Вы тут

Якія пытанні былі ўзняты на адкрыцці Х Калядных чытанняў


Кожны год напярэдадні вялікага свята Раства Хрыстова ў Беларусі праводзяцца адукацыйныя чытанні — шэраг мерапрыемстваў (круглых сталоў, канферэнцый, асветніцкіх сустрэч, выставак), прысвечаных выхаванню духоўных каштоўнасцяў і патрыятызму.

Сёлета такія чытанні праводзяцца ўжо дзясяты раз. Урачыстае адкрыццё юбілейных Калядных чытанняў «80-годдзе Вялікай Перамогі: памяць і духоўны вопыт пакаленняў» адбылося ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Сустрэча была прымеркавана і да 25-годдзя Саюзнай дзяржавы.


Як заўважыў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін перад пачаткам форуму, тэмы надзвычай актуальныя: «Калі азірацца назад, узгадваючы гісторыю, мы можам зрабіць важныя высновы для сучаснага чалавека і задумацца пра будучае. Важна асэнсаваць падзеі, якія адбыліся, даць каштоўнасныя ўстаноўкі сучаснаму чалавеку і абазначыць, як далей пераадольваць складанасці, чым моцны беларускі народ, што для яго значнае, чаму нельга адступаць ад сваіх традыцый і ў чым развіццё для нашага народа ў будучым».

Мітрапаліт падкрэсліў, што форум дае магчымасць яго ўдзельнікам не толькі паразважаць, але і вызначыць, што можна зрабіць, якая канкрэтная агульная справа можа аб’ядноўваць прадстаўнікоў розных сфер: інфармацыйнай, культурнай, адукацыйнай.

На пленарным пасяджэнні ў Нацыянальнай бібліятэцы сабраліся архіерэі і святары, прадстаўнікі дзяржаўных органаў улады, дзеячы культуры, вучоныя, кіраўнікі і выкладчыкі ўстаноў адукацыі, настаўнікі нядзельных школ, студэнты і іншыя.

Форум адбыўся пры падтрымцы Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Міністэрства інфармацыі, Нацыянальнай акадэміі навук, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

У рамках яго працавалі выстаўкі кніг выдавецтва Беларускага экзархату і паштовых мініяцюр Белпошты «Беларусь праваслаўная». Дабрачынны фонд падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў» прадставіў выставачны праект, які пазнаёміў з яго сацыяльна-асветніцкай дзейнасцю.

Важныя ўрокі

Абраныя тэмы для абмеркавання — 80-годдзе Вялікай Перамогі і 25-годдзе Саюзнай дзяржавы — звязаны не толькі з супадзеннем юбілеяў у календары. «У аб’яднанні гэтых дат бачыцца вялікі сэнс. Для нашых народаў падзеі Вялікай Айчыннай вайны звязаны не толькі з жахлівымі выпрабаваннямі і нястачамі, яны сталі часам вялікага пад’ёму народнага духу і вялікіх подзвігаў. Не прыніжаючы ваеннага, палітыка-эканамічнага і асобаснага складальнікаў, бачыцца важным паглядзець у самую глыбіню гістарычных працэсаў, асэнсаваць духоўны бок тых падзей», — заўважыў мітрапаліт Веніямін і прапанаваў спыніцца на найбольш важных уроках, якія прапануе гісторыя. Яшчэ ў Евангеллі было напісана, што няма больш за тую любоў, як калі хто душу сваю пакладзе за сяброў сваіх. Гэтыя словы часта гучаць, калі ўзгадваюцца подзвігі герояў Вялікай Айчыннай, іх масавы гераізм. У гады цяжкіх выпрабаванняў народ праявіў свае найлепшыя якасці: стойкасць, гатоўнасць да самаахвярнасці, міласэрнасць да адоленага ворага, а менавіта такія якасці стагоддзямі і прывіваліся дзякуючы хрысціянскай веры. Гэтак фарміравалася і адзінства народа. У наш час духоўнасць і высокія ідэалы таксама могуць і павінны аб’ядноўваць грамадства.

«Важна не толькі глыбока асэнсаваць урокі Вялікай Перамогі. Яны павінны стаць здабыткам усяго нашага грамадства і найперш — маладога пакалення», — падкрэсліў мітрапаліт. Рабіць жа гэта можна праз пашырэнне багатага станоўчага вопыту, які ўжо маецца, развіццё асветніцкай дзейнасці, правядзенне адукацыйных форумаў, напаўненне мерапрыемстваў новым і карысным зместам.

Адным з прыкладаў такой работы можна назваць дакументальны фільм «Дзве Ефрасінні», якім адкрылася секцыйная праграма форуму. Стужка знята тэлеканалам «Спас» і прысвечана прынясенню ў верасні-кастрычніку каўчэга з мошчамі прападобнай Ефрасінні Полацкай у Епархіі Расіі, а каўчэга з мошчамі Ефрасінні Маскоўскай — у епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Амаль за два месяцы святым змаглі пакланіцца тысячы вернікаў. І гэтая акцыя і фільм, па ёй створаны, — дэманстрацыя духоўнага адзінства народаў.

У рамках міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» адбыўся паказ дакументальнай стужкі «За паству і Айчыну», які стаў працягам сумеснага праекта царквы з Беларускім тэлеграфным агенцтвам пад назвай «Воіны духу», прысвечанага подзвігу святароў і прыхаджан праваслаўнай царквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Фільм прапанаваны для паказу на Міжнародных калядных чытаннях у Маскве. Яшчэ адзін патрыятычны праект — па захаванні памяці пра вязняў фашысцкіх канцлагераў — ініцыяваны Беларускім фондам міру і Міністэрствам юстыцыі. У крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых на захаванне памяці працуе музей, дзе сабраны сведчанні подзвігу нашага народа. Сюды прывозіцца зямля з палёў баёў, у якіх удзельнічалі выхадцы з тэрыторыі Беларусі.

Стратэгічны рэсурс

«Актуальнасць чытанняў складана пераацаніць. Правядзенне іх у час 80-годдзя вызвалення Беларусі, напярэдадні 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне дасць магчымасць у перыяд глабальных выклікаў раскрыць важнейшыя тэмы для грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. Сярод іх — праўда памяці і духоўны вопыт пакаленняў, абарона хрысціянскіх каштоўнасцяў і сэнсаў і іх роля ў выхаванні падрастаючага пакалення, моцная сям’я як важны стратэгічны рэсур нацыянальнай бяспекі», — заўважыў міністр інфармацыі Марат Маркаў і выказаў гатоўнасць і надалей развіваць супрацоўніцтва з Праваслаўнай царквой па захаванні маральных і культурных традыцый беларускага народа, абароне гістарычнай праўды, выхаванні ў моладзі патрыятызму, любові да роднай зямлі, умацаванні веры ў дабрыню, міралюбства і справядлівасць як асновы духоўнага ўдасканалення сапраўднага грамадзяніна сваёй Айчыны.

На важнасць захавання агульнай гісторыі звярнуў увагу Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак. Нельга забываць, што Перамога здабывалася дзякуючы адзінству народаў, і важна заўсёды помніць, што мы адказныя перад нашымі дзядамі і бацькамі за памяць аб іх гераізме: «Іх подзвіг і любоў да роднай зямлі працягвае служыць не аднаму пакаленню беларусаў і расіян прыкладам патрыятызму і павагі да людзей... Агульнадухоўная і культурная спадчына становіцца асновай для дыялогу і супрацоўніцтва. Пабуджае ўсіх нас, аб’яднаных агульным гістарычным мінулым, шукаць і знаходзіць шляхі да ўзаемадзеяння».

Выхаванне грамадзяніна

Намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая ўпэўнена, што сумесная мэтанакіраваная работа розных устаноў садзейнічае выхаванню сапраўднага грамадзяніна і патрыёта на важных вехах гісторыі нашай краіны.

Кожнае новае пакаленне па-свойму асэнсоўвае старонкі ваеннай гісторыі. Педагогі дапамагаюць выхаванцам правільна зразумець важныя падзеі ваеннага ліхалецця, захаваць памяць пра вялікі подзвіг беларускага народа. «Прафесіяналізм, пошук наватарства дапамагаюць у дасягненні высакародных мэт у галіне выхавання моладзі», — раскрыла сакрэты работы ўстаноў адукацыі розных узроўняў Кацярына Пятруцкая. Яна звярнула ўвагу ўдзельнікаў форуму на тое, што выхаванне патрыёта з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў, які, акрамя ўсяго іншага, патрабуе асаблівых падыходаў: «Немагчыма фарміраваць патрыятызм аднымі тэарэтычнымі разважаннямі і расказамі пра гераічнае мінулае, неабходна актыўна ўключаць дзяцей і моладзь у практычную дзейнасць патрыятычнай накіраванасці».

Патрыятычныя і героіка-ваенныя праекты ў нашай краіне атрымалі добрае развіццё і запатрабаванасць у падрастаючага пакалення. Дарэчы, многія з іх рэалізуюцца сумесна з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Тысячы педагогаў і навучэнцаў займаюцца пошукавай дзейнасцю. Дзякуючы іх карпатлівай рабоце нашчадкі герояў даведваюцца пра лёс сваіх блізкіх, няўручаныя ўзнагароды знаходзяць сваіх адрасатаў.

У ходзе даследчыцкай дзейнасці навучэнцы адкрываюць новыя факты перыяду вайны, дапаўняюць старонкі ваеннай гісторыі сваёй малой радзімы. За ўстановамі адукацыі замацаваны помнікі і абеліскі. Сёння 2382 установы адукацыі пастаянна даглядаюць звыш сямі тысяч воінскіх пахаванняў. «Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем», «Маршрутамі памяці», «Маршрутамі адзінства», «Памяць пакаленняў у імя будучыні» — гэта далёка не ўсе падобныя праекты і праграмы ў сістэме адукацыі краіны.

Развіваюцца партнёрскія адносіны Праваслаўнай царквы і сістэмы адукацыі, вядзецца зацікаўлены канструктыўны дыялог, здзяйсняецца плённае супрацоўніцтва па пытаннях духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання.

«Школа ў шчыльным узаемадзеянні з сям’ёй, царквой павінна навучыць дзяцей адрозніваць дабро ад зла, дапамагчы раскрыць прыгажосць дабрыні, фарміраваць пачуццё адказнасці і бескарыслівай любові да людзей, радзімы», — заўважыла Кацярына Пятруцкая.

Ганна ПЯТРОВА

Фота Алены ДЗЯДЗЮЛІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.