У лістападзе 1924 года выйшаў у свет першы нумар часопіса «Беларуская работніца і сялянка», які за ўсю сваю доўгую гісторыю не раз мяняў назвы, а сёння вядомы як «Алеся».
За стагоддзе айчыннае перыядычнае выданне для жанчын знайшло шлях да сэрцаў многіх пакаленняў сучасніц і стала сапраўдным летапісам жыцця беларусак. У савецкі перыяд «Работніца і сялянка» распаўсюджвалася па ўсёй вялікай краіне, а тыраж даходзіў да 1,5 мільёна экзэмпляраў. Гаспадыні рознага ўзросту выразалі і захоўвалі артыкулы з парадамі па выхаванні дзяцей, рэцэпты і выкрайкі, вершы і апавяданні, што друкаваліся на старонках часопіса.
Калі скласці ўсе нумары, атрымаецца вялізны том гісторый пра гераінь, якія вызначалі жаночае аблічча Беларусі. З вокладак глядзяць працаўніцы заводаў і будоўляў, заатэхнікі, настаўніцы, актрысы, спявачкі, мастачкі... Кожная з іх з’яўляецца прыкладам для сучасніц, бо жанчына — гэта не толькі пра прыгажосць, але і пра сілу, творчасць, майстэрства і адданасць сваёй справе.
У юбілейныя гады рэдакцыя з цеплынёй і гонарам успамінала гісторыю выдання, дзялілася дасягненнямі. Часопіс віншавалі вядомыя людзі краіны, знакамітыя пісьменнікі, мастакі, кампазітары.
Аб чым пісала «Беларуская работніца і сялянка» ў першым нумары? Якім гераіням прысвячала свае публікацыі? Чым вызначаліся юбілейныя нумары? Давайце разам пагартаем старонкі выдання. (Арфаграфію арыгіналаў захоўваем.)
У першым нумары рэдакцыя звярнулася да сваіх чытачак: «Рабоче-крестьянская власть, революцией рождённая, дала женщине равноправие. Женщина получила все гражданские и политические права; она может занимать в нашей Республике самые высокие посты. Революция разбудила в женщине жажду знаний. Вопросы общественной жизни волнуют тружениц города и деревни. Но тем не менее количество работниц и селянок, вовлечённых в строительство новой жизни, ничтожно; объясняется это тем, что все тяготы семьи: уход за детьми, стряпня, стирка и т. д. всей своей тяжестью ложатся на женщину…
Отдел по работе среди женщин ЦК КП(б)Б, учитывая жажду знаний у белорусской работницы и крестьянки и необходимость вовлечь её в строительство будущего нашей страны, приступил к изданию журнала „Белорусская работница и селянка“. Цель журнала — проникнуть во все уголки нашей крестьянской ещё малограмотной Белоруссии, будить сознание трудящихся масс. Пусть не будет во всей Белоруссии ни одного уголка, где бы не было друзей журнала „Белорусская работница и селянка“!» У № 1 апублікаваны дасланы Н. К. Крупскай артыкул. Спецыяльна для першага нумара часопіса Янка Купала напісаў верш «Дзве сястры».
У пасляваенны час на старонках «Работніцы і сялянкі» з’яўляецца вялікая колькасць публікацый пра подзвігі савецкіх воінаў, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны, пра тых, хто зрабіў унёсак у Перамогу.
У нумары за 1946 год радавы В. Палікарпава расказвае пра сваю службу ў Чырвонай Арміі. Дзяўчына прайшла шлях ад Сталінграда да Берліна. «Аднойчы наляцела на нас вялікая група варожых самалётаў. Трэба было адбіць налёт. Вораг выявіў месцазнаходжанне нашага разліку і пачаў скідваць бомбы. Яны рваліся зусім блізка ад нас...» — і сёння гэтыя радкі аб перажытым немагчыма чытаць без хвалявання.
У тым далёкім годзе часопіс піша пра знакамітую народную артыстку БССР Ірыну Ждановіч. Падкрэсліваюцца ўласцівыя ёй рысы: глыбокае разуменне сутнасці кожнага вобраза, шчырае хваляванне за іх сцэнічны лёс, высокі прафесіяналізм і ўменне дакладна ўвасобіць сваіх герояў. Прыгадваюцца некаторыя з самых значных роляў актрысы: Данілка ў драме Янкі Купалы «Раскіданае гняздо», Джульета ў трагедыі В. Шэкспіра «Рамэа і Джульета», Вера ў п’есе М. Горкага «Апошнія», Марылька ў «Бацькаўшчыне» К. Чорнага і іншыя. Аўтар таксама апісвае Ірыну Ждановіч як выдатную гаспадыню, пяшчотную маці і рукадзельніцу.
У 25-гадовы юбілей рэдакцыя часопіса «Работніца і сялянка» атрымала шматлікія віншаванні. Цёплыя словы адрасавалі выданню прадстаўнікі ўрада, вядомыя асобы, чытачы і сябры. Павіншаваў супрацоўнікаў і аўтараў часопіса народны паэт Беларусі Якуб Колас. «Жадаю вам здароўя, радасці, поспехаў у Вашай многаграннай гераічнай дзейнасці, дарагія жанчыны!» — напісаў класік.
У публікацыі пад назвай «25 год» часопіс расказаў, як дапамагаў жанчынам асвойваць грамату, спасцігаць новыя веды, авалодваць прафесіяй, удзельнічаць у калектывізацыі сельскай гаспадаркі, у будаўніцтве новага грамадства.
Своеасаблівымі сімваламі жаночай моцы, актыўнасці і настойлівасці былі гераіні, якія вызначыліся высокімі дасягненнямі ў працы. Часопіс «Работніца і сялянка» шырока асвятляў іх гісторыі, паказваючы, як жанчыны пераадольвалі перашкоды і дасягалі вынікаў, якія ўражвалі нават мужчын.
На вокладцы № 8 часопіса «Работніца і сялянка» за 1964 год — кранаўшчыца Нэля Блізнец. Працоўны дзень маладой, прыгожай, танюткай дзяўчыны апісваецца ў матэрыяле «Рамонкавыя сумёты». Нэля кіруе кранам, падымаючы блокі для будаўніцтва. Дзяўчына вельмі ўважлівая, нязменна клапоціцца пра бяспеку калег, старанна выконвае план. Аднойчы кран зламаўся, але Нэля сама здолела вырашыць няспраўнасць: «І яна пачала даставаць са скрыні з запасным інструментам паяльнік, каніфоль, супраціўленні»…
Маладая актрыса Таццяна Аляксеева прыцягнула ўвагу публікі шчырым і пранікнёным выкананнем роляў у спектаклях Брэсцкага тэатра імя Ленінскага камсамола. Яе Ліза Каліціна ў «Дваранскім гняздзе» была адметная паэтычнасцю і глыбокім драматызмам. Таццяна Аляксеева валодала незвычайнай здольнасцю перадаваць настрой гераіні без яркіх жэстаў і крыку, выкарыстоўваючы замест гэтага тонкія нюансы мімікі і позірку. Яе Машачка ў аднайменнай п’есе А. Афінагенава поўная шчырасці і юнацкіх мар. Падчас працы ў Купалаўскім тэатры Таццяна Аляксеева атрымала ролі, якія ў мінулым іграла Ірына Ждановіч. Здымалася таксама ў галоўных ролях у кінафільмах. А за межамі сцэны заслужаная артыстка БССР была вядомая сваёй сціпласцю і адданасцю сям’і.
«Паглядзіце наўкола, на нашых цудоўных жанчын, і вы зразумееце, чаму не старэе часопіс», — чытаем на старонцы юбілейнага нумара. Святкуючы сваё 50-годдзе, выданне ўспамінае дасягненні савецкіх жанчын, расказвае пра тое, як часопіс мяняўся з часам і як да яго працы далучаліся новыя людзі.
Для рубрыкі «Пішам калектыўны партрэт...» журналісты запыталіся ў мужчын: «Якая рыса характару сучасніцы асабліва захапляе вас?» Цяпер кожны можа даведацца з той публікацыі пра штрыхі да «калектыўнага партрэта» жанчыны 70-х. Прыкладам яго знакаміты кампазітар Ігар Лучанок апісаў партрэт сучасніцы так: «Лірычнасць. Шчырасць. Душэўнасць. Усё самае прыгожае і ўзнёслае ў нашым жыцці — ад жанчыны. Самыя цудоўныя песні ствараюцца для вас і пра вас, дарагія нашы сяброўкі».
Жаночыя гісторыі поспеху служылі натхненнем для моладзі, матывуючы цэлыя пакаленні юнакоў і дзяўчат імкнуцца да сваіх мэт.
З вокладкі № 3 часопіса за 1976 год шчыра ўсміхаецца заатэхнік Антаніна Халянкова. У матэрыяле «Там, за даляглядам гадоў» расказваецца пра жыццё і працу ў калгасе імя Фрунзэ. Антаніна з’яўляецца адной з ключавых фігур у гэтай гаспадарцы. Яна працуе на ферме, дапамагае іншым: «У разуменні Халянковай сур’ёзнасць — зусім не тое, што сталая паважнасць у паводзінах. Сумленныя адносіны да працы, клопат аб яе выніках — вось што атаясамлівае яна з гэтым паняццем». Нарыс пра заатэхніка даводзіць: адзін чалавек можа ўплываць на працу і настрой у калектыве, калі мае пазітыўны падыход да справы.
Лізавета Пісманік, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Беларуская работніца і сялянка», успамінае пра нараджэнне першага нумара. Апісвае стварэнне рэдакцыйнай калегіі, пошук матэрыялаў, праблемы з друкам. Згадвае пра тое, як у 1924 годзе Марыя Муратава абвясціла: «Дзяўчаты, у нас будзе спецыяльны часопіс. Пастанова аб ім прынята. Жанаддзелу даручана неадкладна рыхтаваць нумар». Першы нумар рэдакцыя вырашыла адправіць чытачам бясплатна. Тыраж склаў 3000 экзэмпляраў.
А ў публікацыі «Перад дарогай да вас» журналісты 1984-га расказваюць, як калектыў рэдакцыі шукае новыя тэмы, як абмяркоўваюцца ідэі і рыхтуецца ў свет нумар. У артыкуле адлюстравана праца ўсяго калектыву: рэдактара, аўтараў, тэхнічных рэдактараў, наборшчыкаў. Аўтар апісвае працу кожнага аддзела — ад наборшчыц да пераплётчыкаў: «...у невялічкім пакойчыку шэсць электронных машын, быццам найтанчэйшыя музычныя інструменты з клавішамі. Ля іх сядзяць праграмісткі ў бялюткіх халатах і спрытнымі пальчыкамі ледзь датыкаюцца да клавіш».
У № 12 часопіса за 1990 год распавядаецца пра беларускую мастачку Нінэль Шчасную. «...Творцам быць рызыкоўна. Бо калі ствараеш тое, чаго да цябе не было, ніхто не ведае, як да гэтага ставіцца. І людзі пачынаюць вагацца: зганіць або ўхваліць», — дзеліцца мастачка.
Нінэль Шчасная працавала са шклом у сваіх праектах у 1973–1977 гадах пры афармленні мінскага рэстарана «Беларусь». У 1981–1985 гадах вырабляла вітражы для розных устаноў краіны. Вітражы Нінэлі Шчаснай — сапраўдныя творы мастацтва, якія напаўняюць прастору святлом і колерам. Часопіс не толькі апісвае тэхнічныя аспекты працы, але і падкрэслівае значэнне мастацкага падыходу да кожнай дэталі, важнасць для творцы індывідуальнага пошуку і неабходнасць быць адважным у сваіх эксперыментах.
Да 70-гадовага юбілею часопіса рэдакцыя падрыхтавала артыкул пра жыццё Марыі Муратавай — першага рэдактара «Беларускай работніцы і сялянкі». Марыя Фёдараўна была дачкой слесара, працавала на чыгунцы. Яна з галавой акунулася ў грамадскую работу і стала загадчыцай жанаддзела павятовага камітэта партыі, а потым Віцебскага губкама. У 1922 годзе была прызначана загадчыцай жанаддзела ЦК КП(б) Беларусі, і тады ж у яе і з’явілася думка займець на Беларусі свой жаночы часопіс: «Упершыню на тутэйшай зямлі выйшаў такі часопіс і загаварыў ён з працаўніцамі на іх роднай мове. Загаварыў пра жыццё, працу, вучобу, выхаванне дзяцей».
На пытанне «Што для вас „Работніца і сялянка“?» адказвалі пастаянныя аўтары выдання. Паэтэса Эдзі Агняцвет выказалася так: «З дабрынёй, з даверлівымі вачыма тут заўсёды сустракаюць аўтараў. Гэта — традыцыя калектыву. Таму да часопіса цягнуцца людзі з розных куткоў Беларусі».
У нумары, прысвечаным 80-годдзю выдання, рэдакцыя апублікавала зварот да чытачоў пад загалоўкам «Ордэн зноў з намі!»: «Трыццаць гадоў назад на ўрачыстым сходзе, прысвечаным паўвекавому юбілею часопіса „Работніца і сялянка“, выданню была ўручана высокая дзяржаўная ўзнагарода — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Два дзесяцігоддзі ордэн горда красаваўся на часопісе. А потым у нашым жыцці адбыліся перамены; развалілася вялікая дзяржава...» Часопіс змяніў назву, і разам са старым лагатыпам знікла і ўзнагарода. Рэдакцыя з гонарам абвяшчае, што ў 80-гадовы юбілей «Алесі» вяртае ордэн на першую старонку выдання: «Гэтая высокая ўзнагарода — узнагарода ўсіх жанчын Беларусі».
Гісторыя жаночага часопіса працягваецца!
Юлія РАМАНЬКОВА
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».