя для маладога асяроддзя, што трэба зрабіць, каб вырашыць пытанні, якія ў іх узнікаюць», — адзначыла яна. Спікер звярнула ўвагу, што студэнты задалі нямала цікавых пытанняў. Яна зрабіла акцэнт на тым, што гэтыя глыбокія пытанні былі накіраваны на развіццё краіны, на яе будучыню. «Яны кажуць пра змену пакаленняў, кажуць пра тое, як заўтра будзе развівацца краіна, разумеючы, што ім давядзецца гэтым займацца. Тыя парады, тыя адказы на пытанні, якія сёння прагучалі, думаю, дадуць рабятам разуменне перспектыў развіцця краіны з улікам таго, што ім давядзецца займацца многімі пытаннямі, працягваючы тыя добрыя традыцыі, якія ёсць у нашай краіне. Таму мы з вялікай радасцю сустракаемся з моладдзю. І рады, што сёння Савет Рэспублікі з’яўляецца той пляцоўкай, куды маладыя людзі прыходзяць з задавальненнем і цікавасцю. І важна, што ініцыятыва ідзе ад моладзі», — сказала Наталля Качанава.
Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы падзяліліся і яе ўдзельнікі. «Для нас вельмі важна, што дзяржаўная ўлада заўсёды адкрытая для тых ініцыятыў, якія прапаноўвае моладзь. Мы сёння пішам гісторыю нашай краіны. І нам важна ў рэтраспектыве паглядзець на тыя гістарычныя падзеі, з якіх пачыналася наша сучасная дзяржаўнасць, з першых вуснаў пачуць, як гэта было», — адзначыў адзін з удзельнікаў сустрэчы Іван Квашко.
Падобныя сустрэчы — не проста пазнавальнае мерапрыемства, а важны кампанент падрыхтоўкі і выхавання маладых кадраў. На гэта звярнулі ўвагу выкладчыкі. «Вядома, што моладзь — гэта вельмі мабільная частка грамадства, за маладымі — заўсёды будучыня. Яны вельмі хутка авалодваюць новымі навыкамі, напрыклад, асвойваюць інфармацыйныя тэхналогіі. І таму, канешне, моладзь — гэта тая сіла, на якую трэба абапірацца і за якую трэба змагацца. Таму сённяшняя сустрэча — гэта вельмі важны прамы дыялог напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, у кантэксце новай ролі Усебеларускага народнага сходу. Мы бачым, што гэтая размова і тыя пытанні, якія моладзь задала Наталлі Іванаўне і атрымала вельмі ўзважаныя, мудрыя адказы, вельмі важныя ў наш час. І ключавы момант у тым, што моладзь бачыць перспектывы, яна разумее, што зрабіць усё можна толькі сваімі рукамі», — адзначыў Сяргей Каун, выкладчык БДУ.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.