Вы тут

Шчодры чалавечы талент Міхася Лынькова


Кніжна-дакументальная выстаўка «Міхась Лынькоў. Шчодры чалавечы талент», прымеркаванная да 125-годдзя пісьменніка, пачала працаваць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Яна падрыхтавана сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і даволі шырока асвятляе жыццё і працу творцы.


Тэматычна экспазіцыя падзелена на некалькі раздзелаў. Так, спачатку мы трапляем на «Жыццёвыя пуцявіны Міхася Лынькова». Менавіта тут можна пазнаёміцца з незвычайнай асобай пісьменніка. Тут прадстаўлены розныя фотаздымкі: вось яго сям’я, а вось пісьменнік разам з «маладнякоўцамі» Бабруйшчыны. Дарэчы, зусім побач размясціўся і нумар альманаха «Уздым», у якім размешчаны «Пройдзены шлях» Міхася Лынькова, дзе ён распавядае пра Бабруйскую філію і яе заснаванне. 

Асаблівай увагі заслугоўвае фотаздымак Уладзіміра Крука пад назвай «Нарач. Міхась Лынькоў, Максім Танк». 

— Арыгінал быў знойдзены ў нашых фондах. Ён вельмі вялікіх памераў і прымацаваны на фанеру. Таму тут мы размясцілі фотакопію, — падзялілася куратар выставы, вядучы метадзіст аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці НББ Надзея Кірчанка. — Таксама мы знайшлі ўспаміны Максіма Танка пра гэты час, праведзены на Нарачы ля вогнішча. Яны з Лыньковым гутарылі пра літаратуру, дзяліліся ўражаннямі, абмяркоўвалі планы, хадзілі на рыбалку. Вельмі любілі рыбачыць на шчупакоў. Калі Міхась Лынькоў быў ужо вельмі хворым чалавекам, ён гаварыў: «Я ачуняю, і мы пойдзем зноў з табой на шчупакоў, Максім». 

Пісьменнікі былі вельмі блізкімі сябрамі. Міхась Лынькоў бачыў талент Максіма Танка і вельмі клапаціўся аб ім.

— Увогуле Міхася Лынькова лічылі вельмі сціплым, шчодрым, сумленным чалавекам. Ён вельмі падтрымліваў пачынаючых пісьменнікаў, быццам бы баяўся прапусціць сапраўдны талент, — адзначыла Надезя Кірчанка.

Таксама тут ёсць дакумент, які паказвае Міхася Лынькова як кандыдата ў дэпутаты — гэта заклік галасаваць за яго. А яшчэ можна пабачыць аўтабіяграфію ад 1.08.1959 г. на двух аркушах, напісаную рукой пісьменніка.

У наступным раздзеле «Пісьменнік і яго героі» наведвальнікі знаёмяцца з матэрыяламі, якія сведчаць пра тое, што Міхась Лынькоў сапраўдны летапісец савецкай эпохі.

— Мы ведаем, што ён быў і крытыкам, і грамадскім дзеячам, і дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, але найперш для нас ён — народны пісьменнік Беларусі, творчая асоба, празаік і дзіцячы пісьменнік. У гэтым раздзеле ў храналагічным парадку пададзены яго творы, пачынаючы з самых першых публікацый, — адзначыла куратар выставы.

Тут ёсць нават эскіз вокладкі кніжкі «Чыгунныя песьні», напісанай пад псеўданімам «Васілёк». Побач бачым прыпіску ручкай «М. Лынькоў». Хто ведае, можа, гэта напісаў сам творца. Ужо вельмі почырк падобны. Параўнаць яго можна з дароўным надпісам, адрасаваным беларускаму літаратуразнаўцу і фалькларысту Івану Гутараву на зборніку апавяданняў «Сустрэчы» (1940).

Таксама на выставе можна ўбачыць унікальны твор пісьменніка «Крыху паветранай рамантыкі» ў часопісе «Чырвоная Беларусь за 1932 год Канешне, тут прадстаўлены і дзіцячыя творы 1937 года выдання, такія, як «Міколка-паравоз», «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышчаў», апавяданне «Янка-парашутыст».

Творы Міхася Лынькова выдаваліся ў СССР 92 разы агульным тыражом 1670,5 тысяч экзэмпляраў, пераводзіліся на розныя мовы, у тым ліку на арабскую, латышскую, літоўскую, іспанскую, польскую, рускую, французскую і эстонскую. Менавіта такія цікавыя выданні для замежнага чытача прадстаўлены ў раздзеле «Будуць жыць яго вобразы на мовах свету».

Апошні раздзел «Мова і стыль Міхася Лынькова» сабраў у сабе навуковыя даследванні па прозе пісьменніка. Сярод іх працы Дзмітрыя Бугаева, Максіма Гарэцкага, Якуба Коласа і іншых.

Наведаць экспазіцыю можна да 31 студзеня.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».