Вы тут

«З вас можна браць прыклад»


Звыш 200 удзельнікаў прыехала ў горад Скідзель, каб прадэманстраваць свой творчы патэнцыял і парадаваць гледачоў яскравымі канцэртнымі нумарамі. Фестываль «Калі мы разам — мы мацней» сабраў наведвальнікаў аддзяленняў сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з усіх раёнаў вобласці. Песні з вядомых кінафільмаў атрымалі новае гучанне, а ўсе прысутныя — незабыўныя эмоцыі. Фестываль прымеркаваны да Міжнароднага дня інвалідаў.

 


Крок да інтэграцыі

Сёлета свае здольнасці прадэманстравалі каля 20 калектываў вобласці.

Па словах намесніка старшыні абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Аляксандры Гарачовай, фестываль маладых інвалідаў — гэта свята цярплівых і валявых людзей. Яны не скарыліся лёсу, а знайшлі занятак па душы і раскрылі сябе ў творчасці. Дзякуючы роўным магчымасцям, людзі з інваліднасцю не толькі дэманструюць свой талент, але з’яўляюцца прыкладам стойкасці і аптымізму.

— Людзі маюць асаблівасці здароўя, але знаходзяць сілы быць пазітыўнымі, усміхаюцца. Тут сабраліся моцныя духам. Кожны чалавек мае права на атрыманне прафесіі, заняткі спортам, развіццё творчых здольнасцяў. У мэтах падрыхтоўкі да самастойнага жыцця ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуюць гурткі і клубы па інтарэсах, працоўныя майстэрні. У вобласці пражывае звыш тысячы маладых інвалідаў, і абласны фестываль — гэта важны крок да інтэграцыі інвалідаў у грамадстве, — зазначыла прадстаўнік выканаўчай улады.

Яна падкрэсліла, што вельмі важна, каб людзі з інваліднасцю не адчувалі сябе адзінокімі і пакінутымі, а былі паўнавартаснымі членамі грамадства. Дзякуючы сістэме сацыяльнага абслугоўвання, у краіне для гэтага створаны ўсе ўмовы.

 

 

Занятак па душы

У кулуарах ідзе сваё жыццё — хтосьці рыхтуецца да выхаду на сцэну, хтосьці пераводзіць дух пасля выступлення.

З Вадзімам Кірко гутарым перад пачаткам канцэрта. Ён выступае з песняй з кінафільма «Карнавал». Жыве ў Скідзелі, музыкай захапляецца з дзяцінства — у дзіцячым садку выступаў на многіх ранішніках. Вучыўся ў Гродзенскай спецыялізаванай школе для дзяцей з аслабленым зрокам, дзе займаўся вакалам і актыўна выступаў. Кажа, што з хваляваннем спраўляецца дзякуючы падтрымцы публікі.

Яшчэ ў Вадзіма ёсць мара — паспрабаваць сябе ў якасці дыджэя на радыё. Некалькі гадоў таму нават атрымаў такую прапанову: маўляў, добра пастаўлены голас. Але на шляху да мары паўстала шмат праблем: трэба было ехаць за 80 кіламетраў і жыць аднаму ў кватэры. Прыйшлося адмовіцца.

Разам з тым, па словах юнака, інклюзіўнае асяроддзе для інвалідаў па зроку пастаянна развіваецца. Працуюць гукавыя святлафоры, усё часцей сустракаюцца тратуары, дзе ёсць тактыльная плітка. Вадзім стараецца весці актыўны лад жыцця, шмат падарожнічае з сябрамі па Беларусі, спадзяецца з’ездзіць у Маскву.

Рацюхіна Юля, удзельніца цыркавой кампазіцыі, вельмі любіць выступаць на сцэне, а яшчэ займаецца рукадзеллем і маляваннем у аддзяленні дзённага наведвання для інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Кастрычніцкага раёна Гродна. Тут пастаянна ёсць цікавы занятак. Спецыяліст па сацыяльнай рабоце Ігар Карнюшка расказаў, што аддзяленне наведвае больш за 80 інвалідаў І і ІІ групы з рознымі дыягназамі. У даным фестывалі ўдзельнічаюць пастаянна, кожны раз з новым нумарам. Напрыклад, на юбілейны ХV фестываль падрыхтавалі нумар з цыркавымі трукамі.

Сяргей Пачобут з Бярозаўкі раней працаваў на адным з прадпрыемстваў горада, а калі атрымаў інваліднасць, стаў наведваць аддзяленне рэабілітацыі. Лічыць гэта сапраўдным падарункам для чалавека, якому неабходна зноў прыйсці ў нармальны стан.

— У нашым цэнтры каля 15 хлопцаў, мы сябруем. Выступаем на розных святах, у нас вельмі добры музычны кіраўнік Анатолій Анатольевіч, многа з ім рэпеціруем, пастаянна аднаўляецца рэпертуар. Прыемна займацца творчасцю, гэта радуе, сапраўдная аддушына, — лічыць суразмоўца.

Аб’ядноўвае творчасць 

Сёлета праграму канцэрта склалі вядомыя песні папулярных кінафільмаў. Кожны нумар атрымаўся вельмі яскравым і змястоўным. Так, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Ваўкавыскага раёна прадставіў цыганскі танец з песняй «Варажбітка». Загадчыца аддзялення рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Наталля Варчак паведаміла, што выбар песні супаў з наяўнасцю касцюмаў. Але пры распрацоўцы нумара аказалася, што іх не хапае. Дапамаглі адукацыйныя ўстановы — педагагічны каледж і гімназія № 2 Ваўкавыска.

— Мы штогод прымаем удзел у гэтым фестывалі, які дае магчымасць нашым маладым людзям з інваліднасцю праявіць сябе, паказаць, што яны многае могуць і не адстаюць ад здаровых людзей. Да таго ж тэма фестывалю вельмі цікавая, можна было разагнацца, выбраць. Усе нашы артысты вельмі натхніліся і з задавальненнем рыхтаваліся да выступлення, — падзялілася прадстаўнік Ваўкавыскага раёна.

У Зэльвенскім раёне выбралі для выступлення песню «Гутарка са шчасцем» з кінафільма «Іван Васільевіч змяняе прафесію». Па словах кіраўніка гуртка тэрытарыяльнага сацыяльнага цэнтра Святланы Лабецкай, спыніліся менавіта на фільме Гайдая з-за яго шырокай папулярнасці. А дзякуючы вядомаму святу «Ганненскі кірмаш» знайшліся і адпаведныя касцюмы. Музычная кампазіцыя атрымалася якраз як у фільме падчас царскай трапезы. Дарэчы, гэту сцэну з кінафільма можна было паралельна назіраць на экране.

У аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Лідскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання прадставілі песню пілотаў з кінафільма «Нябесны ціхаход». Для «пілотаў» і «сцюардэс» пашылі спецыяльныя касцюмы.

— Нашы выхаванцы вельмі чулыя і спагадлівыя людзі, — заўважыла кіраўнік гуртка Вікторыя Гайдзіс. — Напачатку было складана працаваць, у многіх розныя характары, да кожнага шукалі падыход. Падчас рэпетыцый людзі перажываюць з-за сваіх памылак, але мы падбадзёрваем адно аднаго, разам вучымся дабрыні.

Менавіта такое ўражанне пакінуў і сам фестываль. Так шчыра і прыгожа даносілі артысты да гледачоў свае эмоцыі ў тых песнях, якія выконвалі! Трэба сказаць, што сёлета разам з наведвальнікамі сацыяльных цэнтраў выступалі прафесійныя выканаўцы Гродзенскай вобласці і работнікі цэнтраў. Гэта прыклад таго, як мастацтва можа аб’ядноўваць людзей і пераадольваць бар’еры.

Патрыятычная місія

Падчас фестывалю прысутнічала нямала валанцёраў, якія былі пастаянна ў полі зроку, — кожны ўдзельнік мог звярнуцца да іх за дапамогай.

— Мы — будучыя медыкі і лічым сябе валанцёрамі не толькі падчас акцый і мерапрыемстваў, але і ў звычайным жыцці. Такім чынам мы праяўляем любоў да радзімы, бо калі чалавек дапамагае іншаму, ён дапамагае сваёй краіне, — выказала сваю думку студэнтка ГрДМУ Анастасія Літвінава. — Увогуле валанцёрства запатрабавана і з’яўляецца свайго роду патрыятычнай місіяй. Мы бачым, што гэты кірунак у нашым грамадстве развіваецца і падтрымліваецца.

Яе калега Марыя Марчук вызначае сваю дзейнасць як сацыяльны праект, які дапаможа будучым урачам развіць эмпатыю і быць больш міласэрнымі, у першую чаргу, да людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

У прадстаўнікоў таварыства Чырвонага Крыжа работа з інвалідамі ў прыярытэце.

— У рамках нашай службы «Дапамога» мы працуем з рознымі ўзроставымі катэгорыямі — і з дзецьмі, і са сталымі людзьмі. Аказваем сацыяльна-медыцынскую дапамогу інвалідам І і ІІ груп, ляжачым хворым. У нас працуюць кваліфікаваныя медыцынскія сёстры. Наладжана супрацоўніцтва з сацыяльнымі цэнтрамі, дапамагаем забяспечваць прадуктамі адзінокіх і хворых, аказваем бытавую дапамогу. Вось і на абласным фестывалі мы выконваем валанцёрскую функцыю і выступаем яшчэ як спонсары, падрыхтавалі падарункі кожнай камандзе, — расказала старшыня гродзенскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вікторыя Карацельшчыкава.

У тэму

У Гродзенскай вобласці пражывае каля 60 тысяч людзей з інваліднасцю. З іх больш 4 тысяч — дзеці. У рэгіёне працуе 19 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, дзе маладыя людзі з інваліднасцю могуць займацца спортам і творчасцю, дэманстраваць свае здольнасці на конкурсах, выстаўках і фестывалях.

Маргарыта УШКЕВІЧ 

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў. 

Грамадства

Смаката на святочным стале

Смаката на святочным стале

Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.