Вы тут

Зімоўка саджанцаў у прыкопе


Увосень багаты асартымент саджанцаў і прыватныя зніжкі стымулююць нас да куплі новых раслін. Аднак часта купляць іх даводзіцца тады, калі ўсе тэрміны пасадкі ўжо мінулі.


Працэс укаранення саджанцаў займае 1–1,5 месяца. На працягу гэтага часу глеба павінна заставацца дастаткова цёплай, аптымальная тэмпература — +8–10 °С, але не менш за +3 °С.

Першыя начныя замаразкі пасаджаным раслінам не страшныя, тым не менш неабходна завяршыць пасадку саджанцаў да наступлення моцных маразоў. Што ж рабіць, калі пасылка з саджанцамі прыйшла значна пазней? Неабходна захаваць іх да вясны ў прыкопе.

Узімку галоўным уцяпляльнікам з’яўляецца снег. Нават у суровыя маразы пад пластом снегу зямля прамярзае нязначна. Аднак для маладых раслін, якія яшчэ не паспелі толкам укараніцца, кожны градус мае значэнне. У бясснежную зіму парасткі кустоў, ствалы і шкілетныя галіны маладых дрэў абмярзаюць.

Зімоўка ў прыкопе забяспечвае добрую захаванасць саджанцаў. Працэнт раслін, што выжылі, увесну бывае больш за 90 %, тады як пры восеньскай пасадцы звычайна да 30 % саджанцаў не пераносяць першую зіму.

Прыкоп забяспечвае заглыбленне каранёвай сістэмы на большую глыбіню, чым пры звычайнай пасадцы. Так, у суровыя маразы верхнія 15–20 см глебы прамярзаюць. А на глыбіні 40 см зямля толькі злёгку схопліваецца марозам, на глыбіні 80 см тэмпература глебы застаецца каля нуля, а яшчэ глыбей — захоўвае дадатную тэмпературу.

Таму глыбіню прыкопу і яго канструктыўныя асаблівасці неабходна суадносіць з кліматычнымі асаблівасцямі канкрэтнага рэгіёна.

Пры зімоўцы ў прыкопе расліны ўкладваюцца «напаўлежачы». Прыкладна палова, а часам і 2/3 надземнай часткі расліны таксама прыкрываюцца глебай, што забяспечвае захаванасць саджанцаў ад вымярзання. Надземная частка, размешчаная на ўзроўні глебы, зімуе пад пластам снегу, таму ёй не страшныя ні маразы, ні ледзяныя дажджы, ні лютаўскае сонца.

Увесну, як толькі глеба адтае, саджанцы акуратна выкопваюць з прыкопу і саджаюць на пастаяннае месца.

Месца пад збудаванне прыкопу неабходна выбіраць на ўзвышшы ці на роўнай паверхні глебы, але не ў нізіне.

Памеры

Прыкоп уяўляе сабой траншэю. Яе шырыня параўнальна невялікая — 40–50 см, калі саджанцы ўкладваюцца ўпоперак траншэі. 

Даўжыня прыкопу — адвольная, залежыць ад колькасці саджанцаў, якія плануецца захоўваць. Аптымальна размяшчаць расліны такім чынам, каб яны не датыкаліся адна да адной галінамі. Аднак на справе гэты прынцып рэдка выконваецца. Глыбіня траншэі — гэта галоўны фактар, які ўплывае на захаванасць саджанцаў у зімовы час.

У нашых кліматычных умовах рэкамендуецца капаць траншэі глыбінёй 40–50 см. Паколькі саджанцы ўкладваюць папярок траншэі, нахілена, то пад зямлёй аказваецца не толькі каранёвая сістэма, але і ніжняя траціна расліны.

Траншэі капаюць з захаду на ўсход. Паўночную сцяну рова робяць вертыкальнай, а паўднёвую — нахільнай. Пры ўкладцы расліны размяшчаюць каранямі ў найглыбейшай частцы рова, каля паўночнай сцяны, а ствалы і галінкі ўкладваюць на нахільную паўднёвую сцяну траншэі.

(Заканчэнне ў наступным выпуску).

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».