Старшыня Палаты прадстаўнікоў, дэпутат ад Пастаўскай выбарчай акругі № 29 Ігар Сергяенка з рабочым візітам наведаў Шаркаўшчынскі раён. На парадку дня былі асабісты прыём грамадзян у райвыканкаме і сустрэча з працоўнымі калектывамі дарожных арганізацый раёна.
Звярнуцца да Старшыні Палаты прадстаўнікоў з асабістымі праблемамі грамадзяне змаглі ў Шаркаўшчынскім райвыканкаме. Пенсіянерка паскардзілася на веласіпедыстаў, які рухаюцца ў гарпасёлку па адным тратуары з пешаходамі. Старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака растлумачыў, што ў бягучым годзе пачаліся работы па добраўпарадкаванні тратуараў для двухкалёснага віду транспарту, а ў 2025 годзе ў гарапасёлку плануюць рэалізаваць праект па паляпшэнні вулічна-дарожнай сеткі і стварэнні камфортных умоў для аматараў веласіпедных прагулак.
Яшчэ адна заяўніца папрасіла дапамогі ў пытанні раздзелу маёмасці у сувязі са скасаваннем шлюбу. Былы муж таксама прысутнічаў на прыёме. Яму растлумачылі парадак раздзелу агульнай маёмасці і падкрэслілі, што ў бліжэйшы час будзе праведзена праверка на прадмет мэтавага выкарыстання сродкаў ільготнага крэдыту на будаўніцтва і рэканструкцыю жылога дома.
Было ўзнята і пытанне налічэння пенсіі. Так, жанчына з Браслаўскага раёна 23 гады адпрацавала ў Беларусі, а 12 — у Латвіі, зараз заяўніца не згодна з памерам налічанай пенсіі і просіць яе перагледзець. Прадстаўнік упраўлення па сацыяльнай абароне Браслаўскага райвыканкама адзначыў, што пенсія налічана правільна ў адпаведнасці з дзеючым беларускім заканадаўствам.
Мужчына з Дрыбінскага раёна Магілёўшчыны папрасіў дапамогі ў набыцці невыкарыстоўваемай маёмасці ў Глыбоцкім раёне з мэтай вядзення бізнесу. Пенсіянер з Верхнядзвінскага раёна звярнуўся да Ігара Пятровіча ад імя дачкі, што пражывае ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Жанчына доўгі час змагаецца з будаўнічай арганізацыяй, якая неналежным чынам выканала паслугі па будаўніцтве жылога дома.
Уласнік сялянска-фермерскай гаспадаркі з Докшыцкага раёна папрасіў садзейнічання ў вырашэнні пытання разліку за транспартныя паслугі, якія ён аказаў аднаму з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў суседняга раёна. У райвыканкаме запэўнілі, што ўжо складзены графік выплат, па якім сельгаспрадпрыемства павінна выплаціць доўг за тры месяцы.
Не абышлося і без нараканняў на стан дарожнай сеткі. Заяўніца з Шаркаўшчыны расказала, што паміж вёскамі Сауткі Шаркаўшчынскага раёна і Мосар Глыбоцкага раёна вясковая дарога амаль непраязная, асабліва — з наступленнем дажджоў. Прадстаўнік Глыбоцкага райвыканкама згадзіўся з праблемай і падкрэсліў, што на ўчастку гэтай дарогі, якая разбіваецца вялікагрузнай тэхнікай, будзе часцей праводзіцца прафіліраванне і грэйдзіраванне.
Жыхарку Шаркаўшчыны цікавіла пытанне захавання працоўных адносін з наймальнікам. Яшчэ адна жанчына папрасіла дапамогі ў афармленні па дагляду за дачкой з інваліднасцю, галоўны ўрач мясцовай цэнтральнай раённай бальніцы дэтальна растлумачыла алгарытм афармлення…
***
Падводзячы вынікі асабістага прыёму грамадзян, Ігар Сергяенка адзначыў, што звярталіся людзі не толькі з Шаркаўшчынскага раёна, але і з бліжэйшых рэгіёнаў, іншых абласцей. «Кожны чалавек прыходзіць са сваёй праблемай. Трэба ўважліва выслухаць і зразумець сутнасць пытання. Калі праблема вырашальная — трэба давесці яе да лагічнага канца. Калі пытанне нельга вырашыць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, трэба патлумачыць прычыну. Але тут не павінна быць ніякай кампанейшчыны — усе пытанні павінны разглядацца па меры іх паступлення і ва ўзаемадзеянні з мясцовай уладай. З людзьмі трэба размаўляць — тады яны будуць давяраць уладзе», — падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў і дадаў, што ўсе звароты ўзятыя на кантроль.
У гэты ж дзень Ігар Сергяенка сустрэўся з працоўнымі калектывамі дарожных арганізацый Шаркаўшчынскага раёна. Падчас адкрытага дыялогу былі ўзняты пытанні развіцця сельскай мясцовасці, стварэння камфортных умоў для замацавання спецыялістаў, нацыянальнай бяспекі і будучых выбараў Прэзідэнта Беларусі. Таксама Старшыня Палаты прадстаўнікоў разам з кіраўніцтвам раёна наведаў будаўнічую пляцоўку шматпрофільнага харчовага перапрацоўчага прадпрыемства, дзе ў хуткім часе будуць выпускаць сокі і нектары ў рамках інвестпраграмы «Адзін раён — адзін праект».
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота газеты «Кліч Радзімы»
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».