Мужнасць праявіў 28-гадовы Яўген Логінаў, эксперт упраўлення тэхэкспертыз упраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці, лейтэнант юстыцыі. У адной з кватэр шматпавярховіка, дзе ён жыве, вечарам ўспыхнуў пажар. Малады чалавек зарыентаваўся, адкуль ідзе дым, і стаў званіць у дзверы той кватэры. Настойлівым званком ён абудзіў гаспадыню, якая і адчыніла яму дзверы. Як потым высветлілася, паставіўшы на пліту вячэру, яна пайшла ў пакой і задрамала ў крэсле. Прачнулася толькі ад званка ў дзверы.
— Сорак хвілін хапіла, каб адбылося ўзгаранне, — перадала дэталі надзвычайнай сітуацыі афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская. — Дзякуючы правільным дзеянням нашага супрацоўніка, жанчына засталася жывая. Калі яна адчыніла дзверы, у кватэры стаяў шчыльны дым і пахла газам. Агонь ужо дабраўся да кухонных шафаў. Яўген крыкнуў, каб зачынілі ўсе вокны і адключыў электрычнасць. Яго жонка тым часам выклікала МНС. Вадой, якую яму падносілі суседзі, Яўген заліваў полымя. Ён жа потым вывеў жыхароў на вуліцу. З узгараннем, на шчасце, атрымалася справіцца да прыезду ратавальнікаў.
За мужнасць і гераізм на пажары Яўген Логінаў удастоены граматы Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС. Яе яму са словамі падзякі ўручыў начальнік гэтага ведамства палкоўнік унутраны службы Дзмітрый Голубеў.
— Вельмі прыемна, што мой учынак не застаўся незаўважаным, — удзячны за высокую адзнаку яго дзеянняў Яўген. — Але ў тыя хвіліны, калі ўсё адбывалася, у галаве круцілася толькі адна думка: трэба як мага хутчэй утаймаваць полымя і не дапусціць ахвяр.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва ўпраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.