Трыццаць пяты раз на танцавальнай сцэне Віцебска сабраліся прадстаўнікі больш чым 10 краін, каб прадэманстраваць сваё мастацтва на Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі IFMC.
У фінал конкурсу выйшлі 13 калектываў і выканаўцаў. Сёлета было прадстаўлена нямала пастановак на жаночую тэматыку. Гэта жыццёвыя гісторыі аб прадстаўніцах прыгожага полу з іх удзелам. Літаратурны ўхіл — яшчэ адна «разынка» 35-га фестывалю.
Так, маскоўская кампанія «ЯТэатр» прывезла ў культурную сталіцу пастаноўку «Калыханка для Маякоўскага», асновай сюжэта якой стаў жыццёвы і творчы шлях савецкага паэта. Праз танец артысты паказалі тонкую ранімую душу творцы і вяртанне да жанчыны, якая завалодала яго сэрцам. «Гэтая гісторыя пра нас, аб нашым унутраным свеце вельмі пераклікаецца з творчасцю Маякоўскага. Мы ўклалі ў яе шмат асабістага», — падкрэсліў аўтар пастаноўкі Аляксандр Ісакаў.
Дзяржаўны маладзёжны ансамбль песні і танца «Алтай» з Барнаула прадставіў на фестывалі навелу «Грацыі. Спадчына», якая з’яўляецца часткай спектакля «Край каля самага неба», створанага па матывах твораў сібірскіх пісьменнікаў. У аснове навелы — апавяданне Васіля Шукшына «Тры грацыі». Герой твора кожную нядзелю выходзіў на балкон, каб паслухаць, пра што будуць пляткарыць тры жанчыны — грацыі, як ён іх называў. Кумачкі, якія сядзяць на лаўцы, перамывалі косці ўсім, каго бачылі, а герой заўсёды падымаў чарачку, калі заўвагі сябровак былі асабліва з’едлівымі. Аднойчы ён перабраў з віном і вырашыў зладзіць жарт: падпілаваць спінку адной з лавак у двары, каб мінакі садзіліся і падалі. Гэтую думку ён хацеў данесці жанчынам, калі выйшаў да іх, але тыя выклікалі міліцыю і суседа нападпітку забраў нарад міліцыі. З гэтай гісторыяй віцебскія гледачы змаглі пазнаёміцца праз танец.
Пермскі Тэатр «Балет Яўгенія Панфілава» прывёз у Віцебск спектакль «Пасмешышча» па матывах баек Крылова. У серыі харэаграфічных мініяцюр гледачы змаглі ўбачыць знаёмых герояў: Страказу, якая лета яснае праспявала, Мурашапрацаўніка, Малпу з акулярамі, Слана ў пасуднай краме.
24 лістапада раскрылася галоўная інтрыга міжнароднага конкурсу — галоўны прыз харэаграфічнага спаборніцтва быў прысуджаны ўдзельніку з Кітая Ю Цзяцзюну. Нумар маладога танцора «Выгравіраванае дыханне», які ён рыхтаваў цэлы год, пакарыў журы. Першую прэмію конкурсу атрымаў заслужаны аматарскі калектыў Беларусі народны харэаграфічны ансамбль «Алеся», другое месца падзялілі Самарская танцавальная кампанія «Рака» і лабараторыя эстраднага танца БДУКМ. Трэцяя прэмія была прысуджана віцябчанам за нумар «Hands Down» і жаночаму калектыву з Цюмені за пастаноўку «Моўчкі гаварыць».
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.