Кантрастам восеньскай шэрані, якую падкрэслівае афармленне з элементамі гарадской архітэктуры (дзякуй мастаку Мішу Дайлідаву), выступае лімонная вокладка кастрычніцкай «Маладосці», а форзацы аздабляюць ілюстрацыі — рэпрадукцыі акварэляў Надзеі Барай — гарадскія і вясковыя птушкі ў халодную пару года. Гэтым разам рэдакцыя адабрала для нумара паэзію Аляксандры Жалязновай, Кацярыны Мізерыі, Іны Мароз, Алеся Дубоўскага, Віктара Яраца, прозу Ганны-Марыі Гаранінай, Ксеніі Кузняцовай, Івана Мелава, Зінаіды Дудзюк, Івана Пяшко. Асобныя творы ўжо могуць ствараць навагодні настрой.
Апавяданні Джэрома Клапкі Джэрома друкуюцца ў перакладзе з англійскай мовы Марыны Макарыч. Працягваецца цыкл публікацый Кастуся Лешніцы, дадалася рубрыка «Плюс-вайб» Ксеніі Зарэцкай, тэатральны культпаход прадстаўляе Мікола Сарока, у «Старонцы роднай» — адчувальна вельмі асабісты тэкст Няжданы Окрык, у «(Аб)меркаванні» Наталляй Бахановіч уздымаецца палемічнае пытанне прысутнасці вычварнага ў сучаснай культурнай прасторы.
«Кожная дэталь паказвала веліч Творцы, у параўнанні з якой чалавек выглядаў малым і бездапаможным». Два апавяданні Ганны-Марыі Гаранінай «Музыка» і «Машына часу», на мой погляд, аб’яднаны тэмай імкнення да роўнасці чалавека з богам-творцам.
І ў той жа час гэты чалавек усведамляе свае памылкі, імкнучыся іх выправіць, каб атрымаць збавенне. Першае напісана ў рэалістычнай манеры, прысвечана бліскучаму музыканту-віртуозу, які напачатку ўпэўнены, што мастацтва здольна кіраваць людскімі лёсамі. Другое адсылае да твораў навуковай фантастыкі, і тут чалавек упэўнены ў сваёй усёмагутнасці праз розум і навукова-тэхнічны прагрэс, аднак кантроль — толькі ілюзія: «І вось я, няўдалы „дабрадзей чалавецтва“, у сваім часе сяджу на папялішчы і нішчу свае напрацоўкі, а крыху далей валяецца купа пакрамсанага металалому». Лірычныя героі тэкстаў — мужчыны, і гаворка вядзецца ад першай асобы, у гэтым бачыцца цікавы аўтарскі ход.
Своеасаблівыя «Поры года» Ксеніі Кузняцовай (праўда, тут рэпрэзентаваны толькі дзве, таму чакаем вясну і лета) — апавяданні, што трэба чытаць доўгім марозным вечарам, бо хочацца сапраўдных цудаў перад Калядамі. Першае дапаможа палюбіць зменлівае халоднае надвор’е, адчуць прыгажосць наваколля, паразважаць пра тое, чаму мы прывязваемся да пэўных сезонаў: «Магчыма, вы пакуль што ў ёй не разгледзелі нешта індывідуальнае, уласцівае толькі ёй». Апавяданне «Чароўная зіма, або Як я перастаў быць самотным» падасца неарыгінальным па сваёй структуры і хэпі-эндзе, але стане надзвычай цёплым, натхняльным у час, калі можна зрабіць нешта прыемнае для тых, каму гэта неабходна. Тут пра вялікі і сур’ёзны крок, адказнасць, надзею на лепшае ў сітуацыі, калі яна амаль згасла: «Ілья апусціў мяне на зямлю, але пад нагамі не аказалася халоднага бетону, зацярушанага снегам. Я апусціўся на нешта цёплае: Ганна Іванаўна прынесла мне тапкі». Мяркую, вам ужо цікава.
«Далей ад мух, гудзення і таго, што іх прывабіла». Кароткі тэкст Івана Мелава прымусіць спыніцца ў нашай будзённасці, чарговы раз упэўніцца ў тым, што цялеснае і ментальнае здароўе чалавека з цяжкасцю вытрымлівае сучасныя нагрузкі.
«...быць адважнымі і рухавымі, кемлівымі і стойкімі, адрознівацца ўмействам валодаць зброяй». Працяг рамана Зінаіды Дудзюк «Кошт волі» прадстаўляе буйную прозу нумара — дзесяць новых раздзелаў (папярэднія змешчаны ў № 9/2024). Гэтым разам распачынаецца паход былога манаха, а цяпер князя Годслава з войскам на Саксонію.
У тэкст уплецена шмат рознага кшталту дэталяў, якія дапамагаюць заглыбіцца ў даўніну. Працяг будзе.
«Гэта ж розныя вагавыя катэгорыі». Твор «Абарванае інтэрв’ю» Івана Пяшко прысвячаецца складанай працы журналіста раённай газеты ў часы перабудовы, зрэшты, многія пытанні, узнятыя ў апавяданні, лёгка экстрапалююцца на розныя гістарычныя перыяды. Тут выразна праглядаецца тэма маленькага чалавека, жыццё і важкасць слова якога істотна залежаць ад яго сацыяльнага статусу, сувязей і ўзроўню даходаў. Гэты твор аб праве і, галоўнае, аб магчымасці выказацца, заявіць аб несправядлівасці. Адкрываюцца страхі і перажыванні, з якімі сутыкаецца звычайны журналіст без дадатковых рэсурсаў, які прывык вырашаць усё законнымі шляхамі — без «падмазвання» і кумаўства. Дарэчы, і прозвішчы ў апавяданні гучныя, напрыклад, у галоўных дзеючых асоб — Папялушка і Лось.
У нізцы Аляксандры Жалязновай «Святло майго кахання», безумоўна, важнае месца займае любоўная лірыка, гучыць ідэя пошуку свайго наканавання, такая агульная і актуальная для маладой паэзіі:
Складаны ўласны абiраеш шлях,
Iдзеш непратаптанаю дарогай.
I я таксама. Слёзы на вачах.
Нам будзе цяжка, ды мы зробiм многа.
(«Многа»)
Вершы Кацярыны Мізерыі пад агульнай назвай «Надзеі незямны агеньчык» поўныя веры і спавядальнасці. У творах паэтэсы сплятаюцца любоў да роднай зямлі, роднага слова — стваральнай праца можа быць толькі пры дапамозе вышэйшай сілы, дзе слова з’яўляецца не проста інструментам, а найбольшай каштоўнасцю, святыняй:
І зноў вяртаюся да светлае асновы,
Да той адзінай, што анёлы мне далі.
— Ты вершы пішаш?
— Я малюся Слову...
Як найгалоўнейшай святыні на Зямлі!
(«Я малюся слову»)
Творы паэтэсы з Наваполацка Іны Мароз таксама прасякнуты светлым пачуццём да Бацькаўшчыны. Адчуваецца, што аснова яе натхнення — у прыродзе, праз вобразы якой паэтэса выяўляе важныя для сябе тэмы. Сустракаецца распаўсюджаная раслінная метафорыка, дзе карані — і продкі, і родная зямля, а «галінкі-парасткі» — дзеці, нашчадкі. Імкненне да высокага палёту змяняецца прагай адчуць глебу пад нагамі:
Мне не хапае вышыні,
Мігцення зорак і світання.
Назад вяртаюць карані —
І сэрца радуе спатканне.
Спатканне з роднаю зямлёй,
Дзе ўсё да дробязі знаёма,
Дзе зноў спяваю я душой.
Вось тут мой лёс і тут я дома!
(«Вяртанне»)
Вершы Алеся Дубоўскага — полымя маладога сэрца. І паэта хочацца паставіць на скрыжаванні з рупарам, каб ён прачытаў першы з двух вершаў — атрымаўся б выдатны перфоманс, толькі ўявіце:
Мая мілая берасцейка,
Крыху ўвагі!
З Мінска накіроўваецца
Цыклон кахання.
«Каляровае прывітанне» Віктара Яраца — стракатая мазаіка тэм, укладзеная ў разнастайнасць формаў, — менавіта дзякуючы гэтаму рэгулюеш сваю хуткасць чытання, адсочвання інтанацый, спыняешся, перачытваеш, перадумваеш. Не ведаю, ці слушная мая заўвага, але падаецца, што гэта прыкмета паэта-педагога — умець патлумачыць складанае на прыкладзе будзённых рэчаў. Па-імпрэсіянісцку аздобленыя вершы на вечныя тэмы, дзе ўвесь навакольны свет спрыяе паэту ў руху яго думкі:
Дзён хмарных паласа пайшла такая:
святло знаёмае схавалася ў якіх
вышынях і намоклых небакраях —
за брамамі на засаўках тугіх?
Дзён зацяжная паласа ці стане
ўзлётнай
для схаладалых гукаў паласой
з вадою, пацяжэлаю да лёду,
да віхравой завеі ў замовах маразоў?
І ў белых кажушках
зноў будуць грэцца
мелодыі,
чыё пачуўшы сэрца?
(«Заложнікі неба»)
Інтымная лірыка паўстае праз вобразнасць, якая найбліжэй асацыіруецца з расстаннямі:
А вагоны праносяцца міма
і вакзалаў начных і паўстанкаў,
міма ранніх пад сонцам сняжынак
з варажбой пасівелых цыганак
і між губ тваіх, рук тваіх —
міма...
(«Не размінуцца»)
Пісьменнік-філолаг уважліва ставіцца да мовы — сродку камунікацыі, з’явы культуры і самаідэнтыфікацыі пэўнай групы людзей (і міжволі згадваюцца словы Францішка Багушэвіча).
І просіцца выснова: каб пэўная народнасць, этнічная супольнасць працягвала жыць, трэба, каб было каму гаварыць на яе мове. Але што рабіць, калі такога не адбываецца?
Калі памёр апошні ў свеце алеут —
карэнны сын паўночных астравоў, —
у небе зорка ці пагасла хоць адна?
Невядома.
А на зямлі замоўкла песня-мова —
пайшла ў нябыт.
(«Астравы маўчання»)
«Яна накіравалася да краю сцэны і звярнулася наўпрост да вугальшчыка, які распачаў вышэй апісаную звягу, а далей адбыўся двубой, успамін пра які прыводзіць мяне ў трапяткое захапленне па сёння». Тры апавяданні вядомага англійскага пісьменніка-сатырыка, рэдактара, рэпарцёра, педагога Джэрома Клапкі Джэрома (1859–1827) — «Моўныя сродкі мюзік-хола», «Дамова пра арэнду „Скрыжаваных ключоў“», «Абрысы мінулага» — у перакладзе з англійскай мовы прапануе Марына Макарыч. Смешныя, кур’ёзныя, поўныя дасціпнага гумару тэксты зробяць ваш дзень лепшым.
Архіўная частка часопіса працягвае цыкл публікацый Кастуся Лешніцы «Беларуская літаратура ў свеце: з хронікі творчага жыцця ў 1966–1985 гг.». Пяты блок асвятляе падзеі 1983–1985 гг., апрача таго, аўтар матэрыялу стварае своеасаблівыя праекцыі: якое ўздзеянне зрабіла распачатая ў той час работа на сучаснасць, асаблівая ўвага звяртаецца на перакладчыцкую дзейнасць.
Назва свежай рубрыкі — «Плюс вайб». Ксенія Зарэцкая разважае пра мемы, фемінізм і новы культурны код. «Чаму трэба быць масікам, але не быць з масікам?» — тэкст, які ў пэўнай ступені раскрывае ўплыў сацыяльных сетак на моўную сітуацыю, у прыватнасці, як рускамоўны і англамоўны кантэнт уздзейнічае на ўжыванне тых ці іншых слоў для перадачы з’яў нашай рэчаіснасці. Важнае месца адведзена ролі (хутчэй, ролям) жанчыны ў грамадстве — колькасці яе «працоўных» змен і празрыстых, незаўважных абавязкаў. Калумністка прыводзіць шмат статыстычных даследаванняў апошніх дзесяцігоддзяў, прысвечаных размеркаванню нагрузкі жанчыны і мужчыны ў сям’і.
«Гэта была гісторыя пра ўсё на свеце, але галоўным чынам — пра ідыётаў».
У рубрыцы «Мастацтва» Мікола Сарока аглядае прэм’ерны спектакль «Ідыёты» Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, пастаўлены па матывах рамана «Трывожныя людзі» Фрэдэрыка Бакмана. Крытык разважае пра адпаведнасць пастаноўкі арыгіналу (зрэшты, не адмаўляючы права на вальнадумства рэжысёра), а сярод іншага заўважае: «Калі вы чыталі першакрыніцу, прыемна здзівіцеся трапленню акцёраў у персанажаў. Быццам усе рэмаркі Бакмана — знешнасць, пластыка цела, інтанацыі і іншыя маньерызмы — сышлі са старонак і ўвасобіліся на сцэне. Яны — яркія тыпажы».
«...ён патрапіць адразу ў рай». Невялікі тэкст Няжданы Окрык «Плач палын-травы» прысвечаны падзеям аварыі на Чарнобыльскай АЭС, катастрофе сусветнага маштабу, жахлівыя наступствы якой найбольш адчулі на сабе ўжо ў першыя дні людзі з найбліжэйшых населеных пунктаў.
«...каб не рабіць унутранае смецце асновай атмасферы мастацкага твора». Ужо хутка пачну называць Наталлю Бахановіч калумністкай «Маладосці» (цалкам абгрунтавана) — трэці запар нумар завяршаецца «(Аб)меркаваннем» у яе выкананні. У артыкуле «Чарнуха» ў мастацтве" аўтар разважае аб балансе прысутнасці вычварнага ў інструментарыі творцаў. Што рабіць, калі быццё непазбежна вызначае свядомасць, а разам з тым уплывае на змест твораў? Аўтар зазначае наступнае: «Выяўленне прысутнага ў рэчаіснасці гвалту непазбежна для мастацтва, хаця б таму, што ён ёсць і пакуль не збіраецца пакідаць Божы свет. Нядобра, калі гэта дамінуе ў эстэтычнай прасторы, як і калі падаецца ў якасці нормы. І аўтарам, і рэцыпіентам варта рэфлексаваць над уласнай цягай да падобнага».
Прыемнага чытання!
Кацярына ЦІМАНОВІЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».