Персанальная выстаўка акварэлі і жывапісу Наталлі Шапавалавай «Тонкі свет» працуе ў Арт-гасцёўні «Высокае мѣста». У сваіх творах мастачка імкнецца з уласцівай ёй далікатнасцю і глыбінёй паказаць, якія дзіўныя сусветы існуюць па-за межамі нашага ўспрымання, дае магчымасць убачыць і адчуць схаваныя вымярэнні рэальнасці.
Тонкі свет — адзін з аспектаў жыцця, які існуе па-за межамі таго, што чалавек можа бачыць, чуць і адчуваць. Гэта царства энергій, якія прысутнічаюць паўсюль і ўплываюць на наш вопыт і ўспрыманне жыцця. Энергіі ўключаюць эмоцыі, думкі, ідэі і іншыя нефізічныя з’явы.
Наталля Шапавалава працуе ва ўсіх жанрах станковага жывапісу, у мастацкім тэкстылі (габелен), манументальна-дэкаратыўным жывапісе. На выстаўцы «Тонкі свет» шырока прадстаўлены акварэльныя работы мастачкі, напоўненыя чараўніцтвам, мяккай энергіяй і патаемнымі сэнсамі. Асаблівасцю твораў Наталлі Шапавалавай з’яўляюцца фантастычныя спалучэнні вобразаў, якія адначасова выклікаюць і захапленне, і здзіўленне. Нябачаныя рыбы, птушкі, хамелеоны цесна пераплецены з прыроднымі ландшафтамі, раслінамі і нават людзьмі. Неверагодным чынам адно зліваецца з іншым, утвараючы новую форму і нечаканы сэнс, межы сну і явы знікаюць, а розум становіцца кампаньёнам у падарожжы па таямнічых гульнях падсвядомасці. Мастачка стварае ўласную сімволіку, якую нельга разгадаць з дапамогай прафесійнай літаратуры ці энцыклапедый, у пошуку праўды спатрэбіцца толькі чыстае сэрца і душа, адкрытая да новых ведаў і новых пачуццяў.
Незвычайнае, не існуючае ў рэчаіснасці, штосьці па-за межамі чалавечай фантазіі і магчымасцей — усё тое, што не мае формы ў сапраўдным свеце, мастачка змагла перанесці на палатно і паказаць неверагоднае праз канкрэтныя візуальныя вобразы.
Сапраўднае мастацтва — гэта акно ў свет, які не падуладны законам фізікі і логікі. Гэты свет хаваецца ў тумане ўяўлення і фантазіі, знаходзячы формы і адценні, якія толькі вызначаюць контуры чалавечых перажыванняў.
На выстаўцы прадстаўлена каля 60 твораў Наталлі Шапавалавай, дзе сутыкаюцца фантазійныя вобразы і істоты. Яны ствараюць унікальныя прасторы і адкрываюць альтэрнатыўныя рэальнасці, якія даюць магчымасць даследаваць і глыбока асэнсоўваць уласныя пачуцці і ўражанні.
Творчасць мастачкі пераносіць гледача ў чароўны лес, дзе тонкія лініі дрэў пераплятаюцца ў фантастычныя вобразы, а мяккае святло месяца стварае загадкавыя цені. Разам з творцай падымаешся да самых нябёсаў і спускаешся на неверагодныя глыбіні. Нельга пазбегнуць і сустрэчы з казачнымі істотамі, якія жывуць у гэтым свеце, далёка за межамі нашай рэчаіснасці.
У сваіх творах Наталля Шапавалава аналізуе розныя з’явы, паказвае незвычайнае ў звычайным і заклікае да знаёмства з уласнымі пачуццямі і фантазіяй. Уласцівасці і колеравая палітра акварэлі найбольш падыходзяць для адлюстравання ўсяго чароўнага і незямнога. Размытыя контуры і невыразныя лініі дадаюць таямнічасці ў мяккія работы мастачкі. Уражвае і багацце сюжэтаў: тут і зімні лес пад пухкай снежнай коўдрай, і яркія велічныя планеты ў бязмежнай касмічнай прасторы, і знаёмыя славутыя мясціны Беларусі і ўсяго свету, і фантастычныя матывы з розных літаратурных твораў, і гатычныя вобразы ў паўсядзённасці.
Калі прыродныя ландшафты мастачкі трансліруюць спакой і гармонію, цішыню і ціхамірнасць, то дзіўныя вобразы абуджаюць фантазію і пераносяць у цудоўны свет са сваімі законамі і правіламі. Работы «Лятучыя вежы» (2019), «Пазаземная вежа» (2019), «Рэальнасць, якой не існуе» (2015), «Жыццё іншых» (2020), «Знакі мінулага» (2022), «Цені пясчаных прастораў» (2022), «Партал» (2020), «Планета» (2022) маглі б стаць неад’емнай часткай твораў знакамітых пісьменнікаў-фантастаў Льюіса Кэрала, Джона Р. Р. Толкіна, Кіра Булычова, Стывена Кінга і інш.
Багацце адценняў стварае чароўную атмасферу, на фоне якой адбываюцца такія ж фантастычныя падзеі. Акварэль у руках творцы набывае цікавыя формы, у якія можна ўглядацца бясконца. Мастачка спалучае кантрасныя адценні і вобразы, ствараючы ўласную сімволіку. Выстаўка «Тонкі свет» дазваляе адчуць межы фантазіі, паразважаць пра экзістэнцыяльныя праблемы і апынуцца ў казцы.
Фантастычны праект Наталлі Шапавалавай можна паглядзець да 8 снежня.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.