Электаральная кампанія, развіццё міжнародных адносін і мадэрнізацыя сістэмы адукацыі — гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі на інфармацыйна-асветніцкім праекце «Адкрытае веданне». Тады ў гандлёвым цэнтры Сталіцы сабралася некалькі сотняў чалавек, а ў ролі спікераў выступілі аўтарытэтныя эксперты. Кожны ўдзельнік мог паразмаўляць з імі ды задаць абсалютна любыя пытанні. Карэспандэнты «Звязды» далучыліся да асветніцкага праекта і высветлілі, што сёння хвалюе сталічную моладзь.
«Самае галоўнае сёння нават не тое, што мы маем зносіны з моладдзю на гэтай пляцоўцы, а тое, што мы з упэўненасцю глядзім у моцную і шчаслівую будучыню нашай Беларусі — звярнуўся да прысутных міністр адукацыі Беларусі Андрэй ІВАНЕЦ. — Найперш, мы павінны быць удзячныя, што ў нас ёсць наш лідар, наш Прэзідэнт. З першых дзён яго прыходу на гэты важны і адказны пост у цэнтры ўвагі быў і застаецца чалавек, а таксама сацыяльная сфера, адукацыя і маладзёжная палітыка».
Андрэй Іванец адзначыў шэраг дасягненняў сістэмы адукацыі суверэннай Беларусі, сярод якіх — стопрацэнтная даступнасць дашкольнай адукацыі, магчымасць навучання для дзяцей з асаблівасцямі развіцця: «У 1994 годзе ахоп дашкольнай адукацыяй гарадской мясцовасці складаў 50 працэнтаў, а ў сельскай мясцовасці — крыху больш за 20 працэнтаў. Калі простымі словамі, фактычна толькі кожнае пятае дзіця ў сельскай мясцовасці магло хадзіць у дзіцячы сад. Сёння дзяржава выконвае ўсе сацыяльныя стандарты незалежна ад месца пражывання грамадзян: будзь гэта сталіца або малыя населеныя пункты».
Сёння школа і агульная сярэдняй адукацыя з’яўляюцца абавязковымі. «Гэта нармальна, правільна, і мы ганарымся гэтым. Дзецям з абмежаванымі магчымасцямі наша дзяржава дае не толькі магчымасць навучацца, але і, фактычна, выдае пуцёўку ў жыццё. У адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі такія дзеці вучацца ў інтэграваных класах, яны наведваюць спецыяльныя цэнтры, якія створаны ў кожным рэгіёне», — падкрэсліў Андрэй Іванец.
Па словах міністра, практычна 90 працэнтаў дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзяцца на сямейных формах уладкавання: «Мы сталі ствараць дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, У нас з’явілася новая прафесія бацька-выхавальнік. Гэта дарослы чалавек, які хоча падарыць часцінку свайго цяпла, сваёй душы тым дзецям, якім не пашчасціла мець тату і маму».
У Беларусі клапоцяцца і аб адоранай моладзі. «За апошнія чатыры гады каля 350 медалёў з міжнародных алімпіяд прывезлі адораныя школьнікі. А сёлета юныя матэматыкі зрабілі фурор: наша каманда заняла на міжнароднай алімпіядзе пятае месца, абагнаўшы ўсе еўрапейскія краіны. Сёння наша дзяржава дае магчымасць кожнаму пры наяўнасці жадання, цікавасці і здольнасцяў рэалізавацца. Хтосьці стане педагогам, хтосьці стане вучоным або спартсменам. Адважвайцеся, вучыцеся, працуйце — і ўсё абавязкова атрымаецца, таму што Беларусь — гэта краіна магчымасцяў», — падкрэсліў Андрэй Іванец.
Пасля ўступнага слова міністра адукацыі кожны жадаючы мог задаць пытанні, якія цікавяць. А іх было дастаткова. Маладыя людзі сталі ў вялікую чаргу, каб пацікавіцца перспектывамі развіцця сістэмы адукацыі, даведацца пра тое, ці плануецца скарачэнне тэрмінаў навучання ў ВНУ і павелічэнне стыпендый, ці стане больш у школах кітайскай мовы, якая сёння карыстаецца вялікай папулярнасцю, як арыентавацца ў бязмежнай інфармацыйнай прасторы і адрозніваць праўду ад хлусні і многае іншае.
Так, студэнтка БДЭУ задала пытанне міністру аб скарачэнні тэрмінаў навучання і перспектывах развіцця сістэмы адукацыі. «Сёння сістэма вышэйшай адукацыі сапраўды якасная. У залежнасці ад спецыяльнасці, якую вы атрымліваеце, тэрміны навучання могуць вар’іравацца ад чатырох да шасці гадоў. Сёння Кодэксам аб адукацыі прадугледжана паглыбленая вышэйшая адукацыя. Палова дзевяцікласнікаў пасля заканчэння школы паступаюць у каледж. Мы заўсёды кажам: каледж — гэта не заканчэнне адукацыі. Гэта адна з прыступак, якую можна прайсці і ў наступным атрымаць вышэйшую адукацыю. Цалкам заканамерна тое, што маладыя людзі ў каледжах атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю, а затым, па роднаснай спецыяльнасці паступаюць ва ўніверсітэт. Яны не павінны паўтараць тое, што ўжо вывучылі ў каледжы. Яны павінны атрымаць тыя веды, якія дазволяць паглыблена вывучыць спецыяльнасць. Таму з гэтага года мы будзем рабіць скарачэнне тэрмінаў навучання па інтэграваных спецыяльнасцях», — адказаў Андрэй Іванец.
Адзін са студэнтаў БНТУ пацікавіўся праходзячай электаральнай кампаніяй. Акрамя таго, маладога чалавека цікавяць планы развіцця сістэмы адукацыі на будучую пяцігодку. «Сёння мы паказваем тое, што было зроблена за апошнія 30 гадоў. Як кажа наш Прэзідэнт, любыя навіны павінны быць заснаваныя на праўдзе, і ў гэтым наша сіла. Што датычыцца наступнай пяцігодкі, па даручэнні кіраўніка дзяржавы мы працуем над стварэннем адукацыйнага хаба сусветнага ўзроўню на базе аднаго з універсітэтаў нашай краіны. Я ўпэўнены, што кожны малады чалавек, які заканчвае школу, з велізарным задавальненнем будзе імкнуцца паступаць у гэтую ўстанову вышэйшай адукацыі», — сказаў Андрэй Іванец.
Пацікавіліся ў міністра адукацыі і тым, як супрацьстаяць фэйкам і дэзінфармацыі. «На жаль, людзі ў хлусню, заснаваную на праўдзе, вераць больш за ўсё. У 2020 годзе гэта вельмі ўмела выкарыстоўвалі апаненты нашай улады. Яны бралі нейкую падзею з рэальнага жыцця і дадавалі туды абсалютную небыліцу, тым самым выклікаючы пэўныя эмоцыі і спрабуючы ўздзейнічаць на нашу моладзь. Гэта досыць апрацаваная тэхналогія ўздзеяння на масы, на розумы, — заўважыў Андрэй Іванец. — Я думаю, каб процідзейнічаць гэтаму, трэба ўсё ставіць пад сумненне, правяраць інфармацыю з некалькіх крыніц. На сустрэчы са студэнтамі ва ўніверсітэце замежных моў кіраўнік дзяржавы заклікаў чытаць дзяржаўныя СМІ, каб ведаць дакладную інфармацыю».
Стыпендыя і яе памер — гэта тое, што хвалявала студэнтаў ва ўсе часы. Не менш важнае пытанне павелічэння стыпендый і сёння. Пра тое, ці плануецца гэта павелічэнне, студэнты спыталі ў міністра. «Мы зараз разглядаем гэтае пытанне. У першую чаргу яно датычыцца тых людзей, якія вучацца на спецыяльнасцях, найбольш запатрабаваных для эканомікі. Гэта будучыя інжынерныя кадры, педагогі і медыкі. Павелічэнне стыпендый робіцца для таго, каб прастымуляваць моладзь атрымліваць тыя прафесіі, якія сёння найбольш патрэбныя для нашай краіны».
У размове журналістамі міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў: «Сёння мы можам смела сцвярджаць, што за 30 гадоў у нашай краіне была выбудаваная вельмі магутная, моцная сістэма адукацыі на ўсіх узроўнях. Мы забяспечваем фактычна стопрацэнтны абхват маладых людзей дашкольнай адукацыяй, а 30 гадоў таму гэтая лічба не перавышала і 50 працэнтаў. Практычна кожнае другое дзіця дашкольнага ўзросту было пазбаўлена магчымасці наведваць дзіцячы сад, застаючыся дома. Сёння кожны малады чалавек мае доступ да якаснай агульнай сярэдняй адукацыі. У тым ліку і дзеці, якія маюць асаблівыя адукацыйныя патрэбы. Яны маюць магчымасць навучацца ў інтэграваных класах».
Як адзначыў міністр, якасць прафесійнай і вышэйшай адукацыі Беларусі пацвярджаецца тым, што, напрыклад, БДУ ўваходзіць у адзін працэнт лепшых ВНУ свету. Андрэй Іванец падзяліўся таксама і тым, што 30 гадоў таму, нягледзячы на цяжкасці, ён асабіста мог адчуць дух новага часу: «Успамінаючы тыя гады, разумееш, што сёння мы жывем у абсалютна іншай краіне. Важна тое, што мы змаглі захаваць савецкую спадчыну і ступіць далёка наперад. Нашу краіну бачаць, чуюць, паважаюць, і мы з’яўляемся актыўнымі ўдзельнікамі фарміравання палітычных працэсаў міжнароднага парадку дня і, у першую чаргу, гэта заслуга нашага Прэзідэнта, нашага лідара Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі».
У апошні час сустрэч з моладдзю вельмі шмат, і радуе тое, што ёсць зваротная сувязь. Пра гэта заявіла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага гарвыканкама Вольга ЧАМАДАНАВА: «Гаворачы аб сённяшняй тэме, хачу адзначыць, што ўзлёт у нашай суверэннай Беларусі быў вельмі складаны. Якім ён быў, вы можаце ўбачыць і на фота, і ў дакументальных хроніках. Але і ў нашым школьным і студэнцкім жыцці было шмат цікавага, нягледзячы на цяжкасці. І я хачу сказаць, што мы былі шчаслівы жыць у сваёй краіне. Мы разумелі, што наша сіла ў тым, каб мы, атрымаўшы адукацыю, пойдзем працаваць, уносіць свой уклад у развіццё краіны. За 30 гадоў мы захавалі прамысловы патэнцыял, адкрылі шэраг сучасных вытворчасцяў і аб’ектаў па ўсёй Беларусі. Самае важнае для вас не толькі карыстацца гэтымі дасягненнямі, развіваючыся ўсебакова, але і захаваць іх».
Па яе словах, тэма, якая была прапанаваная ў рамках праекта «Адкрытае веданне», будзе актуальная ва ўсе часы: «Казаць пра самае галоўнае, што зроблена за гэтыя 30 гадоў, пра тыя дасягненні, якія ўслаўляюць нашу краіну, для моладзі асабліва важна. Яна хоча бачыць Беларусь квітнеючай. І якой краіна будзе заўтра — шмат у чым залежыць менавіта ад маладых людзей. І мы бачым, што наша моладзь разумее: краіна ў нас адна, і ніхто, акрамя нас, яе не зберажэ так, як завешчана нашымі дзядамі і прадзедамі. Мы заўсёды будзем гаварыць аб гістарычнай памяці, ганарыцца дасягненнямі прамысловасці, захоўваць і прымнажаць тое, што дасталася ў спадчыну ад старэйшых пакаленняў».
На сустрэчы з моладзю адбылася прэзентацыя дакументальна-аналітычнага серыяла «Час выбраў нас». Цыкл раскрывае падрабязнасці пераадолення наступстваў распаду СССР і развіцця Беларусі як суверэннай дзяржавы і дазваляе зірнуць на шматлікія важныя падзеі з новага ракурсу. Вольга Чамаданава параіла кожнаму паглядзець гэты цыкл: «Таму што лепш адзін раз убачыць, чым 100 разоў пачуць пра тое, як гэта было. Мы ўсе вучыліся, жылі і жывем у розны час. Я хадзіла ў савецкую школу. У 1994 годзе я ўжо была студэнткай. І нягледзячы на ўсе складанасці, гэта быў класны час».
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама дадала, што ганарыцца тым, пра што сёння з высока паднятай галавой расказваюць эксперты: «Бо на самай справе за гэтыя 30 гадоў было зроблена вельмі многае. Я ўвесь час здзіўляюся, як можна было захаваць гэты прамысловы патэнцыял, пра які сёння мы з такім задавальненнем гаворым. Гэта было вельмі складана, і, на той момант, я лічу, што практычна немагчыма. Але тым не менш мы захоўвалі асноўныя прамысловыя флагманы нашай краіны: МАЗ, МТЗ, БЕЛАЗ і многія іншыя. Паглядзіце, як сёння ўсё паспяхова развіваецца ў нашай краіне, адкрываюцца новыя ўстановы адукацыі, мегаспартыўныя комплексы і многае іншае».
Вольга Чамаданава закранула таксама і тэму прэзідэнцкіх выбараў: «26 студзеня 2025 года — дзень выбараў Прэзідэнта Беларусі. Цяпер мы ўсе ўцягнутыя ў гэты працэс, і я з вялікім задавальненнем дзякую ўсім, хто сёння прымае актыўны ўдзел у гэтай лёсавызначальнай падзеі».
Пасля ўступнага слова Вольгі Мікалаеўны, кожны жадаючы мог задаць ёй любыя пытанні. Так, студэнтка БДУКМ адзначыла станоўчую дынаміку развіцця нашай суверэннай краіны. Яна спытала, ці сталі грамадзяне больш актыўнымі і падкаванымі ў ідэалагічным і патрыятычным аспектах і ці сталі яны больш актыўна прымаць удзел у грамадска-палітычным жыцці краіны. «Я магу смела сказаць, што насельніцтва не толькі нашай сталіцы, але і рэгіёнаў стала не проста патрыятычна падкаваным. Патрыёты былі заўсёды і ва ўсе часы. Сёння людзі сапраўды сталі больш шанаваць і паважаць тое, што было ім завешчана зберагчы і працягваць. Нарэшце многія вярнуліся да сваіх каранёў, акунуліся ў сваё мінулае. Мы вельмі шмат надаем увагі гістарычнай памяці. Сёння нікому з вас не трэба казаць пра тое, што 9 мая мы ідзем ўскладаць кветкі. Хіба я ці нехта іншы сёння павінны гэта гаварыць? Вядома, вы самі ўсё выдатна разумееце, што ў гэты святы дзень для нашай Радзімы мы ўсе будзем аддаваць даніну памяці героям, калі прыедзем да Вечнага агню. У гэтым няма сумненняў».
Вольга Чамаданава нагадала таксама і пра «Марафон адзінства», які ахапіў усю краіну: «Людзі сустракаюцца па ўсёй краіне і разумеюць, што няма нічога ў жыцці даражэйшага, чым бяспека і мірнае неба над нашай галавой. Таму, дарагія сябры, яшчэ раз паўтару: патрыёты былі заўсёды. А тое, што трэба любіць сваю Радзіму, кожны разумее з нараджэння. Як з’явілася дзіцяці на свет, так і павінна яно гэта разумець і адчуваць, бо па-іншаму і быць не можа. Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
фота Віктара ДРАЧОВА
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.