Вы тут

У Брэсце адзначылі 85-ю гадавіну са дня ўтварэння УУС Брэсцкага аблвыканкама


Святкаванні пачаліся з адкрыцця новай інтэрактыўнай экспазіцыі ў гісторыка-дэманстрацыйнай зале абласнога ўпраўлення УУС. Экспазіцыю прысвяцілі абаронцам чыгуначнага вакзала ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. 


Фота: БелТА

Супрацоўнікі лінейнага аддзела міліцыі чыгуначнага вакзала былі аднымі з першых, хто сустрэўся з ворагам у чэрвені 1941 года. Гераічна абараняліся брэсцкія міліцыянеры. Іх абстрэльвалі, пускалі газ, затоплівалі падвалы, дзе яны хаваліся, але мужныя абаронцы не здаваліся, трымаліся цэлы тыдзень. Большасць з іх пад напорам варожай навалы загінула. Стваральнікі экспазіцыі аднавілі тры сцэны падзей тых дзён: бой перад будынкам вакзала, абарону падвальных памяшканняў, прарыў з акружэння тых, хто застаўся ў жывых. Усё гэта можна ўбачыць з дапамогай акуляраў віртуальнай рэальнасці.

Начальнік Брэсцкага абласнога УУС Алег Шулякоўскі сказаў, што міліцыянеры Брэстчыны шануюць традыцыі папярэднікаў, адной з якіх з’яўляецца захаванне памяці. Менавіта ў 80-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў такая экспазіцыя аказалася надзвычай запатрабаванай. Музей УУС наведваюць не толькі жыхары Беларусі, але і замежныя госці.

Пасля цырымоніі адкрыцця экспазіцыі ўсе накіраваліся да Памятнага знака супрацоўнікам, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў, каб ускласці кветкі і ўшаванаваць памяць калег. У Кнігу памяці брэсцкай міліцыі занесена 165 імёнаў тых, хто цаной жыцця выканаў абавязак. Ім устаноўлены помнік. Да помніка таксама прыйшлі маці і жонкі некаторых міліцыянераў-герояў. У знак вялікай павагі ім паднеслі кветкі і падарункі.

Намеснік міністра ўнутраных спраў Дзмітрый Карзюк у размове з журналістамі адзначыў, што мерапрыемства ў гонар 85-годдзя Брэсцкага абласнога УУС стала добрай нагодай зверыць пазіцыі па службе, успомніць папярэднікаў, сустрэцца з ветэранамі. Генерал-маёр міліцыі таксама адзначыў што вартавыя парадку Брэстчыны да свайго свята падышлі з добрымі вынікамі аператыўна-службовай дзейнасці. Назіраецца зніжэнне злачыннасці, у тым ліку па лініі крымінальнага вышуку. «На нашых вуліцах спакойна, прыгожа і бяспечна. Гэта і ёсць наша галоўнае дасягненне і мэта ўсёй нашай работы», — сказаў Дзмітрый Карзюк.

На свята прыбылі і былыя кіраўнікі Брэсцкага абласнога УУС. Адзін з іх — генерал-маёр Уладзімір Шафарэнка — кіраваў абласной міліцыяй з 2001 да 2005 года. Тыя гады ён успамінае як надзвычай цікавы час у працоўнай біяграфіі:

— Да гэтага я ўжо праслужыў у органах міліцыі амаль 25 гадоў, дастаткова добра ведаў усю краіну. Супрацоўнікі брэсцкай міліцыі на гэтым фоне выглядалі даволі кваліфікаванымі, належным чынам падрыхтаванымі, гэта былі людзі, з якімі добра было працаваць і вырашаць пастаўленыя задачы, — сказаў Уладзімір Мікалаевіч. — Мы шмат чаго зрабілі разам, правялі мадэрнізацыю дзяжурных часцей як у раёнах, так і ў абласным упраўленні, паставілі на службу міліцыі лічбавізацыю, палепшылі ўмовы знаходжання патрульна-паставой службы, мы нават адпаведным чынам зарэгістравалі і правялі латарэю, сродкі ад якой накіравалі на развіццё тэхнічнага складніка міліцыі. 

У Брэсце было цікава працаваць, жыхары горада і вобласці запомніліся як добразычлівыя, пазітыўныя людзі.

Тым часам каля Палаца культуры прафсаюзаў разгарнуліся інтэрактыўныя пляцоўкі ў рамках акцыі «За бяспеку — разам». Сюды прыйшлі выхаванцы профільных класаў прававой накіраванасці, гараджане, моладзь, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. У Палацы культуры адбыліся таксама ўрачыстае пасяджэнне і святочны канцэрт, прысвечаны героям дня.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».