Вы тут

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску


Рэспубліканская грамадска-культурная акцыя «Марафон адзінства» яркім канцэртам развіталася з жыхарамі і гасцямі фестывальнага Віцебска. Два дні ў горадзе на Дзвіне былі насычаны выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі, на якіх як ніколі панавала атмасфера адзінства беларускага народа.


Падзяка працаўнікам і эфектыўны фармат

Першы дзень «Марафону адзінства» зарадзіў віцябчан святочным настроем на ўсіх вуліцах і прадпрыемствах горада. Ужо вядомы беларускім рабочым праект «Разам працуем, разам спяваем!» 29 лістапада завітаў на Вітбудтэхмаш, Віцебскі футравы камбінат і ў лакаматыўнае дэпо Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі. Проста на працоўных месцах для людзей выступілі зоркі беларускай эстрады, са словамі падзякі звярнулася да сваіх работнікаў кіраўніцтва прадпрыемстваў.

Менавіта адзінства з’яўляецца асновай далейшага росквіту Беларусі. Калі мы адзіныя, мы можам пераадолець любыя цяжкасці на шляху да будучыні, напоўненай новымі магчымасцямі, — такім быў лейтматыў канцэртаў у вытворчых цэхах. Праект знайшоў моцны водгук у сэрцах многіх работнікаў, «найлепшы цімбілдынг» — менавіта так ахарактарызавалі канцэрты рабочыя ўсіх узростаў.

Яшчэ адзін важны праект быў рэалізаваны на пляцоўках Віцебскага футравага камбіната і вытворчага аб’яднання «Энергакамплект». У рамках ініцыятывы «Адну справу робім» калектыў і кіраўніцтва камбіната сустрэліся з калегамі прадпрыемстваў «Чырвоны Кастрычнік» і «ВітМА», якія з’яўляюцца часткай холдынга «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка». Працаўнікі змаглі напрамую задаць пытанні заснавальніку холдынга Мікалаю Мартынаву. «Для таго каб дасягнуць усяго таго, што мы задумалі, патрэбен прамы кантакт, вочы ў вочы. Такое ўзаемадзеянне дае свае вынікі. Гэта больш эфектыўна, чым абмяркоўваць справы па тэлефоне на адлегласці», — падвёў вынікі сустрэчы з калегамі Мартынаў.

Вытворчае аб’яднанне «Энергакамплект» прымала ў Віцебску работнікаў завода «Палімір» ААТ «Нафтан», прадпрыемствы супрацоўнічаюць ужо 30 гадоў. Кіраўнікі прамысловых флагманаў запэўнілі, што цеснае супрацоўніцтва дазваляе выпускаць якасныя тавары і дасягаць высокіх вынікаў, а калектывы не сапернічаюць паміж сабой. Генеральны дырэктар ВА «Энергакамплект» Андрэй Аўко, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, адзначыў, што сіла не ў грошах, а ў людзях, якія робяць прадпрыемствы такімі, якія яны ёсць сёння. Не абышоўся праект на прадпрыемствах без музычных падарункаў.

Наш агульны шлях

У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава са студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў горада сустрэўся Уладзімір Андрэйчанка ў рамках праекта «Маё жыццё. Мой выбар. Мой Прэзідэнт». Уладзімір Паўлавіч — знакавая асоба не толькі для краіны, але і для Віцебшчыны. З’яўляючыся старшынёй Віцебскага аблвыканкама з 1994 да 2008 года, ён зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё вобласці, паўплываў на ўмацаванне стабільнасці ў краіне як член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь першага, другога і трэцяга скліканняў, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з кастрычніка 2008 да сакавіка 2024 года.

Яго размова са студэнтамі сапраўды атрымалася адкрытай. Уладзімір Андрэйчанка многія гады працаваў побач з Прэзідэнтам і змог расказаць, колькі сіл прыклаў кіраўнік дзяржавы, каб Беларусь стала моцнай, экспартна арыентаванай краінай з развітой прамысловасцю, сектарам паслуг і сельскай гаспадаркай, самастойна ажыццяўляла ўнутраную і знешнюю палітыку, каб краіна выпрацавала мадэль сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, якая даказала сваю эфектыўнасць. «1990-я гады для нашай краіны былі цяжкімі. Добра, што з’явіўся такі чалавек, як Аляксандр Лукашэнка, які ведаў, што трэба народу і краіне: аднавіць і нарошчваць інтэграцыю з Расіяй, даць рускай мове, на якой гаварыла 80 працэнтаў насельніцтва Беларусі, статус дзяржаўнай, захаваць нашы прадпрыемствы-гіганты. Падыходы, якія былі выкладзеныя тады дэпутатам Аляксандрам Лукашэнкам, былі зразумелыя народу, і народ яго падтрымаў. Старэйшае пакаленне памятае, як раней беларусы на рэферэндуме выказаліся за захаванне Савецкага Саюза, але, нягледзячы на гэта, у Белавежскай пушчы ў 1991 годзе ўсё вырашылі інакш, 15 саюзных рэспублік разышліся. Людзі хацелі адзінства, а палітыкі да іх не прыслухаліся, і толькі Аляксандр Лукашэнка быў салідарны з меркаваннем народа. І цяпер Прэзідэнт думае і клапоціцца перш за ўсё пра дабрабыт і інтарэсы краіны, менавіта таму людзі яму давяраюць і бачаць у ім свайго нацыянальнага лідара», — расказаў Уладзімір Андрэйчанка.

На сустрэчы са студэнтамі і прадстаўнікамі грамадскасці ён гаварыў пра адказнасць моладзі за будучыню Беларусі, пра пераемнасць пакаленняў і пра важнасць бягучай электаральнай кампаніі.

Пасля адкрытай размовы малады спецыяліст ВДУ імя П. М. Машэрава Анастасія Ярошчанка адзначыла, што такія мерапрыемствы патрэбныя ўсім маладым грамадзянам нашай краіны. «Гэта неацэнны шанц мець зносіны з людзьмі, якія дасягнулі вяршынь, даведацца, якія „шышкі“ яны набілі ў працэсе станаўлення, у тым ліку ў палітычнай кар’еры. Цяпер вялікая колькасць моладзі імкнецца ў палітыку, і магчымасць такога жывога дыялогу з дзяржаўнымі дзеячамі каштуе дорага».

Новыя бібліятэчныя магчымасці

150 экзэмпляраў кніг і сертыфікат на падключэнне да электронных рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі атрымала Віцебская абласная бібліятэка імя У. Леніна, на пляцоўцы якой быў рэалізаваны праект «Веды без меж».

«Марафон адзінства» пастаянна пашырае кола праектаў у тым ці іншым рэгіёне. Сутнасць нашай акцыі — паказаць інтэлектуальнае і культурнае адзінства нашай краіны праз кнігу, электронныя рэсурсы. Ёсць такое паняцце — «сацыяльна значная літаратура». Можа, гэта гучыць некалькі бюракратычна, насамрэч гэта карысныя, важныя, актуальныя айчынныя выданні, якія паступаюць у Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Гэта кнігі пра Вялікую Айчынную вайну, генацыд беларускага народа, які праводзілі акупанты, пра нашых партызан, падпольшчыкаў, пра сучаснасць Беларусі, эканоміку, культуру, пра віцебскую зямлю. Гэта расстаноўка арыенціраў, прыярытэтаў, якія дапамагаюць выбудоўваць выхаваўчую работу. Мы дзелімся такой літаратурай з іншымі бібліятэкамі краіны», — адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін.

Таксама раённым бібліятэкам Вадзім Францавіч уручыў сертыфікаты на доступ да электронных рэсурсаў галоўнай бібліятэкі Беларусі. У Нацыянальнай бібліятэцы ёсць каля 700 тысяч алічбаваных дакументаў, для агульнага доступу прадастаўлена каля 130 тысяч выданняў. Цяпер жыхары раёнаў паўночнага рэгіёна змогуць атрымліваць доступ да іх, загадзя даведвацца, ці ёсць у Нацыянальнай бібліятэцы той ці іншы асобнік, і замаўляць яго.

Пра сутнасць «чацвёртай улады»

На пляцоўцы фудкорту ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «ТРЫА» 30 лістапада было як ніколі шматлюдна. Тут праходзіла «Знакавая сустрэча» моладзі і прадстаўнікоў грамадскасці са старшынёй Белтэлерадыёкампаніі Іванам Эйсмантам, генеральным дырэктарам БелТА Ірынай Акуловіч, а таксама з галоўным рэдактарам «Альфа Радыё» Вадзімам Шэпетам. У нефармальнай абстаноўцы спікеры тлумачылі, як не трапіць на інфармацыйныя фэйкі і адказвалі на хвалюючыя пытанні, у ліку якіх былі дзейнасць блогераў, пачатак журналісцкай кар’еры, правільнае арыентаванне ў інфармацыйным патоку і многія іншыя.

Іван Эйсмант распавёў пра тэндэнцыі развіцця медыяпрасторы. «Раней былі інтэрнэт, радыё, тэлебачанне. У наш час важная аператыўнасць падачы інфармацыі, як у інтэрнэце. Акрамя таго, цяпер усё змяшалася. Напрыклад, на радыё практычна кожная студыя абсталявана відэакамерай», — адзначыў ён і звярнуў увагу ўдзельнікаў сустрэчы на канкрэтныя прыклады інфармацыйных фэйкаў, на якія трапляюцца нашы суайчыннікі, і аб наступствах дэзынфармацыі не толькі на бытавым, але і на дзяржаўным узроўні.

У атмасферы свята

У другі дзень «Марафону адзінства» традыцыйны мурал «Будучыня Беларусі ў тваіх руках» упрыгожыў сцяну віцебскага Лядовага палаца спорту, дадаўшы яркія фарбы ў гарадскі пейзаж. Адметна, што ў Віцебску выяў з далонямі сям’і з’явілася дзве. Праект быў рэалізаваны дзякуючы сумесным намаганням Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ГА «БРСМ», Віцебскага абласнога штаба студатрадаў, абласнога і гарадскога выканкамаў.

Адначасова з адкрыццём муралу стартаваў гарадскі квэст «Гэта ўсё маё роднае», які пабіў некалькі рэкордаў рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі. Так, у інтэлектуальным і творчым спаборніцтве ўдзельнічалі 86 каманд, 775 чалавек. Тры каманды набралі максімальную колькасць балаў, адказваючы на пытанні па гісторыі краіны і горада на Дзвіне, — 120.

Упершыню падчас правядзення «Марафону адзінства» была прэзентавана выстава Міністэрства аховы здароўя «Беларусь. Медыцына. Будучыня», якая размясцілася на пляцоўцы ВДМУ. На ёй усе ахвотныя маглі азнаёміцца з інавацыйнымі распрацоўкамі ў сферы медыцыны і фармацыі, паспрабаваць свае сілы на медыцынскіх манекенах, трэнажорах, сімулятарах і інш.

Таксама ўпершыню ў рамках рэспубліканскай акцыі ў Віцебск прыехала спартыўная каманда па ралі-рэйдах МАЗ-СПОРТаўта. Удзельнікі свята атрымалі плакаты з легендарным грузавіком і аўтографы ад членаў каманды.

Яркім акордам двухдзённага марафону ў культурнай сталіцы стаў канцэрт «Час выбраў нас», які прайшоў у Лядовым палацы спорту. На сцэне натхнялі шматтысячную залу энергіяй Вікторыя Алешка, гурт «Аўра», Насця Краўчанка, Ганна Благава, Мікіта Бялько, арт-гурт «Беларусы», фолк-гурт «Добрыя людзі», заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь.

Адкрываючы канцэрт, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой адзначыў, што, прыязджаючы ў нашу краіну з-за замежжа, людзі хочуць вельмі простых рэчаў. «Напрыклад, хочуць жыць у бяспецы, што цяпер, аказваецца, вялікая раскоша і прывілей. Хочуць расціць і вучыць сваіх дзяцей без агрэсіўных заходніх каштоўнасцяў, якія імкнуцца навязваць. Набываць натуральныя і экалагічна чыстыя прадукты, нармальна працаваць і зарабляць. Прэзідэнт часта гаворыць: для таго каб захаваць гэта спакойнае жыццё, якое мы разам пабудавалі, неабходна быць адзінымі, згуртаванымі і маналітнымі як нацыя. Тады ў нас усё атрымаецца», — сказаў Дзмітрый Крутой.

«Марафон адзінства» развітаўся з горадам на Дзвіне, пакінуўшы яго жыхарам незабыўныя эмоцыі і поўнае адчуванне таго, што ты не адзін — нас мільёны. Ужо ў наступную пятніцу эстафету акцыі прыме горад Орша.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.