На факультэце журналістыкі БДУ ў гэтую пятніцу свята — урачыстае мерапрыемства з нагоды 80-гадовага юбілею. І настрой у мяне асабіста з гэтай нагоды ўзнёсла-ўрачысты, нібы святкуе шаноўны юбілей — прычым у добрым здароўі і на сваіх нагах — хтосьці з тваіх родзічаў ці знаёмых, каму ты абавязаны чымсьці вельмі важным у жыцці. Хтосьці, думаю, тут усміхнецца скептычна: маўляў, так кожны чалавек з вышэйшай адукацыяй можа сказаць пра сваю альма-матар, але ж адушаўляць факультэт, параўноўваючы яго з блізкім чалавекам, — гэта ўжо занадта. Магчыма, яно і так, калі гэта не пра журфак. Журфак жа сам па сабе нават не жывы арганізм, а асоба, са сваімі характарам, звычкамі, якасцямі, душой, калі хочаце. І пісаць пра яго — якім ён запомніўся табе за пяць гадоў, што вы правялі разам, — трэба менавіта як пра суб’ект адушаўлёны.
Журфак — вялікі скептык, нават цынік. Ён вельмі хутка збівае карону, якая вырастае на галаве ледзь не кожнага першакурсніка — на факультэт жа ўсе паступаюць у статусе калі не генія, дык вялікага таленту. Журфак ветліва, з лёгкай крыху здзеклівай усмешкай ужо тыдні праз два дае зразумець, што ніякі ты не геній. Талент? Магчыма. Але, каб штосьці атрымалася, яшчэ многае і многае трэба зрабіць. «Пачні з напісання заметкі», — прапануе журфак. «Ды лёгка», — фыркае першакурснік. А праз нейкі час разумее, што зусім усё нялёгка, гэта не школьнае сачыненне на пяць старонак пісаць. «Ну вось, бачыш, — гаворыць журфак. — Здымай карону, садзіся, будзем вучыцца. Пачнём з інфармацыйных жанраў...»
Журфак — вялікі выдумшчык. На якім яшчэ факультэце студэнтам на заняткі могуць прынесці бохан хлеба і прапанаваць напісаць пра яго замалёўку ці нарыс — і гэта будзе абсалютна нармальна. Ці, напрыклад, выкладчык заходзіць у аўдыторыю і дае заданне — напісаць пра мітынг, які праходзіць побач на плошчы (гэта згадка з маіх журфакаўскіх 90-х, калі тыя мітынгі былі па два на дзень). І вось уявіце карціну: стаяць тыя дваццаць чалавек мітынгуючых, пад’язджае тралейбус, з якога вывальвае трыццаць чалавек другакурснікаў-«газетчыкаў» і літаральна кідаецца да тых нешматлікіх небарак з пытаннем: а чаго вы тут стаіце? Весела, займальна. Хто яшчэ можа пахваліцца такімі практычнымі заняткамі?
Журфак — вялікі філосаф. Ён вучыць думаць, аналізаваць, шукаць карані і першакрыніцы. Напэўна, толькі на журфаку на экзамене па літаратуры можна выцягнуць... пусты білет. І прыдумаць сабе пытанні, і на іх жа адказваць. Ці, як аўтарцы гэтых радкоў, маглі прапанаваць увогуле білет не цягнуць, а раскрыць тэму «Кацярыны ў рускай літаратуры ХІХ стагоддзя». Што з таго, што гэтага не было ў экзаменацыйных пытаннях і што на падрыхтоўку — стандартныя дзесяць-пятнаццаць хвілін? Думай, успамінай, імправізуй — у жыцці, у прафесіі гэта не раз прыйдзецца рабіць... Напэўна, толькі на журфаку на практычных занятках па філасофіі ладзілася дуэль паміж прыхільнікамі Ніцшэ і Фрома (некаторыя перад семінарам упершыню прачыталі штосьці з гэтых выбітных таварышаў, але калі запісалі цябе ў прыхільнікі — станавіся ім, адстойвай сваю думку)... З журфака мы выносім не выслоўе вядомага філосафа, а ўжо ўсвядомленае разуменне: сапраўдны інтэлігент — гэта той, хто паважае ўсіх без выключэння людзей, не зважаючы на ўзровень дабрабыту і сацыяльны статус. І менавіта гэта разуменне вельмі дапамагае пасля ў працы…
Журфак — вялікі інтэлектуал. Ён не толькі раней за многіх іншых падхоплівае ўсё новае — ён беражліва захоўвае і перадае веды і напрацоўкі папярэдніх пакаленняў у розных гуманітарных сферах. Гэта таксама пасля вельмі дапамагае ў прафесіі: ты можаш на прыстойным узроўні падтрымаць дыскусію аб імпрэсіянізме ў музыцы ці неарэалізме ў італьянскім пасляваенным кіно, ты ведаеш, як звяртацца да чалавека, каб ён цябе пачуў і зразумеў, ты нядрэнна валодаеш ведамі па гісторыі, ты шмат-шмат прачытаў — інакш бы ты проста не давучыўся — літаратурных твораў: замежных, рускіх, беларускіх. І пішаш ты без памылак (ці амаль), і думкі фармулюеш больш-менш складна. Хоць журфак шчыра папярэджвае: пісаць (у сэнсе быць журналістам) цябе не навучаць. «Калі ёсць „клёпка“ ў галаве — падкруцім, падправім, калі няма — ніхто вам яе ў галаву не ўставіць». Гэтыя словы, пачутыя на журфаку ад паважанага прафесара, пачынаеш цалкам разумець і прымаць, толькі калі прыходзіш у прафесію.
Журфак — вялікі наватар і адначасова вялікі кансерватар. Ён падтрымлівае новыя думкі, ідэі, падачу, ён нават заахвочвае да пошуку і ўкаранення новага. Але ён захоўвае і ахоўвае традыцыі і памяць, не адмаўляецца ад таго, што пакінулі, напрацавалі папярэднія студэнты і выкладчыкі. Пачынаючы ад тых першых, якія ўвосень 1944 года прыйшлі ў разбураным Мінску вучыцца на журналістаў і якія сталі пасля аўтарамі падручнікаў, выкладчыкамі, настаўнікамі для некалькіх пакаленняў журфакаўцаў. Дзякуючы якім у журфака з’явілася душа, якія вучылі нас быць не толькі прафесіяналамі — найперш людзьмі…
Вось такім бачыцца сённяшні юбіляр амаль праз трыццаць гадоў пасля таго, як мы з ім развіталіся. Зрэшты, развітанне тое было толькі намінальным. Бо — ледзь не забылася вельмі важнае — менавіта на журфаку да студэнтаў з першага іх дня звяртаюцца: «калегі»…
Алена ЛЯЎКОВІЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».