Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання. Падрыхтоўку да яе ўнівермагі і гандлёвыя цэнтры, рэстараны і кавярні пачалі яшчэ ў лістападзе. У чаканні перадсвяточнага пакупніцкага ажыятажу ствараюцца запасы харчовых і нехарчовых тавараў у крамах, а прадпрыемствы кандытарскай галіны спяшаюцца задаволіць попыт на салодкія падарункі. Хутка ў сотнях магазінаў краіны з’явяцца спецыялізаваныя навагоднія аддзелы, а на вуліцах разгорнуць гандаль ёлачныя кірмашы.
— Для якаснага абслугоўвання насельніцтва ў перадсвяточныя і святочныя дні Новага года і Раства сёння праводзіцца актыўная работа па падрыхтоўцы аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання да зімовых свят, — расказала начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Мельнікава. — У рэгіёнах краіны зацверджаны планы мерапрыемстваў па гандлёвым і бытавым абслугоўванні насельніцтва ў перадсвяточныя дні. Забяспечваецца шырокі асартымент тавараў, у тым ліку запатрабаваных менавіта ў гэты перыяд. А работа па тэматычным афармленні вітрын і фасадаў, гандлёвых і абедзенных залаў, прылеглых тэрыторый праводзіцца яшчэ з сярэдзіны лістапада і завершыцца ў першай дэкадзе снежня.
Больш за 250 гандлёвых аб’ектаў і звыш 280 аб’ектаў грамадскага харчавання па ўсёй краіне падоўжаць рэжым работы ў перадсвяточныя і святочныя дні. Ужо сёння ва ўстановах грамадскага харчавання арганізаваны прыём папярэдніх заказаў і распрацаваны святочныя меню, расказала Наталля Мельнікава. Кавярні, рэстараны і сталовыя зараз прымаюць заказы на абслугоўванне навагодніх і калядных «аганькоў» і карпаратываў, іншых навагодніх мерапрыемстваў, дадала яна. Кошт такіх мерапрыемстваў для аднаго чалавека сёлета (пакуль непасрэдна навагодняя ноч яшчэ не наступіла) вар’іруецца ад 50 да 330 рублёў — усё залежыць ад установы і фармату свята. У саму навагоднюю ноч кошт, зразумела, можа быць вышэй.
— Ва ўсіх рэгіёнах і Мінску праводзіцца падрыхтоўка да перадсвяточных калядных і навагодніх кірмашоў, — сказала прадстаўнік МАРГ. — Такіх запланавана 350. Галоўны атрыбут Новага года — ёлка — з’явіцца ў продажы прыкладна з 18 снежня. Гандаль ёлкамі пачнецца ў Брэсцкай вобласці, а потым і ва ўсіх астатніх рэгіёнах. Усяго па краіне запланавана правядзенне 590 ёлачных кірмашоў.
Агучыла спецыяліст і чаканыя цэны на ёлкі. Што да елак натуральных, прыкладныя рознічныя цэны складуць ад пяці рублёў (за дрэва да 50 см) да 23 рублёў (за навагоднюю ёлку да 3 м). Жывая елка да метра будзе каштаваць каля 13 рублёў, да двух метраў — 16.
Жадаеце «экалагічную» елку ў кадцы — прыйдзецца растацца з сумай каля 28 рублёў. А кошты на ёлачныя букеты будуць пачынацца ад чатырох рублёў.
— Пакупнікам прапануюць больш за 100 найменняў штучных ёлак і соснаў, з іх звыш 40 відаў — айчыннай вытворчасці па цэнах ад шасці рублёў і вышэй, — адзначыла Наталля Мельнікава.
Парадак цэн на штучныя ёлкі, паводле яе слоў, такі: ад шасці рублёў будзе каштаваць ёлка да метра, але максімальны кошт такога дрэўца можа даходзіць і да 200 рублёў. А калі штучная ёлка высокая (парадку 5 м), то немалой будзе і яе цана: можа складаць некалькі сотняў рублёў. У асартыменце ў навагодніх аддзелах будуць і карнавальныя навагоднія касцюмы, цэны на іх складуць ад 11 да 380 рублёў.
Зразумела, ёлку трэба ўпрыгожыць, і да Новага года, напэўна, захочацца да старых ёлачных цацак дадаць новыя. Наталля Мельнікава падкрэсліла, што святочны асартымент сёлета шырокі і разнастайны. Толькі навагодняй атрыбутыкі на паліцах магазінаў будзе прапаноўвацца больш чым 20 тысяч найменняў, у тым ліку каля дзвюх тысяч пазіцый ёлачных упрыгожванняў, сувеніраў, сфарміраваных падарункаў.
Дарэчы, пра салодкія падарункі — адзін з сімвалаў Новага года. Сярэднія цэны на іх складуць ад 9,5 да 100 рублёў. А шампанскае, не менш важны атрыбут навагодняй ночы, абыдзецца пакупніку ў суму ад васьмі да 20 рублёў.
І аб падарунках родным і блізкім. Іх можна будзе знайсці на навагодніх распродажах і па святочных акцыях — такіх мерапрыемстваў па краіне адбудзецца каля 13 тысяч, або на 2,5 тысячы больш, чым у мінулым годзе.
— Запланавана больш як 10 тысяч святочных распродажаў, 1,5 тысячы рэкламных акцый, 330 дэгустацый прадукцыі, больш за 70 рэкламных гульняў, — праанансавала Наталля Мельнікава. — Акрамя таго, сёлета па ўсёй краіне пройдзе вялікая навагодняя акцыя, якая закране значную колькасць тавараў: адзенне, абутак, кандытарскія вырабы, сокі, мэблю, сінтэтычныя мыйныя сродкі і многае іншае. Таксама ў снежні пройдзе акцыя па пашыраным продажы беларускай касметыкі і сродкаў бытавой хіміі. Зніжкі могуць даходзіць да 60 %.
У сталіцы і Мінскай вобласці гандаль і грамадскае харчаванне таксама актыўна рыхтуюцца да зімовых свят.
— Трэба стварыць навагоднюю атмасферу і ўзняць настрой як мінчанам, так і гасцям сталіцы, — падкрэсліла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ірына Маслакова.
У сталіцы ўжо праходзяць навагоднія мерапрыемствы для школьнікаў і дашкольнікаў, упрыгожваюць вітрыны, ва ўнівермагах і магазінах можна знайсці карнавальныя касцюмы, падаўжаюцца рэжымы работы кавярняў і рэстаранаў, якія рыхтуюцца да перыяду навагодніх карпаратываў. Мінчан перад Новым годам і Калядамі гандаль пацешыць шматлікімі акцыямі, распродажамі і зніжкамі, расказала прадстаўнік Мінгарвыканкама.
— Што датычыцца галоўнага атрыбута свята — ёлкі — у Мінску будзе звыш 60 аб’ектаў па яе рэалізацыі, яны пачнуць работу з 22 снежня, — праінфармавала яна.
Навагоднія кірмашы пройдуць ва ўсіх раёнах сталіцы. Галоўнай сёлета застанецца пляцоўка каля Палаца спорту, але будуць і новыя лакацыі, напрыклад, каля Нацыянальнай бібліятэкі.
— У Мінскай вобласці навагоднія кірмашы стартуюць з 14 снежня і будуць праходзіць кожныя выхадныя, — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінскага аблвыканкама Наталля Суйкова. — Найбуйнейшыя ў вобласці адбудуцца 21 снежня ў Барысаве, Вілейцы, Маладзечне, 22 снежня — у Нясвіжы і Слуцку, 28 снежня — у Жодзіне і Салігорску. Усяго святочных кірмашоў у Мінскай вобласці запланавана каля 80, а таксама больш за 100 ёлачных, якія, у сваю чаргу, стартуюць 21 снежня. Распродажы і навагоднія акцыі ў аб’ектах гандлю сталічнай вобласці пачнуцца ўжо 1 снежня, усяго іх запланавана каля 500.
Традыцыйныя кулінарныя сімвалы зімовых свят — шакаладныя цукеркі, мандарыны і чырвоная ікра. У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю адзначаюць, што росту цэн на гэтыя пазіцыі перад Новым годам не чакаецца.
— Кандытарскія вырабы трапляюць пад дзеянне пастановы ўрада аб цэнавым рэгуляванні, на іх распаўсюджваецца пэўная гандлёвая надбаўка, — падкрэсліла начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання МАРГ Наталля Мельнікава. — Гэта значыць, што гандаль не мае права падымаць цану вышэй, чым гэта ўстаноўлена пастановай № 713. Аналіз цэн на навагоднія падарункі ў параўнанні з мінулым годам паказаў, што змяненні фактычна менш чым на рубель. Нават не на ўсе навагоднія падарункі ўстаноўлена максімальная гандлёвая надбаўка. З цукеркамі тое ж самае. Цяпер навагодні перыяд, МАРГ маніторыць цэнаўтварэнне, парушэнняў тут практычна няма. Калі і ідзе павышэнне цэн, то з-за росту кошту какава-бабоў, але гэта нязначнае павышэнне.
Цэны на мандарыны таксама не чакаюцца вышэй, чым у мінулы пераднавагодні і навагодні перыяды, адзначыла спецыяліст.
— Падаражэння мы не чакаем. Улічваючы, што ў нас будуць пашыраныя акцыі, распродажы, росту цэн не толькі на мандарыны, але і на іншыя прадукты мы не чакаем, — падкрэсліла яна.
Гэта датычыцца і цэн на ікру:
— Калі прадукт не беларускай вытворчасці, абмежаваць сабекошт мы не можам. Таму мы будзем больш прадметна глядзець на цэны, якія фарміруюцца імпарцёрам і гандлем. Мяркую, парушэнняў тут не будзе. Масавы продаж ікры чакаецца ў снежні, тады мы зможам аддаць гэтаму больш увагі. А што датычыцца беларускіх вытворцаў, цана фарміруецца згодна з пастановай № 713.
Прадстаўнік МАРГ падкрэсліла, што міністэрства праводзіць штотыднёвы кантроль як за забеспячэннем спажыўцам шырокага асартыменту тавараў, так і за цэнаўтварэннем і выкананнем заканадаўства аб гандлі і грамадскім харчаванні.
Сёлета прадпрыемствы канцэрна «Белдзяржхарчпрам» запланавалі выпусціць 2 мільёны 600 тысяч салодкіх навагодніх падарункаў. З іх «Камунарка» вырабіць 1 500 000 і «Спартак» — 1 100 000 штук. Для параўнання ў 2016 годзе прадпрыемствамі канцэрна было выпушчана ў цэлым 1 600 000 падарункаў. Такія лічбы прывяла намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела каардынацыі паставак тавараў на ўнутраны рынак упраўлення каардынацыі паставак тавараў на ўнутраны рынак і знешнегандлёвай дзейнасці канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Алена Белановіч. Зрэшты, паводле статыстыкі, і дзяцей (галоўных «адрасатаў» салодкіх навагодніх падарункаў) у Беларусі за пяць гадоў стала больш, звярнула яна на гэта ўвагу.
— Падарункі фасуюцца ва ўпакоўкі розных форм і памераў, прадугледжана каля 80 найменняў вагой ад 250 грамаў да 3 кілаграмаў, — адзначыла Алена Белановіч. — Асартымент разнастайны, на любы густ і кашалёк.
Адпускныя цэны — ад васьмі да 85 рублёў без ПДВ, расказала спецыяліст. Для спажыўцоў, паўторымся, цана салодкага падарунка складзе ў сярэднім ад 9,5 да 100 рублёў. Яны ёсць ужо ў продажы: увагу пакупнікоў прыцягваюць, напрыклад, яркія міні-чамаданчыкі з цукеркамі ад «Камунаркі», а «Спартак» у сваіх фірменных крамах прапануе выбраць пакаванне і самастойна сабраць «начынку» салодкага падарунка з самых любімых відаў цукерак. «Слодыч» працягвае ўжо ўпадабаную пакупнікамі навагоднюю тэму «Упрыгож пячэньку».
Што датычыцца шампанскага і пеністых він, пад келіх якіх у навагоднюю ноч прынята загадваць жаданне, то іх прадпрыемствамі канцэрна выпускаецца 25 відаў, пяць з якіх — новыя і выпушчаны сёлета да навагодніх свят, а 14 найменняў — гэта толькі «Савецкае шампанскае», паведаміла Алена Белановіч. У цэлым за лістапад ужо выраблена 124 тысячы dal (дэкалітр, мера ў вінаробстве, роўная 10 літрам) шампанскага і пеністых він, на ўнутраны рынак пастаўлена 182 тысячы dal.
— У снежні запланавана вырабіць 123 тысячы dal толькі шампанскага і 14 тысяч dal пеністых він, — дадала прадстаўнік канцэрна «Белдзяржхарчпрам». — На ўнутраны рынак плануем паставіць 190 тысяч dal толькі за снежань.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота аўтара і з адкрытых крыніц
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».