Вы тут

З якімі пытаннямі прыходзілі да кіраўніка Міншчыны ў Мядзеле


Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын правёў асабісты прыём грамадзян у Мядзеле. Хоць раён лічыцца адным з самых паспяховых, праблемы ёсць і тут. Карэспандэнт «Звязды» прысутнічаў на прыёме і разам з адказнымі асобамі пастараўся разабрацца ў пытаннях, якія хвалююць жыхароў рэгіёна.


Атрымаць цяпло ад разеткі

Жыхароў вёскі Раманаўшчына хвалюе пытанне электразабеспячэння жылых дамоў для ацяплення і гарачага водазабеспячэння. «Дапамажыце, калі ласка, правесці ў нашы дамы электраэнергію, — звярнулася жыхарка вёскі Ала Аляксандраўна. — Мы з 2019 года просім, каб нам далі дазвол на электраацяпленне, але ў выніку атрымаў яго толькі адзін чалавек. Нам, праўда, таксама паабяцалі, што да 2025 года мы зможам перавесці свае дамы на электраацяпленне. Мы чакалі, але бачым, што толку ніякага...» Па словах заяўніцы, у вёску выязджаў прадстаўнік Маладзечанскіх электрасетак: 

«Ён сказаў, што трэба выкупляць зямлю пад трансфарматары, паказаў, дзе слупы ставіць. Пасля гэтага візіту прыехаў наш старшыня райвыканкама Аляксандр Прановіч, зноў былі супрацоўнікі электрасетак. Ён паабяцаў, што ў 2025-м пачнуцца работы па рэканструкцыі электрасетак, і ў 2026 годзе мы зможам перайсці на электраацяпленне. Мы пагадзіліся на такі варыянт, але пісьмовага адказу так і не атрымалі».

Генеральны дырэктар «Мінскэнерга» Павел Гарудка расказаў, што сеткі ў Раманаўшчыне зношаныя, яны 1994 года пабудовы: «На наступны год уключым сеткі ў план перадпраектных работ, будзем займацца праектам. Але яго рэалізацыя зойме тры гады, гэта значыць, не раней 2027-га...»

«Тры гады — гэта максімальны тэрмін», — падкрэсліў Аляксандр Турчын. Ён таксама параіў заяўніку пакуль што звярнуць увагу на такі эфектыўны і танны від паліва, як пелеты.

Плот перашкаджае спадчыне

Жыхарка сталіцы Людміла Казіміраўна прыйшла на прыём да кіраўніка вобласці з праблемай афармлення спадчыны і дзяльбы зямлі. Вось ужо сем гадоў яна не можа аформіць спадчыну ў вёсцы Свір Мядзельскага раёна, якую атрымала ад маці. «Калі пачала афармляць дом, былі праблемы з дакументамі. Іх дасылалі не па тым адрасе, яны губляліся: увогуле, на нейкі час пакінула гэтую справу. Потым зноў пачала афармляць дом — усё скончылася добра. Але зямля па-ранейшаму пад пытаннем. А ўсё праз тое, што я заняла 0,003 гектара забалочанага ўчастка і паставіла плот, — падзялілася Людміла Казіміраўна. — Спадзявалася, што ўсё атрымаецца спакойна ўладзіць, бо ёсць „зямельная амністыя“, якая дазваляе ўзаконіць занятыя землі, калі яны не падыходзяць пад сельгасугоддзі. Аднак мне такой магчымасці не далі: сказалі, трэба яшчэ даказаць, што зямлю я „захапіла“ да верасня 2022 года».

Начальнік галоўнага ўпраўлення землеўпарадкавання Мінскага аблвыканкама Сяргей Шымук патлумачыў, што праблема прыйшла з боку суседзяў: «Сусед Людмілы Казіміраўны заявіў, што з-за ўстаноўленага плота яму стала праблематычна заязджаць на свой участак. Ён напісаў заяву, што жанчына захопам зямлі перакрыла яму праезд. І ёсць сведкі, якія пацвердзілі, што яна частку плота паставіла ў 2022 годзе, а частку — у 2023-м, гэта значыць, пад закон не трапляе. Па рашэнні сельвыканкама Людміла Казіміраўна павінна знесці плот».

Кіраўнік вобласці патлумачыў, што пенсіянерка можа абскардзіць дадзенае рашэнне ў райсавеце пры ўмове, што суседзі будуць не супраць таго, што плот застанецца на ранейшым месцы. Але мясцовай уладзе трэба выехаць на месца, каб убачыць, як яно на самай справе.

Дарогі, транспарт да райцэнтра, могілкі, магазін…

Жыхароў аграгарадка Занарач Мядзельскага раёна хвалюе агульны стан дарог і могілак, закрыццё крамы «Родны кут», адсутнасць пляжа, транспартных зносін з райцэнтрам. «На дарозе па вуліцы Міру жывога месца няма! Асфальт разбіты, яма на яме, выбоіны. Як наогул ездзіць па такой дарозе? Іншыя вуліцы ў Занарачы добраўпарадкоўваюць, рамантуюць, а на нашу вуліцу, дзе жыве 135 чалавек, не звяртаюць увагі», — скардзілася губернатару заяўніца. Не лепшы і стан дарогі, якая вядзе да мясцовых могілак. Ды і стан апошніх пакідае жадаць лепшага: «Там адно балота, людзей няма дзе хаваць! А яшчэ ў нас раней працаваў дзяржмагазін „Родны кут“, але яго зачынілі, будынак выкупілі. Пакуль нічога новага не адкрылі. А ў прыватніка закупляцца дорага! У дзяржкраме нам, пенсіянерам, давалі добрыя скідкі!»

Генеральны дырэктар ЖКГ Мінскай вобласці Юрый Кукашук заявіў, што вуліца Міру ўключана на 2025 год у план па бягучым рамонце вулічна-дарожнай сеткі. Тут заасфальтуюць 610 метраў дарогі. У 2026 годзе гэтыя работы будуць завершаны. Старшыня Мінскага аблвыканкама заклікаў да добраўпарадкавання Занарачы падысці комплексна: «Гэта жывы населены пункт, у 2025 годзе за яго возьмемся грунтоўна».

Пытанні, актуальныя для вобласці

У размове з журналістамі старшыня Мінскага аблвыканкама звярнуў увагу на актуальныя пытанні, якія датычацца не толькі Мядзельскага раёна, але і вобласці ў цэлым: «На самай справе, тэма электразабеспячэння прысутнічае на кожным маім прыёме. Сёння такі спосаб ацяплення і гарачага водазабеспячэння карыстаецца папулярнасцю ў насельніцтва. Тыя сродкі, якія неабходныя для задавальнення запытаў грамадзян, значныя. Яны патрабуюць і часу. Найперш мы звяртаем увагу на тыя населеныя пункты, якія не газіфікаваны. Зусім іншае — калі ў населеным пункце ёсць прыродны газ, як, напрыклад, у Крывічах. Калі дзяржава затрачвае немалыя сродкі на газіфікацыю, мэтазгодна выкарыстанне менавіта гэтага віду прыроднага паліва для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння».

Больш падрабязна старшыня Мінаблвыканкама спыніўся на праблеме комплекснага падыходу да добраўпарадкавання, развіцця аграгарадкоў. «Мы назіраем такія тэндэнцыі, што адны аграгарадкі развіваюцца інтэнсіўна, а іншыя, па аб’ектыўных прычынах, ідуць не ў тым кірунку. Калі мы правялі комплексны аналіз па кожным аграгарадку, умоўна кажучы, наяўнасць школы, дзіцячага садка, гаспадаркі, іншых нейкіх фактараў, зразумелі для сябе пэўнага роду градацыі гэтых населеных пунктаў, — заўважыў Аляксандр Турчын. — Аграгарадок Занарач — адзін з такіх населеных пунктаў. Ён жывы, як я кажу. Туды прыязджае вялікая колькасць дзяцей, ёсць шмат людзей, моладзі. Пра тое, што ён перспектыўны, гаворыць і такі факт: некалькі гадоў таму мы пабудавалі ў населеным пункце новую школу, бо бачылі выразную перспектыву, што сёння колькасць дзяцей у школе на працягу як мінімум пяці гадоў змяншацца не будзе».

Па выніку прыёму грамадзян было прынята рашэнне аб комплексным развіцці Занарачы: «Гэта датычыцца і пляжу, і стану дарог, і гандлёвай інфраструктуры. У наступным годзе, зайшоўшы ў аграгарадок, пастараемся максімальна ўсе гэтыя праблемы вырашыць. І тады тыя людзі, якія там пражываюць, не будуць думаць, каб з’ехаць з Занарачы. Гэта як мінімум. А як максімум — аграгарадок будзе цікавы і жыхарам іншых населеных пунктаў, якія захочуць туды пераехаць».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

г. Мядзел

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Грамадства

Каб выбары —  як свята

Каб выбары — як свята

Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.