Вы тут

Ветэран Дзяржаўтаінспекцыі Аляксандр Кузьменка: Хацелася б, каб было мірнае неба


Завяршыўшы сваю службу ў органах унутраных спраў, учарашнія міліцыянеры і на заслужаным адпачынку не сядзяць без справы. Іх бясцэнны вопыт запатрабаваны ў штодзённай дзейнасці сённяшніх вартавых правапарадку. А дзеці, з якімі рэгулярна кантактуюць ветэраны органаў унутраных спраў, гледзячы на іх, робяць свой выбар на карысць міліцэйскай прафесіі.

Для палкоўніка міліцыі ў адстаўцы Аляксандра Кузьменкі сядзець дома — увогуле найгоршы расклад. У свае 80 гадоў ён нават уявіць не можа, што не будзе мець зносін з саслужыўцамі, дапамагаць ім спраўляцца з цяжкасцямі, дзяліцца ўласным вопытам з падрастаючым пакаленнем. Прызнаецца: сакрэт яго даўгалецця ў тым, што ён вельмі любіць людзей.


Працоўныя будні

Эвакуацыя на Вялікдзень

І гэта ўзаемна. За гадзіну-паўтары, якія мы размаўлялі, напэўна, разоў пяць даводзілася спыняць дыктафон — Аляксандру Міхайлавічу тэлефанавалі члены ветэранскіх арганізацый, дзейныя афіцэры. Палкоўнік міліцыі Кузьменка — старшыня Савета ветэранаў галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі МУС Беларусі. Акрамя таго, ён узначальвае грамадскае аб’яднанне «Шчыт Чарнобыля», якое аб’ядноўвае беларускіх ліквідатараў наступстваў найстрашнейшай катастрофы сучаснасці. 

У абедзвюх арганізацыях — звыш пяці тысяч чалавек. 

У людзей — нямала праблем, пытанняў. Даводзіцца ўнікаць у кожнае, падстаўляць плячо дапамогі тым, каму гэта патрэбна.

«Мы, ветэраны міліцыі, нацэлены на адно: перадаваць свой вопыт моладзі, служыць беларускаму народу, — кажа ён. — У людзей — розныя праблемы, якія даводзіцца вырашаць. За ветэранамі замацаваны Спецыялізаваны ліцэй МУС, з выхаванцамі праводзім асветніцкую і патрыятычную работу. Дзеці цікаўныя, часам такія пытанні задаюць, што не ведаеш, як і адказаць. Напрыклад, пытаюцца, чаму я паехаў у Чарнобыль, калі там адбыўся выбух...»

Няўжо ў той страшны час супрацоўнікі органаў унутраных спраў, як і многія, маглі думаць пра сябе?! Галоўным было — дапамагчы тым, хто трапіў у бяду. У 1986 годзе, калі адбылася чарнобыльская катастрофа, Аляксандр Кузьменка ўзначальваў Дзяржаўтаінспекцыю Гомельскай вобласці. Трэба было эвакуіраваць людзей, забяспечыць захаванасць маёмасці, вырашаць іншыя, не менш адказныя, задачы.

«Менавіта на нас, як і на ўсю міліцыю Гомельшчыны, выпала вялікая доля адказных рашэнняў, якія трэба было прымаць, — узгадвае ён. — Тым больш усё трэба было зрабіць у кароткі час, у сціснутыя тэрміны. Стаяла задача — правесці эвакуацыю за суткі. Як сёння памятаю, гэта было 4 мая, акурат праваслаўныя святкавалі Вялікдзень. Людзі сядзелі за накрытымі сталамі, вакол усё квітнела, пахла. І раптам трэба было ўсё пакідаць і з’язджаць. Але нашы людзі, беларусы, усё разумелі. За суткі мы эвакуіравалі цэлыя раёны: амаль увесь Брагінскі, Нараўлянскі, Хойніцкі і іншыя. Самыя лепшыя землі трапілі ў зону эвакуацыі».

Дзяцінства, апаленае вайной

У зону адчужэння трапіла і малая радзіма Аляксандра Кузьменкі. Яго родная вёска Гарошкаў Хойніцкага раёна пацярпела двойчы. Першы раз, у 1943 годзе, вёску дашчэнту спалілі немцы. Пасля вайны жыхары, якім пашчасціла не згарэць разам са сваімі хатамі, Гарошкаў адрадзілі. А вось з нябачным ворагам — радыяцыяй — людзі справіцца не змаглі, а таму вымушаны былі пакідаць нажытае дабро і шукаць прытулку на чужыне.

З 80-гадовым юбілеем ветэрана міліцыі віншаваў міністр унутраных спраў

Што значыць жыць не на сваёй зямлі, Аляксандр Кузьменка добра ведае. Ён нарадзіўся ў Германіі. Яго маці і дзвюх сястрычак, а таксама аднавяскоўцаў немцы адправілі на прымусовыя работы ў Германію пасля таго, як у чэрвені 1943 года спалілі вёску. Умовы, у якіх даводзілася рабіць свае першыя крокі ў жыцці, былі няпростыя — ледзь выжылі. Ды і калі вярнуліся пасля вызвалення на Радзіму, было нялёгка. Замест хаты — папялішча. Пакуль пабудавалі новую, жылі ў зямлянцы. Неўзабаве і бацька вярнуўся з фронту. У холадзе, голадзе, але жывыя і разам — што яшчэ трэба для шчасця?!

«Чалавека цягне туды, дзе ён нарадзіўся, — кажа Аляксандр Міхайлавіч. — Як і птушку, якая ляціць на зімоўку ў цёплыя краіны, а потым вяртаецца на тое месца, дзе ёсць яе гняздо».

Прафесійны выбар

З самага дзяцінства Аляксандр Кузьменка марыў служыць у міліцыі. На яго прафесійны выбар паўплываў наступны выпадак. Аднойчы разам з сябрамі на борце грузавога аўтамабіля ён ехаў у горад.

«Як бачым, наперадзе едзе матацыкл, — успамінае Аляксандр Міхайлавіч. — Ім кіруе статны мужчына ў скураной чорнай форме. На матацыкле напісана — „Дзяржаўтаінспекцыя“. Кіроўца нашага грузавіка таксама ўбачыў матацыкліста, адчыніў акно і крычыць нам: „Садзіцеся!“ Мы ўсе палеглі, як мышы. Матацыкліст ехаў, можа, кіламетраў 40 у гадзіну, а мы за ім — не абганяем. Я ляжу і думаю, што гэта за чалавек такі, якога так усе паважаюць і баяцца. Потым даведаўся, што гэта быў супрацоўнік Дзяржаўнай аўтаінспекцыі».

Менавіта гэтая сустрэча з інспектарам ДАІ і прадвызначыла яго далейшы лёс. Аляксандр пачаў цікавіцца, куды трэба паступіць, каб атрымаць такую ж прафесію. Як і цяпер, гэта было няпроста. У Дзяржаўтаінспекцыю бралі людзей з вопытам. Прымалі і тых, хто прайшоў тэрміновую воінскую службу ў арміі.

Служыў Аляксандр Кузьменка на Украіне — у аўтамабільным падраздзяленні, якое абслугоўвала чыгуначныя войскі. Пасля службы ў арміі хлопец паступіў у Харкаўскае ваеннае вучылішча МУС СССР, у якім адвучыўся два гады. Пасля заканчэння вучылішча маладога чалавека запрашалі служыць у Крым, і ён даў згоду. Але, прыехаўшы ў адпачынак на Радзіму, вырашыў, што лепшай мясціны за яго родную Гомельшчыну няма.

«Былі свабодныя месцы ў Мазыры, Лоеве, у Рэчыцы, — удакладняе Аляксандр Міхайлавіч. — Адзін кадравік так маляўніча расказаў мне пра Мазыр (дагэтуль я там не быў), называў горад жамчужынай Палесся, беларускай Швейцарыяй. І я вырашыў там застацца. Відаць, гэта быў мой лёс».

Усесаюзная будоўля і чарнобыльская бяда

У Мазыры, дзе пачалася яго служба, жыццё пайшло па-іншаму. Спачатку Аляксандр Кузьменка быў інспектарам Дзяржаўтаінспекцыі ў райаддзеле, праз два гады яму прапанавалі ўзначаліць гэтае падраздзяленне. Пагадзіўся. У выніку ў Мазыры праслужыў 12 гадоў.

Час быў цікавы. Акурат пачалося ўзвядзенне Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, аб’яўленага ўсесаюзнай камсамольскай будоўляй. Нярэдкімі былі прыезды прадстаўнічых дэлегацый. Тагачасны першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Пётр Машэраў, паводле ўспамінаў Аляксандра Кузьменкі, прылятаў у Мазыр па два-тры разы на месяц. Будоўля прыцягвала шмат людзей, а таму задачы, якія даводзілася выконваць міліцыі, былі надзвычай адказнымі. Як кіраўніку, адказнаму за бяспеку дарожнага руху, у той найважнейшы перыяд яму нельга было дапусціць ні аднаго сур’ёзнага дарожнага здарэння. Так і атрымалася.

«Калі пачалася гэтая гіганцкая будоўля, я зразумеў, што такое Савецкі Саюз, — заўважае Аляксандр Кузьменка. — Другі раз я ўсвядоміў моц нашай тагачаснай краіны, калі здарыўся Чарнобыль. У адзіночку з гэтай бядой было б вельмі цяжка справіцца. У ліквідацыі наступстваў аварыі брала ўдзел вялікая колькасць людзей. Калі б не шахцёры, якія правялі каласальную работу па ахаладжэнні рэактара, маштабы трагедыі маглі быць значна большымі. Таму Еўропа, якая дагэтуль у наш адрас уводзіць пэўныя абмежаванні, павінна памятаць, што мы яе фактычна выратавалі».

Аляксандр Кузьменка нагадвае: самыя лепшыя землі нашай краіны вельмі пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. «І калі б не Аляксандр Рыгоравіч, калі б лёс не даў нам такога Прэзідэнта, думаю, Беларусі было б вельмі дрэнна, — лічыць ён, кажучы пра пільны клопат кіраўніка дзяржавы аб адраджэнні забруджаных тэрыторый і сацыяльнай падтрымцы пацярпелага насельніцтва. — Гэты чалавек неабыякавы да чужой бяды, яго смеласць, яго рашэнні заслугоўваюць павагі. Мне даводзілася бачыць многіх кіраўнікоў рознага ўзроўню, якія прыязджалі ў чарнобыльскую зону. Усе члены палітбюро Савецкага Саюза прыбывалі апранутыя, як касманаўты: у масках, скафандрах. Калі стаў Прэзідэнтам, Аляксандр Рыгоравіч прыязджаў у чарнобыльскую зону, як і ўсе мы, без ніякіх сродкаў аховы. І не проста заязджаў мімалётам, а сустракаўся з людзьмі, цікавіўся іх праблемамі. І тое, што абяцаў ім, заўсёды выконваў. Гамяльчане дагэтуль удзячныя кіраўніку дзяржавы за яго падтрымку».

Аляксандр Кузьменка не разумее некаторых суайчыннікаў, якія чымсьці незадаволены. «Якія могуць быць перамены? — задае слушнае пытанне ён. — Калі двары забіты машынамі (ды яшчэ якімі!), што развярнуцца нельга. Калі крамы напоўнены таварамі, шматлікімі прадуктамі. Калі ўсё, што хочаш, можна купіць без ніякага блату, што яшчэ трэба?! Пашанцавала Беларусі. Таму трэба цаніць тое, што ў нас такі лідар. Сапраўды, прэзідэнтамі не становяцца — імі нараджаюцца».

Нечаканая прапанова і каштоўная парада маладым

Не толькі Чарнобыль выпаў на той час, калі Аляксандр Кузьменка ўзначальваў Дзяржаўтаінспекцыю Гомельскай вобласці (дарэчы, на апошняй пасадзе — 20 гадоў!). Служба супала з найцікавейшым перыядам у развіцці краіны: будаўніцтва Беларускага металургічнага завода, іншых магутных прадпрыемстваў і комплексаў, на вачах пераўтвараліся гарады, з кожным годам жыццё станавілася лепш. Высокую ацэнку дзейнасці афіцэра дало кіраўніцтва Савецкага Саюза: у 1986 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Аляксандр Міхайлавіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Аднак расслабляцца не даводзілася. Што такое ліхія 90-я, міліцыянеры ведаюць не па чутках. З разгулам злачыннасці змагаліся комплексна і эфектыўна. Напрыклад, як успамінае палкоўнік міліцыі ў адстаўцы, на буйных магістралях і не толькі ствараліся ўчасткі дарожнай міліцыі, дзе ў кругласутачным рэжыме неслі дзяжурства і супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, і іншых падраздзяленняў органаў унутраных спраў. У выніку і выкраданняў аўтамабіляў, і іншых правапарушэнняў станавілася менш. Вопыт беларускіх праваахоўнікаў, як расказвае суразмоўца, пераймалі калегі з іншых рэспублік.

Аднойчы начальніка гомельскай Дзяржаўтаінспекцыі выклікаў на размову тагачасны міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў. Кіраўнік ведамства пацікавіўся, ці не здаецца Аляксандру Кузьменку, што ён доўга працуе на адным месцы, а таму прапанаваў яму перавесціся ў Мінск. Рашэнне трэба было прыняць за суткі.

Аляксандр Міхайлавіч прызнаецца, што ніколі не рваўся ў сталіцу, хоць і дагэтуль падобныя прапановы былі. Якую пасаду для яго падрыхтавалі, ён пакуль не ведаў, аднак быў перакананы — адмаўляць кіраўніцтву нельга. У выніку ў пачатку 2000-х Аляксандр Кузьменка прыбыў у Мінск, дзе служыў першым намеснікам начальніка Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі МУС. На гэтай пасадзе і завяршыў сваю службу ў органах унутраных спраў.

Eн быў адным са стваральнікаў Рэспубліканскай камісіі па бяспецы дарожнага руху. Камісія, якая функцыянуе і цяпер, займаецца вельмі шырокім спектрам пытанняў. Многія з іх вырашаюцца на ўзроўні Савета Міністраў, ведамстваў. Камісіяй прымаюцца адпаведныя заканадаўчыя і нарматыўныя дакументы.

Дарэчы, кіраўнік ветэранскай арганізацыі Дзяржаўтаінспекцыі сам з’яўляецца актыўным удзельнікам дарожнага руху. Eн — кіроўца з больш як 60-гадовым стажам. Дагэтуль выдатна адчувае сябе за рулём.

Кажучы аб сваіх маладых калегах, якія забяспечваюць парадак на дарогах, лічыць, што ім вельмі пашанцавала. «Узяць хоць бы абсталяванне для супрацоўнікаў ДАІ, клопат аб іх, — канкрэтызуе ён. — У іх усё ёсць. Галоўнае, каб было жаданне служыць народу. У нашай прафесіі заўсёды трэба быць аб’ектыўнымі, уваходзіць у палажэнне чалавека. Калі інспектар будзе любіць людзей і несці службу дзеля іх, то ўсё будзе добра».

Такая парада ветэрана беларускай міліцыі яго маладым калегам. За сваю доўгую службу ён бачыў многае, а таму варта прыслухацца. Што і робіць адзін з яго ўнукаў, які вырашыў пайсці па дзедавым шляху, а таму паступіў у Спецыялізаваны ліцэй МУС. Аляксандр Кузьменка верыць, што дынастыі — быць. «Хацелася б, каб было мірнае неба, каб было здароўе, — дадае ён. — А калі і мірнае неба, і здароўе, то ўсё будзе».

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва Аляксандра КУЗЬМЕНКІ

Загаловак у газеце: На службе дзяржаве і людзям

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».