Галерэя «Універсітэт культуры» запрашае на ўнікальны праект «Палітра магчымасцей», дзе прадстаўлена больш за 200 работ, выкананых людзьмі з асаблівасцямі, якія жывуць у стацыянарных установах сацыяльнага абслугоўвання горада Мінска.
Мастацтва даўно выйшла за межы прафесійных інстытутаў, майстэрняў, акадэмій і актыўна распаўсюджваецца сярод простых людзей, якія раней не былі звязаны з творчасцю. Сёння гэта не прывілеяваная дзейнасць, а справа для супакаення розуму і сэрца. Сучаснае мастацтва не толькі дае магчымасць пазнаёміцца з характэрнымі рысамі эпохі, але і адлюстроўвае багацце таленавітых людзей, якія жывуць сярод нас.
Мэта выставачнага праекта — папулярызацыя творчасці люзей з абмежаванымі магчымасцямі і прыцягненне ўвагі грамадства да іх праблем. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 200 работ, якія дазваляюць паглядзець на свет вачыма таленавітых і шчырых людзей. Кожны з іх пакінуў частку сваёй душы, эмоцый і пачуццяў, адлюстраваў жыццё з іншага, невядамога дагэтуль ракурсу.
На выстаўцы прадстаўлены работы падапечных наступных дзяржаўных устаноў: «Мінскі гарадскі сацыяльны пансіянат Гармонія», «Мінскі гарадскі сацыяльны пансіянат Вяча», «Мінскі гарадскі сацыяльны пансіянат Ачаг» «Мінскі гарадскі сацыяльны пансіянат Малінаўка», «Мінскі гарадскі сацыяльны пансіянат Крыніца», «Мінскі гарадскі сацыяльны пансіянат Выток», «Мінскі гарадскі сацыяльны пансіянат Світанак». Праект арганізаваны камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта сумесна з мастацкай галерэяй «Універсітэт культуры».
Экспазіцыя дэманструе разнастайнасць стыляў і жанраў жывапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тут можна ўбачыць акварэль, алейныя і акрылавыя работы, графіку, кераміку, саломапляценне і інш. Творцы не абмяжоўваюцца адным стылем, тэхнікай і колеравай палітрай. На выстаўцы шырока прадстаўлены такія жанры, як партрэт, пейзаж, нацюрморт. Стылістычныя кірункі ахопліваюць класічныя матывы рэалізму, анімалістычныя замалёўкі, строгія графічныя лініі, свабодную плынь імпрэсіянізму і хаатычную насычанасць экспрэсіяніму. Прадстаўлены індывідуальныя і калектыўныя работы.
У кожнага творцы, нягледзячы на адсутнасць прафесійнай мастацкай адукацыі, індывідуальная падача выбранай тэмы, якая вылучае яго сярод астатніх. Работы Юрыя Сеўрука, напісаныя па казачных матывах, пераносяць гледача ў свет фантазіі, дзе ажываюць любімыя героі, а мары становяцца рэальнымі. Стыль мастака спалучае рысы экспрэсіянізму і сюррэалізму, вылучаецца багаццем колераў і дэталяў. Прыцягвае ўвагу твор Юрыя Сеўрука «Лета», атмасфера якога нагадвае знакамітую гісторыю пра падарожжа Алісы ў Краіну цудаў. На фоне яркіх кветак, што зліваюцца ў адзіны рознакаляровы дыван, — мініяцюрная дзяўчынка з блакітнымі, як азёры, вачыма.
Аляксей Ляпін працуе ў жанры імпрэсіянізму. Лёгкія пейзажы прывабліваюць насычанымі колерамі, рамантычным настроем і спакоем. Мастак не абмяжоўваецца адной тэмай і ў жывапіснай форме разважае пра зямное і касмічнае, матэрыяльнае і духоўнае, спакой і хаос.
Жанр партрэт шырока прадстаўлены творчасцю Генадзя Паўлоўскага, Віктара Фёдарава і Марата Берняковіча. Кожная работа раскрывае рысы герояў праз своеасаблівую гульню святла і цені. Мастакі працуюць у стылі рэалізму і абстракцыянізму.
Ніна Кныш цікавіцца гарадскім пейзажам. У яе творах адлюстравана прыгажосць Мірскага замка, карціннай галерэі Г. Вашчанкі і іншых славутых мясцін Беларусі. Ганна Фёдарава і Аляксандр Шапавалаў таксама захапляюцца мінскімі краявідамі. Галоўным месцам дзеяння на іх работах стаў Чырвоны касцёл у цэнтры горада.
Амаль кожны аўтар звяртаецца да марской тэматыкі. Вобразы акіяна, бясконцай марской прасторы, прыгожых экзатычных раслін і пясчанага пляжа пад гарачымі сонечнымі промнямі прыўносяць цеплыню і гармонію ў апошнія дні лістапада.
Негледзячы на тое, што жанр нацюрморта з кожным годам страчвае папулярнасць сярод жывапісцаў, на выстаўцы «Палітра магчымасцей» можна ўбачыць найлепшыя творы дадзенага кірунку. Праз звычайныя прадметы мастакі выказваюць уласныя пачуцці, а асацыятыўнае адлюстраванне нежывой прыроды стварае ўмовы для глыбокага пранікнення ў філасофскія разважанні аўтараў.
Выстаўка «Палітра магчымасцяў» працуе да 4 снежня, не абмініце!
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.