Жыццё часам зводзіць з незвычайнымі людзьмі, якія выклікаюць шчырае захапленне. Мне давялося пазнаёміцца з маці траіх дзяцей, якая па выхадных на бясплатнай аснове з уласных прадуктаў пячэ найсмачнейшыя булачкі (амаль у прамысловых маштабах) для сацыяльнай сталовай, дзе кормяць бяздомных. Акрамя таго, яна актыўна ўдзельнічае ў рабоце бацькоўскага камітэта школы, дзе вучацца яе дзеці, і піша карціны. Пры гэтым атрымлівае другую вышэйшую адукацыю, а працуе — у сферы ІT. Як яна ўсё паспявае, дзівілася я.
Паколькі размаўлялі мы спачатку ў месенджарах і па тэлефоне, доўгі час я не ведала, што мая знаёмая перамяшчаецца ў інваліднай калясцы... Дык вось, пры асабістай сустрэчы яна распавяла: тыя, у каго ёсць інваліднасць, звычайна не любяць славесную формулу «людзі з абмежаванымі магчымасцямі». Бо абмежаванні для сваіх магчымасцяў кожны з нас устанаўлівае сам. І сам для сябе можа вырашыць, што яго магчымасці — бязмежныя. Асабліва калі побач знойдуцца тыя, хто падтрымае ў гэтым рашэнні.
Першая рэспубліканская выстаўка-продаж «Тварэнні сэрцаў» адбылася ў Мінску ў мінулыя выхадныя. З 29 лістапада да 1 снежня ў «Першым нацыянальным гандлёвым доме» тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і сацыяльныя пансіянаты ўсіх абласцей Беларусі і Мінска прадставілі наведвальнікам аднаго з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў сталіцы творчыя работы і значныя праекты сваіх таленавітых і крэатыўных падапечных.
Крысціна — маладая, сімпатычная дзяўчына. Жыве яна ў невялікім гарадку Старыя Дарогі, а перасоўваецца — у інваліднай калясцы. Але ад многіх яе аднагодкаў дзяўчыну адрознівае не гэта, а мэтанакіраванасць, шматграннасць інтарэсаў і неабыякавасць. На пляцоўцы форуму «Тварэнні сэрцаў» Крысціна Жукавец прадстаўляла майстар-клас па роспісе імбірных пернікаў. Хоць кандытарская справа — далёка не адзінае яе захапленне.
— Захапляюся выпечкай, займаюся эпаксіднай смалой, ствараю карціны з нітак і складаю фудбукеты, — пералічвае Крысціна. — Люблю ствараць брошкі і іншыя ўпрыгожванні з гіпсу. У апошні час падабаецца алмазны жывапіс: прадумваю ўласныя арт-праекты і ўвасабляю іх у жыццё.
У творчасці Крысціны ўжо ёсць свае аматары, якія нязменна купляюць яе работы. Але галоўнай справай жыцця дзяўчына лічыць дабрачыннасць. Яна — кіраўнік дабрачыннага праекта «Майстэрня добрых спраў».
— У нашай майстэрні — майстры з усёй Беларусі: ІП, рамеснікі, самазанятыя, — кажа яна. — Вы можаце размясціць свае работы ў нашай майстэрні, і 10 % з кожнага продажу будзе пералічвацца на дабрачыннасць. Таксама ў нас ёсць платформа ў «Інстаграме» і бяспройгрышная латарэя «Бумеранг» — у ёй можна паўдзельнічаць як дабрачынец ці як валанцёр.
Задача праекта — збор сродкаў дзецям на дарагое лячэнне, тлумачыць суразмоўніца. Як нарадзілася такая ідэя? І ў цэлым адкуль бяруцца людзі, для якіх чужое гора — сваё?
— Калісьці дапамагалі мне, — кажа Крысціна. — Збіралі грошы на лячэнне. Я ведаю, як гэта няпроста. Кожны рубель важны, і пры гэтым быццам бы ніякавата прасіць у кагосьці, бо ў цябе (па мерках здаровых людзей) усё ёсць. Але вось менавіта на лячэнне — не хапае. Словам, прасіць вельмі цяжка. Хачу аддаць належнае мамам такіх дзяцей: яны гатовыя пайсці на ўсё, каб іх дзіцяці стала лягчэй... Так і нарадзіўся гэты дабрачынны праект. З жадання дапамагчы дзецям і падтрымаць іх бацькоў.
Дзяўчына тлумачыць, што ўсё паспяваць — нескладана, калі ёсць цікавасць да жыцця і натхненне.
— Творчы чалавек працуе, толькі калі ёсць натхненне. Я заўсёды гавару: у кожнай рабоце, створанай мастаком, жыве яго душа. Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра. І нават маленькая рэч, набытая ўдзельнікам дабрачыннай латарэі, будзе нагадваць: вы зрабілі вялікую добрую справу. Вы дапамаглі дзіцяці, і, магчыма, менавіта ваш рубель закрыў збор — а значыць, дзіця будзе жыць. Нядаўна мы закрылі збор для Фадзея, цяпер на выставе «Тварэнні сэрцаў» збіраем грошы для Каці. І для нас кожны раз велізарнае шчасце даведвацца, што дзіця будзе здаровае.
— У многіх нашых грамадзян складваецца ўражанне, што чалавек з інваліднасцю — гэта той, хто мае патрэбу ў пастаяннай апецы, хто несамастойны, — адзначае старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінгарвыканкама Пётр Шуцько. — Арганізуючы гэтае мерапрыемства, мы хацелі паказаць, наколькі гэта людзі развітыя і творчыя. Пры стварэнні пэўных умоў яны здольныя на тое, што далёка не кожнаму пад сілу. Выстаўка прадставіла мастацкія вырабы, створаныя рукамі падапечных тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльных пансіянатаў. Гэтыя людзі маюць сур’ёзныя захворванні, у большасці з іх няма спецыяльнай адукацыі. І ўсё ж яны здолелі раскрыць свой творчы патэнцыял і робяць прыгажосць, якой гатовы падзяліцца.
Важна, каб чалавек, які мае праблемы са здароўем, не замыкаўся ў сценах сваёй кватэры, у сваім маленькім свеце, а жыў паўнавартасным жыццём, адзначае Пётр Шуцько. На гэта і накіравана работа спецыялістаў пансіянатаў і тэрытарыяльных цэнтраў. Апошніх толькі ў сталіцы — дзесяць, і сёння яны актыўна асвойваюць самыя розныя формы работы.
— Развіваем валанцёрства ў кірунку «роўны дапамагае роўнаму». Валанцёрскай працай займаюцца ў такіх цэнтрах і людзі, у якіх пасля выхаду на пенсію дастаткова вольнага часу, — кажа Пётр Леанідавіч. — Актыўна ў гэтым удзельнічаюць аддзяленні для пажылых грамадзян. Прычым ініцыятыву і жаданне праводзіць валанцёрскую працу з моладдзю ў нашых цэнтрах праяўляюць нават людзі вельмі шаноўнага ўзросту. Многія з іх раней працавалі ў сферы адукацыі або культуры, маюць педагагічныя навыкі. Свае веды і вопыт яны гатовы дарыць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. І гэта дае імпульс усёй нашай рабоце.
— Магчымасць адчуць сябе патрэбным, набыць прафесію, развівацца, і, вядома, магчымасць зарабіць, — пералічвае псіхолаг Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Добрушскага раёна Марыя Кузьміна. — Усё гэта даюць людзям з інваліднасцю творчыя майстэрні пры такіх установах.
Што з вышэйзгаданага важней, складана меркаваць, адзначае яна. Але, напэўна, найбольш значная магчымасць адчуць сябе запатрабаваным, карысным і патрэбным грамадству.
— У нашых майстэрняў ёсць і сублімацыйны друк, і машынная вышыўка па тканіне, ствараюцца вырабы з дрэва, ёсць абсталяванне для вытворчасці друкаванай прадукцыі — нататнікаў, паштовак, — распавядае яна. — Рэалізуецца прадукцыя праз старонкі ў сацсетках. Плюс яшчэ ў горадзе людзі ведаюць, што да нас можна прыйсці і набыць патрэбныя і прыгожыя рэчы па вельмі дэмакратычным цэнах. Глядзіце самі: кубачак з малюнкам на ваш выбар каштуе каля 14 рублёў, нататнікі і паштоўкі — у коштавым дыяпазоне ад паўтара рубля, навагодні абрус — усяго 20 рублёў…
Купляюць не «з жалю», гаворыць спецыяліст: рэчы сапраўды прыгожыя, якасныя, недарагія і патрэбныя ў гаспадарцы. У такіх майстэрнях па ўсёй краіне ствараюцца і кераміка ручной працы, і высокамастацкія рэчы з гіпсу і саломкі, і рознага кшталту сувенірная прадукцыя. Пакупніцкая цікавасць ёсць, бо кошты вельмі «дружалюбныя пакупнікам» у параўнанні з тымі, якія часам майстры выстаўляюць за свае вырабы, сцвярджае і начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі і сацыяльнага абслугоўвання Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Наталля Усціновіч.
— Я афіцыйна аформлены ў падатковай інспекцыі як рамеснік, — распавядае Аляксандр Малец, жыхар Мядзельскага раёна. — З мылаварэннем упершыню пазнаёміўся ў тэрытарыяльным цэнтры. Зацікавіўся, вывучаў розныя тэхнікі праз відэаўрокі на «Юцюбе». Цяпер ствараю мыла ручной працы, займаюся эпаксіднай смалой, нядаўна асвоіў араматычныя свечкі. Мне ўсё гэта цікава плюс заробак.
Аксана Ражанская з Оршы знайшла сябе ў прафесіі барыста, калі Віцебскі абласны тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізаваў для інвалідаў І і ІІ груп інклюзіўнае кафэ. Кавярня адкрылася ў Оршы на вуліцы Дзяржынскага, каля чыгуначнага вакзала, і прыцягвае людзей не толькі даступнымі цэнамі, але і смачнай выпечкай па хатніх рэцэптах, гарачым шакаладам, душэўнай атмасферай. Пакуль выхаванцы цэнтра працуюць там на паўстаўкі, па чарзе, бо ахвотных шмат. Таму дзяўчына вырашыла асвоіць яшчэ і кераміку, і цяпер актыўна вывучае тэхналогіі стварэння вырабаў з гліны.
Мастак Анатоль Чарняўскі пастаянна пражывае ў Бабруйскім сацыяльным пансіянаце «Каменка» — бываюць дыягназы, з якімі дома «не справіцца», патрэбен пастаянны ўрачэбны нагляд. Суразмоўца кажа, сілы яму дае творчасць, і так было з ранняга дзяцінства. Спачатку маляваў сам, потым адораны самавучка трапіў у групу таленавітага педагога ў доме-інтэрнаце, там асвоіў розныя мастацкія тэхнікі. Сёння работы Анатоля Чарняўскага ўпрыгожваюць установы роднай Магілёўшчыны, у яго актыве — перамогі ў шэрагу мастацкіх конкурсаў, у тым ліку першае месца на нядаўнім творчым конкурсе людзей з інваліднасцю ў Магілёве.
— Самае складанае і, напэўна, самае важнае ў рабоце з людзьмі, якія вымушаны пастаянна пражываць у сацыяльных пансіянатах, — гэта арганізаваць іх жыццё, стварыць умовы, максімальна набліжаныя да хатніх, — падкрэслівае дырэктар Чэрвеньскага сацыяльнага пансіяната «Свет дабрыні» Уладзімір Сяміжон. — На гэта накіравана наша агульная праца: і адміністрацыі, і медыкаў, і псіхолагаў. І тут у прыярытэце — пытанне занятасці. Чым больш актыўнае і разнастайнае жыццё людзей, тым цікавей ім жыць, тым больш жадання змагацца з хваробай. У нас ёсць гурткі і майстэрні самых розных кірункаў, ёсць свае агарод, сад і аранжарэя, пчальнік і пякарня. Заняткі — выключна па жаданні, але запрашаем мы ўсіх нашых падапечных, і гэтыя дзверы заўсёды адчыненыя для іх. Кожны можа паспрабаваць адно, другое, трэцяе і знайсці сябе. Вядома, з сур’ёзнымі хваробамі жыць няпроста. Бывае, сёння чалавек поўны творчых ідэй, а заўтра ў яго апускаюцца рукі і ён нічога не жадае. Аднак усё можна пераадолець, калі побач ёсць тыя, хто гатовы выслухаць, падтрымаць, дапамагчы знайсці сваё месца ў жыцці, знайсці сябе. Бо знайсці сябе ў сучасным свеце вельмі важна кожнаму.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.