Вы тут

Як заахвоціць дзіця чытаць па-беларуску?


Маёй малодшай — дзесяць. Раней у яе былі праблемы з вымаўленнем, разуменнем і запамінаннем слоў па-беларуску. Дакарала сябе, што мала чытала на роднай мове ёй у раннім дзяцінстве. Ды ўсё ж апраўдвалася, што, маўляў, усе цікавыя кніжкі для маленькіх рускамоўныя. Калі яна падрасла і выявілася праблема, то баялася, што цяпер брацца за беларускія творы — марная праца, бо дачушка дрэнна разумее мову. Але мне ўдалося знайсці спосаб, як заахвоціць дзіця чытаць па-беларуску. Мы з дачкой аматары чытання па ролях і складання коміксаў па прачытаных творах і цяпер робім гэта з вялікай асалодай дзякуючы выданням для дзяцей беларускіх аўтараў. Пераканаліся, што яны ў нас вельмі крутыя, як папрасіла перадаць мая дзесяцігодка. Цяпер яна сама просіць браць у бібліятэцы беларускамоўныя мастацкія творы. Склалася ў яе і любімая падборка, якой мы з радасцю падзелімся...


У моўным патоку

Дарэчы, успрыманне малодшай дачкой мовы прымусіла мяне шмат над чым задумацца. Згадала, як расла наша з мужам старэйшая. Ёй амаль 15, і няма такіх праблем. Справа ў тым, што да яе васьмі гадоў мы жылі ў адным доме з бабуляй майго мужа. Ніна Аксёнаўна родам з Веткаўшчыны. Размаўляла па-беларуску, хоць, натуральна, са сваімі дыялектычнымі асаблівасцямі: трапна сыпала народнымі выслоўямі і гаварыла неяк асабліва пяшчотна. Побач з ёй я разумела, чаму наша мова — матчына: у самім яе гучанні ёсць нешта цёплае, спагадлівае, а калі нават і ўшчувальнае, то бяскрыўднае, як у маці. Думаю, што гэта адчуванне мовы, якое несла прабабуля, перадалося маёй старэйшай дачцэ. Яны былі як папугайчыкі-неразлучнікі. Малодшая была занадта маленькай, калі бабулі Ніны не стала. Яна ў гэтым вясковым сакавітым моўным патоку расла нядоўга.

Хочацца перачытваць

Вядома, малодшая чытала ў школе праграмныя творы па-беларуску. Але рабіла гэта без ахвоты. Пры гэтым рускамоўныя кнігі з бібліятэкі проста глытала, рэальна — да пяці за тыдзень. Я вырашыла больш актыўна шукаць і часцей прапаноўваць цікавыя для яе ўзросту творы на беларускай мове. Вельмі дапамаглі мне ў гэтым супрацоўніцы нашай Гомельскай дзіцячай бібліятэкі-філіяла № 10 імя В. Драгунскага. Кнігі, якія яны нам падабралі, мая дзесяцігодка не проста прачытала, а перачытала тройчы. Яна засталася ў поўным захапленні, а галоўнае — палюбіла чытаць па-беларуску!

У маёй малодшай ёсць такая рыса: у першы дзень, калі прыношу кнігі, яна не можа пайсці спаць, пакуль не дачытае да канца хаця б адну з іх. Напэўна, спрацоўвае дзіцячая цікавасць. Так было і гэтым разам. На наступны дзень яна цалкам прачытала другую. На трэці папрасіла, каб мы пачыталі абедзве па ролях. Пасля я сказала, што хачу ўзяць у яе інтэрв’ю, каб яна падзялілася з чытачамі газеты сваімі кніжнымі цікавосткамі. Дачка пагадзілася і запэўніла, што тады ёй, як эксперту, трэба перачытаць іх трэці раз, каб аднавіць перажытыя эмоцыі. Кнігу невялікіх аповедаў Алеся Сачанкі і казкі Наталлі Бучынскай яна ўключыла ў свой топ любімых.

Сяброўства з жэлацінавым чарвячком

У кнізе Наталлі Бучынскай «Лета з цмокам цвыркуном» 2023 года выдання расказаны дзве неверагодныя гісторыі. Першая — «Гіпермаркет у падарунак» — сучасная казка пра хлопчыка, які вельмі любіў і хацеў новых цацак, падарункаў, сюрпрызаў... Чарговы раз, калі прыйшоў з мамай у гіпермаркет і гісторыя з выпрошваннем новых падарункаў паўтарылася, хлопчык прамаўляе: «Каб жа мне падарылі ўвесь гіпермаркет! Ого! Я дакладна ведаў бы, што з гэтым рабіць!». Па традыцыі казкі-павучання — бойцеся сваіх пажаданняў, бо яны могуць спраўдзіцца! — Алежка апынуўся адзін у вялізнай краме.

Мая дачка заўважыла, што гэтую гісторыю цяжка коратка пераказаць. Казка вельмі дэталёвая і цікавая. Гэта амаль што гісторыя-пужалка, накшталт: у цемры, у бязлюдных залах крамы, між паліц блукае дзіця, якое засталося адно... Жах!

Насамрэч спраўдзілася жаданне Алежкі: у яго распараджэнні — увесь гіпермаркет, а галоўнае — вялізны аддзел з цацкамі. Але ўжо не так і жадана ўсё гэта. У бязлюднай прасторы хлопчык знаёміцца з жэлацінавым чарвячком Паўзунком. У гэтай гісторыі любімая цукерка-ласунак многіх дзяцей не толькі размаўляе па-чалавечы, але і перажывае, хвалюецца, шукае свой дом і заводзіць сяброў. Паўзунок выпаў з пакуначка з цукеркамі-чарвячкамі, які мама Алежкі паспела купіць на касе. Хлопчык у цемры наступіў на чарвячка і параніў яго. Клопат аб новым сябры натхняе Алежку на рашучыя дзеянні. Ён прабіраецца ў аддзел з бакалеяй, каб адшукаць цукар, неабходны для аднаўлення пасыпкі — «засцерагальнага слоя», без якога жэлейны чарвячок пакутуе. Хлопчык хоча знайсці і новы домік, зручны для Паўзунка. Акрамя таго, Алежка хвалюецца за сваіх бацькоў, якія, пэўна, не знаходзяць сабе месца пасля знікнення сына. Ён дакарае сябе: «І карцела ж мне вярнуцца ў гіпермаркет! Нібы дома цацак мала. У кожным куце поўна!». Пасля гэтых слоў усё імгненна вяртаецца назад: зноў шумны гіпермаркет, святло, пакупнікі. Алежка чуе аб’яву, што яго — хлопчыка, які згубіўся, — чакаюць бацькі. У неверагодную гісторыю Алежкі паверыў старэйшы брат. Яны вырашаюць знайсці і забраць да сябе Паўзунка. «...Сяброў чакаюць новыя прыгоды», — абяцае ў канцы казкі аўтар.

Маленькі экстрэмал

У гэтай жа кнізе Наталлі Бучынскай змешчана і апавяданне «Лета з цмокам Цвыркуном». Галоўны герой на летніх канікулах прыехаў у горы, каб «выжываць, сам-насам з дзікай прыродай, ва ўмовах крайняй небяспекі». Хлопчык прыходзіць у пячору, дзе жыве цмок Цвыркун. Яны становяцца сапраўднымі прыяцелямі і праводзяць час дружна і цікава.

Мне як маці спадабалася, што ў казцы аўтар закранае пытанні, якія сёння хвалююць нас, бацькоў, у дачыненні да дзяцей і падлеткаў. Напрыклад, карыстанне гаджэтамі, чытанне, імкненне вучыцца і вучыць, уменне абслугоўваць сябе ў побыце, адказнасць, жывыя зносіны…

У канцы гісторыі яна дадае бацькоўскую лінію. Аказалася, што Стасік «выжываць» адправіўся адзін, але пад наглядам. Яго бацька вымушаны быў забрацца на дрэва, каб пільнаваць сына. Натуральна, што галава сям’і рынуўся бараніць малога ад цмока, але... усё заканчваецца вельмі добра.

«...яны ўжо ўдвух з бацькам угаварылі цмока зрабіць выгляд, што ён дрэсіраваны, каб спусціцца ў сяло і без перашкод трапіць на вішнёвы фэст... Цвыркун зладзіў там не толькі фаер-шоу, але і навучыў усіх ахвотных цыркаць слінай... Выйграў конкурс сярод мясцовых рыбакоў, навудзіўшы рыбы ажно ў тры разы больш, чым астатнія. Дарэчы, Стасеў бацька з Цвыркуном па-прыяцельску падзяліліся сваімі марамі: бацька хацеў знайсці ў гарах самы прыгожы самацвет, каб падарыць яго жонцы. А Цвыркун, аказваецца, марыў навучыцца лётаць...»

Дачка адзначыла, што абодва творы ў кнізе «Лета з цмокам Цвыркуном» ёй больш спадабалася чытаць адной, а са мной — толькі абмяркоўваць іх. Яна хацела перажыць, адчуць той прыгодніцкі настрой, які пануе ў кніжцы, сама.

Хачу адзначыць работу мастака Крысціны Пержуковай да кнігі «Лета з цмокам Цвыркуном». Яны вельмі стыльныя: выкананы так, як быццам гэта малюнкі дзіцяці, простыя па афармленні, але вельмі добра перадаюць настрой казак у кнізе і агульны цікавы падыход.

Дадатковая матывацыя

Зусім іншая па настроі кніжка Алеся Сачанкі з серыі «Беларускія пісьменнікі дзецям» — «Прыгоды Алеся». У ёй аўтар дзеліцца з чытачамі назіраннямі і ўспамінамі са свайго дзяцінства. Кніга, сапраўды, будзе цікавая як зусім малым дзецям, так і старэйшым і іх бацькам. У ёй сабраны аповеды дзеда Алеся пра самых розных жыхароў лесу, хатніх гадаванцаў і тых, што жывуць у гарадскім асяроддзі. Аповеды адносна кароткія, што нам з дачкой вельмі спадабалася. Мы дамовіліся, што чытаем па адным-два перад самым сном (у залежнасці ад таго, як хутка дачка засне). Яна прызналася, што пасля такога чытання ёй спалася лепей і сны былі добрыя.

У кнізе «Прыгоды Алеся» 16 апавяданняў. Падалася добрай ідэя гэтыя кароткія гісторыі выкарыстаць як заданні адвент-календара перад Новым годам. Напрыклад, назвы апавяданняў, якія трэба прачытаць у пэўны дзень, можна ўкласці ў ячэйкі з заданнямі ў «адвенце» ці салодкімі сюрпрызамі.

Што сапраўды ўразіла ў гэтых трох літаратурных вандраваннях (шчыры дзякуй нашым пісьменнікам) — гэта мова, якой напісаны творы. Вельмі адказна і складана напісаць цікава, моўна багата і даступна для дзяцей. Дачка сказала, што калі чытала і перачытвала гэтыя кнігі, то ўсё дакладна разумела. Цяпер мы вырашылі перайсці на новы ўзровень — чытаць любімыя творы і весці слоўнік цікавых слоў і выслоўяў на роднай мове. Так што нас (а магчыма, і вас) чакаюць новыя літаратурныя прыгоды.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Прыгоды і аповеды на ноч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.

Сацыяльная падтрымка

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат