Вы тут

«Дзядзечкаў сон» у Купалаўскім тэатры


Трагікамедыя «Дзядзечкаў сон» паводле аповесці Ф. М. Дастаеўскага стала першай прэм’ерай 105-га сезона Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Мы схадзілі на прэм’еру і гатовы расказаць вам, чым цікавы гэты спектакль.


Іранічны Дастаеўскі

Рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў Дзмітрый Акімаў, чый спектакль «А зоры тут ціхія» быў вельмі добра ўспрыняты беларускім гледачом.

— Усім здаецца, што Дастаеўскі — сур’ёзны аўтар, але, на мой погляд, ён вельмі іранічны, і ў гэтым сэнсе невыпадкова абраны такі матэрыял. Спектакль лёгкі, вясёлы, упрыгожыць восеньскае пахмурнае надвор’е, — падзяліўся Дзмітрый Аляксандравіч.

Творчасць Дастаеўскага цікавіла рэжысёра заўжды. Так, яго самай першай пастаноўкай яшчэ ў студэнцкія гады стаў спектакль «Брат Іван» паводле твора «Браты Карамазавы».

— Я на Дастаеўскага заўсёды глядзеў з пазіцыі яго пяцікніжжа. Да яго іншай прозы я толькі пачынаў падбірацца. І тут паступіла прапанова ад мастацкага кіраўніка тэатра Вольгі Няфёдавай. І я зразумеў, што гэта добрая магчымасць зноў вярнуцца да майго любімага аўтара, каб з ім пабываць у дыялогу адносна гумарыстычнага асяроддзя, — падзяліўся рэжысёр.

Так, прэм’ерны спектакль выкананы ў жанры трагікамедыі.

— Гэта востры гратэскавы жанр, які накіраваны на папулярызацыю класікі, на тое, каб малады глядач убачыў, што класіка — гэта неверагодна цікава за кошт формы і зместу, — распавёў Дзмітрый Акімаў.

Сапраўды, форма спектакля ўражвала сваёй дынамікай і экспрэсіяй. Чаго варты толькі той факт, што героі выбягалі на сцэну проста з глядзельнай залы, што ў літаральным сэнсе рабіла гледачоў удзельнікамі пастаноўкі.

Трэба адзначыць і тое, што рэжысёр не імкнуўся рэтрансліраваць эпоху, яму ўвогуле такі падыход няблізкі.

— Я заўсёды спрабую знайсці спалучэнне з сучаснасцю. Не пераношу гэту гісторыю ў сённяшні дзень, а раблю стылізацыю эпохі і «пазачассе», якое дапамагае гледачу больш востра актуалізаваць матэрыял і яго тэму, — растлумачыў ён.

Так, дамы ў доўгіх сукенках у гэтай пастаноўцы вельмі палка танчаць пад сучасныя трэкі. Харэаграфія ў спектаклі займае асаблівае месца і па вызначэнні становіцца яго ўпрыгожаннем. Таксама як і цікавыя акцэнтныя дэкарацыі. Харэографам выступіў Кірыл Балтрукоў, а мастаком-пастаноўшчыкам — Аляксандр Камянец.

На адной хвалі з акцёрамі

Дзмітрый Акімаў прызнаўся, што беларуская мова даецца яму ўжо даволі лёгка і што з трупай Купалаўскага тэатра працаваць — адно задавальненне. Прыемна, што акцёры яму таксама адказваюць узаемнасцю.

— Я ўдзячны тэатру за магчымасць працаваць з такімі моцнымі і таленавітымі рэжысёрамі, як Дзмітрый Акімаў. Гэта другі раз, і, здаецца, мы ўжо добра ведаем адно аднаго, але калі возьмем «А зоры тут ціхія» — гэта спектакль зусім іншай напоўненасці. Там іншы Дзмітрый і зусім іншыя мы, — падзяліўся акцёр Барыс Цяцёркін. — Роля Паўла Мазглякова ў спектаклі «Дзядзечкаў сон» — яшчэ адзін крок да тэатральных вяршынь, якіх хочацца некалі ў жыцці дасягнуць, і гэта новая праява мяне як чалавека і артыста.

Усё дзеянне спектакля адбываецца ў горадзе Мардасаве. Па словах Барыса Цяцёркіна, яго жыхароў складана падтрымліваць, але ўсё ж іх трэба і можна палюбіць.

— Важна зразумець, што за кожным з іх стаяць не проста нізкія жаданні, а няшчасны лёс, які зрабіў іх такімі. У канцы мы падумаем, дадзім мы ім шанц загладзіць віну або такога шанцу не выдасца, — заключыў ён.

У сваю чаргу актрыса Ганна Мешчаракова, якая выконвае галоўную жаночую ролю Зіны Маскалёвай, таксама адзначыла, што ва ўсёй трупы адбыўся «канэкт» з рэжысёрам.

— Вельмі мала ў наш час рэжысёраў-педагогаў. Дзмітрый жа вельмі дакладна падказвае моманты, над якімі трэба папрацаваць і якія дапамагаюць вельмі моцна ў стварэнні вобраза, — падзялілася яна.

Па словах Ганны Мешчараковай, роля Зіны далася ёй няпроста.

— Калі я чытала «Дзядзечкаў сон», у мяне склаўся пэўны вобраз галоўнай гераіні, а вось рэжысёр яе бачыў па-свойму. Так, я да гэтага часу спрабую зразумець, што канкрэтна ён заклаў у яе. А ўвогуле, гэта вельмі цікава. Зіна моцна адрозніваецца ад усіх жыхароў Мардасава. Я палюбіла яе, як люблю абсалютна кожнага свайго персанажа, і дагэтуль працягваю над ёй працаваць, — заключыла актрыса.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».