Вы тут

Працоўныя будні маёра міліцыі Макарэвіча


У 2023 годзе па выніках работы за першае паўгоддзе Савет грамадскага пункта аховы правапарадку № 9, дзе на той час служыў Максім Макарэвіч, быў прызнаны найлепшым. Сёння супрацоўнік органаў унутраных спраў — старшы інспектар апорнага пункта № 11, які кантралюе не менш адказны ўчастак горада — мікрараён вуліц Сіманава — Куцепава і таксама дэманструе высокія паказчыкі ў рабоце сярод старшых участковых Кастрычніцкага РАУС. Служба яму падабаецца, а гэта галоўнае. Пра тое, якія выхаваўчыя метады прымяняе ён у сваёй рабоце і як органы ўнутраных спраў забяспечваюць ахову правапарадку, — у размове з Максімам Макарэвічам.


Прафесія стала прызваннем

Цікавая акалічнасць. Максіму Сяргеевічу ўсяго 29 гадоў, а ён ужо маёр. За гэты адрэзак жыцця паспеў скончыць Магілёўскі інстытут МУС і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце. Малады супрацоўнік зарэкамендаваў сябе на сваім службовым месцы як перспектыўны высакакласны спецыяліст. Ён карыстаецца аўтарытэтам сярод калег і павагай сярод насельніцтва.

З будучай прафесіяй Максім Макарэвіч вызначыўся яшчэ ў школе. Калі вучыўся ў 11 класе, яму на дамашні адрас прыйшоў ліст з 
ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама з прапановай атрымаць вышэйшую міліцэйскую адукацыю.

— Параіўся з бацькамі і вырашыў, а чаму б не, — расказвае суразмоўнік. — Вучыўся нядрэнна. Сярэдні бал быў «сем». Бацькі ў міліцыі не працавалі, а я вось зацікавіўся.

Самае складанае было прайсці медыцынскую камісію — адбор быў сур’ёзны. У 2013 годзе прайшоў камісію, здаў цэнтралізаванае тэсціраванне і пайшоў вучыцца. Паступіў у вышэйшы міліцэйскі каледж, які праз год памяняў статус і стаў інстытутам. Прызнаецца, што першы год было цяжка і фізічна, і маральна. Жыць па ўставе даволі складана, але час ішоў і хлопец уцягнуўся. Прадметы даваліся лёгка, атрымліваў павышаную стыпендыю, у залікоўцы з першага да апошняга курса адзнакі былі ад «сямі» і вышэй. Пасля інстытута завочна скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Другі дыплом і званне магістра кіравання і права атрымаў у 2019 годзе.

На варце правапарадку

Вучобу ў акадэміі сумяшчаў з работай у апорным пункце № 9, куды яго накіравалі ўчастковым інспектарам міліцыі пасля заканчэння Магілёўскага інстытута МУС.

— Бывала, што не паспяваеш вярнуцца з аднаго вызаву, як зноў трэба збірацца на новы, — успамінае суразмоўнік. — Нехта тэлефон страціў, нехта гучна слухае музыку, нехта скандаліць, нехта перабраў гарэлкі — трэба разбірацца. Акрамя таго, займаешся бягучымі справамі — праверкай «падуліковых» асоб, зваротамі грамадзян, іншай работай. Участак быў няпросты: свая спецыфіка, шмат крам. Але спраўляўся, і кіраўніцтва гэта ацаніла.

У 2021 годзе руплівы ўчастковы атрымаў пасаду старшага ўчастковага інспектара, цяпер ён каардынуе дзейнасць участковых апорнага пункта № 11. У падначаленні — шэсць участковых, у тым ліку адна дзяўчына. Гэта першае яе працоўнае месца пасля ВНУ. Калегі ставяцца да гэтага з паразуменнем, бяруць больш складаных «кліентаў» на сябе. «Дзяўчына старанная, — ацэньвае магчымасці маладой супрацоўніцы старшы ўчастковы. — З некаторымі заданнямі спраўляецца не горш, чым мужчыны. У нашай прафесіі вынік залежыць не ад таго, якога ты полу, а як адносішся да справы».

Ахвяры «зялёнага змею»

Мікрараён Сіманава — Куцепава — адзін з самых вялікіх і напружаных у горадзе, і плошча яго немаленькая. Ад апорнага пункта да крайняй кропкі — досыць вялікая адлегласць. Большасць негатыўных выпадкаў звязана менавіта з пітушчымі. Старшы ўчастковы лічыць, што ўжыванне алкаголю — не сумяшчальнае са здаровым ладам жыцця. Гэта ён спрабуе растлумачыць і жыхарам. На жаль, не да ўсіх даходзіць. І тады прымаюцца больш дзейсныя меры.

— Тых, хто ў нецвярозым стане парушае грамадскі парадак і нічога не хоча мяняць у жыцці, накіроўваем на прымусовае лячэнне, — расказвае ён. — Асабліва, калі пасля першага папярэджання чалавек зрабіў яшчэ адно адміністратыўнае правапарушэнне. Часцей за ўсё гэта сямейныя скандалісты, якія не даюць спакойна жыць сваякам. Часта бывае, што маці-пенсіянерка ўтрымлівае гора-сына 35-40 гадоў, які нідзе не працуе, п’е і скандаліць. Такіх людзей, вядома, трэба ізаляваць у ЛПП (лячэбна-працоўны прафілакторый). Калі няма ніякіх медыцынскіх супрацьпаказанняў, накіроўваем матэрыялы ў суд і адпраўляем на лячэнне. Яны там і працуюць, і штрафы свае аплачваюць. Ёсць шанц, што такі чалавек перастане злоўжываць гаручымі напоямі, а родныя адпачнуць ад скандаліста.

Аматары «зялёнага змею» дэградзіруюць вельмі хутка. Як наступствы — асацыяльны лад жыцця, абыякавасць да дзяцей, адмаўленне ад работы. З гэтай катэгорыяй міліцыя працуе вельмі шчыльна.

— У адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта № 18 абавязаныя асобы павінны кампенсаваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне іх непаўналетніх дзяцей, — удакладняе Максім Макарэвіч. — Калі яны злоўжываюць спіртным, прагульваюць работу, рыхтуем дакументы і перадаём у суд. Сярод такіх асоб больш жанчын, іх таксама прыходзіцца накіроўваць у ЛПП. Некаторыя потым бяруцца за розум, кідаюць піць, аднаўляюцца ў правах на выхаванне сваіх дзяцей і жывуць прыстойна. А тыя, хто не хоча чуць ні пра нас, ні пра сваіх родных, паўторна вяртаецца ў ЛПП.

Не горшы за Аніскіна

Героя савецкіх серыялаў — участковага Аніскіна — калісьці ведалі ўсе, але сёння хапае іншых аўтарытэтаў. І Максім Макарэвіч бярэ прыклад з іх. Нягледзячы на досыць малады ўзрост, стаж у міліцыі ў яго больш чым 11 гадоў. Шмат каго выратаваў, шмат каму дапамог. Быў выпадак, звярнулася маладая дзяўчына, якая страціла тэлефон па дарозе дамоў. Патлумачыла, што ішла з трэніроўкі, зайшла ў краму, потым ехала на аўтобусе. Старшы ўчастковы прайшоў увесь шлях дзяўчыны, каб аднавіць дэталі. Пры праглядзе запісаў з відэакамер крамы заўважыў той самы тэлефон на стойцы. Праз некалькі хвілін яго забрала нейкая жанчына. Яе асоба была аператыўна ўстаноўлена, тэлефон канфіскаваны і вернуты гаспадыні.

Успомніў суразмоўнік выпадак са свайго былога месца службы на пункце аховы грамадскага парадку № 9. Паступіла паведамленне з разраду «сямейны скандал». Патэлефанавала дзяўчына, якая паскардзілася, што да яе прыйшоў былы хлопец і пачаў разборкі. Нарад выехаў, але скандаліста на месцы не аказалася — збег. Дзяўчына вельмі перажывала, што вернецца. На вуліцы — глухая ноч, а яе кватэра на першым паверсе. Участковы супакоіў і даў нумар свайго мабільнага тэлефона на выпадак, калі скандаліст вернецца.

— Толькі мы паспелі ад’ехаць, як яна тэлефануе і ў паніцы крычыць, што мужчына б’е шкло ў яе акне, — расказвае Максім Макарэвіч. — Мы ўключылі «мігалкі» і хутка вярнуліся назад. Правапарушальнік быў затрыманы на месцы правапарушэння.

Жыццём рызыкаваць маёру, на шчасце, не прыходзілася, але газавым балончыкам аднойчы скарыстаўся. У час работы ўчастковым пайшоў затрымліваць абавязаную асобу, каб прымусіць пайсці на работу. Жанчына жыла на Лупалава ў прыватным доме. Па тэлефоне не адказвала, але дзверы ў яе дом былі адчынены. Міліцыянер зайшоў, а там — чатыры сабакі. Трэба было абараняцца.

Быў кур’ёзны выпадак, калі грамадзянін хаваўся ад міліцыянера ў шафе. Сужыцелька сказала, што яе прыяцеля няма дома. Участковы тады папрасіў дазволу агледзець кватэру, яна не пярэчыла. Спрактыкаванае вока адразу ж угледзела не шчыльна прыкрытыя дзверцы шафы, за імі, як высветлілася, і хаваўся парушальнік. Жанчына ж толькі здзіўлены твар зрабіла: маўляў, сама не чакала.

— Бываюць людзі адэкватныя, якія, калі вінаватыя, не ўхіляюцца ад пакарання, разумеюць, што гэта бессэнсоўна, — расказвае маёр міліцыі. — А вось некаторыя хаваюцца, бегаюць. Ад таго ж накіравання ў ЛПП. Пакуль рашэнне суда ўступае ў сілу, чалавек паспявае знікнуць. Быў выпадак, што мужчыну асудзілі на лячэнне ў 2020 годзе, а ён знік. Хутка яго дэпартавалі з Расіі, і мы выканалі рашэнне суда. Тэрміну даўнасці накіраванне ў ЛПП не мае.

На думку міліцыянера, лячэбна-працоўны прафілакторый — адзін з дзейсных спосабаў барацьбы з алкагалізмам. Па-першае, сям’я адпачне ад дэбашыра. Па-другое, чалавек, пакуль лечыцца, кампенсуе дзяржаве выдаткі. Па-трэцяе, новых злачынстваў не здзяйсняе, знаходзіцца пад кантролем. Злоўжыванне спіртным нікога да дабра не даводзіла.

— Работа ўчастковых накіравана на прафілактыку, — рэзюмуе Максім Макарэвіч. — Прыходзіцца шмат гутарыць з людзьмі, каб яны ўзяліся за розум. Работа наша напружаная, але я ўжо без яе сябе не ўяўляю. Нават у водпуску цягне на службу. Два-тры дні дома пабыў і іду да сваіх на «апорку». Аднойчы, каб не адцягваць калег ад работы, падчас водпуску суправаджаў жанчыну ў ЛПП у Горкі. Высокія паказчыкі дасягаюцца толькі сумленным выкананнем сваіх абавязкаў, нават не лічачыся з асабістым часам. Мяняць нешта ў жыцці не збіраюся. Калі выбраў для сябе такі шлях, трэба станавіцца прафесіяналам. А бегаць туды-сюды жыцця не хопіць. Неабходна займацца сваёй справай і прыносіць карысць. Я нават у інстытуце сваё 18-годдзе сустрэў у нарадзе паставога. Родныя прыехалі, торцік прывезлі, а я выбег толькі на хвіліну, падзякаваў і — «да пабачэння». Так, я строгі і да сябе, і да навакольных.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Кастрычніцкага РАУС г. Магілёва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».