У вядомым фантастычным серыяле «Доктар Хто» ёсць злавесныя іншапланецяне, каменныя анёлы, у прысутнасці якіх ты можаш ратавацца толькі адным: утаропіцца ў іх і не міргаць. Бо варта міргнуць — наблізяцца... І адкінуць цябе ў мінулае.
Так часам успрымаюцца тэмпы развіцця сённяшніх тэхнологій: міргнуў — замест дыскет лазерныя дыскі, міргнуў — ужо флэшкі... А плёначных касет, на якія запісваў гутаркі, дыскусіі, прэс-канферэнцыі верны дыктафон, цэлыя скрынкі... Здавалася, вось яна, занатаваная памяць! Аж не — і касеты тыя псуюцца, і тэхніка, на якой іх можна праслухаць, таксама... І вось ужо ляжаць тыя мае журналісцкія скарбы нямыя, і галасы на іх мярцвеюць. Сярод тых касет асабліва непакоіла тая, на якой пазнака — «Лужанін». Максім Лужанін, ён жа Аляксандр Амвросьевіч Каратай, адзін з «маладнякоўцаў» і «ўзвышэнцаў», сведка далёкіх трагічных падзей, які прайшоў і рэпрэсіі 1930-х з сібірскай высылкай, і фронт Вялікай Айчыннай вайны, які доўгія гады быў асабістым сакратаром Якуба Коласа...
Гэтай восенню Максіму Лужаніну адзначаецца 115 гадоў. Мы часта наведвалі яго ў апошнія гады яго жыцця. Абавязкова былі на яго дні народзінаў — а так сталася, што нарадзіўся паэт 2 лістапада, якраз на восеньскія Дзяды. Жонка яго, паэтка Яўгенія Пфляўмбаўм, — 1 лістапада, а Якуб Колас — 3-га, і Аляксандр Амвросьевіч неаднойчы ўспамінаў, як разам з сям’ёй Коласа усе тры даты адзначалі разам, то ў адным доме, то ў другім…
З Яўгеніяй Пфляўмбаўм таксама давялося сустрэцца — уласна кажучы, я і трапіла ў іх кватэру з відам на Свіслач і парк Горкага, калі прыйшла ладзіць гутарку з Яўгеніяй Эргардаўнай, якую пасля дзесяцігоддзяў маўчання раптам адкрылі як паэтку — пасля першага зборніка, выдадзенага ў 1920-х, пісала ў стол... Пфляўмбаўм тады ўжо перанесла інсульт, на пытанні мае адказваць сама амаль не магла, дапамагаў муж — ён жа і падпісаў ад яе імя ейную кніжачку…
А я толькі пасля смерці абодвух прачытала іх ліставанне ў маладосці, ужо ў апрацаваных публікацыях — якія жарсці, які высокі слог... Каханне вясковага хлопца да былой гімназісткі стала для яго яшчэ адным выклікам, матывацыяй да ўнутранага развіцця. Максім Лужанін быў адным з найлепшых беларускіх стылістаў. Дарэчы, нядаўна ўсплыў цікавы для мяне факт, што пacля дэмaбілізaцыі ў 1944 годзе, калі Лужаніна цяжка параніла ў бітве пад Сталінградам, ён нейкі час зaгaдвaў aддзeлaм кyльтypы ў pэдaкцыі гaзeты «3вяздa» — гэта значыць, восемдзесят гадоў таму быў маім папярэднікам на пасадзе…
Вядома, не ўсё ён нам расказваў, не пра ўсё ўдавалася распытаць... Але размаўляць заўсёды было надзвычай цікава. Запіс на касеце відавочна меў каштоўнасць... І калі ўдалося знайсці касетны дыктафон, які працуе — гэта пацвердзілася. Дзесь у канцы 1990-х мы вырашылі запісаць дыскусію з удзелам Максіма Лужаніна: пагаварыць, скажам, пра сувязь пакаленняў, пераемнасць традыцый у беларускай літаратуры... Зразумела, размова зайшла і пра ўсялякае іншае. Сядзелі мы тады, наколькі памятаю, гадзіны тры, пакуль гаспадар не стаміўся ўшчэнт. Шмат было эмоцый і цікавінак... На касеце, якая захавалася праз трыццаць гадоў, на жаль, толькі завяршэнне нашай размовы... Не ведаю, ці маюцца дзе яшчэ касеты ад таго дня, але з нагоды юбілею Максіма Лужаніна выдатная падстава працытаваць нешта з таго, што ўдалося расчуць са старога запісу.
Рукапісаў бачыла ў доме шмат... Цэлыя чамаданы. Пасля смерці жонкі часта заставала Максіма Лужаніна за разборам яе чарнавікоў — у нататніках, на асобных аркушыках, гарой на стале... Было і шмат яго ўласных аркушыкаў, нататнікаў, сшыткаў. Памятаю, размова зайшла пра тое, што верш — гэта злепак нейкага імгнення, пэўнага стану паэта, і паўтарыць яго немагчыма. Вось што сказаў Аляксандр Амвросьевіч: «Я ў розныя часы запісваў пачатак верша, запісваў і хаваў... Запісваў, пакуль не заканчвалася папера, і адкладаў. І ў мяне такіх пачаткаў цэлы чамадан, які ездзіў са мной у многія дарогі. Тое-сёе „распісвалася“. Па гэтым кавалачку паперы магу аднавіць абставіны, што мяне ўразілі, успомніць напружанне невялікае. Дзесьці птушка шчабятнула, дзесьці я ў добрае жыта зайшоў, баравік падняў... Гэтая паперка дасць мне магчымасць увайсці ў той самы стан. Але, на жаль, гэты чамадан застаўся на пяцьдзясят працэнтаў нерэалізаваны. Стаіць замкнуты, хоць я ні ў якую ўжо дарогу, апрача апошняй, не збіраюся... Але майце на ўвазе, што аднавіць можна — не па Станіслаўскаму, а па Чэхаву. Аднаўленне душэўнага імпульсу. Імпульс, не толькі рух, як у Станіслаўскага».
Тут Аляксандр Амвросьевіч згадвае дзве школы акцёрскага майстэрства — Станіслаўскага і Міхаіла Чэхава. Міхаіл Чэхаў сцвярджаў, што для акцёра галоўнае — адчуць і аднавіць атмасферу, у якой дзейнічае герой, эмацыянальную ўнутраную афарбоўку. Так, Лужанін вельмі шмат ведаў, да апошняга нешта чытаў, намагаўся спазнаць штосьці новае. Памятаю, у адзін з маіх візітаў незадоўга да яго смерці сядзім за сталом, ён задумліва разважае — колькі ж таямніц хавае само чалавечае цела! Кратае сябе за вуха: вось жа звычайнае вуха... А як яно хітра зладжана! Гэта ж ніякая навука да канца не спазнае!
Гаворка зайшла пра той час, калі Максім Лужанін працаваў асабістым сакратаром Якуба Коласа. А між тым паэты яны вельмі па тыпе розныя. У ранняга Лужаніна — вялікае імкненне да інтэлектуальнай паэзіі, да эксперымента, згадаць яго верш «Тры оперы», у якім інтэрпрэтуецца ў трох варыянтах легенда пра Фаўста. Дарэчы, паэзія Якуба Коласа заўсёды была «празрыстай», народнай... Між тым пасля і паэзія Максіма Лужаніна таксама стала простай і празрыстай…
«Я разумеў Канстанціна Міхайлавіча, калі ён рабіў мне заўвагі, праўкі ў маіх рукапісах, разумеў, што яму магло быць не па сэрцу, і што трэба было сапраўды паправіць... Мы, канешне, былі розныя. У Коласа талент абсалютна самабытны, у мяне зусім не тое...
Я значна больш, можа быць, кніжнік... Можа быць, чалавек, які больш падпарадкуецца нейкім уплывам... Менш просталінейны. Але духоўнае яднанне хоць сабе з чалавекам, з каторым адчуваецца аддаленасць нейкая, магчымае. Калі чалавек багаты вопытам, і багата надзелены Богам, то ад яго сілкуешся».
У 1968 годзе Максіма Лужаніна ўключылі ў дэлeгaцыю БCCP для ўдзелу ў paбoцe XXІІІ cecіі Гeнepaльнaй Acaмблeі AAH. У гэтым не было нічога дзіўнага — па традыцыі ў такія дэлегацыі заўсёды ўключалі пісьменнікаў, там пабывала нават юная Яўгенія Янішчыц. І адправіўся Аляксандр Каратай, колішні вязень «амерыканкі», у Амерыку... І трэба ж такому здарыцца, што на чужыне сэрца прыхапіла — інфаркт. Трапіў у бальніцу. Пра што і напісаў кнігу «Рэпартаж з рубцом на сэрцы». Мы не маглі не папытацца, колькі ў той кнізе шчырага — бо жыццё за акіянам апісваецца ў самых змрочных фарбах... Беларускіх дэлегатаў сапраўды вазілі па індзейскіх рэзервацыях, і яны назіралі, як тубыльцы гібеюць? Не, здаецца, не вазілі... Аляксандр Амвросьевіч намякнуў, што тое-сёе, можа, і перабольшана, бо «хацелася перш за ўсё пахваліць сваё». А вось пра жыццё ў савецкім дыпламатычным прадстаўніцтве Лужанін тое-сёе распавёў.
«Калі я ляжаў там у больніцы, сястра, што даглядала мяне, атрымлівала пяць даляраў у гадзіну. А я, дэлегат, атрымліваў трынаццаць даляраў на тыдзень. І трэба было на іх пражыць. Але мы былі людзі запаслівыя. Я прывёз беларускага сала некалькі брусоў. Мне сказалі паклапаціцца, каб у Амерыцы на гарэлку не траціцца. Узяў пляскатую флягу, і там змяшчалася больш за два літры спірту. Сказалі, курава дарагое... Узяў самых лепшых балгарскіх цыгарэт, якія ў нас тут былі... Затое, сказалі, на рэшту будзеш апранацца ў Амерыцы. Дарэчы, я і цяпер у амерыканскіх штанах хаджу — купіў матэрыял у Нью-Ёркскім квартале, дзе дзешавей, бо ёсць маленечкі брак. Дык што я дакупляў з прадуктаў? Я дакупляў яйкі, і была ў мяне яешня заўсёды з салам сваім. Цукар і чай купляў, хлеб там белы дрэнны такі, як вата... Таму ў нямецкім квартале рыжскі хлеб куплялі, але дарагі, маленечкая буханачка каштавала даляр. Хлеб мы елі напалавіну з крышанага зерня. Ездзілі з нашым кухарам на пірс, куплялі рыбу... Там дзешавей, калі бярэш з лодкі рыбу. Свае гэтыя чорныя дудачкі, штанцы, самі прасавалі, і кашулькі самі мылі — унізе была пральня. На долар я абедаў у сталовай — гэта быў біфштэкс, зеляніны гара... На прыёмы кожны дзень запрашалі. І калі ты трошкі завесіш вочы, то там можаш і напіцца, і наесціся. Я вельмі мала па Амерыцы пахадзіў, бо захварэў, толькі некалькі прывёз кніжак, што ў нас нельга было купіць — Гумілёва, яшчэ нешта... Раз толькі быў у кніжным магазіне. Было ў мяне запрашэнне выступіць у бібліятэцы Кангрэсу, але я ўжо не мог. Кухар з нашай сталоўкі такі быў спрытны дзяцюк, на рынку ўмела закупляўся... А потым паглядзелі мы на яго на параходзе — у мундзіры, з капітанскімі пагонамі, будзь здароў...»
Запіс заканчваецца тым, што жанчына, якая апошнія гады даглядала Максіма Лужаніна, папрасіла зварочвацца, бо гаспадар хворы і дужа стаміўся.
З размовы той атрымаўся матэрыял для газеты «Літаратура і мастацтва»... Але, зразумела, увайшло туды не ўсё. Вось цяпер нешта яшчэ ўдалося аднавіць для гісторыі. Пакуль апошнія дыктафоны працаваць не перасталі.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Аляксандр Рагожнік звярнуў увагу, што зусім хутка беларускаму народу трэба будзе чарговы лёсавызначальны выбар.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.