Па ініцыятыве Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў у дзяржаўнай установе «Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў» прайшоў канцэрт «Мы — разам!», прымеркаваны да Міжнароднага дня інвалідаў. У назву закладзены розныя сэнсы — не толькі падтрымка дзяцей з асаблівасцямі. Прадстаўнікі нацыянальна-культурных аб’яднанняў, якія ўдзельнічаюць ў розных дабрачынных акцыях, не раз падкрэслівалі, што ніколі не дзеляць людзей на сваіх і чужых: «Усе дзеці, да якіх мы гатовы выехаць, каб падтрымаць, падбадзёрыць, парадаваць — нашы». А яшчэ назва «падказвае», што прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў заўсёды добрыя справы гатовы рабіць разам.
З творчымі калектывамі на сустрэчу прыехалі кіраўнікі і намеснікі нацыянальна-культурных арганізацый: Мінскага гарадскога армянскага культурна-асветніцкага таварыства «Айастан», Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Ватра», Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Кангрэс азербайджанскіх абшчын», грамадскага аб’яднання «Малдаўская дыяспара «Дойна», культурна-асветніцкага карэйскага таварыства «Арыранг», Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын.
Да сустрэчы гасцей у рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей- інвалідаў рыхтаваліся і малыя, і вялікія. Выхаванцы цэнтра разам з педагогамі ўпрыгожвалі цэнтр, рабілі сувеніры-падарункі, афармлялі выстаўкі сваіх работ. Тут чакалі не проста артыстаў, якія пакажуць канцэрт, а добрых сяброў. Справа ў тым, што творчыя калектывы нацыянальна-культурных аб’яднанняў штогод рыхтуюць для дзяцей канцэрты —"вандроўкі«, калі малыя бачаць на колькі розныя строі, песні і танцы ў розных народаў.
«Мы таксама імкнёмся здзіўляць вас. Мы ведаем, што кожны наш поспех — вам радасць. Вы ўсміхаецеся, калі мы нечага дасягаем, — звярнулася да гасцей перад пачаткам канцэрта дырэктар рэабілітацыйнага цэнтра Людміла Кандрашова. — Гэта цудоўна, што ў нас ёсць магчымасць знаёміцца з культурай прадстаўнікоў розных народаў. Хацелася б, каб пра гэта ведалі ўсе людзі, якія жывуць у Беларусі. А яшчэ добра было б, каб нас пачулі ўсе палітыкі свету: што ў нашай краіне паважаюць і любяць усіх людзей, што нам добра, калі мы разам, і як гэта цудоўна, калі мы жывём у міры».
У сваю чаргу Упаўнаважаных па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак заўважыў, што такія сустрэчы, падчас якіх прадстаўнікі нацыянальна-культурных аб’яднанняў дзеляцца сваімі творчымі здабыткамі, прыносяць радасць не толькі юным гледачам, але і тым, хто выступае на сцэне. Выхаванцы цэнтра заўсёды вельмі цёпла і шчыра сустракаюць артыстаў: «Думаю, такія адносіны дапамагаюць ў жыцці. Важна, каб мы жылі ў міры і згодзе і паказвалі гэта іншым».
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота аўтара
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.