Вы тут

Вяселлю быць ці не быць: вось у чым пытанне


У мінулым годзе ў Беларусі было заключана звыш 56 тысяч шлюбаў. 2024-ы — высакосны год — не стаў для беларусаў выключэннем: многія маладыя пары, насуперак містычным перасцярогам, абралі менавіта гэты год для стварэння сям’і. Сваю ролю ў нейкай ступені адыграла магія лічбаў: калі скласці 2+0+2+4, атрымліваецца 8 — лічба бясконцасці. А далей дадавайце на свой густ — бясконцага шчасця, кахання і дабрабыту. З кожным годам згуляць вяселле па ўсіх канонах пышнасці становіцца складаней, высокі попыт на тавары і паслугі з прыстаўкай «вясельны» дыктуе такія ж высокія цэннікі. Некаторыя пары ў гонцы за сапраўднай казкай адтэрміноўваюць вяселле на год і больш, старанна адкладваючы грошы на самую лепшую сукенку і топавага вядучага. Але апошнім часам усё папулярней становіцца фармат камернага вяселля з самымі блізкімі. Карэспандэнт «Сямейнай газеты» даведалася, колькі каштуе гэтае свята ў Віцебску.


Мода на элегантнасць

Пасля запаветнай прапановы рукі і сэрца ў жаночай галаве вымалёўваецца стратэгічны план дзеянняў. І пачынаецца ён звычайна з выбару вясельнай сукенкі і адпаведных аксесуараў. Калі прыходзіш у салон па папярэднім запісе, вочы разбягаюцца ад фасонаў і бляску. Прымераўшы варыянтаў дзесяць (а менавіта столькі прапаноўваюць спачатку), пачынаюцца ваганні: абраць самы бліскучы, з доўгім шлейфам і самы пышны варыянт, бо пры добрым раскладзе адчуць сябе сапраўднай прынцэсай можна будзе толькі аднойчы, або звярнуць увагу на больш лаканічны элегантны варыянт, які, дарэчы, выглядае дорага.

Цэны на вясельныя сукенкі залежаць ад сезона. У разгар шлюбнай пары пакупка трэндавых мадэляў з аздабленнем стразамі стартуе ад 400 долараў, варыянты прасцей каштуюць танней. Цікава, што пракат адрозніваецца ад пакупкі ўсяго на 200–300 рублёў. Гэтым летам у топе былі элегантныя сукенкі з арганзы, якія выглядаюць пышна нават без дадатковага каркаса з кольцамі. Такія мадэлі ў продажы стартавалі ад 1200 рублёў у залежнасці ад гарсэтнага выканання і рукавоў. У суседнім з Віцебскам Смаленску такую мадэль з арганзы з верхам-«ракавінкай» і асобнымі рукавамі-«ліхтарыкамі» ў чэрвені можна было набыць за 1000 беларускіх рублёў.

Зараз, у лістападзе, беларускія салоны прапаноўваюць сукенкі па больш прымальных цэнах. Так, сукенка-трансформер з той жа арганзы каштуе 900 рублёў, «рыбка» з карункамі і стразамі — 1200. Але вясельны вобраз у халодную пару года патрабуе дадатковых аксесуараў. Так, белая шубка са штучнага футра будзе каштаваць ад 200 да 600 рублёў. Дадаём яшчэ белыя батыльёны або боты — у раёне 200 рублёў.

Вядома, што сімвалам дзявочай нявіннасці з’яўляецца фата. Некаторыя вясельныя салоны пры набыцці сукенкі прапаноўваюць фату ў падарунак, звычайную белую сеткавую ў адзін або некалькі слаёў. Такі ж варыянт, але з белымі жамчужынамі, каштуе 120 рублёў. Набыць фату будзе танней на маркетплэйсах, на розны густ і кашалёк ад 20 да 60 рублёў. Там жа можна знайсці завушніцы, каралі, упрыгожванні для валасоў.

Жаніх — другая галоўная персона вяселля, таму да падбору яго вобраза таксама трэба падысці адказна. На рынку мужчынскі касцюм «двойка» каштуе ад 300 рублёў, «тройка» — ад 400. У салонах мужчынскага адзення вобраз з белай кашуляй выходзіць прыблізна 600-700 рублёў. Туфлі пад колер касцюма — ад 100 да 250 рублёў.

Сотня важных дробязяў

Заручальныя пярсцёнкі — яшчэ адзін неад’емны элемент вяселля. Пара звычайных тонкіх залатых абыдзецца ў 1000 рублёў. Варыянты пабольш — ад 2000, з даданнем брыльянтаў — ад 3000 рублёў. Каб гэтую крыніцу расходаў паменшыць, варта выбіраць заручальныя пярсцёнкі ў расійскіх крамах золата, дзе пастаянна дзейнічаюць зніжкі і можна прыдбаць прыгожую пару з разьбой да 1200 рублёў.

Паход у барбершоп на стрыжку жаніха абыдзецца ў 50 рублёў, у такі адказны дзень варта крыху пераплаціць і даверыць прычоску прафесіяналам. Макіяж і прычоска для нявесты ў Віцебску каштуе ў сярэднім ад 200 да 250 рублёў. Сустракаюцца б’юці-майстры, у якіх адзін кошт і на вясельны, і на вячэрні макіяж. Прычоска на сярэднюю даўжыню валасоў абыдзецца ў 70 рублёў, макіяж — у 80, выезд у раён яшчэ 40 рублёў.

У некаторых нявест шмат пытанняў наконт вясельнага букета. У залежнасці ад аб’ёму і выкарыстаных кветак аксесуар каштуе ад 120 да 300 рублёў. Але ці варта пераплачваць? Вялікі букет цяжка і не заўсёды зручна трымаць у руках увесь дзень, тым больш што і пяшчотныя ружы без вады хутка прыйдуць у непрыдатнасць. Букет — якраз тая крыніца расходаў, на якой можна сэканоміць. Хрызантэмы і гіпсафілы — адны з найбольш стойкіх кветак. Скласці акуратны букет з іх і рускусу самастойна абыдзецца ўсяго ў 40 рублёў, а напамінаць аб вясельным дні гэты атрыбут дома будзе яшчэ два тыдні.

Каб зарэгістраваць шлюб у ЗАГСе, трэба як мінімум аплаціць 40 рублёў (адну базавую велічыню). За ўрачыстую рэгістрацыю з музыкай у асноўнай зале — дадаткова ад 20 да 30 рублёў.

Давер — прафесіяналам

Фотаздымкі з вяселля — найлепшае, што можа застацца на памяць аб гэтым шчаслівым дні. Важна даверыць гэтую місію прафесіяналу, адказна падышоўшы да выбару фатографа. Чатыры гадзіны здымкі з 250 фота на выхадзе абыдуцца ў 250 долараў, восем гадзін — $450. Тры гадзіны, у якія ўваходзяць ЗАГС і прагулка са зменай трох лакацый, каштуюць $150. І гэта сярэдні цэннік у Віцебску ў запатрабаваных фатографаў. Калі фармат вашага вяселля камерны, то трох гадзін цалкам хопіць, каб зрабіць прыгожыя запамінальныя фота. Калі вяселле вялікага фармату з банкетам на 25 чалавек і шоу-праграмай, то варта выбіраць ад шасці да васьмі гадзін здымкі, каб захаваць самыя яркія моманты вечара. Яшчэ адзін варыянт — відэограф. Самая простая паслуга такога тыпу, у якую ўваходзіць гадзіннае відэа поўнага дня з мінімальнай апрацоўкай, каштуе 300 рублёў. Відэаздымка ад 2 да 12 гадзін з прымяненнем квадракоптара і стварэннем сапраўднага фільма каштуе ад $300 да $700. Памятайце, што ў прафесіяналаў вялікая чарга і браніраваць дату вяселля налета трэба ўжо зімой.

Падбор тамады — пытанне зусім няпростае. І дамаўляцца з ім трэба таксама загадзя, бо ў добрых вядучых таксама чарга. Важна даверыць праграму чалавеку з вялікім вопытам, які лёгка адчувае настрой маладых і гасцей. Вядома, у кожнага свой густ, і конкурсы з 2000-х з эратычным падтэкстам хтосьці выбірае і цяпер. Як правіла, тамада з падобнай праграмай — чалавек ва ўзросце з адпрацаваным сцэнарыем. Але моладзь, падыходзячы да выбару вядучага, шукае драйвовых спецыялістаў з нестандартнымі ідэямі. Як правіла, вядучы працуе ў тандэме з гукааператарам, таму і цэннік за паслугу агучваецца адзін. Вясельную праграму з гукам і святлом «пад ключ» прапаноўваюць за 3000 рублёў, ёсць варыянты за $500 і $650. Яшчэ ў ліку віцебскіх варыянтаў, якія не вельмі моцна б’юць па кішэні, 200 рублёў за гадзіну з мыльнымі бурбалкамі і дымавым шоу ў падарунак. Выязная цырымонія ад вядучага каштуе ад $50 да $100.

Для поўнага завяршэння эфектнай карцінкі многія пары выбіраюць піратэхнічнае шоу. Так, пяціметровыя халодныя фантаны прапаноўваюць за $22 за адну хвіліну, цяжкі дым ад $100 да $130, арганізацыя і правядзенне салют-шоу «пад ключ» каштуе ад 400 долараў. Удалым альтэрнатыўным варыянтам з’яўляюцца бенгальскія агні, 40-сантыметровыя «свечкі» можна знайсці за 40 рублёў за 24 штукі. На фота выглядае не менш эфектна.

«Я паднімаю тост...»

Для фармату камернага вяселля, у які ўваходзяць рэгістрацыя шлюбу, прагулка з фотасесіяй і рэстаран, падыходзіць кампанія з родных і блізкіх да дзесяці чалавек. Можна адзначыць гэты дзень, проста забраніраваўшы столік у рэстаране ў агульнай зале, а можна забраніраваць цэлую невялічкую залу. Сярэдні чэк у рэстаранах Віцебска для вяселля — ад 100 да 150 рублёў на чалавека. У гэту суму ўваходзяць салат, некалькі гарачых страў, алкаголь у аб’ёме 100 грамаў. Калі такі варыянт з двума гарачымі не падыходзіць, можна проста выбраць з меню закускі і стравы на неабходную суму (напрыклад, на 800 рублёў на кампанію з васьмі чалавек). Чым больш гасцей — тым вышэй агульны чэк. Алкагольныя напоі звыш абавязковага ў некаторых установах дазваляюць прыносіць з сабой. А вось торт — справа індывідуальная.

Класічны двухпавярховы торт на чатыры кілаграмы для 20 чалавек у прыватнага кандытара каштуе 340 рублёў (цана вар’іруецца ў залежнасці ад афармлення і начынкі). У сярэднім віцебскія кандытары прапануюць вясельныя тарты па 60 рублёў за кілаграм. Калі для вас шматпавярховы торт — больш для памятных фота і традыцыі, то хлебазавод прапануе варыянты ад 40 рублёў за кілаграм з класічнымі фігуркамі з мастыкі.

Ёсць альтэрнатыва!

Можна арганізаваць вяселле на прыродзе сваімі сіламі. Для гэтага выбіраем аграсядзібу з домікамі для гасцей, вялікай закрытай тэрыторыяй і пажадана крытай альтанкай. Суткі ў гасцявым доме на 25 чалавек абыдуцца ў 400 рублёў, 150 рублёў каштуе арэнда крытай альтанкі са сталамі і святлом на 30 чалавек. Такога фармату вяселле будзе класным у якой-небудзь тэматыцы: у стылі 90-х, вясковым стылі і гэтак далей. Класічную вясельную сукенку фасону 90-х можна набыць на «Куфары» за 50 рублёў, вобраз жаніха збіраецца з таго, што ёсць у шафе. Гасцей пажадана таксама папрасіць прытрымлівацца выбранага дрэс-кода.

Талакой з сям’ёй можна прыгатаваць закускі і салаты, на 25 чалавек прадукты абыдуцца каля 1000 рублёў. «Фішка» стала — шашлык, на такую колькасць людзей будзе дастаткова па пяць кіло курынага і свінога мяса — 100 рублёў. Алкагольныя і газіраваныя напоі — яшчэ 500 рублёў. Неад’емныя элементы традыцыйнага вяселля — каравай і іконы — 100 рублёў. Яшчэ 100 рублёў неабходна закласці на паветраныя шарыкі, вясельныя плакаты. Арку для выязной цырымоніі на прыродзе можна таксама зрабіць самастойна. Для гэтага будуць патрэбныя некалькі пластыкавых водаправодных труб, некалькі кавалкаў арматуры для замацавання, апарат для зваркі труб. Набор паветраных шароў са стужкай для іх замацавання і бліскучы «дожджык». Не забудзьцеся пра падарункі бацькам: напрыклад, карціна на палатне з вашым сумесным фота каштуе ад 20 да 155 рублёў у залежнасці ад памераў. Засталося запрасіць вядучага — і свята поўнасцю склалася, тым больш што ўсе прысутныя змогуць застацца нанач у сядзібе і адпачыць.

Атрымліваецца, што камернае афіцыйнае вяселле ў Віцебску на восем чалавек абыдзецца прыкладна ў 4600 рублёў, другі варыянт з гасцямі на прыродзе — у 4000 рублёў. Але памятайце: вяселле — гэта адзін з самых шчаслівых дзён, які маладыя павінны правесці так, як хочуць яны.

А што ў сталіцы?

Мы даведаліся, колькі каштавала вяселле ў жніўні гэтага года для адной канкрэтнай пары мінчан. Пры гэтым трэба ўлічыць, што пакупка некаторых рэчаў адбылася загадзя, як і заключэнне дагавораў на многія паслугі — за 3–9 месяцаў да ўрачыстасці.

Арэнда аграсядзібы з уласнай кухняй у Дзяржынскім раёне (18 км ад сталіцы) — $3485. Дагавор быў заключаны ў лістападзе 2023 года. У кошт увайшлі: банкетны стол на 40 чалавек (без уліку алкагольных напояў), паслугі двух афіцыянтаў, начлег (30 спальных месцаў), лазня, дэкор (прэзідыум, арка для рэгістрацыі, ранеры, мальберты, лаўнж-зона, гірлянды з лямпачкамі).

Дэкор залаў — $215, вяселле было «гарбузовым». Пры гэтым усе гарбузы былі бясплатнымі, а частка кветак — ад бацькоў.

Вядучы, дыджэй, светлавое і музычнае абсталяванне плюс невялікія падаруначкі гасцям — $650 (дагавор заключаны ў лістападзе 2023 года).

Сукенка нявесты класічная, А-сілуэта — $450 (пакупка ў студзені 2024 года). Вэлюм перакідны (куплены ў салоне, каб больш дакладна трапіць у патрэбнае адценне белага) — $25. Падрэзка — 50 рублёў. Чахол і крыналін на тры кольцы — $25.

Гарнітур жаніха — ад 1000 рублёў беларускай вытворчасці (танней за ўсё ў «ГУМе», у дні зніжак) і да бясконцасці. У дадзеным выпадку гарнітур і адна белая кашуля (італьянскай вытворчасці) — 1500 рублёў. Туфлі — каля 70 рублёў.

Заручальныя пярсцёнкі (адзін просты класічны, другі — упрыгожаны россыпам брыльянтаў, за опт у дзве штукі — зніжка) — 2058,12 рубля ў красавіку 2024 года.

Выязная рэгістрацыя шлюбу супрацоўнікам ЗАГСа — $135.

Паслугі фатографа — $320 + $2 за транспарт (дагавор у лістападзе 2023 года, многія фатографы на патрэбную дату ў жніўні ўжо былі занятыя).

Паслугі цырульніка і візажыста — $130. Пробны макіяж (калі дэталёва прапрацоўваецца вобраз, падбіраюцца аксесуары) — $80 (дагавор у студзені 2024 года).

Паліграфія (макет запрашальнікаў і таблічак для гасцей, распрацаваны самастойна) — друк і дэкор (маленькія драўляныя прышчэпачкі) — $17,45.

Піратэхніка («цяжкі дым» і шэсць установак піратэхнічных («халодных») фантанаў) — $320 (дагавор у маі 2024 года).

Пастаноўка двух танцаў — 387 рублёў.

Букет нявесты (стабілізаваныя ружы і сланечнікі) — 450 рублёў.

Падарункі гасцям (дэкарыраваныя слоічкі з мёдам, 50 штук) — $77,4.

Іншае (драбяза, звязаная з кнігай пажаданняў гасцей, налепкі і картрыджы ў фотаапарат маментальнай здымкі) — $62,88.

Торт-гарбуз (у тэматыку вяселля), 2 кг, трайфлы (35 штук) і іх дэкор, падстаўка і дастаўка — 835 рублёў (па стане на жнівень 2024 года, браніравалі дату ў сакавіку 2024 года).

Трансфер гасцей — каля 160 рублёў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з сямейнага архіва аўтара

Загаловак у газеце: «Выходзь за мяне!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў. 

Грамадства

Смаката на святочным стале

Смаката на святочным стале

Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.