За апошнія дзесяцігоддзі беларуская «малочка» стала сімвалам якасці: малочныя прадукты беларускай вытворчасці шануюць у многіх краінах свету. Цяпер прыйшоў час фарміраваць нацыянальныя брэнды на аснове аўтэнтычных рэцэптур, — гэта лагічны наступны крок на шляху да павелічэння экспарту і заваявання сэрцаў як замежнага, так і айчыннага спажыўца.
А для гэтага неабходная ў тым ліку і ўнікальная мясцовая сыравіна — менавіта тандэм аўтэнтычных рэцэптур і непаўторнай сыравіны сфарміраваў такія «слупы» фудбрэндынгу, як, напрыклад, швейцарскі шакалад або сыры, французскае віно, нямецкае піва ці, скажам, у цэлым кітайская кухня... Магчыма, у гэты спіс з часам дададуцца, напрыклад, беларускія сыры, створаныя па старажытных рэцэптах з малака чырвоных кароў.
І паколькі малочная прамысловасць — адна з прыярытэтных галін айчыннай эканомікі і візітная картка краіны, селекцыянеры сёння імкнуцца ствараць (больш за тое, адраджаць) уласныя пароды буйной рагатай жывёлы, чыё малако ўжо само па сабе можа стаць брэндам. У 2020 годзе завершаны работы па стварэнні пароды белгалштын, а сёння НПЦ па жывёлагадоўлі НАН рэалізуе праграму па адраджэнні чырвоных беларускіх кароў.
— Селекцыя малочнай жывёлы ў першую чаргу накіравана на павышэнне прадуктыўнасці пры скарачэнні затрат на вытворчасць малака, — расказвае першы намеснік Генеральнага дырэктара па інавацыях НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Уладзімір Цімашэнка. — Патэнцыял нацыянальнай галштынскай пароды, зацверджанай у 2020 годзе, ацэньваецца ў 12-14 тысяч кг малака ў год пры рэалізацыі пакуль што ў сярэднім па краіне 6 тысяч кг надою. Пры гэтым скараціліся ўдзельныя выдаткі на вытворчасць малака: калі чорна-пярэстая парода, якая папярэднічала белгалштыну, патрабавала 1,2-1,4 кармавой адзінкі на літр малака, то галштынскай неабходна ўсяго 0,8. На сённяшні дзень 80 % малака ў Беларусі вырабляецца за кошт гэтай новай пароды.
Але найважнейшы фактар, на якім засяроджана ўвага пры селекцыі, — якасць малака. Утрыманне тлушчу, бялку, саматычных клетак — усё гэта мае эканамічную важнасць, адзначае навуковец. Паколькі плацяць не толькі за колькасць, але і за якасць: тлушч, бялок, саматыка ўлічваюцца пры вызначэнні сорту малака.
Найважнейшы крытэрый для селекцыянераў — і працягласць прадуктыўнага выкарыстання жывёл. У селекцыйныя праграмы ўключаецца таксама здольнасць да ўзнаўлення: пажадана, каб кожны год карова цялілася.
Сёння белгалштын — ужо пройдзеная ступень, на чарзе — чырвоная беларуская парода. На пачатку працы генетыкаў і селекцыянераў «абарыгенкі» (насамрэч яны не чырвоныя, а агніста-рудыя) захаваліся толькі ў гаспадарцы «Новы двор», што ў Свіслацкім раёне. Парода вядомая з XVІІІ стагоддзя, і ажно да 70-х гадоў ХХ стагоддзя рудыя рагулі былі на тэрыторыі сучаснай Беларусі практычна ў кожным хляве. У вёсках памятаюць гэтых прыгажунь, якія часцей за ўсё насілі мянушку Сліва.
— Чырвоная беларуская жывёла адрозніваецца ад звычайных чорна-пярэстых кароў па тыпе целаскладу і галоўным чынам па якасці малака, — расказвае Уладзімір Мікалаевіч. — Яго тлустасць у сярэднім на 30 % вышэй, чым у галштынскай пароды (ад 4 да 5,5 % пры сярэднім паказчыку ў галштынаў — 3,6-3,7 %). А ўтрыманне бялку — 3,6–4,5 % (для параўнання: ў малаку чорна-пярэстай пароды яго звычайна да 3,2 %). І самае галоўнае — гэта нізкае ўтрыманне ў малаку саматычных клетак.
Саматычныя клеткі — лейкацыты, клеткі сакраторнай тканкі — прысутнічаюць у натуральным працэсе малакааддачы, але іх максімальная норма — 300 000 у адным кубічным міліметры малака, растлумачыў суразмоўнік. І менавіта нізкае ўтрыманне саматычных клетак маркіруе праславутае малако сорту «Экстра». Дык вось, чырвоныя беларускія каровы стабільна даюць малако з паказчыкам па наяўнасці саматычных клетак прыкладна на палову менш за ніжнюю мяжу патрабаванняў.
— Пры гэтым у жывёл моцная канстытуцыя і практычна няма праблем з канечнасцямі, звычайнымі для галштынаў, — дадае Уладзімір Мікалаевіч. — Я не хачу сказаць, што галштынская парода чымсьці дрэнная: яна адпавядае прамысловай тэхналогіі і пераважае ва ўсім свеце. Але асаблівасці чырвоных кароў — выдатнае здароўе і працягласць прадуктыўнага выкарыстання.
Карова галштынскай пароды ў сярэднім дэманструе высокія паказчыкі па ўдоях 2,3 лактацыі. У гаспадарцы «АграПлемЭліта» (Жодзіна) чырвоныя каровы ўжо пятую лактацыю ўтрымліваюць планку надояў каля 30 л у суткі. Гэта вельмі каштоўная якасць, падкрэслівае Уладзімір Цімашэнка.
І яшчэ адзін нюанс: чырвоныя каровы даюць малако А2, не выклікае алергіі і ідэальнае для дзіцячага і функцыянальнага харчавання.
Племянное ядро пароды цяпер засяроджана ў ДП «ЖодзінаАграПлемЭліта» Смалявіцкага раёна — 900 чыстапародных «арыстакратаў», у тым ліку 400 кароў. Каля 1200 галоў чырвонай жывёлы ўтрымліваецца ў РВУП «Вусце» — эксперыментальнай гаспадарцы НАН Беларусі. Ёсць такі статак у РУП «Шыпяны-АСК» і, зразумела, ва УСП «Новы двор», з якога ўсё і пачалося. Частка статка — генетычна роднасныя чырвоным беларускім каровам цялушкі і бычкі пароды «Вікінг Рэд» — была завезена з Даніі.
— Сёння можна казаць пра тое, што новыя пакаленні захавалі аўтэнтычныя гены. Мы правялі ацэнку і знайшлі цэлую групу генаў, якія дазваляюць сцвярджаць, што парода будзе нашай, мясцовай.
У той жа час наша чырвоная жывёла вельмі роднасная з літоўскай, эстонскай і дацкай чырвонымі пародамі, — адзначае Уладзімір Мікалаевіч.
— А ў цэлым у якім выпадку можна казаць аб пародзе як аб факце, што ўжо адбыўся?
— Гэта залежыць ад тыповасці, паўтаральнасці прыкмет з пакалення ў пакаленне, то-бок ад генафонду пароды. Я невыпадкова кажу пра тое, што, нягледзячы на роднаснаць «чырвоных» парод, у генафондзе беларускіх ёсць гены, тыповыя менавіта для беларускай чырвонай жывёлы. І мы ў селекцыйных праграмах ставім задачу захаваць гэтыя гены, каб парода была аўтэнтычнай. Да цяперашняга часу атрымана ўжо трэцяя генерацыя, і жывёлы захоўваюць маркерныя гены. Пры гэтым адбор мы вядзём у першую чаргу па прыкметах прадуктыўнасці, працягласці выкарыстання, якасці малака.
Чырвоная жывёла, дарэчы, далёка не адзіная старадаўняя беларуская парода буйной рагатай жывёлы, некалі неабдумана пакінутая без увагі.
— У 1970-я ўрадам БССР было прынята рашэнне аб развіцці ў рэспубліцы чорна-пярэстай пароды, — распавядае Уладзімір Цімашэнка. — Апроч чырвонай, на той момант былі ў Беларусі і іншыя пароды. Напрыклад, швіцкая, шэрая, са швейцарскімі «каранямі», малочнага тыпу — яе разводзілі на племзаводзе ў Віцебскай вобласці. Была кастрамская парода (вельмі буйныя палева-пярэстыя жывёлы, імі займаліся на тэрыторыі Беларускай ССР два племзаводы), была сіментальская парода (плямістая, ад светла-рудой да выяўленай рудой афарбоўкі). Але ўсе яны саступалі чорна-пярэстай па канверсіі корму ў прадукцыю — затрачвалі на літр малака больш корму. Так, яны адрозніваліся якасцю малака, у першую чаргу яго большай тлустасцю, але па затратах, паўтаруся, саступалі, былі больш «экстэнсіўнымі» пародамі.
З прыняццем рашэння зрабіць акцэнт на развядзенне чорна-пярэстай пароды іншыя страцілі актуальнасць і паступова зніклі: быкі на племпрадпрыемствы пастаўляліся чорна-пярэстыя.
— Вядома, з пазіцый сённяшняга дня складана разважаць аб сітуацыі, якая склалася ў той час. Тады ЦК КПСС была прынята праграма харчовай бяспекі: краіне трэба было шмат і хутка... А захаваць пароды патрэбна было б. Страціць генафонд лёгка, але ж у кожнай пароды сельскагаспадарчых жывёл ёсць непаўторны набор генаў, і прыходзіць час, калі яны становяцца вельмі запатрабаваныя, — кажа вучоны. — Швіцкай пароды сёння ўжо няма, як і беларускай кастрамской. Невялікі статак сіменталаў «беларускай фармацыі» захаваўся ў Мазырскім раёне — гэта малочна-мясная парода, і якасць мяса вельмі нядрэнная.
Тады, у 1970-я, у рэспубліцы пачалі будаваць вялікія малочнатаварныя комплексы. І чорна-пярэстая парода ідэальна падыходзіла пад прамысловыя тэхналогіі па форме і памерах вымені, хуткасці малакааддачы і канверсіі корму, што і паўплывала ў першую чаргу на яе поспех. У нашы дні трэндам у малочнай прамысловасці становіцца ўжо нават не тлустасць і бялковасць малака (хоць гэта таксама неверагодна важна — у прыватнасці, для вытворчасці сыроў і тварагу), а яго засваяльнасць: невыпадкова такі ажыятаж у асяроддзі адэптаў правільнага харчавання выклікае малако А2. І яшчэ адна з асноўных тэндэнцый у малочнай прамысловасці — цікавасць да прадуктаў з высокім утрыманнем бялку. Менавіта гэта робіць «малочку» прывабнай для сучаснага спажыўца, які, маючы велізарны выбар, шукае найбольш здаровыя варыянты.
Дарэчы, сёння чырвоная пародная група выкарыстоўваецца не толькі для атрымання чыстакроўных «арыстакратаў», але і для стварэння помесяў з галштынамі.
— Пры гэтым мы атрымліваем моцную канстытуцыю, добрую форму вымя для апаратаў машыннага даення, высокія паказчыкі якасці малака і маем магчымасць паскорыць селекцыйны працэс, — адзначае Уладзімір Мікалаевіч.
«Фішка» малака чырвоных беларускіх кароў — тое, што тлустасць і высокае ўтрыманне бялку робяць яго ідэальнай сыравінай для вытворчасці сыроў, у тым ліку сартоў дарагіх, з працяглым выспяваннем, для гурманаў.
Экспертамі падлічана, што з тоны такога малака ў сярэднім выхад сыру вышэйшы на 7,9 кг, а тварагу — амаль на 17,5 кг. Але пакуль што малако «чырвонага» статка на малочных вытворчасцях зліваецца «ў агульны кацёл», адзначаюць навукоўцы. Прычына — у яго эксклюзіўнасці: невялікі статак не дае магчымасці атрымліваць сыравіну ў прамысловых аб’ёмах.
Але эксклюзіўнасць і крафтавасць у сучасным свеце — не мінус, а агульнапрызнаны плюс, што адрознівае прэміяльныя прадукты.
— Ужо сёння такое малако можна было б выкарыстоўваць асобна — напрыклад, для стварэння эксклюзіўных малочных прадуктаў — тых жа сыроў, якія турысты маглі б набываць у запаведніках, музейных комплексах, нацыянальных парках. Або для вытворчасці дзіцячага харчавання, харчавання для пажылых людзей, — адзначае доктар навук.
Зрэшты, прадукты з малака чырвоных кароў мы абавязкова ўбачым на прылаўках у найбліжэйшай будучыні: работы па стварэнні пароды плануецца завяршыць да 2030 года. На вывядзенне беларускай галштынскай пароды селекцыянерам спатрэбілася 20 гадоў. Сёння працэс ідзе хутчэй дзякуючы сучасным тэхналогіям у галіне генетыкі, якія забяспечваюць практычна дакладнае прагназаванне неабходных прыкмет у кожным новым пакаленні.
— Гэта дазваляе скараціць інтэрвалы: мы ўжо не чакаем, пакуль бычок вырасце, каб вызначыць тыя ці іншыя яго якасці, — кажа суразмоўнік.
І, дарэчы, адна з якасцяў чырвонай пароды (яе не культывавалі спецыяльна, а натуральным шляхам перадалі сваім нашчадкам «аўтэнтычныя» кароўкі з «Новага двара») — ласкавасць, прыязнасць і давер да людзей. Калі чорна-пярэстыя каровы звычайна не надта прыхільна ставяцца да чалавека, то рудыя прывыкаюць да «гаспадароў», як сабакі, і самі бягуць да працаўнікоў фермы, патрабуючы, каб іх пачухалі за вушкам…
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.