Вы тут

Вобразы шчасця Галіны Польскіх


Напрыканцы месяца, 27 лістапада, сваё 85-годдзе адзначыла актрыса тэатра і кіно, народная артыстка РСФСР Галіна Польскіх. З нагоды юбілею ў тэлеэфіры нас чакаюць паказы мастацкіх і дакументальных фільмаў з удзелам артысткі.


На тэлеканале «Беларусь 3» у нядзелю, 1 снежня, нам пакажуць сямейную меладраму «Нядзельны тата» (1985 г.) рэжысёра Навума Бірмана. Сям’я развальваецца на вачах маленькага хлопчыка Алёшы. Галіну Польскіх мы ў кадры сустракаем у ролі бабулі, Зоі Аляксандраўны. Акрамя актрысы, у фільме зняліся таксама Барыс Шчарбакоў, Дзмітрый Гранкін, Юрый Дуванаў, Тамара Акулава, Віктар Шульгін. Ці здолее дзіця сваімі хітрыкамі прадухіліць распад сям’і, а галоўнае, як гэтыя дзеянні паўплываюць на лёсавызначальнае рашэнне дарослых, мы даведаемся ў нядзелю раніцай на сацыякультурным.

А вось на тэлеканале «Расія-Культура» ў нядзельным эфіры гледачоў чакае паказ мастацкай стужкі «Дзікі сабака Дзінга» («Ленфільм», 1962 г.) рэжысёра Юлія Карасіка. Фільм знялі па аповесці Рувіма Фраермана «Дзікі сабака Дзінга, ці Аповесць пра першае каханне» (1939 г.). Варта адзначыць, амаль што для ўсіх выканаўцаў галоўных роляў гэтая кінапраца стала дэбютам. Хутчэй за ўсіх знайшлі акцёра на ролю Колі Сабанеева. Рэжысёр, убачыўшы фотаздымкі Уладзіміра Асобіка, зацвердзіў яго без проб. А вось актрысу на ролю Тані Сабанеевай шукалі даўжэй за ўсіх. І члены мастацкага савета нават вельмі здзівіліся, калі ім прадставілі 22-гадовую Галіну Польскіх. Аднак студэнтку зацвердзілі на ролю школьніцы. У фільме таксама задзейнічаны такія артысты, як Ганна Радзівонава, Іна Кандрацьева, Мікалай Цімафееў і іншыя. Не прапусціце паказ на канале «РасіяКультура» ў 14.55.

Таксама 1 снежня на тэлеканале АНТ да 85-годдзя артысткі пакажуць дакументальны фільм «Па сямейных абставінах» (2014 г.) Ганны Гуляевай. ...Галіну Польскіх немагчыма забыць. На яе рахунку больш за паўтары сотні роляў. І амаль у кожнай яна — ідэал жанчыны, каханай, маці. Аднак асабістае жыццё актрысы далёкае ад кінаказкі, у ім было нямала складанасцяў і гора. Яна рана страціла бацькоў. Ад інтэрната дзяўчынку ўратавала бабуля, якая з Беларусі пераехала ў Маскву, каб выхоўваць унучку.

І ў адказ на гэта дзеля бабулі дзяўчынка была гатовая на ўсё. Галіна любіла кіно, і ёй здавалася, нібыта артысткі жывуць нейкім незвычайным, казачным жыццём. Гэта і падштурхнула Галіну Аляксандраўну да паступлення ва Усерасійскі дзяржаўны ўніверсітэт кінематаграфіі імя С. А. Герасімава. Першы шлюб актрысы скончыўся трагічна: муж загінуў падчас здымак фільма. А ў другім сямейнае жыццё неяк не склалася. 

І замуж яна больш ужо не выходзіла, хоць прыхільнікаў было шмат заўсёды. Дачок выхоўвала ў адзіночку. Але яе галоўным захапленнем было і застаецца кіно. Адной ролі ў Георгія Данэлія ў фільме «Я крочу па Маскве» было б дастаткова, каб назаўсёды запомніцца гледачам... Як адзначаюць стваральнікі дакументальнай кінапрацы, нас чакае самае шчырае інтэрв’ю актрысы, дзе мы ўбачым не артыстку, а найперш жанчыну, з якой хочацца пагаварыць па душах і даведацца пра яе сакрэты шчасця.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.