У Мінску гэтымі днямі праходзіць міжнародны турнір па грэка-рымскай барацьбе памяці Алега Караваева. А «Звязда» працягвае гартаць старонкі беларускага спорту, знаходзячы там шмат цікавага. І турнір, які сёлета адсвяткаваў сваё 30-годдзе, — выдатная нагода, каб узгадаць спартсмена, які паклаў пачатак алімпійскім перамогам беларускіх барцоў.
Бацька чэмпіёна Мікалай Фёдаравіч Караваеў быў рэдактарам Белдзяржвыдавецтва, іграў на валторне ў сімфанічным аркестры опернага тэатра. Да вайны Мікалай Фёдаравіч захапляўся гімнастыкай і далучаў да яе двух сыноў — старэйшага, Ігара і малодшага, Алега. Але браты больш захапіліся барацьбой. Як гэта часта бывае, малодшы рушыў услед за прыкладам старэйшага. Праўда, Ігар абраў вольную барацьбу, а Алег — класічную. Ігар Караваеў тры гады запар — з 1952 па 1954-ты — займаў другое месца на першынстве СССР, а ў 1955-м упершыню стаў чэмпіёнам. Тады ён яшчэ не ведаў, што неўзабаве малодшы брат зацемніць яго дасягненні.
У тым жа 1955-м годзе ў свае 19 гадоў Алег заваяваў бронзу на першынстве СССР. Барацьбой ён займаўся ўсяго тры гады. Вынік уражлівы. А ўжо ў наступным сезоне з трэцяга месца падняўся на першае, перамогшы ў вырашальнай схватцы алімпійскага чэмпіёна Канстанціна Вырупаева. У грэка-рымскай барацьбе пачалася эра Караваева. Званне чэмпіёна ён доўга нікому не аддаваў.
Будапешцкі 20-ты чэмпіянат свету 1958 года быў першым буйным міжнародным стартам у біяграфіі Алега Караваева. 22-гадовы атлет цудоўна правёў усе схваткі. Мясцовых гледачоў ашаламіла, калі малады спартсмен замучыў сваім накатам любімца венгкрскай публікі, алімпійскага чэмпіёна Імры Хадаша. Не выстаялі перад ім датчанін Андэрсан, балгарын Пятроў, турак Ільмаз, немец Фішэр. На грудзях Алега Караваева ззаззяў залаты медаль чэмпіёна свету — першы ў гісторыі беларускай барацьбы.
У 1959 годзе Алег Караваеў выйграў чэмпіянат СССР. Лепшага кандыдата ў алімпійскую зборную ў лёгкай вазе не было. Да таго часу ён ужо быў пяціразовым чэмпіёнам СССР і чэмпіёнам свету. Усе былі ўпэўненыя, што з Рыма Алег Караваеў вернецца з медалём. Бо, па словах відавочцаў, ён заўсёды ствараў запамінальны спектакль на дыване, у якім сам быў і аўтарам, і рэжысёрам, і акцёрам. Кожная сутычка гэтага барца была ўнікальнай — «караваеўскай». Малады мінчанін пакарыў італьянскую публіку і ўсіх, хто сачыў за выступленнямі барцоў у Рыме. У першым туры з нарвежцам Джонам Твэйтэнам Алег набраў 18 ачкоў, але вырашыў дабіцца поўнай перамогі і рынуўся ў атаку. Правёў прыём, але нечакана сам трапіўся на контрпрыём і аказаўся «на мосце». Джон прыціснуў Алега ўсім целам ... Але не тут тое было. Караваеў выйшаў у стойку і ўжо праз 20 секунд нарвежац ляжаў на лапатках. Для перамогі яму спатрэбілася 8 хвілін і 2 секунды. Другі паядынак прайшоў яшчэ хутчэй. Беларус расправіўся з бельгійцам Верхавенам за 1 хвіліну і 28 секунд. А ў пятым туры, застаючыся верным сваёй тактыцы, Алег за 3 хвіліны 4 секунды тушаваў японца Ісігушы!
У фінальнай сутычцы супраць румына Іона Чэрні на дыване разгарнуўся блокбастэр. Алег Караваеў не даваў суперніку ні хвіліны перадышкі, атакаваў смела, рызыкоўна, без аглядкі на «тылы». Адно неабдуманае рашэнне або імгненне валявой ці фізічнай расслабленасці маглі ператварыць яго перавагу ў прах. Але майстар не зрабіў ніводнага няправільнага рашэння і выйграў па балах. У шасці паядынках ён атрымаў шэсць перамог! Па выніках турніру барцоў-«класікаў» у алімпійскім Рыме Алег Караваеў быў прызнаны самым тэхнічным спартсменам.
«Караваеў — барэц вялікага тэмпераменту, бліскучы тэхнік. Барацьбу ён вядзе агрэсіўна, не даючы суперніку апамятацца, знясільваючы яго», — пісалі пра яго газеты. «Караваеўскі стыль» да гэтага часу не можа ніхто паўтарыць з дастатковай дакладнасцю. Алег быў ляўшой, таму ўсе яго прыёмы былі асаблівымі. Ён не баяўся атакаваць і імправізаваць. Спецыялісты называлі Алега Караваева барцом ад бога — гнуткім, настырным і дзіўна адораным.
Яго залаты медаль даў старт барцоўскаму ажыятажу ў Беларусі. Пасля рымскіх гульняў у 1960-м годзе ў Мінску прайшоў камандны чэмпіянат СССР па грэка-рымскай (тады класічнай) барацьбе, які сабраў вялікую колькасць прыхільнікаў гэтага віду спорту. На арэну выходзілі алімпійскія чэмпіёны — Аўтандзіл Калідзе з Грузіі, масквіч Барыс Гурэвіч, украінскі барэц Іван Богдан, а таксама расійскія чэмпіёны свету — Мікалай Гараеў, Канстанцін Вырупаеў і Уладзімір Сташкевіч. І, вядома, шквал апладысментаў сарваў Алег Караваеў. Менавіта на тым чэмпіянаце Алег Караваеў з таварышамі па беларускай зборнай сталі пераможцамі каманднага заліку ў першынстве СССР.
З 1971 па 1978 год Алег Караваеў працаваў трэнерам ДСТ «Буравеснік» у Мінску. Пасля трыўмфу ў Рыме алімпійскі чэмпіён перамагаў яшчэ ў асабістым першынстве на чэмпіянаце СССР у 1962 годзе.
Нажаль, жыццё спартыўнага генія скончылася рана. Арганізм пачаў даваць збой. Прычынай сталі не толькі каласальныя нагрузкі, але і дрэнныя звычкі. Гэтых «сапернікаў» Алег Караваеў не змог пакласці на лапаткі. У 1978 годзе ён пайшоў з жыцця. Яму было ўсяго 42 гады...
Але такіх спартсменаў не забываюць. Імя Алега Караваева носіць адна з мінскіх школ грэка-рымскай барацьбы. З 1994 у беларускай сталіцы праходзіць турнір памяці Алега Караваева, на якім цалкам магчыма ўбачыць новы «спектакль на дыване».
Валерыя СЦЯЦКО
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.