Стаць пераможцам радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі» — значыць зрабіць яшчэ адзін крок да прызнання ў асяроддзі прафесіяналаў.
І творчае спаборніцтва гэтага года не стала выключэннем, бо ў выніку трох конкурсных тураў узнагарод удастоены 140 фіналістаў.
На грандыёзным гала-канцэрце, які адкрыў цыкл святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю Беларускага радыё, выступілі лаўрэаты «Маладых талентаў Беларусі», а пераможцы ў інструментальным жанры нават прадэманстравалі сваё майстэрства ў суправаджэнні Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі.
Уладальнікамі Гран-пры ХІІІ Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі» сталі: у намінацыі «Інструментальная музыка. Ансамблі» — Узорны інструментальны ансамбль «Джайв-акорд» з Жодзіна; у намінацыі «Інструментальная музыка. Народныя інструменты. Салісты» — Аляксандра Смірнова (Магілёў); у намінацыі «Інструментальная музыка. Акадэмічныя інструменты. Салісты» пераможцам прызналі Ілью Кісялёва з Маладзечна; а ў намінацыі «Спадчына. Ансамблі» найлепшым стаў ансамбль народнай песні «Дзівінскія пералівы» з Наваполацка і ў намінацыі «Эстрадны вакал. Салісты» званне найлепшай дасталася Арыне Пехцеравай (Магілёў).
Лаўрэатамі І, ІІ і ІІІ ступеняў вызначаны 79 салістаў і калектываў, спецыяльных дыпломаў удастоены 11 удзельнікаў.
Поўны спіс імён пераможцаў можна знайсці на афіцыяльным сайце радыё «Культура».
Не толькі памятныя прызы атрымаюць пераможцы, але і ўнікальныя магчымасці: ратацыю ў эфіры самага інтэлігентнага радыё краіны і запрашэнне на ўдзел у здымках тэлевізійнага гала-канцэрта «Маладыя таленты Беларусі — 2024».
Нагадаем, што праект праводзіцца з 2009 года і за гэты час удзел у творчым спаборніцтве прыняло ўжо больш за чатыры тысячы выканаўцаў і калектываў з усёй краіны. З 2013 года прызёры конкурсу рэгулярна становяцца стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Алена ДРАПКО
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат