Вы тут

Чым адзначыўся кліматычны саміт у Баку?


Напрыканцы мінулага тыдня ў Баку завяршылася 29-я сесія Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату (СОР29), якая лічыцца адным з самых маштабных мерапрыемстваў у свеце. Удзельнікі саміту не змаглі ўзгадніць выніковы дакумент не толькі ў планавыя тэрміны, але і ў «дададзены час». Канферэнцыя працягнулася даўжэй, але прынесла вынік, які не задаволіў фактычна нікога, адзначыў expert. ru. Ключавыя пытанні так і засталіся нявырашанымі. Чым жа адзначыўся кліматычны саміт у Баку?


Шкода на $2 трлн

Стыхійныя бедствы, выкліканыя глабальнай зменай клімату, за апошнія 10 гадоў нанеслі сусветнай эканоміцы шкоду ў $2 трлн. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы, падрыхтаванай Oxera для Міжнароднай гандлёвай палаты і распаўсюджанай напярэдадні СОР29. «Даныя апошняга дзесяцігоддзя адназначна сведчаць аб тым, што змяненне клімату не з’яўляецца праблемай будучыні: істотныя страты прадукцыйнасці з-за экстрэмальных з’яў надвор’я адчуваюцца ў рэальным сектары эканомікі ўжо цяпер», — канстатуе генеральны сакратар Міжнароднай гандлёвай палаты Джон Дэнтан. У даследаванні былі ўлічаны чатыры тысячы экстрэмальных з’яў надвор’я, якія закранулі 1,6 мільярда чалавек за перыяд з 2014 да 2023 года. Амаль палова ўсёй эканамічнай шкоды за гэты час — $934,7 млрд — прыпадала на ЗША. Другое месца па памеры страт ад стыхіі займае Кітай з $267,9 млрд шкоды, трэцяе — Індыя са $112 млрд. Аўтары справаздачы падкрэсліваюць, што з гадамі памер урону ад стыхійных бедстваў павялічваецца. Так, у 2022–2023 гадах ён склаў $451 млрд, што на 19 працэнтаў вышэй за сярэднегадавы паказчык за папярэднія восем гадоў.

Крызіс, які выкліканы кліматычнымі змяненнямі, так ці інакш закране кожнага чалавека ў свеце, і мы сабраліся тут вырашаць адпаведныя праблемы, заявіў на адкрыцці канферэнцыі ў Баку выканаўчы сакратар рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату Сайман Стыл. Ён адзначыў, што ў Баку варта ўзгадніць новую глабальную мэту па кліматычным фінансаванні: «Калі прынамсі дзве трэці краін свету не могуць дазволіць сабе хутка скараціць выкіды, то ўсе краіны заплацяць высокую цану. Калі краіны не змогуць „убудаваць“ устойлівасць у ланцужкі паставак, уся сусветная эканоміка пацерпіць. 

Ад гэтага не застрахавана ніводная краіна». Як вядома, за апошнія 20 гадоў толькі ў 55 дзяржавах з самай уразлівай эканомікай урон ад кліматычных змяненняў перавысіў 500 млрд долараў.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў усе краіны засяродзіцца на трох прыярытэтах, якія датычацца змянення клімату. «Першае — экстраннае скарачэнне выкідаў, каб абмежаваць рост глабальнай тэмпературы. Да 2030-га яны павінны знізіцца на 43 працэнты ў параўнанні з узроўнем 2019 года. G20 павінна лідзіраваць у гэтым, — заўважыў Антоніу Гутэрыш. — Яны з’яўляюцца найбуйнейшымі эмітэнтамі з найбольшымі магчымасцямі і адказнасцю і павінны аб’яднаць свае тэхналагічныя ноу-хау».

Па-другое, падкрэсліў генеральны сакратар, неабходна зрабіць больш для абароны чалавецтва ад разбуральных наступстваў кліматычнага крызісу: «Разрыў паміж патрэбамі адаптацыі і фінансаваннем можа дасягнуць $359 млрд у год да 2030-га. Гэта не абстрактныя лічбы ў балансе, гэта страчаныя жыцці, страчаныя ўраджаі і ўпушчанае развіццё».

Па меркаванні Антоніу Гутэрыша, цяпер як ніколі важна выконваць абяцанні па фінансаванні. «Развітыя краіны павінны паспець падвоіць фінансаванне адаптацыі мінімум $40 млрд да 2025 года. Улічваючы неабходнасць ператварэння абавязацельстваў у рэальныя грошы, трэцім прыярытэтам з’яўляецца фінансаванне, — падкрэсліў ён. — Краіны, якія развіваюцца, не павінны пакінуць Баку з пустымі рукамі. Пагадненне неабходна. Нам патрэбна новая фінансавая мэта, якая адпавядае моманту». Як заўважыў Антоніу Гутэрыш, кліматычнае фінансаванне — гэта не дабрачыннасць, гэта інвестыцыя, кліматычныя дзеянні — не выбар, а імператыў.

«Свет знаходзіцца на фінальным адліку часу, каб абмежаваць глабальнае павышэнне тэмпературы да 1,5 градуса Цэльсія. І ніводная краіна не можа пазбегнуць наступстваў гэтага», — падкрэсліў Гутэрыш. Ён таксама адзначыў важнасць інвестыцый у аднаўляльныя крыніцы энергіі.

Ад слоў да справы

Вялікі рэзананс выклікала выступленне на саміце COP29 у Баку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, у якім ён агучыў прапановы для глабальных дзеянняў па барацьбе са змяненнем клімату. «Гэтыя і іншыя кірункі патрабуюць кансалідацыі міжнародных намаганняў. Не на словах, а на справе. Час ад слоў перайсці да справы. І той, хто павінен плаціць, павінен плаціць, а не адседжвацца ў сябе ў кабінетах», — падкрэсліў беларускі лідар. Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь «папракнуць у гэтым плане няма за што. Мы жорстка выконваем усе абавязацельствы, якія ўзялі на сябе».

Прэзідэнт канстатаваў, што клімат змяніўся, і гэта ўжо данасць. «Таму першарадная задача — перанастроіць нацыянальныя эканомікі, перш за ўсё сельскую гаспадарку, з улікам умоў, якія змяніліся, адаптаваць яе да новых умоў», — заявіў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь актыўна займаецца гэтай тэмай і гатова дзяліцца вопытам.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў дапамагчы краінам, якія сталі на шлях развіцця, атрымаць роўны доступ да зялёных тэхналогій без урону для іх нацыянальных інтарэсаў: «Зрабіць так, каб яны ў выніку гэтай дапамогі не трапілі ў кабалу. Трэба адмяніць усё, што перашкаджае міжнароднаму гандлю тэхналогіямі, абмену інавацыямі і найлепшымі практыкамі».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, свет ужо сутыкнуўся з сітуацыяй, калі новая прадукцыя, якая пазіцыянуецца як больш экалагічна бяспечная альтэрнатыва, наносіць не меншую шкоду. «Аб’ектыўна патрэбны новыя падыходы да комплекснай ацэнкі патэнцыяльнага ўздзеяння інавацый на навакольнае асяроддзе на працягу ўсяго жыццёвага цыкла гэтай прадукцыі», — сказаў ён.

Прэзідэнт лічыць недастатковымі тыя намаганні, якія цяпер прыкладаюцца ў свеце па барацьбе са змяненнем клімату. Аб гэтым ён заявіў у экспрэс-інтэрв’ю тэлеканалу AnewZ (асноўны партнёр COP29 у Азербайджане). Кіраўніка беларускай дзяржавы спыталі, ці лічыць ён дасягальнай мэту па абмежаванні росту сярэдняй глабальнай тэмпературы на ўзроўні 1,5 градуса ў параўнанні з даіндустрыяльным узроўнем і ці дастаткова краіны свету робяць для гэтага. «Калі будзем так рабіць (як цяпер. — Рэд.) і ў такой „дастатковасці“, то недасягальная. Нічога не змяняецца. Наадварот, усё горш і горш. І тыя краіны, якія павінны перш за ўсё займацца скарачэннем выкідаў, яны гэта, на жаль, не робяць. І прасвету ў гэтым плане не відаць. Таму паўстае пытанне аб эфектыўнасці падобных мерапрыемстваў. Я лічу, што яны малаэфектыўныя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Журналіст таксама пацікавіўся меркаваннем Аляксандра Лукашэнкі адносна таго, чаму ад удзелу ў саміце ў Баку адмовіліся лідары некаторых заходніх краін. «Яны думаюць, што ўсё будзе добра і клімат змяняцца не будзе. Гэта значыць, яны думаюць, што абыдзецца. Не абыдзецца», — падкрэсліў беларускі лідар.

Сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка растлумачыў у кароткім інтэрв’ю журналістам пасля выступлення. Ён адзначыў, што арганізацыя саміту, які сёлета прымае Азербайджан, бліскучая. «Гэта адзінае, што можна ацаніць станоўча», — адзначыў ён. Адказваючы на пытанне аб агульным уражанні, Прэзідэнт заўважыў: «Агіднае. Я сказаў тэзісна, бо з-за махрыстага бюракратызму Сакратарыята ААН гэта ўсё бескарысна. Ну што за тры хвіліны скажаш... Усе даюць справаздачу, якія вялікія. А стала яшчэ горш. Я ж назваў тры вайны, якія забруджваюць атмасферу. Хусітаў там ціснуць невядома за што, на Блізкім Усходзе вайна (перспектывы вялікія ўцягвання яшчэ іншых краін) і ва Украіне вайна. Гэта толькі буйныя. А іх больш за 50 — гэтых канфліктаў. Гэта забруджвае найперш атмасферу. Я казаў пра гэта ў Дубаі (на папярэднім падобным саміце год таму. — Рэд.)».

«І вытворцы. Хто больш за ўсё вырабляе — англасаксы. Дзе яны? Іх няма. Дзе спадар Макрон, які так піярыўся на парадку дня гэтым — Парыжскае пагадненне. Дзе ён? Яго сёння няма нават. Яны па-наплявацельску да гэтага ставяцца. Гэта проста гаварыльня чарговая», — дадаў беларускі лідар.

Выступленне Прэзідэнта Беларусі разышлося на цытаты. Аб гэтым расказаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк. «Асаблівую бадзёрасць і энергію надаюць словы Прэзідэнта — яго прамова. Калегі ў тым ліку параўноўваюць COP29 з экалагічным „базарам“, — адзначыў Сяргей Масляк. — Цалкам правільная заўвага Прэзідэнта, што ўжо хопіць гаварыць — трэба пераходзіць ад слоў да канкрэтных дзеянняў». Міністр у гэтым плане падкрэсліў, што Беларусь у поўнай меры выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы ў галіне экалагічнага і кліматычнага парадку дня, у тым ліку ў рамках Парыжскага пагаднення.

Самагубны пакт

Па выніках СОР29 было прынята рашэнне аб павелічэнні штогадовага фінансавання глабальнай барацьбы са змяненнем клімату да $300 млрд. Фінансаванне даюць дзяржавы з развітой эканомікай у рамках калектыўнай колькаснай мэты (NCQG). Вынікі саміту выклікалі неадназначныя ацэнкі. Так, выканаўчы сакратар ААН па змене клімату назваў новую фінансавую мэту «страхавым полісам для чалавецтва». Але, па меркаванні Саймана Стыла, «як і любы страхавы поліс, ён пачне працаваць толькі ў тым выпадку, калі ўзносы будуць выплачвацца ў поўным аб’ёме і своечасова». Генеральны сакратар ААН па выніках канферэнцыі заявіў, што ён спадзяваўся на больш амбіцыйны вынік — як у плане грошай, так і змякчэння наступстваў змены клімату. Пры гэтым камісар Еўрасаюза па пытаннях клімату Вопке Хекстра назваў рашэнне «новай эрай у кліматычным фінансаванні». Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у заяве, апублікаванай на сайце Белага дома, адзначыў, што ўдзельнікі COP29 дасягнулі гістарычнага выніку.

У той жа час лідары дзяржаў, якія сталі на шлях развіцця, назвалі новы мэтавы паказчык кліматычнага фінансавання абразлівым. Раней яны запытвалі дапамогу ў памеры больш за $1 трлн. Прадстаўнік індыйскай дэлегацыі Чандзі Райна заявіла, што яна расчаравана вынікамі саміту, а дакумент, паводле яе слоў, — «аптычная ілюзія», якая не вырашыць «каласальныя праблемы, з якімі сутыкнуліся краіны, што развіваюцца». Вынікам СОР29 таксама расчараваны і прадстаўнікі шэрагу афрыканскіх і лацінаамерыканскіх дзяржаў. У прыватнасці, міністр па пытаннях клімату Сьера-Леонэ Джыва Абдулаі назваў праект фактычна самагубным пактам для астатняга свету, а памер фінансавай дапамогі, на яго думку, сведчыць аб адсутнасці добрай волі з боку развітых краін.

Кліматычны саміт у Баку паказаў самае галоўнае — Беларусь знаходзіцца ў пуле тых дзяржаў, якія думаюць разумна і арыентуюцца на будучыню чалавецтва, адзначыў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін. «Наш Прэзідэнт на саміце вельмі дакладна вызначыў, што сёння ёсць тыя краіны, якія арыентуюцца не на вырашэнне пытанняў па клімаце. Яны шукаюць прыбытак, празмерны ўзровень даходаў, арыентуюцца на войны, — адзначыў эксперт. — У выніку на першым месцы для іх — асабісты заробак, а не агульнае дабро ўсяго чалавецтва і кліматычныя ўмовы на планеце».

Даслоўна

«Захад траціць усе сілы на барацьбу з фальшывымі праблемамі, якія сам стварае»

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у сваім выступленні ў Астане на саміце АДКБ.

«У той час як у сучасным свеце ёсць вялікае мноства транснацыянальных выклікаў і пагроз, з якімі можна і трэба змагацца. І толькі разам», — адзначыў беларускі лідар. У якасці яскравага прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў кліматычны парадак дня, які «заходнія палітыкі даўно ператварылі ў бізнес». «Модная „Зялёная здзелка“ Еўрасаюза — не што іншае, як праект нядобрасумленнай канкурэнцыі, ён працуе выключна ў інтарэсах краін Захаду, што стаяць у першым шэрагу адказных за забруджванне атмасферы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.