Новы рабочы тыдзень пачаўся з новых прызначэнняў. У графіку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі — кадравы дзень. Новыя кіраўнікі з’явіліся ў дзяржаўных органах кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органах, дзяржаўных арганізацыях.
Руслан Чарнецкі, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы прызначаны на пасаду міністра культуры. «Калі не найважнейшае, то вельмі знакавае назначэнне», — заўважыў Прэзідэнт. Звяртаючыся да новага міністра культуры кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нашу культуру той адчуў добра, ён яе прайшоў, і канцэртную, і кіношную дзейнасць новы міністр ведае. «Адзінае пытанне — ці зможаце вы гэтым усім кіраваць. Мы, канешне, будзем рабіць усё, каб у вас быў чалавек, на якога вы маглі б разлічваць і які гэтым у жыцці ўжо займаўся. Але самае цяжкае ў гэтай працы, як я разумею за ўсе свае гады (мне з культурнымі работнікамі прыйшлося сутыкацца не аднойчы) тое, што гэта настолькі розныя людзі, настолькі таленавітыя, здольныя і вельмі амбіцыйныя. Мусіць, вам таксама гэта блізка і вы разбярэцеся з гэтым. Я заўсёды шкадую міністра культуры ў тым плане, што даводзіцца такі націск вытрымліваць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён прызнаўся, што на пачатку сваёй прэзідэнцкай дзейнасці ўнікаў ва ўсе праблемы кожнага культурнага работніка, стараўся разабрацца. «Потым я зразумеў, што калі буду займацца толькі праблемамі гэтых людзей, дык на ўсё астатняе, у мяне не хопіць часу. Ды і бачу: зробіш добра, усе задаволеныя, а назаўтра нейкі гурт заўзята выступае супраць таго, што ты зрабіў, і кажа, што гэта ўсё няправільна і не трэба было ім дапамагаць і яшчэ нешта. Увогуле, мітусня была прыстойная. І тады я зразумеў, што гэта асяроддзе занадта канкурэнтнае. І я бачу гэта па Расіі, там вельмі жорсткая канкурэнцыя. Але трэба канкурыраваць, хто больш таленавіты той і наверсе, хто не зможа гэтую канкурэнцыю вытрымліваць — ну што ж, ён сам сабе абраў гэтую дарогу. Хаця не скажу, што я не падтрымліваю гэта імкненне людзей быць наверсе. Яны ўсе хочуць быць наверсе, навідавоку — такая ў іх работа», — сказаў Прэзідэнт. Таксама Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з усіх мастацтваў для нас найважнейшым з’яўляецца кіно. І тое, што адбываецца ў нашым кінематографе, паводле яго слоў, проста ганьба. «Гэта недапушчальна. Мы скаціліся. Мы горш сталі выглядаць да таго савецкага перыяду, калі мы надавалі сур’ёзную ўвагу кінематографу. Не скажу, што тут мы ў гэтым не зацікаўлены, але чамусьці ўсё хочуць мець грошы, а на выхадзе не хочуць пагадзіцца з тым, што трэба мець добры фільм, карціну добрую. Звярніце на гэтую самую сур’ёзную ўвагу», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Канцэртная дзейнасць, паводле яго слоў, таксама важная для людзей. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што людзі хочуць не толькі працаваць дзень і ноч, але і нейкай весялосці. У прыклад ён прывёў «Марафон адзінства», у якім актыўна ўдзельнічае і Руслан Чарнецкі. Паводле слоў Прэзідэнта, гэты праект паказаў, што людзі адгукаюцца і разумеюць, і танцавальнае мастацтва, і песеннае і гэтак далей. «Гэтаму трэба надаваць увагу, але гэта прасцей, мусіць, у нашай сітуацыі. Словам, комплекс сур’ёзных праблем», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама падкрэсліў, што міністрам культуры павінен быць чалавек са сферы культуры. «Вам гэта ўсё знаёма, вы чалавек патрыятычны. Надзейны чалавек. Я спадзяюся, што вы справіцеся з гэтай работай. Проста па-мужчынску хачу сказаць: у цябе, Руслан, іншага шляху няма — ці памерці, ці навесці парадак у гэтай сферы. А людзі ў нас таленавітыя. Яны могуць усё: кіно здымаць, спяваць і танцаваць і іншае. Падтрымка вам будзе забяспечана ўсялякая», — канстатаваў Прэзідэнт.
Станіслаў Чапурны прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Рэспублікі Беларусь у Туркменістане. Да гэтага ён працаваў начальнікам галоўнага ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва і гандлю Апарата Савета Міністраў. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, нам трэба супрацоўнічаць з Туркменістанам, як бы складана ні было, нягледзячы на праблемы. Прычым, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, праблемы і аб’ектыўнага, і суб’ектыўнага характару. «Але інтарэс заўсёды ў кіраўніцтва Туркменістана, быў вельмі вялікі да Беларусі. Уся справа ў тым, што ў нас ёсць усё, што ім трэба. Але і ў нас ёсць сур’ёзныя інтарэсы да самога Туркменістана, паколькі яны вельмі зацікаўлены ў тым, што мы можам, асабліва ў тэхналогіях», — паставіў задачы новаму паслу кіраўнік дзяржавы.
Былы міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка прызначаны на пасаду памочніка Прэзідэнта — інспектара па Магілёўскай вобласці. Як заўважыў Прэзідэнт такое рашэнне было звязана з тым, што Сяргею Налівайку патрэбна больш актыўная работа. Упаўнаважаны па Магілёўскай вобласці — кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. «Ён настойваў на вашай кандыдатуры, я, магчыма, бачыў вас у іншым плане. Але я згодны з тым, што вам трэба адарвацца ад гэтай цяжкай кабінетнай работы — такая служба ў міністра па падатках — і заняцца зямной справай. Думаю, для вашай будучыні гэта таксама будзе карысна. Пасада ўстаялася, вядома, чым займаецца памочнік — гэта перш за ўсё кадры, вы за гэта з кіраўніком Адміністрацыі, упаўнаважаным па Магілёўскай вобласці, нясеце адказнасць. Гэта не значыць, што вы ўпоперак губернатару станеце, трэба разумна ўсё ўзгадняць», — сказаў Прэзідэнт, падкрэсліўшы, што кадры вырашаюць усё.
Адбыліся змены і ў мясцовай вертыкалі ўлады. Аляксандр Цывака, які працаваў намеснікам старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама, узначаліў Жодзінскі гарвыканкам.
Прэзідэнт узгадніў новых кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый. Валерый Кавалёў — новы генеральны дырэктар канцэрна «Белпалівагаз», да гэтага ён быў намеснікам генеральнага дырэктара гэтага прадпрыемства. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што міністр энергетыкі Аляксей Кушнарэнка ў міністэрства перайшоў з пасады гендырэктара «Белпалівагаза». Асобна беларускі лідар вылучыў работу прадпрыемства ў развіцці сваіх філіялаў у галіне сельскай гаспадаркі. У прыклад ён прывёў сельгаспрадпрыемства «Газавік-Сіпакова» ў Шклоўскім раёне, якое наведваў асабіста. «Вы проста малайцы, разумна падышлі ў сельскай гаспадарцы да гэтага прадпрыемства. Праўда, у апошні час не ведаю, як яно працуе, але думаю, горш не працуе, і эканамічна, і гэтак далей. Таму я так блізка пачаў глядзець на ваша аб’яднанне, на ваш канцэрн і бачу, што ў вас там хлопцы моцныя, — адзначыў ён. — Велізарнае аб’яднанне, яно працуе. Слабакоў там, мусіць, не трымаюць».
Беларускую нафтавую кампанію ўзначаліў Марат Малецкі. Што датычыцца яе дзейнасці, то, паводле слоў Прэзідэнта, спецыялісты, якія там працуюць, недазагружаны. «Шкада гэтых спецыялістаў, ведаю, што там вельмі добрыя спецыялісты. Нам трэба моцна вызначацца з Беларускай нафтавай кампаніяй. Яна павінна быць загружана пад завязку. Калі не, значыць, гэтыя спецыялісты павінны працаваць па спецыяльнасці па ўсёй краіне», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Новаму кіраўніку Беларускай нафтавай кампаніі Марату Малецкаму ён паставіў задачу — дакладна вызначыцца быць ці не быць кампаніі. «А для таго, каб быць, трэба фронт работы вызначыць. Я думаю, вызначыцеся», — падкрэсліў беларускі лідар.
ААТ «Мінск-Крышталь» — упраўляючая кампанія холдынгу «Мінск Крышталь Груп» узначаліў Андрэй Дземідавец. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ААТ «Мінск-Крышталь» цалкам кіруюцца дзяржавай, паколькі ў нашай краіне дзейнічае поўная манаполія на вытворчасць і рэалізацыю алкагольнай прадукцыі. «Мы ад гэтага адыходзіць не будзем, хаця да нас прэтэнзіі прад’яўлялі многія дружалюбныя нам краіны. Трэба трымаць пад кантролем увесь алкаголь. Тытунёвыя вырабы, алкаголь фарміруюць бюджэт прыстойна. І гэта ж здароўе людзей. Я не памятаю, каб дзяржаўныя прадпрыемствы падсунулі камусьці гадасць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён зрабіў акцэнт на тым, што дзяржаўны кантроль за вытворчасцю алкагольнай і тытунёвай прадукцыі захаваецца. «І мы вельмі спадзяёмся, што вядучае прадпрыемства ў нас будзе ў парадку», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
***
Дзмітрый Шляхцін, начальнік сакратарыята ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» ўзгоднены на пасаду першага намесніка міністра культуры. Рыгор Глазко стаў першым намеснікам міністра транспарту і камунікацый, да гэтага ён працаваў начальнікам галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог у гэтым жа міністэрстве. Кандыдатура Алены Балігатавай узгоднена на пасаду намесніка міністра эканомікі, да гэтага яна была ў міністрэрстве начальнікам галоўнага ўпраўлення стратэгічнага развіцця і міжнароднага супрацоўніцтва. Сяргей Адаменка заняў пасаду намесніка міністра энергетыкі, да гэтага ён працаваў намеснікам генеральнага дырэктара па капітальным будаўніцтве ў «Гроднаэнерга». Былы начальнік галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Дзяржаўнага мытнага камітэта Дзмітрый Радзівонік — новы намеснік Старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта. Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў кандыдатуру Сяргея Казакевіча на пасаду начальніка Сакратарыята Савета Рэспублікі. Раней ён быў намеснікам начальніка ўпраўлення планавання і кадравай работы Сакратарыята Савета Рэспублікі.
Аляксандрам Лукашэнкам узгоднена і кандыдатура новага дырэктара-галоўнага рэдактара Выдавецкага дома «Звязда». Гэтую пасаду зойме Вольга Ануфрыева, якая да гэтага была галоўным рэдактар газеты «Рэспубліка» выдавецкага дома «Беларусь сегодня».
Міністр культуры Руслан Чарнецкі прызнаўся, што настрой баявы. Ён падкрэсліў, што за ўсе гэтыя гады выканана вялікая работа, але трэба зрабіць яшчэ больш. «Не сакрэт, што ўзровень культуры ў нас вельмі павысіўся і нават нашы расійскія калегі ставяць нас у прыклад па многіх параметрах і мы заўсёды жаданыя госці ў Расіі і краінах СНД», — сказаў ён. Руслан Чарнецкі падкрэсліў, што акцэнт будзе зроблены на развіццё кінематографа, аб чым казаў і Прэзідэнт. «Той узровень вытворчасці кіно які ёсць зараз, ён не задавальняе нікога, ні саміх кіношнікаў, ні гледача, для якога ўсё робіцца і які чакае ад нас гэта кіно. Таму праца будзе вельмі сур’ёзная і вялікая», — адзначыў міністр. Ён узгадаў словы Прэзідэнта аб тым, што кіно — гэта прадукт і ён павінен быць цікавы максімальнай колькасці людзей, інакш навошта яго здымаць. «Гэта лагічна і справядліва. На культуру і кіно выдзяляюцца грошы, якія трэба як мінімум вярнуць. Таму будзе праведзена сур’ёзная работа па экспарце нашай культуры, у нас ёсць, што прадаваць, у нас ёсць, што паказаць», — канстатаваў Руслан Чарнецкі. Другім напрамкам ён назваў узаемадзеянне з замежнымі партнёрамі, найперш з Расіяй і краінамі СНД.
Журналісты пацікавіліся ў новага міністра, ці будзе ён сумяшчаць міністэрскую працу з акцёрскай дзейнасцю. Адказ адназначны: «Так».
Станіслаў Чапурны, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Беларусі ў Туркемінстане адзначыў, што дзве краіны звязвае сяброўства з моманту набыцця імі суверэнітэту. Сёння краіны эфектыўна ўзаемадзейнічаюць на міжнародных пляцоўках. Пасля пандэміі аднавілася ўзаемадзеянне ў сферы адукацыі, культуры, спорту, дзейнічае міжурадавая камісія ў галіне навукі і тэхналогій. «Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў развіццё гандлёва-эканамічных адносін з Туркменістанам. Эканомікі нашых краін шмат у чым узаемадапаўняльныя, ёсць шэраг напрамкаў для супрацоўніцтва, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Гэта найперш прамысловасць, сельская гаспадарка, транспартная сфера. Кіраўніком дзяржавы пастаўлены канкрэтныя задачы па развіцці супрацоўніцтва з Туркменістанам. Беларускі бок гатовы развіваць усебаковае супрацоўніцтва і накіраваны на канструктыўны і прадуктыўны дыялог», — падкрэсліў Станіслаў Чапурны.
Сяргей Налівайка падкрэсліў, што ўсе задачы на новай пасадзе цалкам зразумелыя. «Што тычыцца спецыфікі ўсходняга рэгіёна, то пра Магілёўскую вобласць можна сказаць, што там своеасаблівы сімбіёз прамысловасці (яна даволі сур’ёзна развіта і сельскай гаспадаркі. Таму тут неабходна працаваць над дзвюма гэтымі часткамі, чым і будзем займацца», — сказаў ён. Што тычыцца кадравых падыходаў, то Сяргей Налівайка адзначыў, што яны даўно вызначаны — прынцыповасць, сумленнасць і поўная самааддача справе. Па яго словах, менавіта імі ён і будзе кіравацца на новай пасадзе.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.