Вы тут

Пісьменніцкія адкрыцці Навагрудчыны


Літаратурна-краязнаўчыя памяткі пра той ці іншы рэгіён нашай Айчыны складваюцца, збіраюцца не за адзін дзень, не за адно дзесяцігоддзе. Вось і старадаўні Навагрудак, старадаўнюю Навагрудчыну адкрывалі многія паэты і празаікі ў розныя дзесяцігоддзі. Звернемся ж для аповеду пра гэта да бліжэйшых да нас часін...


Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў вёсцы Уселюб

Сярод зацікаўленых наведвальнікаў Навагрудка — і руская пісьменніца Ларыса Андрэеўна Чаркашына (нарадзілася ў 1949 годзе ў Ваўкавыску ў сям’і вайскоўца). У Навагрудку яна была толькі аднойчы — у 2014 годзе...«Разам з братам, — напісала мне Ларыса Андрэеўна. — Усяго толькі праездам. Але разам з Мікалаем мы зайшлі на могілкі, дзе пахаваны ўнук Пушкіна...Цікава было б знайсці ў Навагрудку казармы, дзе кватараваў полк А. Пушкіна. Быў бы новы пушкінскі адрас!..» Ларыса Чаркашына ў адным са сваіх артыкулаў расказвае пра повязь рода Пушкіных са старажытным беларускім горадам: «...Аляксандр Аляксандравіч Пушкін, старэйшы сын паэта, быў жанаты на Соф’і Ланской. У канцы 1860-х гг. вялікая сям’я Аляксанлра Аляксандравіча перабіраецца ў Навагрудак Мінскай губерні, дзе на той час быў размешчаны 13-ы гусарскі Нарвскі, адзін з праслаўленых і старэйшых расійскіх палкоў. І ўжо ў чэрвені 1870 га Аляксандр Пушкін становіцца яго камандзірам. 

У ваеннай гісторыі Расіі полк, заснаваны яшчэ Пятром I, заняў вартае месца: яго гусары змагаліся ў гады Паўночнай вайны, штурмавалі Выбарг, Кексгольм і Гельсінгфорс, атрымлівалі перамогі ў Шведскай і Польскай войнах, змагаліся ў Закаўказзі. 

У старадаўнім Навагрудку «полк цалкам быў узнагароджаны за складанасці мінулага жыцця, — меркаваў палкавы гісторык А. Ціханоўскі. — Некалі сталічны горад Вялікага княства Літоўскага задавальняў самым патрабавальным густам; полк зажыў прыпяваючы, а прызначэнне камандзірам палкоўніка Аляксандра Аяляксандравіча Пушкіна дапоўніла адзін з шчаслівых перыядаў палкавога жыцця».

І ў палкавым летапісе з’явіліся новыя дакладныя і вобразныя радкі: «Сын вядомага паэта, імем якога ганарыцца Расія, палкоўнік Пушкін уяўяляў сабою ідэал камандзіра-джэнтльмена, які стаяў на чале багатага на гісторыю палка. Памяць пра яго ў палку настолькі свежая, што ніякіх каментарыяў не патрабуе...»

У тым далёкім чэрвені у сям’і Пушкіных здарылася радасная падзея: на свет з’явіўся немаўля Пётр! Але хлопчык, — ён стаў восьмым дзіцем і трэцім сынам Аляксандра Аляксандравіча, — пражыў зусім нядоўга: у снежні таго самага года на старых могілках з’явілася магілка з выбітымі на камні-валуне скупымі радкамі: «Младенецъ Пётръ Пушкинъ родился 9 июня 1870 г. скончался 6 ноября 1870 г.»

Магілка ўнука паэта, якому гэтулькі мала было адведзена зямнога жыцця, ацалела насуперак двум сусветным войнам, што ў мінулым стагоддзі пракаціліся па Беларусі навальнічнымі хвалямі, сціраючы на сваім шляху крэпасці, гарады, замкі... А вось куточак зямлі на праваслаўнай частцы старых могілак у Навагрудку, дзе аплаквалі немаўля-сыночка палкоўнік Аляксандр Пушкін і яго жонка мілая Сонечка, захаваўся некранутым. Поруч з помнікамі гусарскім ротмістрам і паручнікам, адстаўным саветнікам і калежскім сакратарам... 

(Амаль забытае, але менавіта ў Навагрудку, крыху раней, у верасні 1868 года, у сям’і Пушкіных нарадзіўся сын Рыгор, у будучыні палкоўнік царскай арміі. І ён жа бацька — Рыгора Рыгоравіча Пушкіна, праўнука паэта. Праўнука паэта, крывёю звязанага з беларускай зямлёй, якому давялося ў гады Вялікай Айчыннай вызваляць родную Беларусь ад нямецкіх акупантаў)..." 

Быццам імкнучыся запоўніць страту, следам за Пятром у сям’і Пушкіных з’явіліся на свет дачушкі Надзея, Вера і сын Сяргей. Але век іх дабрэйшай матулі быў ужо на сыходзе: прастудзіўшыся, у красавіку 1875 года ў Вільні, куды быў пераведзены полк, Соф’я Аляксандраўна памерла. Аляксандр Аляксандравіч Пушкін вельмі цяжка перажыў смерць любімай жонкі. Ён застаўся ўдаўцом, і ўсе клопаты пра дзевяцярых дзяцей: старэйшай Наташы не зраўнялася і шаснаццаці, а малодшаму Сярожу — і года, ляглі на яго...

Замак у Любчы

Пахавалі Соф’ю Пушкіну, згодна яе волі, у падмаскоўным радавым маёнтку Лапасня-Зачацьеўская, каля сцен фамільнага храма Зачацця Праведнай Анны. Туды ж, у Лапасню, пад апеку цётачкі Ганны Мікалаеўны Васільчыкавай прывезлі асірацеўшых дзяцей. Але жыццё прадоўжылася..." 

Аляксандр Пушкін разам са сваім палком пайшоў у паход на вайну з Турцыяй. Нарвскі полк удзельнічаў у Балканскай кампаніі ў баях пад Тырнава, вызваляў невялікія паселішчы і гарадкі — Турна-Дзеэ, Нова-Сяло, Тотлас, Кесарава. Самыя цяжкі баі доўжыліся ў ваколіцах Габрава, які туркі пераўтварылі ў непрыступную крэпасць. І ўсё ж рускія гусары перамаглі, не дапусцілі крывавай разні мірных балгар, што і намерваліся зрабіць туркі. Аляксандр Пушкін быў узнагароджаны залатой георгіеўскай шабляй з надпісам «За смеласць». Атрымаў сын вялікага паэта і ордэн Святога Уладзіміра 4-й ступені з мячамі і бантам. Праз два гады пасля пераможнага завяршэння вайны Аляксандру Аляксандравічу было прысвоена званне генерал-маёра. Быў прызначаны камандзірам першай брыгады 13-й кавалерыйскай дывізіі. У жніўні 1891 года генерал-маёр Аляксандр Пушкін за адзнакі ў службе атрымаў званне генерал-лейтэнанта з залічэннем у запас армейскай артылерыі. У хуткім часе выйшаў у адстаўку «з мундзірам і пенсіяй». Памёр сын паэта, якога Аляксандр Сяргеевіч асабліва любіў, у ліпені 1914 года, у той самы дзень, калі пачалася новая вайна... 

Некалькі слоў пра Ларысу Андрэеўну Чаркашыну. У Беларусі яна жыла да 1962 года. Бацьку пераводзілі ў іншыя гарнізоны — і яна адпаведна з усёй сям’ею ездзіла следам: у Шчучын, Слонім, Смаргонь, Баранавічы. З 1962 года — у Маскве, адкуль родам яе маці. З 1970 Ларыса Чаркаўшына выступае ў перыядычным друку — з артыкуламі, прысвечанымі мастацтву і фальклору. З 1985 года займаецца вывучэннем спадчыны і жыццёвага шляху Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, яго нашчадкаў. «Пушкініяна для мяне — тэма спадчынная», — гаворыць Ларыса Андрэеўна. — Разам з бацькам Андрэем Чаркашыным, вядомым генеалогам, напісала кнігу «Тысячагадовае дрэва А. С. Пушкіна: карэнні і крона». Праца атрымала ўсерасійскае і міжнароднае прызнанне. За кнігу мы сталі лаўрэатамі Усерасійскай гісторыка-літаратурнай прэміі Святога Аляксандра Неўскага«. Член Саюза пісьменнікаў Расіі і Маскоўскага Саюза літаратараў Ларыса Чаркашына — аўтар кніг «Пушкін і Наталі», «Апошняя дуэль Пушікна», «Мой Ангел», «Пушкін, нашчадак Рурыка», «Наталія Ганчарова» і іншых. 

Родны брат Ларысы Андрэеўны рускі пісьменнік Мікалай ЧАРКАШЫН (нарадзіўся ў 1946 годзе ў Ваўкавыску), адкрыўшы для сябе Навагрудак напрыканцы XX стагоддзя, часта бывае ў старадаўнім горадзе. Упершыню патрапіў у Навагрудак у чэрвені 1998 года, пра што расказаў аўтару кнігі ў адным з нядаўніх лістоў: «... мой стрыечны брат Юрый Чаркашын, які жыве ў Слоніме, наладзіў для мяне велапрабег па маршруту Слонім — Навагрудак — Гальшаны — Смаргонь. Вось тады і пабачыў я гэты прыгожы горад з вышыні Замкавай гары. Пабываў у музеі Міцкевіча і напісаў артыкул пра Міцкевіча і Пушкіна для «Российской газеты»... Пад Навагрудкам, дарэчы, нядоўга ваяваў мой дзед па матчынай лініі... Другі раз патрапіў у Навагрудак у 2010 годзе. Разам з нашчадкамі князя Пуслоўскага — каб папрацаваць у Навагрудскай бібліятэцы, пашукаць карэнні гэтага слаўнага рода. Захапіў тады і сямігадовага ўнука Арцёма. Вазіў яго ў Брэст і Ліду. Але Навагрудак зрабіў на яго незабыўнае ўражанне. Быў я ў Навагрудку і ў 2014 годзе. Такой паездкай адзначыў сваё з Эльвірай вясельнае падарожжа. На гарадскіх могілках знайшлі захаванне ўнука Пушкіна...» Прыязджаў Мікалай Андрэевіч на Навагрудчыну, у Навагрудак і ў 2017 годзе, шукаў сляды свайго прашчура — падпрапаршчыка Міхаіла Сакалова. У сям’і Чаркашыных захавалася некалькі фотаздымкаў дзеда. Адзін з іх, па меркаванню Мікалая Чаркашына, зроблены пад Навагрудкам. На зваротным баку адной з выяў ёсць подпіс: «Хутар Тэафілін». Рускі пісьменнік пабываў у 2017 годзе і ў старажытным паселішчы Уселюб. Наведаўся Мікалай Чаркашын у Навагрудак і ў 2021 і ў 2022 гады... У адным са сваіх раманаў — «Нелегал з Кёнігсберга» — пісьменнік расказаў пра повязь некаторых герояў твора з Навагрудкам. Адзін з раздзелаў так і называецца: «Навагрудская катрынка». «...На пачатку 1942 года Гіпенрэйтараў адправілі ў гета, якое размяшчалася за Замкавай гарою. Да восені наступнага года немцы вырашылі ліквідаваць гета і ўсіх яго насельнікаў. Але 1 верасня 1943 года навагрудскія манашкі — сёстры назарэцкія — здзейснілі свой подзвіг на славу Хрыста. Яны падмянілі сабою адзінаццаць яўрэяў, якіх вялі на расстрэл. Сясцёр расстралялі... Сярод адзінаццаці выкупленых імі коштам свайго жыцця чалавек былі і Борух з Двойрай. Яны без прамаруджвання пакінулі Навагрудак і ноччу сыйшлі ў яўрэйскі партызанскі атрад, які хаваўся ў Налібоцкай пушчы. Там яны дачакаліся лета 1944 года, калі Савецкая Армія ў час аперацыі «Багратыён» вызваліла амаль усю тэрыторыю Беларусі. І Гіпенрэйтары вярнуліся ў родны Брэст. Бесперашкодна засяліліся ў свой стары дом, і фатаграфічнае атэлье запрацавала з ранейшым стараннем». 

Мікалай Чаркашын — даволі вядомы ў Расіі і за яе межамі празаік, публіцыст, які ў асноўным распрацоўвае ваенна-гістарычную тэматыку. Капітан першага рангу запаса, ён мае за плячыма вопыт службы на падводнай лодцы ў Ваенна-Марскім Флоце СССР. Узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных сілах СССР» 3-й ступені. За кнігі «Соль на пагонах» і "«Лёс у зялёнай фуражцы» быў адзначаны Прэміяй Ленінскага камсамола (1982). У аповесці «Полымя ў адсеках» Мікалай Чаркашын расказаў пра трагедыю атамнай падводнай лодкі «Камсамолец». Наш зямляк з Ваўкавыска з’яўляецца аўтарам болей як 50 кніг. Выдадзены ў Санкт-Пецярбургу 12-томны Збор яго твораў. Сярод кніг Мікалая Чаркашына — і раманы, якія прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі: «Бог не гуляе ў косткі», «Берасцейскія вароты», «Лес прастрэленых касак». Нядаўна раманы М. Чаркашына «Берасцейскія вароты» і «Генералы сорак першага года» пабачылі свет і ў мінскім кніжным выдавецтве. 

... А вось што расказвае пра свае сустрэчы з Навагрудчынай паэт, празаік, перакладчык Леанід Дранько-Майсюк (нарадзіўся 10 кастрычніка 1957 года ў Давыд-Гарадку, у Столінскім раёне, на Берасцейшчыне): 

... — Вельмі прыгожы і цікавы край — Наваградчына, Навагрудчына! Я быў у Любчы ў 1996 годзе, калі там святкавалі Дзень беларускага пісьменства... А што да выступленняў, то 10 сакавіка 2003 года выступаў у Навагрудскай раённай бібліятэцы, чытаў свае вершы. А таксама ў той дзень выступаў перад вучнямі і настаўнікамі школы N 4, нават прозвішча дырэктара памятаю — Галіна Уладзіміраўна Тамко. І школа знаходзіцца на вуліцы Міцкевіча, 18. Гэта таксама пэўны сімвал. Дзе, як не ў такім файным месцы чытаць вершы, гаварыць пра перліны сусветнай паэзіі, пра самога Адама Міцкевіча?!. А 26 кастрычніка 2006 года — памятаю, што было гэта ў чацверг, — выступаў у Навагрудку ажно на трох сустрэчах. Двойчы — перад рознымі аўдыторыямі ў гандлёва-эканамічным каледжы, а таксама — у прафесійна-тэхнічнай вучэльні... 6 сакавіка 2010 года прыехаў у Навагрудак разам з вакальна-інструментальным ансамблем «Сябры». Канцэрт быў прысвечаны жаночаму святу 8 сакавіка. Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка папрасіў мяне правесці гэты канцэрт у якасці вядучага і прачытаць лірычныя вершы... А 25 мая 2011 года было ў мяне два выступленні ў Навагрудскім раёне. Першае — у вёсцы Вялікія Вераб’евічы. Сустрэчу ў мясцовай школе арганізавала Ларыса Яўгенаўна Мароз. Другое выступленне — у Любчы. Так што, маю повязь з Навагрудскім краем можна звязаць і такім поясам — «Ад Любчы да Любчы»... Праўда, у гэты пояс укладваецца далёка не адзін год...

Віктар ШНІП (нарадзіўся ў 1960 годзе ў вёсцы Пугачы Валожынскага раёна, на Міншчыне) — не чужы Навагрудчыне, Навагрудку чалавек. Пра гэта расказваюць старонкі яго запісаў у дзённіку: «...16.02.2010. Дзякуючы сваяку Анатолю Блашчыцыну (па маці Шніп) працягваю адкрываць для сябе родныя мясціны. Учора даведаўся, што ў васьмі кіламетрах ад маіх Пугачоў нарадзіліся браты Бенядзікт і Уладзіслаў Дыбоўскія. Гляджу ў энцыклапедыю: 

«Бенідзікт Дыбоўскі [30.4.1833, маёнтак Адамарын Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл. — 31.1.1930, Львоў], прыродазнавец, публіцыст. Брат У. Дыбоўскага. Вучыўся ў Мінскай гімназіі. У 1857 скончыў Дэрпцкі (Тарту) ун-т; працягнуў навучанне ў Вроцлаве (1857–58) і Берліне (1858–60). У 1860 стаў доктарам медыцыны. З 1862 прафесар Варшаўскага ун-та. За ўдзел у паўстанні 1863 — 1864 сасланы на 15 гадоў ва Усх. Сібір. Апісаў прыродныя ўмовы і фауну Прыбайкалля, побыт, вераванні і мову буратаў. У 1877 вярнуўся ў Польшчу. У 1879–82 працаваў урачом на Камчатцы. З 1882 у Львове, прафесар заалогіі (да 1906). Шматлікія публікацыі Д. змешчаны ў польскіх, рускіх, нямецкіх навуковых выданнях. Член Польскай АН (1884), член-карэспандэнт АН СССР (1928).» 

«Уладзіслаў Дыбоўскі [18.4.1838, маёнтак Адамарын Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл. — 27.7.1910, маёнтак Нянькава на Навагрудчыне], прыродазнавец, фалькларыст. Брат Б.Дыбоўскага. У 1862 скончыў Дэрпцкі (Тарту) ун-т. За ўдзел у паўстанні 1863 — 1864 прыгавораны да турэмнага зняволення. З 1871 працаваў у Дэрпцкім ун-це. Доктар мінералогіі (1878). У 1878 пасяліўся ў маёнтку Нянькава. Аўтар прац па выкапнёвых рэштках Усх. Прыбалтыкі, Сібіры (матэрыялы дасылаў брат); даследаваў флору і фауну Навагрудчыны і інш. Гербарый навагрудскай зямлі ахвяраваў АН у Кракаве. Збіраў бел. фальклор. Свае запісы апублікаваў у час. «Zbiór wiadomości do antropologii krajowej» »

Цяпер буду чакаць вясны, каб з’ездзіць у Адамарын, дзе захаваліся рэшткі маёнтка братоў Дыбоўскіх, маіх землякоў паўстанцаў...

Мір. Валеўка. Свіцязь. Навагрудак. Любча .

Возера Свіцязь

29.09.2012. Субота. Цэлы дзень з Людай і супрацоўнікамі выдавецтва быў у вандроўцы...

Cонечным ранкам, едучы ў Навагрудак, спыніліся ў Міры. Некалькі чалавек і я з Людай, заглянулі ў Храм Святой Жываначальнай Троіцы, што быў збудаваны ў 16 стагоддзі. Пажылы мужчына, які быў адзін у царкве, тут жа падыйшоў да нас і пачаў расказваць пра Храм і цуды, звязаныя з Храмам...

Прайшоўшы праз браму з агароджай і званіцай 1805 года, трапілі ў Мікалаеўскі касцёл 16 стагоддзя. На ўваходзе ў Храм напісана па-руску, па-беларуску і па-польску «Шчыра запрашаем!» У Храме было пуста, але праз некалькі хвілін да нас падыйшла жанчына, ад якой мы даведаліся, што касцёл дзейнічае ўсяго толькі тры гады і яго наведваюць 30 вернікаў. Жанчына звадзіла нас у скляпенне пад Храмам, дзе мы ўбачылі каля дзесятка трун, у якіх ляжаць памерлыя з роду Радзівілаў. Большасць памерлых—дзеці і некалькі іх трун прыгожа размаляваныя...

У Валеўцы Свята-Петрапаўлаўская царква 18 стагоддзя. Драўляная і пафарбаваная ў сіні колер.Святар хоць і казаў, што прыйдзе і пусціць у Храм, на жаль, не прыйшоў.Паслухаўшы расповед Яраша Малішэўскага пра царкву, пахадзілі па цвінтары, на якім пахаваны ацец Міхаіл Ліннік (6.05.1012–6.04.2003) і матушка Таіса (1.05.1927—памерла зусім нядаўна і на помніку не пазначана дата). Тут жа пахаваны Антоній Антонавіч Каліноўскі (1880–1942). На помніку напісана «Убит за Христа». Крыху далей стаіць жалезны помнік: «Здесь покоится прах настоятеля Райчанской Церкви Священника Георгия Рудаковского. Священствовал 35 лет. Жил 61 г. Умер 1873 года. ... апреля. Паблізу стаіць жалезны крыж з табліцай: «Протоирей Андрей. Жил и умер в конце ХІХ века». 

На могілках у Валеўцы знайшоў магілу Каратай Вольгі Даніпатаўны (1891–26.07.1973). Прозвішча жанчыны, як у Максіма Лужаніна. Можа, якая далёкая сваячніца...

Навокал пазалацелыя лясы і шэрыя палеткі. Там-сям пасуцца адзінокія каровы. Чамусьці падумалася, што я еду на аўтобусе праз 18 стагоддзе...

Возера Свіцязь, як люстэрка, апетае Міцкевічам, у якое глядзяцца з неба анёлы, што ахоўваюць Беларусь...

Вада ў Свіцязі чыстая і паэтычная...

На беразе возера шмат высокіх прыгожых дубоў, але і хапае пачарнелых пнёў, што засталіся ад дубоў, якія, дакладна, ведалі Адама Міцкевіча...

Пад нагамі храбусцяць жалуды. Вялікія, як патроны...

Шмат груздоў і апенек. Некалькі чалавек іх збіраюць, а ўсе астатнія любуюцца Свіцяззю і фатаграфуюцца. А я ўяўляю Адама Міцкевіча, які сядзіць на беразе возера і піша па-беларуску пра прыгажосць, што навокал... 

На вялікім валуне, пафарбаваным у зялёны колер, белай фарбай напісаны радкі Адама Міцкевіча: «Калі навагрудскія ўбачыш прасторы, Ракітнік разлапісты, нізкі, Каня супыні ля плужанскага бору, Каб глянуць на возера з блізку». Непадалёк на такім жа камяні чатыры радкі са «Свіцязянкі» , але па-польску. "У перакладзе зроблена памылка!«—убачыўшы нас каля каменя з польскім надпісам, кажа стары дзядзька, які кожны дзень, пакуль няма маразоў, прыходзіць да Свіслачы і плавае. Мы старога не папраўляем, што Міцкевіч пісаў па-польску і на камяні не пераклад, а арыгінал, і ён працягвае расказваць пра паэта, нібыта асабіста яго ведаў...

Праз асфальт прабіваецца брукаванка, як наша гісторыя праз нас...

Вуліца Леніна вядзе да Навагрудскага замака... 

Навагрудскі замак, як балада...

На курган, насыпаны ў 1924-1931 гг. у гонар Адама Міцкевіча, я палез, а не пайшоў, як усе па вінтавой сцяжене, бо пасля Навагрудскага замка адчуў у сабе нейкую невыказную сілу, якую тут жа і скарыстаў... 

Пабылі ў касцёле, які быў збудаваны у 1395 годзе і дзе 12 лютага 1799 года хрысцілі Адама Міцкевіча. Святар, які распавядаў пра Храм, развітваючыся сказаў: «Прабачце, я месцамі недакладна казаў па-беларуску. Мая родная мова— польская...»

На цэнтральным пляцы Навагрудка ў старажытным будунку, які ахоўваецца дзяржавай, знаходзіцца бар, з прыгожай назвай «Рым»...

На ўзараным полі на ўездзе ў Любчу наш аўтобус сустрэлі дзесяткі чорных варон і белых гусей і качак...

За дзень вандроўкі многія стаміліся і да Любчанскага замка ехалі з неахвотай. Прыехаўшы і паглядзеўшы з Любчанскага замка на вялікі Нёман, усе ажылі і нават некаторыя былі гатовыя застацца, каб дапамагаць аднаўляць замак...

Дамоў вярнуліся позна вечарам. Доўга не мог заснуць— у душы і сэрцы заселі балючыя руіны Навагрудскага замка... "

Захаваўся ліст паэта Пятра БІТЭЛЯ (1912 — 1991), які сябраваў з Віктарам Шніпам. Дарэчы, Пятро Бітэль у няпростых умовах заключэння ў ГУЛАГу ў 1940-1950-я гады пераклаў «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча на беларускую мову...

«Ліст ад 31.1.1989г.

Добры дзень, дружа Віктар Анатольевіч!

Выбачайце, што я не адказаў упару і не падзякаваў Вам за Навагоднія пажаданні, віншаванні і за добрую вестку.

Справа ў тым, што пасля паездкі ў Навагрудак (18.12.) я цяжка захварэў і ад 22.12. па 26.1. праваляўся ў бальніцах у Вішневе і ў Маладзечне. Цяпер я дома, але вельмі слабы, бо абсалютна нічога не магу есці. Гэта пісьмо піша за мяне мая дачка. Жадаю Вам добрага здароўя, шчасця і ўсяго найлепшага.

З павагай — П.Бітэль.». 

З дзённіка Віктара Шніпа: «...13.04.2019. З супрацоўнікамі выдавецтва ездзіў у Карэлічы, дзе прыняў удзел у міжрэгіянальным фестывалі «PROдвижение КНИГИ. Библиотечные ступени». З прыемнасцю пазнаёміўся з дырэктарам Навагрудскай бібліятэкі Ірынай Царук, з якой мы сябруем у фэйсбуку. Ірыне Міхайлаўне і дырэктару Карэліцкай бібліятэкі Ліліі Канстанцінаўне Арцюх падарыў свайго «Пугачоўскага цырульніка». Пакантактаваў і з дырэктарамі Дзятлаўскай, Воранаўскай, Ваўкавыскай, Баранавіцкай і Стаўбцоўскай раённымі бібліятэкамі. 

Ранкам было некалькі градусаў марозу. На палях і лугах з Мінска да Карэліч яшчэ жоўтая трава. Нідзе не палена. Бачылі некалькіх буслоў і дзвюх казуль, што выйшлі з лесу і здалёку назіралі за дарогай. 

Сонца з намі было ўсю дарогу. Свяціла і не грэла. Праязджалі праз Мір. Прыцішылі ход каля замка. У ім праз пару дзён будуць здымацца новыя эпізоды фільма «Авантуры Пранціша Вырвіча». 

Усё на кніжным фестывалі было цудоўна. Шкада, што Карэлічы не паглядзелі... 

15.04.2021. Учора вечарам даведаўся, што памёр аўтар «Буквара» Анатоль Клышка. Не дажыў два дні да 86-годдзя. У свой час мы працавалі ў адным будынку на Захарава, 19. Анатоль Канстанцінавіч у «Полымі», а я ў «Беларусі», а потым у «ЛіМе». Прыемна было і вельмі нечакана, калі Анатоль Клышка, ужо не працуючы, часам тэлефанаваў і віншаваў мяне і Людмілу са святамі, з днямі нараджэння, хваліў нашы новыя творы, якія толькі што прачытаў у перыёдыцы. Было радасна атрымаць ад Анатоля Канстанцінавіча ў падарунак яго «Беларуска-польскі размоўнік», пераклад з грэчаскай мовы «Новага запавета».

Людміла для «Звязды» напісала сумнае слова пра Анатоля Клышку. Узгадала, што з нагоды саракавога выдання «Буквара» ёй давялося рабіць з Анатолем Канстанцінавічам гутарку, у якой ён распавёў, як у свой час захапіўся яго стварэннем:

«Да Белдзяржуніверсітэту я вучыўся ў Навагрудскай педвучэльні, дзе сур’ёзна выкладалася методыка навучання пісьменнасці. У Навагрудку была школа для глуханямых і мы, будучыя педагогі, наведвалі там заняткі. Было здзіўляюча назіраць, як дзіця, якое не чуе, вучаць гаварыць. Пасябраваў я з паэтам Гаўрыілам Шутэнкам, які страціў зрок на фронце, і ён навучыў мяне чытаць і пісаць па шрыфце Брайля. Усё гэта прыдалося мне, калі я распрацоўваў сваю методыку навучання, бо ўзаемадзеянне зрокавага, слыхавага, маўленчарухальнага аналізатараў у працэсе чытання вельмі і вельмі складанае. Давялося папрацаваць у навагрудскай газеце «Звязда» — і гэтая праца таксама шмат падказала. Кожны карэктар прывядзе дзясяткі прыкладаў, калі да непрыстойнасці выкруціць слова адна няправільна надрукаваная літара (напрыклад, «палявыя работы» раптам ператвараюцца ў «палавыя»). Калі я працаваў у часопісе «Полымя», наш галоўны рэдактар Максім Танк, які ўдзельнічаў у Генеральнай асамблеі ААН, не раз цытаваў нам, што дзяржаўным народам прызнаецца народ, які мае свае герб, гімн, сцяг, буквар, энцыклапедыю, каляндар... Мяне здзівіла такое прызнанне значэння буквара».

Крыху пра паэта, празаіка, перакладчыка Віктара Шніпа. Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1978). Сем гадоў быў беспрацоўным. Часам падпрацоўваў грузчыкам, літаратурным кансультантам часопіса «Нёман» і газеты «Вячэрні Мінск». Часцей жыў выключна на ганарараы за паэтычныя публікацыі. У 1987 годзе скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве. У 1987 — 1991 гг. Віктар Шніп працаваў старшым рэдактарам аддзела культуры ў часопісе «Беларусь». У 1991 — 1995 гг. — адказны сакратар газеты «Наша слова». У 1995 — 2003 гг. у газеце «Літаратура і мастацтва» — намеснік галоўнага рэдактара — адказны сакратар, першы намеснік галоўнага рэдактара, галоўны рэдактар. З 2004 года — у выдавецтве «Мастацкая літаратура»: намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва, галоўны рэдактар. З ліпеня 2021 года — намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя». Першая публікацыя вершаў Віктара Шніпа — 17 жніўня 1977 года ў газеце «Чырвоная змена». Аўтар кніг паэзіі і прозы «Гронка святла» (1983), «Пошук радасці» (1987), «Шляхам ветру» (1990), «Горад Утопія» (1990), «На рэштках Храма» (1994), «Выкраданне Еўропы» (1996), «Чырвоны ліхтар» (2000), «Воўчы вецер» (2001), «Інквізіцыя» (2002), «Выратаванне атрутай» (2003), «Беларускае мора» (2004), «Балада камянёў» (2006), «Страла кахання, любові крыж» (2008), «Проза і паэзія агню» (2010), «Пугачоўскі цырульнік» (2013)... Віктар Шніп — лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «мастацкая літаратура» за кнігу «Страла кахання, любові крыж», узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, лаўрэат прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага Савета Міністраў Грузінскай ССР за кнігу паэзіі «Гронка святла» (1987). 

Многія творы Віктара Шніпа прысвечаны ўраджэнцам Навагрудчыны, персанажам навагрудскай гісторыі розных стагоддзяў. Вось — адна з балад, якая напісана таленавітым творцам 4 кастрычніка 2007 года — «Балада Адама Міцкевіча (24.12. 1798 — 26. 11. 1855)»:

У Завоссі залатая восень,

А халера ў залатым Стамбуле.

І табе ўжо не прыйсці ў Завоссе—

Смерць цябе, паэт, не абмінула

На чужыне, дзе шукаў ты волю,

Нібы рыфмы звонкія ў санеты.

І цябе й тваю аплачуць долю

Філаматы ўсе і філарэты.

І згараць, нібыта грэшнасць, вершы,

Што пісаў на беларускай мове.

І сябе палякам назавеш ты,

Роднасць з Беларуссю не адмовяць

Беларусы, бо ты наш, як неба

І як сонца ў небе над Завоссем,

Што залоціць павуціны срэбра,

Што ляціць, як праз агонь, праз восень

У самотны і вясёлы Кракаў,

Як паэзія— ў душу палякаў...

...Не меней цікавымі падаюцца стасункі з Навагрудкам, Навагрудчынай у вядомага беларускага літаратуразнаўца, крытыка, празаіка, краязнаўца доктара філалагічных навук Алеся БЕЛЬСКАГА (нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёна, на Міншчыне). Але ж паслухаем самога пісьменніка:

... — У Наваградку я быў з сябрамі — Дзімам Лебядзевічам, Ігарам Жуком і іншымі ўдзельнікамі традыцыйных Купалаўскіх чытанняў. Наведваўся і на Свіцязь, паэтызаваную Міцкевічам, з Анатолем Бутэвічам, Міхасём Шавыркіным, а таксама беларускімі і замежнымі навукоўцамі... Улетку знайшліся ўнікальныя дакументы. Мой прадзед Сільвестр — выпускнік фізіка-матэматычнага і літаратурнага факультэтаў Віленскага ўніверсітэта. Як, дарэчы, і Тамаш Зан. Кандыдат філасофіі, потым прафесар. Віленскі ўніверсітэт ён скончыў у 1820 годзе. А Міцкевіч — у 1819-м... У кнігах навучэнцаў (студэнтаў) яго імя фігуруе поруч з імёнамі Міцкевіча, Дамейкі, іншых філаматаў, філарэтаў. Потым ён, іераманах, стаў наглядчыкам (кажучы сучаснай мовай — рэктарам) Мілецкага духоўнага вучылішча, у якім навучаліся дзеці духавенства Віленскай епархіі. Сільвестр адстойваў перад Сямашкам права на навучанне дзяцей на роднай мове. У 45 гадоў пакінуў духоўны са, пашлюбаваўся з прыыгажуняй Марыянай Вайніловіч, сваячкай Адама Міцкевіча. У іх нарадзіўся сын — мой дзядуля Антоні... Дарэчы, другі хрост маці Адама Міцкевіча Барбары Радзівіл адбыўся ў Скіп’ёве, гэта паблізу Цімкавіч. Так што, карані Міцкевіча па матчынай лініі ў Капылі і каля Капыля (тагачасны Наваградскі павет)... 

Крыху з біяграфіі вучонага і пісьменніка Алеся Іванавіча Бельскага. У 1980 — 1981 гг. працаваў старшым піянерважатым Руднянскай васьмігадовай школы. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1986). Працаваў настаўнікам у СШ N 55 г. Мінска, быў намеснікам дырэктара Слабадской васьмігадовай школы Мінскага раёна (1985 — 1986). З 1986 года па цяперашні час у БДУ: аспірант, выкладчык, дацэнт, загадваў кафедрай даўніверсітэцкай адукацыі, дактарант, з 1999 г. — прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры. У 2000 — 2002 гг. узначальваў лабараторыю літаратурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі. З 2001 года адначасова галоўны рэдактар навукова-метадычнага часопіса «Беларуская мова і літаратура». З 2004 года — намеснік галоўнага рэдактара навукова-метадычнага часопіса «Роднае слова». Аўтар кніг «Галасы і вобразы», «Класікі і сучаснікі ў школе», «Экалогія душы» і іншых асобных выданняў, а таксама Алесь Іванавіч з’яўляецца аўтарам болей як 500 літаратурна-крытычных артыкулаў, творчых партрэтаў, рэцэнзій. 

... Адзін з адкрывальнікаў Навагрудка, Навагрудчыны як прасторы, што натхняе на творчыя здзйясненні, — празаік, паэт, публіцыст Валерый Мікалаевіч КАЗАКОЎ (нарадзіўся 26 кастрычніка 1952 года на Магілёўшчыне, у Чавускім раёне, на чыгуначнай станцыі Рэста). Стала ён жыве ў Расійскай Федэрацыі, у Маскве. Болей паўвека назад быў прызваны ва Узброеныя сілы СССР, стаў ваенным журналістам, працаваў у «Красной звезде», закончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага. Так і застаўся ў Расіі... Піша ў асноўным на рускай мове. А вось у Беларусі заснаваў лецішча — у Карэліцкім раёне, на хутары паблізу вёскі Літараўшчына. А гэта, як вядома, Райцаўскі сельсавет... Прастора вёсак Варонча, Гарбатавічы, Рамейкі... Не так далёка і да Навагрудка... Расказвае сам Валерый Мікалаевіч:

— Вось што напісалася мне раней, калі толькі зазірнуў, увайшоў у стыхію навагрудскіх летапісаў... Дазвольце працытаваць тое эмацыйнае назіранне цалкам: «Час рухаецца незалежна ад нас і хацелі б мы таго ці не, ён нам не падуладны. Тое, што было, ужо ёсць, а што будзе прыхавана шэрай посцілкай нашай сённяшняй рэчаіснасці і толькі пражыло мінуту, гадзіну, дзень, год, мы ўпэўнена можам сказаць, гэта ўжо ёсць і будзе ў стагоддзях.Але што нам стагоддзі, калі сённяшняя нястача і клопаты гоняць нас па вылізаных жорсткіх стагоддзямі дарогах хуткаплыннага жыцця? Але ёсць падзеі, аб каторыя ты спатыкаешся, і нікчэмнасць побытавай камуналкі ляціць некуды далёка, і для цябе адкрываецца прадонне бяздоннага неба і невынішчальнайя моц твайго каштоўнага і гэткага ж бясконцага існавання, роўнага глытку свабоды і ўсяго Сусвету.

Гэта было ўжо даўно, гадоў дваццаць, а мо і болей, таму. Была восень. Ізноў восень, я асенні і заўсёды яе чакаю. Чакаю самазабыўна, па-хлапечы, як быццам гэтай восенню адбудзецца нешта незвычайнае! І яно здзяйсняецца! Можа быць, толькі і я, і ўсе навокал не заўсёды гэта заўважаем.

Рабая восень са скуластым тварам крывіцкага сонца глядзела на свет раскосай жоўтай лістотай таполяў. Гэтыя вочы марудна слізгацелі ў празрыстым бліскучым паветры і, некалькі разоў міргануўшы, з лёгкім шорахам апускаліся на зямлю. Я ішоў па асенняму дывану, які лёгка шапацеў. Дзікі, як начное выццё ваўка, сум марудна ўсплываў у душу. Хацелася сарваць вопратку і, скурчыўшыся ад дотыку звярынай скуры да голага цела, разарваць нябачную заслону часу і заскакаць вакол вогнішча з вялікім бязважкім бубнам у руках. Хацелася да вытокаў, галава кружылася падобна лістоце, і гэтае кружэнне набывала сілу, якая аддзяляла дух ад цела. Марудна гасла сонца, прастора сціскалася, яшчэ імгненне — і ўвесь гэты велізарны свет пераўтварыўся ў дробную, ледзьве бачную кропку. Пад шчыльна сціснутымі павекамі ўжо пульсіравала светлая пустэча. Палёт пачаўся. Аднак нейкая невядомая сіла раптоўна вярнула ўсё на свае месцы.

Ціха падала лістота. Сонца прыжмурвалася блакітнымі, беларускімі вачыма святога Мікалая. Хацелася плакаць і маліцца...» Так, усё гэта напісалася даўно, пасля майго пагружэння ў летапісныя прасторы края, дагэтуль мною не асэнсаванага як след, каря, які дагэтуль знаходзіўся на адлегласці ад мяне. Менавіта перад чорным ангелам на гарадскім гербе, я злавіў сябе на думцы, што мая адзічалая ў чужых землях сутнасць, пэўна, вярнулася ўсё ж дадому. Пазней, у сляпучых завеях, якія прывольна гулялі над дахамі майго карэліцка-наваградскага хутара, я ўбачыў, а можа і ўявіў, малюнкі мінулага маёй роднай зямлі. Размаўляў з Міндоўгам, нашым першым і адзіным каралём. Можа быць, некалі напішу пра нашы гутаркі і спрэчкі. Глупства, канешне ж, але я хадзіў у госці да Міцкевіча, балазе ён нарадзіўся ад майго сённяшняга прытулку ўсяго праз чатыры грудочкі, у Завоссі, цяпер ужо баранавіцкім, ды і сам гэты хутар, маёй душы хутар, набыў я ў Сапліц, даўніх сяброў і ворагаў прашчураў пана Адама... Ад маёнтка, дзе жыло першае і адзінае каханне нашага генія, застаўся толькі запушчаны парк. Шкада, мне нават неяк няёмка перад душамі гэтых людзей. Можа і так стацца, што яны жывыя і дагэтуль на знаёмых нам прасторах, а не мы... Што ж ужо сарамліва адварочвацца, шмат хто і з нашых сучаснікаў бачыць на гэтых летапісных прасторах, у гэтай летапіснай прыгажосці адно толькі надоі малака і цэнтнеры кармавой пшаніцы. «Не хлебам адзіным жыве чалаек», калі ён захаваў у сабе вобраз Божы, але часта мы пра гэта згадваем..? Хто спасціг веліч Навагрудка, станавы хрыбет нашай дзяржаўнасці і незалежнасці, той ужо з гэтай Замкавай гары не сыйдзе і толькі Чорны Ангел праз стагоддзі будзе ўзнёсла лунаць над нашымі галовамі... 

Валерый Казакоў пасля заканчэння сярэдняй школы ў Магілёве працаваў на Магілёўскім ліфтабудаўнічым заводзе. Тэрміновую службу магіляўчанін праходзіў у Эстоніі і Групе савецкіх войск у Германіі. Закончыў Валерый Казакоў вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча. Служыў на розных камандных пасадах ва Узброеных сілах СССР. Некаторы час — карэспандэнтам газеты Міністэрства абароны СССР «Красная звезда». Член Саюза журналістаў СССР. Пасля звальнення з вайсковай службы — у Расійскім Саюзе ветэранаў Афганістана, Савеце Бяспекі Расійскай Федэрацыі, Адміністрацыі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. Палкоўнік запаса. Узнагароджаны трыма расійскімі ардэнамі, болей як 40 медалямі СССР, Расійскай Федэрацыі. А таксама — медалём Францыска Скарыны (Рэспубліка Беларусь). Закончыў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, абараніў дысертацыю. Кандыдат сацыялагічных навук. Узначальваў ФНКА «Беларусы Расіі». Надзвычай шмат рэалізаваў ініцыятыў, звязаных з напаўненнем музеяў Беларусі страчанымі раней мастацкімі каштоўнасцямі. Член Саюза пісьменнікаў Расіі і Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай Дзяржавы. Аўтар кніг прозы і публіцыстыкі «Разбітае люстэрка Карабаха», «Асфальт і цені», «Запіскі каланіяльнага чыноўніка», «Халопы», «Цень Гобліна», «Горад, які заўсёды са мною», «Чорны кот», паэтычнага зборніка «Філасофія гука», іншых выданняў. Творы Валерыя Казакова перакладзены на беларускую, англійскую, польскую, чарнагорскую, таджыкскую, туркменскую, марыйскую, казахскую, сербскую і іншыя мовы народаў свету. 

Беларускі чытач добра ведае паэта, перакладчыка, публіцыста Міколу МЯТЛІЦКАГА (1954 — 2021), які нарадзіўся ў вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна, на Гомельшчыне. Мікалай Міхайлавіч — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1998), лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры (за кнігу перакладаў з кітайскай паэзіі «Пад крыламі Дракона»). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2010). Аўтар многіх паэтычных кніг. Ёсць у творчай спадчыне паэта і верш, прысвечаны жамчужыне беларускай прыроды, — «Свіцязь»:

Шчаслівы, што ў вадзе празрыстай самай

Салодка млела ў юнацтве цела,

І возера стагоддзяў галаграмай

Пад небнаю сінечай зіхацела. 

Быў чутны пошчак дзятлавай марзянкі

Над сонечна-праменным даляглядам,

Дзе вочы незабыўнай свіцязянкі

Зліваліся з Міцкевіча паглядам. 

Я скмеціў міг той, што вякі чаруе,

Жыве нязбытай сілаю кахання,

І чуў: яна, Паэзія, царуе

У чуйным ветру ранішнім дыханні,

У пошапку зраселае лістоты,

У пошуме падсіненае хвалі. 

Яе жывыя, сонечныя ноты

Пяшчотаю на сэрца наплывалі. 

І ўбачыў я знаёмае аблічча — 

Стаяў Паэт над возерам, як віцязь,

І білася ля ног парыўна-звычна

Яго — навекі,

На век — наша

Свіцязь. 

Мне асабліва прыемна, што гэты верш увайшоў у кнігу «Існасць» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2020), якую Мікалай Міхайлавіч падпісаў аўтару гэтых радкоў наступным чынам: «Дарагому Алесю Мікалаевічу Карлюкевічу — з удзячнасцю за тое, што ў нялёгкі наш час дапамог дайсці да «Існасці». Здароўя, шчасця, дабра. Мікола Мятліцкі . 12.07. 2020 г.» Дзякуй, Мікалай Міхайлавіч, за Свіцязь!.. Нагадаем, што Мікола Мятліцкі — аўтар паэтычных кніг «Абеліск у жыце» (1980), «Мой дзень зямны» (1985), «Ружа вятроў» (1987), «Горкі вырай» (1989), «Шлях чалавечы» (1989), «Палескі смутак» (1991), «Блаславенне» (1991), «Няправільныя санкі» (1991), «Чаканне сонца» (1994), «Бабчын» (1996), «Хойніцкі сшытак» (1999), «Жыцця глыбінныя віры» (2001), «Замкнёны дом» (2005), «На беразе маім» (2010) і іншых зборнікаў. 

Часты госць на Навагрудчыне — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы беларускі філакартыст, краязнаўца Уладзімір Ліхадзедаў (нарадзіўся ў 1965 годзе ў Полацку). Закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры. Аўтар многіх публікацый, дзе з дапамогай рэпрадукцый старых паштовак з уласнай калекцыі (а яна сёння складае некалькі дзесяткаў тысяч паштовак канца XIX — пачатку XX стст.) расказвае пра даўніну беларускіх паселішчаў. Друкаваўся ў газетах «СБ. Беларусь сегодня», «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», часопісах «Банкаўскі веснік», «Беларусь», «Маладосць». Пачынаючы з 2004 года, Уладзімір Ліхадзедаў выдаў серыю філакартычных альбомаў пад агульнай назвай «У пошуках страчанага». Усяго да чытача прыйшло болей як сорак кніг краязнаўца і калекцыянера. Гістарычныя вышукі Уладзіміра Ліхадзедава адзначаны Прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», Прэміяй Беларускага Саюза Журналістаў «Залатое пяро», расійскай грамадскай узнагародай «За вялікі ўклад ў калекцыйную справу Расіі», Прэміяй Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Пісьменнік, краязнаўца з’яўляецца і аўтарам філакартычных альбомаў «Навагрудак. Падарожжа ў часе» (2019), «Адам Міцкевіч на паштоўках канца XIX — пачатку XX стагоддзя» (2008), якія тэматычна звязаны з Навагрудчынай, Навагрудкам. У прадмове да філакартычнай кнігі пра Навагрудак «Ведай мінулае, любі цяперашняе, думай пра будучыню» чытаем наступнае: «У кожнага чалавека ёсць свой любімы горад. Часцей за ўсё гэта горад, дзе праімчалася дзяцінства, бо менавіта з ім звязаныя самыя дарагія сэрцу ўспаміны. Гэтаму гораду зусім не абавязкова быць сталіцай, горадам-мільянерам, ён можа быць маленькім, ціхім, але вельмі родным... <...> Навагрудак цікавы для турыстаў з розных краін. Пакланіцца святыням Навагрудскага краю, памяці славутых землякоў прыязджаюць госці з блізкага і далёкага замежжа. 

Пра Навагрудчыну, пра важныя факты яе гісторыі, падзеі, людзей можна гаварыць бясконца. Але адно можна сказаць з упэўненасцю: сёння Наваградчуна дынамічна развіваецца. Абапіраючыся на шматвяковыя традыцыі, досвед ветэранаў і энергію маладых, талент і працавітасць жыхароў горада і раёна, у міры і згодзе, мы поўныя рашучасці зрабіць годны ўнёсак у вытворча-эканамічнае і сацыяльна-культурнае развіцц Рэспублікі Беларусь, перадаць эстафету добрых спраў і здзяйсненняў наступным пакаленням. 

Гісторыя перапісваецца, бо чалавечая памяць кароткая. І толькі старыя фатаграфіі захоўваюць маўклівую праўду аб мінулым і абуджаюць жаданне зразумець той час і тых людзей, якія ўзіраюцца з пажоўклых фота ў будучыню. Старыя здымкі відавочна паказваюць тыя ці іншыя падзеі і як успрымалі людзі тое, што адбывалася. І хай маўчыць фатаграфія, але не маўчыць памяць, якая перадае з пакалення ў пакаленне гісторыю нашай малой радзімы — Навагрудчыны». 

Кніга Уладзіміра Ліхадзедава, прысвечаная Навагрудку, складаецца з наступных раздзелаў: «Навагрудак. Канец XIX — пачатак XX стагоддзя»; «Навагрудак. 1915 — 1918 гады»; «Навагрудак. 1920 — 1930-я гады»; «Адам Міцкевіч. Мясціны любыя сэрцу». Магчыма, Уладзімір Ліхадзедаў праз свае філакартычныя альбомы яшчэ і надалей звернецца да гісторыі Навагрудскага краю. 

Віктар Сабалеўскі, паэт, празаік, публіцыст, нарадзіўся ў Стаўбцоўскім раёне, на Міншчыне. Доўгія гады працуе ў раённай газеце ва Уздзе. Аўтар некалькіх кніг паэзіі. Не так даўно, у 2016 годзе, у мінскім выдавецтве «Каўчэг» пабачыла свет кніга прозы і публіцыстыкі Віктара Сабалеўскага «Бясцэнны скарб». З прадмовы да кнігі — «З цеплынёй і павагай», аўтарам якой з’яўляецца добра вядомы беларускі дзіцячы пісьменнік, паэт, празаік, перакладчык Генадзь Аўласенка: «...Другі раздзел кнігі называецца «Сцежкамі натхнення. Пачынаецца ён нарысам «Да бацькі Нёмана». Чытаеш і міжволі адчуваеш усю прыгажосць і непаўторнасць Прынямоння. Адразу ж хочацца кінуць усё і махнуць туды, хоць на які тыдзень, на дзень, але абавязкова ўлетку... Цыкл замалёвак пад агульнай назвай «Паклікала лета ў вандроўку» аб тым, як у пачатку ліпеня 1997 года члены літаратурнага аб’яднання «Нёманец» здзейснілі турыстычную паездку па найбольш вядомых у гістарычным, літаратурным і краязнаўчым плане раёнах Мінскай і Гродзенскай абласцей. Нясвіж, Зэльва, Навагрудак, Мір, Стоўбцы, Акінчыцы — вось няпоўны пералік мясцін, у якіх пабывалі літаратары Уздзеншчыны...» «З Зэльвы, — піша Віктар Сабалеўскі, — мы накіраваліся на Навагрудчыну. «Правароніўшы» патрэбны нам паварот на Наваельню, вымушаны былі пераадолець некалькі лішніх дзесяткаў кіламетраў у бок Ліды, пасля ўжо звярнуць да адной з першых сталіц беларускай дзяржавы. 

Навагрудчына. Край, так прыгожа апеты Адамам Міцкевічам...» 

Віктар Сабалеўскі расказвае пра знаёмства з «рэшткамі палаца на Замкавай гары — кавалкам цаглянай сцяны...» Піша пра ўражанні ад сустрэчы з помнікам вялікаму паэту, пра экскурсію ў Міцкевічаўскі музей. І пераходзіць да іншых краёвых сцежак: «Знаходзячыся на Навагрудчыне, не змаглі не наведаць мясцовую прыродную жамчужыну — возера Свіцязь...» І далей: «Адшукаўшы каля возера глухі куточак <...> расставілі палаткі. Вада ў возеры чыстая, празрыстая, бачны кожны каменьчык, кожная травінка на дне. З усіх бакоў падступаюць да вады векавыя дубы і елкі, якія так многа чаго помняць і ведаюць...<...> У такіх абставінах па-новаму загучала ў нашым уяўленні паэзія Міцкевіча, узнаўляўся паэтычны летапіс тых часоў». Сціплыя радкі ўзденскага журналіста і пісьменніка Віктара Сабалеўскага пра літаратурныя мясціны Навагрудчыны — сведчанне таго, што ў гэтую старонку, у гэты паэтычны край імкнуцца многія творчыя людзі. Імкнуцца дзеля таго, каб набраць натхнення, напоўніць сваю свядомасць уражаннямі і творчымі задумкамі. Святло Навагрудчыны нараджае мастацкія, творчыя ідэі. І, як мне асабіста падаецца, наспела пільная патрэба ў стварэнні асобнага краязнаўчага музея «Літаратурная Навагрудчына»... Чаму б такому музею не паўстаць у самім Навагрудку?!. У такой скарбонцы памяці будуць не толькі ладзіцца экскурсіі, але ён стане і цэнтрам навукова-даследчыцкай працы. У такі музей найперш будуць ехаць, будуць ісці, каб зрабіць альбо агучыць, падараваць іншым пэўныя знаходкі і памяткі пра Навагрудчыну літаратурную, пра тое, якімі фарбамі і краскамі на гэтай зямлі, у гэтым шчодрым на таленты краі разлівалася святло беларускага прыгожага пісьменства. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.