Гарадскі кірмаш вакансій сабраў больш за 100 арганізацый з прапановамі працы для мінчан у мінскім Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў. Больш за восем тысяч вакансій прадставілі наймальнікі з самых розных сфер: прамысловасці, будаўніцтва, транспарту, гандлю, грамадскага харчавання, аховы здароўя і іншых.
Наведвальнікам яшчэ на ўваходзе прапаноўвалі інфармацыйныя матэрыялы аб паслугах, якія аказваюць органы дзяржаўнай службы занятасці, а таксама буклеты з рэкамендацыямі па пошуку працы і складанні рэзюмэ. Акрамя таго, іх увазе былі прадстаўлены спецыялізаваныя выданні з актуальнымі вакансіямі ў розных сферах.
Кірмаш наведалі людзі самых розных пакаленняў: ад студэнтаў да пенсіянераў. Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Максім Фларынскі, жывыя зносіны паміж работадаўцамі і суіскальнікамі вельмі важныя.
— Удзельнікі кірмашу могуць не толькі азнаёміцца з вакансіямі, але і асабіста абмеркаваць перспектывы працаўладкавання. Тут людзі атрымліваюць магчымасць даследаваць рынак працы і, калі зацікаўлены, дамовіцца аб сумоўях.
На кірмашы працавалі дзевяць секцый, сярод якіх былі «Праца без межаў!» з вакансіямі для людзей з інваліднасцю і «Старэйшаму пакаленню» — для пажылых грамадзян, «Час магчымасцяў» для навучэнцаў і студэнтаў. А на секцыі «Правільны шлях да ўпэўненага заўтра» спецыялісты Мінскага гарадскога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва кансультавалі наведвальнікаў па пытаннях фарміравання страхавога стажу для назначэння працоўных пенсій і аб парадку дабравольных страхавых адлічэнняў для самазанятых.
— У мяне на пенсіі з’явілася шмат вольнага часу, але хацелася б быць яшчэ карыснай, — расказвае 62-гадовая мінчанка Ніна Вікенцьеўна. Усё жыццё яна працавала на адным са сталічных заводаў, але цяпер шукае падпрацоўку на частку дня. — Я згодна пайсці прыбіральшчыцай на некалькі гадзін з раніцы: і дадатак да пенсіі, і дзень хутчэй праходзіць.
Для тых, хто зацікаўлены ў стварэнні ўласнай справы, на кірмашы прадугледжаны кансультацыі аб выдзяленні фінансавай падтрымкі ў выглядзе субсідый на арганізацыю прадпрымальніцкай або рамеснай дзейнасці. Моладзі прапаноўвалі магчымасці як для часовай занятасці ў перыяд канікулаў, так і для пастаяннага заробку. Для студэнтаў і школьнікаў, дарэчы, даступныя вакансіі ў 42 арганізацыях, якія гатовы прапанаваць 700 працоўных месцаў.
— На факультэце прапанавалі наведаць кірмаш і пашукаць як месцы для будучай практыкі, так і магчымую падпрацоўку«, — расказвае студэнтка юрыдычнага факультэта БДУ Алеся. — Вось паразмаўляла з некалькімі арганізацыямі, у трох месцах мяне запрасілі на летнюю практыку.
Супрацоўнікаў шукалі бальніцы і паліклінікі, сталічны холадакамбінат, агароднінная база, «Белпошта», «Мінсктранс» і іншыя арганізацыі. Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Пётр Шуцько адзначыў, што па-ранейшаму на рынку працы карыстаюцца попытам прадстаўнікі рабочых спецыяльнасцяў:
— Мы сабралі больш як 110 арганізацый, якія прадставілі больш як 8 тысяч вакансій у больш як 800 прафесіях. Найбольшым попытам карыстаюцца рабочыя спецыяльнасці ў прамысловасці, будаўніцтве, а таксама вакансіі ў бюджэтнай сферы. Узровень зарплат вар’іруецца ад адной да амаль пяці тысяч рублёў. Акрамя таго, у нас дзейнічае секцыя для тых, хто жадае заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Людзі могуць атрымаць субсідыі на адкрыццё сваёй справы, таксама прадстаўлены прыклады паспяховых праектаў мінулых гадоў. Толькі за гэты год мы ахапілі каля 8 тысяч навучэнцаў. Для нас важна, каб кожны, хто прыйшоў на кірмаш, знайшоў нешта карыснае, няхай гэта будзе праца, новыя веды ці натхненне для сваёй справы.
Алена КРАВЕЦ
Фота Лізаветы ГОЛАД
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.