Вы тут

Справа жыцця Аркадзя Шкляра


Імя прафесара Аркадзя Шкляра звязана з прафесійнай адукацыяй. Усё жыццё ён прысвяціў развіццю гэтай галіны, добра ведаў яе знутры і разумеў, што трэба рабіць для таго, каб ствараць умовы для падрыхтоўкі кадраў, запатрабаваных у эканоміцы. У 1983 годзе ён стаў дырэктарам Мінскага сярэдняга ПТВ № 158 машынабудавання, а ў 1993–2017 гадах узначальваў Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі. У 1989 годзе па яго ініцыятыве была падрыхтавана і прынята Саветам Міністраў БССР пастанова «Аб эксперыменце па бесперапыннай падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых і тэхнікаў». Упершыню ў прафесійнай адукацыі СССР і замежных краін быў рэалізаваны праект па стварэнні сістэмы бесперапыннай падрыхтоўкі кадраў па схеме ПТВ — ССНУ — ВНУ.


«У пачатку 1990-х гадоў пры распадзе СССР Рэспубліка Беларусь не мела сваёй навуковай школы, вопыту распрацоўкі навукова-метадычнага забеспячэння прафадукацыі, цэласнай сістэмы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі работнікаў сістэмы прафадукацыі. Было шмат праблем у пытаннях захавання і развіцця сістэмы падрыхтоўкі кадраў для розных галін эканомікі. І толькі дзякуючы пастаяннай увазе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да развіцця сістэмы адукацыі, у тым ліку прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай, наша краіна змагла захаваць і развіць сістэму прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі», — успамінае Аркадзь Хонанавіч. Ён адзначыў, што вялікую ролю ў захаванні сістэмы прафадукацыі сыгралі Міністэрства адукацыі Беларусі, органы дзяржкіравання, прадпрыемствы і арганізацыі. Каардынацыю работы па развіцці сістэмы прафадукацыі ў 1990-я гады ажыццяўляў Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, яго супрацоўнікі, вучоныя, прафесарска-выкладчыцкі састаў, метадычныя службы і эксперыментальныя пляцоўкі — установы прафадукацыі, якія ўвайшлі ў структуру РІПА. У 2011 годзе інстытут атрымаў статус Базавай арганізацыі дзяржаў — удзельніц СНД па прафесійнай падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з функцыямі апрабацыі і распаўсюджвання вучэбна-метадычных і навукова-даследчыцкіх распрацовак. У 2014 годзе па ініцыятыве Аркадзя Шкляра і пры падтрымцы Урада Рэспубліка Беларусь афіцыйна ўступіла ў асацыяцыю WorldSkіlls Іnternatіonal і стала 68 краінай — удзельніцай гэтага міжнароднага руху. У 2016 годзе пры падтрымцы ўрада і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь пачалася рэалізацыя праекта, які не меў аналагаў у краінах СНД і Еўропы, па стварэнні на базе філіяла РІПА «ЭкаТэхнаПарк — Волма» дэманстрацыйнай пляцоўкі ў галіне энергетыкі, энергазберажэння і экалогіі з выкарыстаннем вучэбнага і вытворчага абсталявання, якое дазваляе розным катэгорыям насельніцтва вывучаць сучасныя тэхналогіі.

Аркадзь Шкляр на сустрэчы з калегамі ў каледжы сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе

У Рэспубліцы Беларусь была распрацавана і зацверджана стратэгія развіцця падрыхтоўкі кадраў для сацыяльна-эканамічнага комплексу. Цяперашняе пакаленне кіраўнікоў, вучоных, метадычных службаў РІПА паспяхова рэалізоўвае стратэгію падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для інавацыйнай і лічбавай эканомікі, забяспечвае апрабацыю і ўкараненне найлепшых сусветных практык па прымнажэнні чалавечага капіталу для ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь«, — падкрэслівае Аркадзь Шкляр.

Гэтымі днямі Аркадзь Хонанавіч адзначыць 75-гадовы юбілей, віншаванні яму ідуць ад калег, разам з якімі ён ствараў сучасную сістэму прафесійнай адукацыі.

Васіль Стражаў, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь з 1994 да 2001 года:

«У 1989 годзе было прынята рашэнне Савета Міністраў БССР аб рэформе сістэмы адукацыі, якая закранала і вышэйшую, і сярэднюю школы, і прафтэхадукацыю. У рамках рэформы пашыраліся магчымасці вучылішчаў: чалавек, які прыходзіў са школы ў ПТВ, мог побач з тэхнічнай адукацыяй атрымаць і агульную сярэднюю і сярэднюю спецыяльную адукацыі. Гэта быў вельмі правільны і своечасовы крок, які адпавядаў патрабаванням развіцця грамадства. Першапраходцам у СССР і першым у БССР быў Аркадзь Шкляр. Пры яго непасрэдным удзеле і пад яго кіраўніцтвам ПТВ было рэарганізавана ў вышэйшае прафесійнае вучылішча, якое пашырала адукацыйныя магчымасці ўстановы: пасля яе заканчэння моладзь магла паступаць на трэці курс політэхнічнага інстытута. Гэты вопыт быў запатрабаваны для далейшага развіцця многіх ПТВ краіны».

Пётр Пархомчык, старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта:

«З Аркадзем Хонанавічам мы пазнаёміліся ў канцы 1990-х. У той час вялікая колькасць спецыялістаў, неабходных МТЗ, рыхтавалі ў Мінскім вышэйшым прафесійным вучылішчы, што ўвайшло ў склад РІПА, які ўзначальваў Аркадзь Шкляр. Ім была створана ўнікальная школа падрыхтоўкі кадраў для машынабудаўнічай вытворчасці: гэта былі і новыя віды станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем, і новыя адукацыйныя тэхналогіі, і новыя кваліфікацыі, і інтэграцыя вучэбных праграм ад працоўнага да спецыяліста сярэдняга звяна і інжынера».

Ірына Касцевіч, міністр працы з 2017 да 2024 года, старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях і член Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

«З Аркадзем Хонанавічам мы знаёмыя больш за 10 гадоў. Аб’яднала нас вельмі цікавая і актуальная тэма — удасканаленне нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Як забяспечыць на рынку працы баланс попыту і прапановы, падрыхтоўку кадраў пад заказ наймальнікаў, укараненне прафесійных стандартаў, незалежнай ацэнкі і сертыфікацыі кваліфікацый? Пытанні, бясспрэчна, маштабныя і вельмі складаныя. Галоўнае на старце — трэба было стварыць каманду зараджаных на вырашэнне гэтай задачы людзей. „Жывыя“ прэзентацыі, упэўненасць і аргументаванасць па кожным пытанні, іскрынка ў яго вачах дазвалялі мне, здавалася, вырашаць немагчымае. Па факце ёсць каманда прафесіяналаў, не адзін дзясятак прафесійных стандартаў і сектаральных саветаў, падрыхтаваны праект закона».

Сяргей Маскевіч, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь з 2010 да 2014 года:

«Калі я наведваў установы ПТВ, бачыў высокі аўтарытэт Аркадзя Хонанавіча ў сістэме адукацыі краіны. Ён асабіста і РІПА, якім ён кіраваў, цалкам арганізавалі і метадычна забяспечвалі сістэму прафесійнай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Назаву толькі некалькі рэалізаваных праектаў, ініцыіраваных і на сваім узроўні арганізаваных Аркадзем Хонанавічам. Адзін — гэта далучэнне Рэспублікі Беларусь да міжнароднага руху WorldSkіlls, што вывела імідж сістэмы прафесійнай адукацыі на новы ўзровень. Другі — праектаванне і стварэнне галіновых адукацыйных рэсурсных цэнтраў, у прыватнасці адкрыццё міжгаліновага рэсурснага цэнтра ў галіне экалогіі, энергетыкі і энергаэфектыўнасці „ЭкаТэхнаПарк — Волма“ для забеспячэння эканомікі краіны высокакваліфікаванымі кадрамі (ад працоўнага да інжынера). Для мяне было важна, што ён з’яўляўся перакананым прыхільнікам падрыхтоўкі спецыялістаў па патрэбных для краіны галінах эканомікі з выкарыстаннем сусветнага вопыту арганізацыі навучальнага працэсу і яго сучаснага тэхнічнага абсталявання. Аркадзь Хонанавіч меў вялікі навукова-арганізацыйны аўтарытэт і сувязі за межамі Беларусі. Ён развіваў плённае супрацоўніцтва з калегамі з Расіі і Сярэдняй Азіі, якое ў той час рэалізоўвалася ў навукова-метадычнай галіне і было палітычна і эканамічна перспектыўным для сістэмы адукацыі нашай рэспублікі».

Міхаіл Жураўкоў, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь з 2014 да 2016 года:

«Прафесар Шкляр уяўляе сабой увасабленне сучаснага „start-up“-праекта ў галіне прафесійнай адукацыі. Кваліфікацыя, інтуіцыя, імкненне да пошуку новага дазваляе яму прасоўваць і рэалізоўваць праекты сусветнага ўзроўню. Чалавек неардынарны, неўтаймоўны. Накіраваны на поспех, на дасягненне пастаўленых мэт».

Генадзь Аляксеенка, першы намеснік міністра спорту і турызму з 1999 да 2003 года, былы памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму:

«Сярод вялікай колькасці людзей, з якімі сутыкаешся па службовых абавязках, ёсць некаторыя, хто пакідае ў тваім жыцці след, і толькі адзінкі з іх становяцца сябрамі. Такім сябрам стаў Аркадзь Хонанавіч. Незалежна ад сферы дзейнасці ён пастаянна знаходзіцца ў пошуку, заўсёды мае вялікую колькасць ідэй, і, галоўнае, ён вельмі мэтанакіраваны чалавек, для якога няма перашкод. З пазіцый сваёй праўды, логікі, аргументаў. Ён можа даказаць неабходнасць рэалізацыі той ці іншай ідэі, яе карысць для краіны. Калі я працаваў віцэ-прэзідэнтам алімпійскага камітэта, яго ўнёсак у развіццё спорту быў высока ацэнены, хаця гэта не было яго асноўнай работай. Ён быў узнагароджаны медалём „За выдатныя заслугі“ Нацыянальнага алімпійскага камітэта».

Вадзім Богуш, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі:

«Прафесар Шкляр — сапраўдны прафесіянал і вялікі чалавек: і па маштабах праектаў, і па ўменні рассоваць межы, і па жаданні зазірнуць за гарызонт і наблізіць будучыню, рэалізаваць яе на практыцы. Валодаючы ўнікальнымі здольнасцямі вядзення перагавораў і фарміравання каманднай работы, Аркадзь Хонанавіч шмат увагі ўдзяляе самым перадавым падыходам і тэхналагічнаму складніку, які раскрывае яго таленты педагога, інжынера, архітэктара адукацыйнага працэсу».

Алена САКАЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».