Вы тут

Медыкі Беларусі працуюць з клопатам пра чалавека


Галоўны прыз «Лістапада» ў нацыянальным конкурсе атрымаў фільм, прысвечаны беларускім урачам. Адпаведныя падзякі ёсць напрыканцы стужкі ў цітрах, і на яе прэзентацыі ў межах Мінскага міжнароднага кінафестывалю ўдзельнікі здымачнай групы асобна выказалі ўдзячнасць Міністэрству аховы здароўя і медыкам, якія дазволілі здымаць у бальніцах, — каб усё, што паказана ў стужцы, выглядала не проста набліжана да рэчаіснасці, але было яе ўвасабленнем: з абсталяваннем палат, аперацыйных, ардынатарскіх. Такая ў Беларусі медыцына: усё з клопатам пра чалавека, прадумана і зручна, тэхналагічна і прафесійна. І чаго яшчэ можна жадаць маладому ўрачу? Толькі працуй, удасканальвайся ў прафесіі, ратуй людзей! Усе ўмовы, чаго лепшага шукаць? Але ж чалавек — істота, у якой бываюць спакусы, не ўсе могуць ім супрацьстаяць. І даводзіцца рабіць выбар. А часам ад гэтага выбару залежыць жыццё нейкага (можа, нават і не аднаго) чалавека... 


Падчас здымак фільма «Ліст чакання»

Што ні кажыце, а рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў ведае рэцэпт стварэння меладрамы: што ў ёй павінна быць, каб зачапіць і прымусіць надта чуллівага гледача аблівацца слязьмі — і ў зале такія былі, сталыя жанчыны з веданнем жыцця вельмі актыўна адгукнуліся на працу здымачнай групы, не шкадавалі добрых слоў. Таму што ў фільме «Ліст чакання» («Беларусьфільм, 2023 год), рэжысёр перасягнуў усе магчымыя спадзяванні: гэта меладрама ў пяцікратным памнажэнні. Тут нават не адна сюжэтная лінія, па ходзе фільма іх разгортваецца фактычна пяць, і кожная магла б стаць тэмай для здымак асобнай карціны (з выбудаванай драматычнай гісторыяй, прадуманымі глыбокімі характарамі). Мяркуйце самі. Па-першае, тут ёсць маладзенькая мама немаўляці, якой тэрмінова патрэбна аперацыя па трансплантацыі сэрца і лёгкіх, яе імя ўносяць у «ліст чакання» донарскіх органаў, таму што калі нешта здарыцца, то дзіця застанецца сіратой (а тата з украінскім прозвішчам з’ехаў, ім цікавяцца адпаведныя органы, а старая бабуля не справіцца). Па-другое, ёсць таленавіты хірург Алег Корзун, жонка якога настойвае на пераездзе за мяжу, і ён-такі паддаецца (хоць і перажывае за лёс сваёй пацыенткі). Па-трэцяе, калегі-медыкі Корзуна, сярод якіх ёсць тая, якая закахана ў яго і заўсёды гатова падтрымаць (разумеючы, што ў таго непаразуменні з жонкай, якая належыць да іншай сферы — мастацкай і не гатовая ахвяраваць сваімі жаданнямі дзеля мужа). Па-чацвёртае, ёсць сярод калег інтрыган Ігар Крыловіч, які толькі і чакае, каб даверылі менавіта яму, тым больш што ён былы зяць прафесара Яўгена Ракецкага (стаіць на чале групы хірургаў, якія рыхтуюцца да адказнай аперацыі). І пятае: дачка прафесара, якая ўладкоўвае сваё жыццё з замежнікам і прыязджае, каб атрымаць ад «былога» дазвол на вываз за мяжу дзяцей, якіх гадавалі яе бацькі, таму што ў свеце стала надта неспакойна (пра што нагадваюць кадры СВА з арт-абстрэламі па тэлебачанні і на камп’ютары герояў)... Але канцэнтрацыя эмацыянальнага напружання ў фільме надта моцная, таму што ўсё гэта адбываецца адначасова, крыху менш чым за дзве гадзіны, якія доўжыцца фільм, гледачу трэба толькі паспяваць сачыць за вельмі імклівым разгортваннем дзеяння, і ў яго проста не застаецца шансаў застацца раўнадушным. Праўда, нераўна душша можа быць розным, нават з рознай ступенню ўдзячнасці. Напрыклад, гэты фільм ужо быў адзначаны прызам сімпатый гледачоў на конкурсе «ТВ-шок» фестывалю «Киношок» у Расіі. «Лістапад» — іншая гісторыя і, адпаведна, узровень удзячнасці народнаму артысту Беларусі Аляксандру Яфрэмаву, які зняў злабадзённае кіно, дзе абвострана ўсё, што цяпер надзвычай актуальна для дзяржавы. Галоўны прыз у нацыянальным конкурсе найбольш яскрава павінен сведчыць пра патэнцыял айчыннай кінагаліны. А патэнцыял, як нам паказваюць, — у самой рэчаіснасці, блізкасці да жыцця. І гэта ж насамрэч так, не запярэчыш. Ды абавязковы плюс (без якога складана ўявіць актуальнасць мастацтва ў Беларусі) — гэта патрыятычная афарбоўка, бо героі разважаюць пра тое, у якой краіне ім жыць і працаваць і дзеля чаго (у медыцыну, як звычайна ўяўляецца, ідуць не толькі па грошы). І сама медыцынская тэма — вельмі перспектыўная для кіно, таму што ў прынцыпе тычыцца кожнага. 

— Першы здымачны дзень. Я не быў на пляцоўцы — не заўсёды там патрэбен аўтар. Але пасля здымак паглядзеў матэрыял. Усё нібыта нармальна, але шашлык на пікніку... Гэта першы эпізод фільма, калі адзначаюць дзень медыка на беразе вадасховішча. Людзі прыехалі святкаваць — павінна быць сакавітае мяса, памідоры... Я пра гэта сказаў. Аляксандр Васільевіч адразу спытаў: «А чаму ты адсутнічаў на здымачнай пляцоўцы?..» А пасля даведваюся, што праз дзень будуць пераздымаць. Гэта не было звязана толькі з шашлыком — і акцёры яшчэ не разагрэліся, як належыць, не тая дынаміка... Але хачу падкрэсліць адносіны рэжысёра да справы. Мы перазнялі. І пасля я прысутнічаў ужо амаль на ўсіх здымках, — згадваў аўтар сцэнарыя фільма «Ліст чакання» Валянцін Залужны. — Гэта мая першая работа з Аляксандрам Васільевічам. Адметныя яго адносіны да літаратурнага матэрыялу, з якім ён пачынае працаваць. Ён адразу папярэдзіў: «Калі мне не спадабаецца, то фільма не будзе». Такая фраза вельмі стымулюе сцэнарыста. Гэта аказалася цікавая і карысная праца. Таму што за сваё працяглае жыццё ў кіно такое стаўленне я сустрэў першы раз. 

Сярод аўтараў сцэнарыя значыцца імя і Аляксандра Яфрэмава: рэжысёр ведае, пра што хоча здымаць фільм, і можа ўносіць карэкціроўкі. Ён мае свой погляд і на тое, каго і як трэба здымаць у беларускім кіно. Адна з актрыс, з якой ён вельмі любіць працаваць, Валерыя Арланава, распавяла: 

— У карціне «Ліст чакання» я сыграла бабулю двух унукаў, маму адной з гераінь (тут нават складана вызначыць, хто галоўны, а хто — не). Аляксандр Васільевіч стараўся зняць у гэтай карціне большасць беларускіх артыстаў. Адзінаццаць роляў выканалі артысты Тэатра-студыі кінаакцёра. Лічу, што ўсе працуюць на годным узроўні. Гэта ў Аляксандра Васільевіча другая карціна пра ўрачоў. Першая была пра дзіцячую анкалогію, знятая паводле сцэнарыя Юліі Ляшко «Рыфмуецца з любоўю» з Ганнай Кавальчук і Аляксандрам Дзячэнкам у галоўных ролях, яе часта паказваюць па тэлебачанні. «Ліст чакання» — пра кардыёлагаў, трансплантолагаў. Але фільм не столькі пра ўрачоў, колькі пра ўсіх нас, пра жыццё, пра тое, што з намі адбываецца ў апошнія гады. Пра нашы думкі, адчуванні, страх за будучыню. Напэўна, гледачы больш чакаюць нейкіх казак, фільмаў з добрым фіналам. Але вы разумееце, што жыццё цяпер складанае. Кожны ранак прачынаешся і не ведаеш, што будзе заўтра і ці будзе яно. Таму гэтая карціна найперш пра людзей, пра ўсіх нас і пра тое, чаго мы хочам ад жыцця. А чаго мы хочам? Каб былі жывыя і здаровыя нашы блізкія, каб не было вайны, каб усе мы былі шчаслівыя і мелі надзею на нармальную будучыню. 

Карацей, тым, хто глядзіць фільм, трэба быць гатовым хапацца за сэрца пры паваротах сюжэту. І ёсць вялікая колькасць
гледачоў, якія аддаюць перавагу менавіта такім фільмам — іх яшчэ называюць «душэўнае кіно».

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.

Сацыяльная падтрымка

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат