Вы тут

Пермскі тэатр дапамог магіляўчанам пабываць у Грузіі


Такую магчымасць аматарам тэатральнага мастацтва далі пастаноўкі праслаўленага расійскага тэатра з Пярмі «У Моста», які знаходзіцца ў Беларусі з гастрольным турнэ. Спектаклі «Ханума» і «Мачаха Саманішвілі», якія ўбачылі магіляўчане, нібыта сатканыя з грузінскіх песень, танцаў, традыцый, звычак. Дэкарацыі, касцюмы, нарэшце, той усходні акцэнт, з якім размаўляюць артысты, далі магчымасць паглыбіцца ў культуру Закаўказзя. Білеты, дарэчы, былі раскупленыя за месяц да прыезду пермякоў. Публіка апладзіравала стоячы, доўга не адпускаючы артыстаў са сцэны. Рэжысёр і стваральнік тэатра заслужаны дзеяч мастацтваў РФ Сяргей Фядотаў, які вядомы сваімі глыбока псіхалагічнымі пастаноўкамі, прызнаўся, што магілёўскі клімат добра ўплыве на артыстаў. Яны былі як ніколі ў удары. 


— Пасля спектакля мы заўсёды абмяркоўваем, што атрымалася, а што не. На гэты раз у мяне нават заўваг не было, — прызнаўся ён. — Мы працуем па сістэме Міхаіла Чэхава, гэта, калі акцёр цалкам паглыбляецца ў ролю, адыходзіць ад сябе і ў выглядзе персанажа пачынае ствараць новую рэчаіснасць, якая абазначана ў п’есе. У дадзеным выпадку мы пераляцелі ў Грузію, і артысты з дапамогай майго гіпнозу (усміхаецца) пераўтварыліся ў грузін. Па тым, як гледачы рэагавалі ў зале, можна сказаць, што нам паверылі. 

Сяргей Фядотаў кажа, што класічныя пастаноўкі — гэта крэда тэатра. Яны прапаведуюць дабро, любоў. «Мачаха Саманішвілі» як раз пра тое, што любові ўсе ўзросты пакорлівыя. Сямідзесяцігадовы ўдавец Бекінэ і яго 60-гадовая нявеста знайшлі сваё шчасце на залатым этапе свайго жыцця і шчыра гэтаму радуюцца. 

— Людзі плачуць на нашых спектаклях, бо іх перапаўняюць пачуцці, — кажа рэжысёр. — Гэта слёзы катарсісу. Глядач уяўляе на месцы герояў кагосьці са сваіх родных, перажывае. Менавіта так павінен уздзейнічаць на чалавека тэатр. Мы амаль 35 гадоў ставім класіку. Нічога не прыдумваем, ні зверхсюжэта, як зараз модна, ні новых персанажаў, час дзеяння не пераносім ў нашы дні. Наш тэатр перадае тое, што заклаў у твор аўтар. 

Дарэчы, сяброўства пермскага тэатра з магілёўскім пачалося, дзякуючы міжнароднаму маладзёжнаму тэатральнаму форуму М.@rt.контакт 13 гадоў таму. «У Моста» тройчы ўдзельнічаў у гэтым фестывалі. 

Спектаклі, створаныя пад кіраўніцтвам Сяргея Фядотава ў розных краінах бліжняга і дальняга замежжа, карыстаюцца нязменным поспехам. Не выключэнне і яго работа з магілёўскімі артыстамі — «Жаніцьба. Фантасмагорыя». Яна стала пераможцам фестывалю М.@rt.контакт-24 і атрымала вышэйшую ўзнагароду IX Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Смаленскі каўчэг», у якім сёлета ўдзельнічаў Магілёўскі абласны драмтэатр.

Дырэктар драмтэатра Ірына Белякова лічыць Сяргея Фядотава вялікім рэжысёрам і перакананая, што супрацоўніцтва з пермскім тэатрам ідзе толькі на карысць. Як і наогул узаемаабмен, сяброўства і рознага роду стасункі з іншымі тэатрамі. Партнёрскія кантакты дапамагаюць удасканаліць сваё майстэрства і знайсці цікавыя формы самавыяўлення.

Ужо ў нядзелю Магілёў наведаюць артысты Палескага драматычнага тэатра, якія прапануюць гледачам містычную драму «Пан Твардоўскі». Дзеянні адбываюцца ў эпоху Сераднявечча і звязаныя з містычнымі паданнямі пра чарадзея пана Твардоўскага, які аддаў сваю душу д’яблу ў абмен на таямнічыя веды, і Чорную Панну — прывід Барбары Радзівіл, прыгажуні і любай жонкі караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта Аўгуста.

А ў аўторак, 3 снежня, на сцэне Магілёўскага абласнога драмтэатра выступіць калектыў Луганскага акадэмічнага музычна-драматычнага тэатра імя М.Галубовіча. Ён пакажа гісторыю савецкага хлопчыка Мішы Пітуніна, які яшчэ з дзіцячага садка незалюбіў усё, што яму навязвалася. І ў гэтым ён абвінаваціў ... Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Спектакль так і называецца «Выратаваць камер-юнкера Пушкіна. Яшчэ адна пастаноўка гэтага тэатра, якую магіляўчане ўбачаць 4 снежня, трагікамедыя «Апошняя любоў Дзеда Мароза». З яе мы даведаемся, якія гісторыі адбываюцца пад Новы Год. Як раз у тэму.

Білеты можна набыць у касе тэатра або анлайн на сайце megamag.by 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта rostovteatr.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».