Вы тут

Лукашэнка: Шматпалярнасць — гэта гістарычная непазбежнасць


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, які праходзіў у Астане — у гэтым годзе Казахстан старшынствуе ў АДКБ. Усяго ў саміце прынялі ўдзел пяць кіраўнікоў дзяржаў — членаў АДКБ. Акрамя Прэзідэнта Беларусі, гэта прэзідэнты Казахстана, Расіі, Таджыкістана і Кыргызстана.


Прэзідэнт Беларусі на саміце выступаў першым. Звычайна лідары АДКБ на такіх мерапрыемствах выступаюць у алфавітным парадку, зыходзячы з першых літар у назвах краін. Аднак прадстаўнікі Арменіі на пасяджэнне не з’явіліся, што, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, «характарызуе бягучую геапалітычную сітуацыю ў рэгіёне і ў нейкай ступені нашу арганізацыю». 

«Ідзе НАТАфікацыя свету»

«З года ў год мы фіксуем, што абстаноўка ў свеце толькі пагаршаецца. Праблема нават не ў тым, што сістэма стрымлівання, проціваг, якая забяспечвала міжнародную бяспеку і стратэгічную стабільнасць, адышла ў нябыт. Мы недаравальна доўга разварушваемся, каб стварыць альтэрнатыўныя прававыя механізмы», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён выказаў меркаванне, што такі стан спраў камусьці выгадны, калі нормы і прынцыпы міжнароднага права падмяняюцца нейкімі суб’ектыўнымі і сітуацыйна зменлівымі правіламі, інструментамі ваеннага і інфармацыйнага шантажу.

«На гэтым фоне імкліва набірае абароты гонка ўзбраенняў. Працягвае мілітарызавацца Усходнееўрапейскі рэгіён, асабліва Польшча. Ідзе НАТАфікацыя Еўропы і свету ў цэлым», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён канстатаваў разрастанне ваенных канфліктаў і ачагоў напружанасці ў многіх рэгіёнах свету.

«Чапляючыся за дамінаванне, якое выслізгвае, Захад усё больш размаўляе на мове зброі, заплюшчваючы вочы на пагрозы ядзернага супрацьстаяння, што можа выклікаць знішчэнне ўсёй планеты», — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — Сумна, што Захад траціць усе сілы на барацьбу з фальшывымі праблемамі. Прычым гэтыя фальшыўкі яны самі і ствараюць. У той час як у сучасным свеце ёсць вялікае мноства транснацыянальных выклікаў і пагроз, з якімі можна і трэба змагацца.

Захад не гатовы да дыялогу аб агульных праблемах

У якасці яркага прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў кліматычную павестку, якую «заходнія палітыкі даўно ператварылі ў бізнес». «Модная „Зялёная здзелка“ Еўрасаюза — не што іншае, як праект нядобрасумленнай канкурэнцыі, які працуе выключна ў інтарэсах краін Захаду, што стаяць у першым шэрагу адказных за забруджванне атмасферы. Дарэчы, аб гэтым ужо многія гавораць», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на іншыя праблемы. Сярод іх — міжнародны тэрарызм. «Тэрарыстычныя арганізацыі выкарыстоўваюць любую магчымасць, каб нагадаць аб сабе. Пры гэтым краіны Захаду адмаўляюцца ад добрасумленнага супрацоўніцтва з нашай арганізацыяй у барацьбе з гэтым злом», — адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы выказаў занепакоенасць наконт перспектыў некантралюемага выкарыстання магчымасцей штучнага інтэлекту, які ўсё часцей выкарыстоўваюць для планавання і вырашэння ваенных задач. «Маючы здольнасць да саманавучання, гэты інструмент можа загубіць чалавецтва, калі яго выпусціць з-пад кантролю», — адзначыў ён.

У ліку праблемных пытанняў Прэзідэнт таксама згадаў тэматыку інфармацыйнай бяспекі і кіберпагрозы. «З аднаго боку, сучасныя тэхналогіі ствараюць тысячы новых магчымасцей і перспектыў. З другога боку, яны спараджаюць мноства рызык і пагроз — фэйкі, дэзінфармацыя, атакі на крытычную інфраструктуру», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што гатоўнасць Захаду да дыялогу па гэтых і іншых важных пытаннях не праглядаецца. «Але, як мы ўжо неаднаразова гаварылі, любы крызіс нясе ў сабе новыя магчымасці. І нам грэх гэтымі магчымасцямі не скарыстацца», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ключ да рашэння — у Еўразіі 

У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што менш як месяц таму Беларусь правяла II Мінскую міжнародную канферэнцыю па еўразійскай бяспецы. «Форум, закліканы прадэманстраваць рэальнае імкненне дзяржаў нашага кантынента мяняць жыццё да лепшага. Шматпалярнасць — гэта гістарычная непазбежнасць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, прапанаваная Беларуссю ідэя Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі накіравана на фарміраванне справядлівага светапарадку, заснаванага на прынцыпах раўнапраўя, суверэнітэту, непадзельнасці бяспекі і павагі да разнастайнасці шляхоў развіцця.

«Ключ да вырашэння бягучых праблем і стварэння эфектыўных механізмаў забеспячэння бяспекі знаходзіцца ў нашай Еўразіі, з яе тысячагадовым вопытам сумеснага жыцця розных народаў, узаемапранікнення культур і цывілізацый. У новай парадыгме міжнародных адносін АДКБ павінна стаць адной з ваенна-палітычных апор архітэктуры бяспекі Еўразійскага кантынента, якая фарміруецца, задаваць трэнд усёй павестцы рэгіянальнай бяспекі», — заявіў беларускі лідар.

Ён зазначыў, што ў АДКБ назапашаны пэўны вопыт і ім неабходна дзяліцца з іншымі міжнароднымі арганізацыямі на прасторы Еўразіі.

Новыя задачы новай архітэктуры 

«Хацеў бы звярнуць увагу на шэраг новых задач, якія нам давядзецца вырашаць пры фарміраванні новай архітэктуры еўразійскай бяспекі і ўмацаванні АДКБ», — сказаў. Аляксандр Лукашэнка. Ён перакананы, што гэтыя крокі будуць не толькі ўмацоўваць бяспеку ў рэгіёне, але і садзейнічаць згуртаванасці дзяржаў — членаў АДКБ, павышэнню іміджу Арганізацыі.

Па-першае, Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным узмацніць узаемадзеянне міжнародных арганізацый, якія працуюць на еўразійскай прасторы. «У сувязі з гэтым прапаную прапрацаваць пытанне аб арганізацыі сустрэчы вышэйшых службовых асоб рэгіянальных арганізацый АСЕАН, АДКБ, ШАС, СНД, НУМДА, Савета супрацоўніцтва краін Персідскага заліва», — сказаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што ўжо ёсць апрабаваны механізм рэгулярных сустрэч кіраўніцтва АДКБ, СНД і ШАС. «Чаму не паспрабаваць пашырыць гэты фармат з мэтай абмену ўнікальным міжрэгіянальным досведам? Гатовы гэту сустрэчу правесці ў Беларусі пры вашай згодзе», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Там жа мы маглі б абмеркаваць пытанні актывізацыі супрацоўніцтва АДКБ і ШАС па праблематыцы міжнароднай бяспекі ў рэчышчы рашэння СКБ (Савета калектыўнай бяспекі. — Зв.) па развіццю супрацоўніцтва АДКБ з СНД і ШАС. Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва мае шырокую павестку па пытаннях забеспячэння бяспекі на еўразійскай прасторы, і гэты патэнцыял магчыма выкарыстоўваць», — дадаў Прэзідэнт.

Па-другое, у рамках АДКБ, лічыць Прэзідэнт, наспела неабходнасць сур’ёзна заняцца пытаннямі штучнага інтэлекту і паглыбіць супрацоўніцтва ў сферы інфармацыйнай бяспекі. «Ідэя не новая. Аднак практычныя крокі ў рамках Арганізацыі мы пакуль не пачалі. У той час як краіны Захаду ўжо на ўсю моц займаюцца гэтай праблемай, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба таксама падумаць над тым, як павысіць практычную аддачу ад Пагаднення 2017 года аб супрацоўніцтве дзяржаў — членаў АДКБ у галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі. Мы павінны ісці ў нагу з імклівым развіццём кібертэхналогій, каб эфектыўна рэагаваць на выклікі і пагрозы бяспецы нашых краін у гэтай сферы».

Трэцяя задача датычыцца забеспячэння рэжыму кантролю за новымі тыпамі зброі, якія з’яўляюцца. «У нас на парозе стаяць новыя смяротныя тыпы зброі, здольныя знішчыць усё чалавецтва. Гэты арсенал папоўнілі ўжо лазерныя, гіпергукавыя, квантавыя, электрамагнітныя і іншыя перадавыя распрацоўкі», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

«На нашу думку, АДКБ можа і павінна стаць у авангардзе дзейнасці па стварэнні агульнага дагаворна-прававога механізму, які дае магчымасць у будучым забяспечыць рэжым кантролю за такім узбраеннем. Гэта трэба рабіць ужо цяпер. Прынамсі, пачынаць», — выступіў з ініцыятывай Аляксандр Лукашэнка.

***

Лідары краін АДКБ па выніках саміту ў Астане прынялі дэкларацыю і падпісалі больш за дзясятак дакументаў

На падпісанне кіраўнікам дзяржаў было ўнесена 14 дакументаў. «Усе пытанні прайшлі неабходныя працэдуры ўзгаднення, разгледжаны, адобраны ў ходзе пасяджэння статутных органаў АДКБ», — праінфармаваў удзельнікаў саміту Генеральны сакратар АДКБ Імангалі Тасмагамбетаў.

Асаблівае месца ў пераліку дакументаў займае Дэкларацыя Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якая падрыхтавана з улікам дынамічнага развіцця міжнароднай ваенна-палітычнай абстаноўкі. «У дэкларацыі выказана пазіцыя арганізацыі па актуальных праблемах міжнароднай бяспекі з улікам асноўных прынцыпаў дзейнасці арганізацыі, адлюстраваны асноўныя падыходы дзяржаў — членаў арганізацыі да міжнароднага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва, накіраваных на ўмацаванне глабальнай і рэгіянальнай бяспекі», — сказаў Генеральны сакратар.

Лідары краін прынялі заяву СКБ АДКБ у сувязі з 80-й гадавінай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і рашэнне аб плане мерапрыемстваў па святкаванні. 

***

На палях саміту АДКБ Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з журналістамі

Кіраўніка дзяржавы спыталі, ці павінна астудзіць дэманстрацыя магчымасцей расійскага ракетнага комплексу «Арэшнік» тых, хто давёў і паставіў свет на мяжу трэцяй сусветнай вайны.

«Дык ужо астудзіла. Гэта ж мы адразу бачым па заявах у СМІ. Праўда, ужо няма адзінай лініі, усё пайшло разнабой. Гэта сведчыць аб тым, што крыху разгубіліся, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але зброя добрая. Не ядзерная зброя, а па сваёй моцы супастаўна з ядзернай зброяй. Але без пранікальнай радыяцыі, без заражэння мясцовасці і аб’ектаў».

«Такое моцнае ўздзеянне на так званую сусветную супольнасць і асабліва тых, хто думаў, што ўсё абыдзецца. Не абыдзецца», — падкрэсліў беларускі лідар. 

Адказваючы на ўдакладняючае пытанне, наколькі гэта важна для бяспекі Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт сказаў: «Натуральна. Я тут старэйшаму брату (гаворка аб Прэзідэнце Расіі Уладзіміру Пуціне. — Зв.) пажартаваў, кажу: „Месцы гатовы дыслакацыі. Калі?“ — „Падумаем“ (адказаў Уладзімір Пуцін. — Зв.)».

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў. 

Грамадства

Смаката на святочным стале

Смаката на святочным стале

Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.