Чарговая кніжная навінка Выдавецкага дома «Звязда» — з кніг, якія належаць да ўдумлівага чытання. Доктар філалагічных навук, вядомы ў краіне мовазнаўца прапаноўвае чытачу сваю новую працу — «Радзімазнаўства: з гісторыі беларускіх тапонімаў».
Размова ў кнізе ідзе пра беларускія асабовыя ўласныя імёны, прозвішчы, тапанімічныя назвы. Аўтар нагадвае, што «у моўнай практыцы кожны з нас нярэдка карыстаецца імі, што «такія адзінкі складаюць значную частку нашага слоўніка, частата іх ужывання досыць высокая».
Сапраўды, колькасць анамастычных назваў нават не паддаецца ўліку. Толькі афіцыйных назваў населеных пунктаў у краіне налічваецца каля 30 тысяч адзінак. А яшчэ ж — назвы вуліц, праспектаў, завулкаў, паркаў, стадыёнаў, назвы вадасховішчаў, рэк, азёр. За межамі паселішчаў — крыніцы, гаі, пушчы, палі, астравы, пералескі і інш. Вядома, што ў ваколіцах любой вёскі, хутара, зазначае В. Шур, можна выявіць каля 100-150 урочышчаў, вадаёмаў, узвышшаў, участкаў лесу, асобных дрэў з імёнамі. Паходжанне назваў, імёнаў, вытокі, адкуль яны пайшлі, — усё гэта ў полі зроку даследчыка. Старонкі «Радзімазнаўства...», нягледзячы на навукова-публіцыстычны, а месцамі і навуковы стыль выкладання, чытаюцца літаральна на адным дыханні. Такую захапляльную кнігу здолеў стварыць вучоны, публіцыст, краязнаўца, якія заклапочаны ў захаванні назваў, тапонімаў як часткі беларускай мовы, беларускай нацыянальнай культуры.
Нагадаем, што Васіль Васільевіч Шур, лёс якога праз многія дзесяцігоддзі звязаны з Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя І. П. Шамякіна, — аўтар кніг «З гісторыі ўласных імёнаў», «Беларускія ўласныя імёны: беларуская антрапаніміка і тапаніміка», «Анамастычная лекскіка ў беларускай мастацкай літаратуры», «Онім у мастацкім тэксце», «Уласныя імёны ў часе і прасторы» «Уласнае імя ў мастацкім тэксце», «Уласнае імя з соцыўме і мастацкім тэксце», «Беларускія ўласныя імёны: беларуская антрапанімія і тапанімія» і інш. Усяго пяру вучонага належыць болей 330 навуковых і вучэбна-метадычных прац.
Кнігу Васіля Шура «Радзімазнаўства: з гісторыі беларускіх тапонімаў», якая пабачыла свет накладам 500 экзэмпляраў, можна набыць у кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне, а таксама ў Мінску ў кнігарні «Акадэмічная кніга» па адрасе: праспект Незалежнасці, 72.
Прыемнага ўсім чытання! Новых адкрыццяў у вывучэнні роднай старонкі, адкрыцці вядомых і невядомых дагэтуль назваў, іх паходжання!
Раман СЭРВАЧ