Праблемы і перспектывы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі разгледзелі на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з рабочай групай па аналізе дзейнасці НАН Беларусі. Гэта група створана па распараджэнні кіраўніка дзяржавы ў чэрвені гэтага года. Яна працуе на пастаяннай аснове і вывучае пытанні практыкаарентаванасці і выніковасці навуковых даследаванняў і распрацовак вучоных НАН Беларусі, укараненне распрацовак у галіны эканомікі, экспарту навукова-тэхнічнай прадукцыі. Кіраўнік дзяржавы рэгулярна сустракаецца з членамі рабочай групы. Пытанні разглядаюцца розныя, але нязменным застаецца ключавы пасыл Прэзідэнта — найсур’ёзнейшым чынам падысці да вывучэння праблем Акадэміі навук і прыняць адпаведныя рашэнні. Логіка цалкам зразумелая — без навукі развіваць краіну немагчыма.
Таму і чарговая размова была сур’ёзная і канкрэтная. «На парадку дня сур’ёзная размова аб тым, як будзем жыць — з навукай ці без. Адказ адназначны. І як будзе развівацца наша навука, найперш акадэмічная», — задаў тон размовы кіраўнік дзяржавы. Ён растлумачыў, чаму надае вялікае значэнне і ўдзяляе ўвагу гэтаму пытанню: «Без эфектыўнай акадэмічнай навукі развіццё краіны будзе праблематычным. Але з такой навукай, як у нас у Нацыянальнай акадэміі навук, мы не паскорымся і поспехаў не дасягнём». Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што гэта не проста яго сцвярджэнні, а высновы, якія вынікаюць з матэрыялаў, падрыхтаваных спецыялістамі. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што яму на стол паклалі два даклады: адзін — рабочай групы, другі — НАН Беларусі, палажэнні якога з’яўляюцца кансалідаванай пазіцыяй кіраўніцтва НАН і навуковай супольнасці. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што зараз варта прааналізаваць усе палажэнні гэтых дакладаў, вылучыць і абмеркаваць асноўныя праблемы НАН Беларусі, акрэсліць шляхі іх вырашэння. А затым трэба сабрацца ў Акадэміі навук на сход і разам прыйсці да пэўных высноў, наколькі гэта магчыма, да адзінага меркавання.
«Тэма для краіны — архіважная. — канстатаваў Прэзідэнт. — Я ўжо сказаў: далей без навукі мы развіваць краіну не зможам. Усё, што мы маглі выціснуць інтэнсіўна і экстэнсіўна з таго, што ў нас ёсць у краіне, найперш у эканоміцы, мы ўжо зрабілі. Далей трэба развівацца, абапіраючыся на навуку. Без навукі нікуды.»
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, інвестыцыі ў навуку і тэхналогіі сталі ключавой умовай дабрабыту дзяржавы, залогам паступальнага канкурэнтнага развіцця. «Мы ўкладваемся ў айчынную навуку, падтрымліваем новыя навуковыя напрамкі, ствараем максімальна спрыяльныя ўмовы. На жаль, Акадэмія навук не стала драйверам апераджальнага навукова-тэхнічнага развіцця краіны на цяперашнім этапе. У нас крытычна мала прарыўных навуковых дасягненняў. Ад дзейнасці Акадэміі мы не бачым той аддачы, на якую разлічвалі. Няма манетызацыі яе даследаванняў і распрацовак. А гэта галоўны крытэрый адзнакі эфектыўнасці. У адваротным выпадку ўзнікае пытанне: навошта нам такая Акадэмія навук? Будзем тады развіваць універсітэцкую, галіновую навуку».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ведае пра размовы аб тым, што навуцы трэба даваць больш грошай. «А я сказаў бы так: будзе вынік — бясплатна ніхто працаваць не будзе. У даўгу не застанёмся», — заявіў ён.
Па словах беларускага лідара, названыя праблемы адносяцца не толькі да Акадэміі навук, але і да Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях і галіновых міністэрстваў. «Можа, нават найперш да іх. Дзе ў такім выпадку каардынуючая і кіруючая роля ДКНТ? А гэта ваша асноўная функцыя, для чаго вы і ствараліся. Аналіз навуковых праграм паказвае, што міністэрствы ў іх фактычна не ўдзельнічаюць. Іх практычна няма ў ліку заказчыкаў. Гэта каласальная недапрацоўка ўрада. Няўжо ў галін няма запыту на навуковыя распрацоўкі? — паставіў пытанні Прэзідэнт. — Як можна было дапусціць, што настолькі запатрабаваныя і найбольш фінансуемыя дзяржавай напрамкі, такія як, напрыклад, беспілотнікі, космас, лічбавыя і біятэхналогіі, у прамым сэнсе аддадзены на водкуп Акадэміі навук? Яна сама сабе заказчык, выканаўца і кантралёр. Як у гэтых сферах можна абысціся без спецыялістаў-практыкаў, якія разумеюць, што менавіта трэба эканоміцы? Таму і атрымліваецца, што няма ні плёну, ні вінаватых няма, спытаць няма з каго».
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што даследаванні дзеля даследаванняў, калі яны не адпавядаюць задачам развіцця краіны, — гэта сізіфава праца. Ён нагадаў, што да пытання, як зрабіць так, каб у навуковай сферы быў вынік, які адпавядае запытам рэальнага сектара эканомікі, падступаліся неаднаразова. Цяпер, па словах Прэзідэнта, час нарэшце выпрацаваць канкрэтныя меры.
«У новую пяцігодку навука ва ўсіх яе формах — акадэмічная, галіновая, „вузаўская“ — павінна ўвайсці практыкаарыентаванай, заточанай на той жа вынік, што і эканоміка краіны», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што яму на разгляд прадстаўлена другая справаздача рабочай групы па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з прапановамі па ўдасканаленні яе работы. Ён адразу папярэдзіў, што размовы аб тым, што Камітэт дзяржкантролю, які курыруе дзейнасць рабочай групы, нічога не разумее ў навуковай дзейнасці, недарэчныя. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што да аналізу дзейнасці акадэмічнай навукі былі прыцягнуты спецыялісты — вучоныя, функцыянеры, у склад рабочай групы ўвайшлі людзі з навуковага асяроддзя, здольныя з веданнем справы разабрацца ў наяўных праблемах. «Мне патрэбна рэальная карціна, якая складваецца ў Акадэміі навук. Мне не трэба на кагосьці наязджаць, наступаць і гэтак далей. Патрэбна рэальная карціна, каб краіна развівалася», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён зрабіў акцэнт на тым, што група дзейнічае пастаянна. Гэта неабходна для таго, каб прааналізаваць кожны пласт у арганізацыі дзейнасці Акадэміі навук.
Прэзідэнт заклікаў усіх выступаць па сутнасці, без адыходаў убок. «Усе вашы прапановы павінны быць рэалізуемыя на практыцы, ніякіх навуковых спрэчак тут быць не павінна. Усе прапановы павінны ў тым ліку ўлічваць бягучую сітуацыю ў айчыннай навуцы і галоўнае — перспектывы яе развіцця. Яшчэ раз падкрэсліваю: сённяшняя нарада плаўна перацякае ў акадэмічны сход з запрашэннем туды членаў урада, ДКНТ і іншых для таго, каб канчаткова прыняць рашэнне, як будзем жыць далей, як будзем развіваць нашу акадэмічную навуку», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю, кіраўнік рабочай групы Васіль Герасімаў расказаў, што рабочай групай праведзены аналіз дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук па пытаннях практыкарыентаванасці і рэзультатыўнасці навуковых даследаванняў і распрацовак. Прычым кожны з членаў рабочай групы працаваў не адасоблена, а прыцягваў яшчэ спецыялістаў. «Ну, правільна, параіцца», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах Васіля Герасімава падчас аналізу выйшлі на шэраг ключавых праблем, кожная з якіх складаецца з комплексу прычын.
Першае. Адсутнічае адзіная стратэгія фарміравання навуковых праграм. «Акадэмія навук у адной асобе выступае і заказчыкам, і выканаўцам навуковых праграм. Пры гэтым сама іх і ацэньвае па розных падыходах. Адсюль вялікая колькасць распрацовак, якія проста пыляцца на паліцы», — падкрэсліў Васіль Герасімаў. Паводле яго слоў, з пяцігодкі ў пяцігодку ў праграмы даследаванняў уключаюцца падобныя заданні, і многія з іх да мэты нават не набліжаюцца. Задачы і мэты навуковых праграм фарміруюцца, зыходзячы з існуючых у асобных інстытутаў магчымасцей і кампетэнцый, а не патрэб эканомікі. «У выніку ў НАН Беларусі выконваюцца даследаванні, адарваныя ад патрэб рэальнага сектара. А самі галіновыя дзяржорганы часта не ведаюць аб распрацоўках Акадэміі, якія могуць быць ім карысныя. Як вынік, важныя кірункі застаюцца без належнай увагі», — далажыў кіраўнік рабочай групы.
Таксама, паводле слоў Васіля Герасімава, распрацоўкі НАН не аказваюць істотнага ўплыву на імпартазамяшчэнне. Значная частка работ выконваецца для ўласных патрэб інстытутаў НАН або ўкараняецца толькі на сваіх магутнасцях, гэта значыць не маштабуецца. Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях не выбудаваў эфектыўнае кіраванне інавацыйнай сферай. Неналежным чынам вядзецца работа па пошуку і рэалізацыі стратэгічных праектаў.
Другое. Бюджэтнае фінансаванне размяркоўваецца Акадэміяй навук пераважна на праграмы, якія не патрабуюць камерцыялізацыі. Члены рабочай групы ўпэўнены, што значна большы працэнт трэба накіроўваць менавіта на практыкаарыентаваныя праграмы.
Васіль Герасімаў звярнуў увагу на грувасткую структуру Акадэміі Навук. Ён адзначыў, што ў структуры НАН створаны дзяржаўныя вытворчыя аб’яднанні, якія не выконваюць ускладзеныя на іх кіруючыя функцыі. У сувязі з гэтым, працоўная група сканцэнтруе ўвагу на аптымізацыі структуры кіравання Акадэміі і сеткі яе арганізацый.
Трэцяе. Праблемнае пытанне — розныя падыходы да ацэнкі вынікаў навуковых праграм. Крытэрыі ацэнкі ўстаноўлены толькі для навукова-тэхнічных праграм. Гэты від праграм самы эфектыўны, бо забяспечвае поўны цыкл навуковых распрацовак ад стварэння прадукцыі да яе серыйнага выпуску. Як адзначыў Васіль Герасімаў, праграмы навуковых даследаванняў не змяшчаюць патрабаванняў пераходу ў навукова-тэхнічныя праграмы і акупнасці бюджэтных сродкаў. Паводле яго слоў, НАН, выступаючы заказчыкам галіновых праграм замест міністэрстваў, сутыкаецца з праблемамі ўкаранення распрацаванай прадукцыі, і як следства, нізкай акупляльнасцю.
Яшчэ адзін блок праблем звязаны з кадравай палітыкай. Паводле слоў кіраўніка рабочай групы, аслаблены напрамкі падрыхтоўкі навуковых кадраў. Ёсць складанасці з запаўненнем вакансій акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў па прыярытэтных напрамках развіцця навукі.
Рабочая група не толькі акумулявала праблемы ў дзейнасці НАН Беларусі, але і выпрацавала прапановы па іх вырашэнні. Васіль Герасімаў іх агучыў. У далейшым яны будуць разгледжаны на сходзе ў Акадэміі Навук, які даручыў падрыхтаваць Прэзідэнт. І там жа з дапамогай калектыўнага розуму і будуць вызначаны канчатковыя шляхі вырашэння праблемных пытанняў. Прэзідэнт настойвае, што абмяркоўваць гэтыя пытанні трэба не тайна, не кулуарна, а адкрыта разам з усімі зацікаўленымі.
Першая прапанова рабочай групы — вынесці на зацвярджэнне кіраўніка дзяржавы пералік прыярытэтных напрамкаў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, на падставе якіх на наступную пяцігодку будуць фарміравацца дзяржаўныя праграмы навуковых даследаванняў і навукова-тэхнічныя праграмы. Адпаведны праект указа пасля дапрацоўкі будзе ўнесены ўрадам на разгляд кіраўніка дзяржавы. «Гэты ўказ, стаўшы асновай навуковай і інавацыйнай дзейнасці, дасць магчымасць забяспечыць улік навуковых прыярытэтаў пры фарміраванні галіновых стратэгій, праграм і інавацыйных праектаў», — растлумачыў Васіль Герасімаў.
Другое — прапануецца Савету міністраў арганізаваць кантроль за наяўнасцю ў галіновых стратэгіях міністэрстваў навукова-тэхнічнага блока для адпаведнага навуковага напаўнення праграм навуковых даследаванняў і навукова-тэхнічных праграм.
Трэцяе. Прапануецца ўнесці змены ў дзейны парадак фарміравання праграм навуковых даследаванняў, маецца на ўвазе фундаментальных. Вызначыць крытэрый эфектыўнасці праграм навуковых даследаванняў, параметры якіх зацвярджаць пры іх фармаванні на пяцігодку. Напрыклад, працэнт пераходу фундаментальных навуковых даследаванняў у навукова-тэхнічныя праграмы. «Гэта створыць аснову для забеспячэння трансферу акадэмічных распрацовак у вытворчасць», — адзначыў Васіль Герасімаў. У гэтым жа блоку — прапановы па змяненні не падыходаў да фінансавання навукова-тэхнічных праграм, вызначыўшы іх заказчыкамі галіновыя міністэрствы. «Акадэмія застанецца заказчыкам толькі ў сваіх сферах па статуце. Напрыклад, нана- і біятэхналогіі, космас і іншыя. Ці можа ініцыяваць тэмы перад міністэрствамі. У такіх умовах акадэмікам давядзецца зацікавіць канкрэтнага галіновага міністра ў сваёй распрацоўцы, які спачатку добра падумае і пралічыць, як ён будзе ўкараняць яе ў вытворчасць і які эфект у выніку атрымаецца. Гэта ўзмоцніць адказнасць за якаснае напаўненне праграм, арыентаваных на вынік», — заявіў Васіль Герасімаў.
Таксама прапануецца вызначыць незалежны дзяржаўны орган, які будзе ацэньваць прапанаваныя акадэміяй і міністэрствамі праграмы на адпаведнасць стратэгічным мэтам развіцця галін і дзяржавы. Васіль Герасімаў падкрэсліў, што гэту ролю на сябе можа ўзяць і ДКНТ, але для гэтага неабходна трансфармаваць работу ведамства, узмацніць яго ролю і адказнасць. Сярод прапаноў рабочай групы — прадугледзець удзел маладых вучоных у навуковых калектывах, што будзе садзейнічаць уключэнню моладзі ў навуку.
Прэзідэнт прапанаваў усім прысутным выказаць сваё меркаванне. Намеснік старшыні Усебеларускага народнага сходу, член рабочай групы Аляксандр Косінец заўважыў, што ў краіне фактычна не пралічваюць навукаёмістасць валавага ўнутранага прадукту. Сумы, якія выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэту на навуковую дзейнасць, кожны год розныя, і розніца значная. Аляксандр Косінец падкрэсліў, што павінен быць дакладна спланаваны, спрагназаваны фінансавы інструмент суправаджэння навукі. Па яго словах, асаблівую ўвагу трэба надаць матывацыі навуковых кадраў. І адзін з спосабаў — заработная плата. Аляксандр Косінец адзначыў, што заработная плата прафесарска-выкладчыцкага складу павінна быць не ніжэйшай, чым у шахцёраў. «Яны павінны думаць толькі пра навуку», — падкрэсліў ён. Аляксандр Косінец заўважыў, што неабходна перагледзець і павысіць крытэрыі выбрання членаў і членаў-карэспандэнтаў НАН.
«Давайце без агітацый. Казаць аб тым, што членкорам і шахцёрам трэба зарплата роўная, — гэта з вобласці папулізму. Вы не назвалі ніводнай крыніцы. Забярэм у шахцёраў грошы і аддадзім навукоўцам? Хацелася б, каб былі прапановы, дзе ўзяць. Вось гэта будзе важна», — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка.
Па словах Аляксандра Косінца, Нацыянальнай акадэміі навук варта засяродзіцца на экспертнай дзейнасці і стаць своеасаблівым дарадцам, калі, напрыклад, на тыя ці іншыя прадпрыемствы закупляюцца замежныя тэхналогіі. Усферах атамнай энергетыкі, біяіндустрыі або нафтахімічнага комплексу. Па словах Аляксандра Косінца, навуковы падыход да падборы магутнасцей, закупак абсталявання дапаможа зэканоміць вялікія грошы, якія ў тым ліку можна будзе выдаткаваць і на зарплату навукоўцаў.
«Можа быць, у нас сапраўды дактары і акадэмікі, кандыдаты зарабляюць не тую заработную плату, трэба ім павялічыць яе ў пяць разоў (не ведаем толькі, дзе грошы знайсці). Мы зыходзілі з таго, што павінен быць вынік. І за вынік ні ў якім разе нельга шкадаваць грошай», — адзначыў Прэзідэнт. У прыклад ён прывёў распрацоўку беспілотнікаў. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, вучоныя мала надаюць увагу гэтаму напрамку, а ён сёння важны як ніколі раней. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта заўвага не толькі ў адрас НАН, але і ўрада.
«Справа не ў заробках. У нас што, усе на акладах будуць сядзець? Па 8-10 тысяч мы будзем дактарам і кандыдатам плаціць, і ўсё добра? А за што плаціць? І потым. Вы што, не разумееце, як у нас абараняюць доктарскія і кандыдацкія? Пры тым цвёрдым кантролі, які сёння ажыццяўляецца з боку Прэзідэнта. І потым вы кажаце: трэба плаціць, як шахцёру. Шахцёр накапаў і на-гара падняў — можна палічыць. А тут, калі плаціць па вашым раскладзе, ні дактары, ні кандыдаты нічога не будуць рабіць напалову, — перакананы беларускі лідар. — Я не супраць таго, каб людзі атрымлівалі, але грошы павінны быць заробленымі». Прэзідэнт заявіў, што Акадэмію навук у Беларусі захавалі для таго, каб яна давала вынік. «Таму перш чым уносіць прапановы аб заробках (непапулярна перад выбарамі сказана, але ніколі папулізмам не займаўся), называйце крыніцу, дзе возьмем. Мы не пашкадуем грошай, калі будзе вынік», — кіраўнік дзяржавы.
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік Уладзімір Гусакоў расказаў журналістам, што, дзякуючы шырокаму складу ўдзельнікаў, размова аб праблемах навуковай сферы краіны ў цэлым і Акадэміі навук у прыватнасці была шматбаковай. «У нас ёсць бясспрэчныя вынікі, распрацоўкі, укараненні. Але ёсць, вядома, і недахопы», — адзначыў ён. адным з недахопаў НАН застаецца маштабаванне распрацовак. Па словах Уладзіміра Гусакова, неабходна больш шырокае іх укараненне, больш цесная сувязь навукі з галінамі эканомікі. Гэты тэзіс неаднаразова гучаў і на сустрэчы. «Усё, аб чым гаварылася на сустрэчы ў кіраўніка дзяржавы, мы ў аператыўным плане гатовы прааналізаваць і зможам укараніць і ў навуку, і ў практыку. Мы працуем цяпер над новым комплексам праграм нашых даследаванняў на будучую пяцігодку, адпрацаваны прыярытэты навукі, навукова-тэхнічнай дзейнасці. У рамках гэтых прыярытэтаў фарміруецца цэлы комплекс праграм навуковых даследаванняў, якія павінны пераходзіць у распрацоўкі, на іх базе павінны стварацца адпаведныя вытворчасці, якія працуюць на эканоміку краіны, што павышаюць яе канкурэнтаздольнасць. Гэтыя пытанні вельмі надзённыя, актуальныя, неабходныя. Мы гатовы іх вырашаць», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.
Сваімі меркаваннямі наконт удасканалення дзейнасці НАН Беларусі з журналістамі падзяліліся і члены рабочай групы. Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, член-карэспандэнт НАН, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк найважнейшым складнікам навуковай дзейнасці назваў высокакваліфікаваныя кадры. Па яго словах, без іх не будзе ні фундаментальнай, ні прыкладной навукі. Адна з прапаноў Ігара Марзалюка, якую ён агучыў на сустрэчы з Прэзідэнтам, — заключэнне «эфектыўных кантрактаў». «Мы павінны стварыць рэальную дыферэнцыяцыю. Што называецца, „всем сестрам по серьгам“ у залежнасці ад таго, наколькі „сястра“ добра працуе. У нас на сёння, будзем шчырыя, ураўнілаўка. Яе не павінна быць, тым больш калі размова ідзе пра маладых перспектыўных вучоных», — падкрэсліў ён. Ігар Марзалюк перакананы, што патрэбны эфектыўны кантракт, дакладныя аб’ектыўныя крытэрыі эфектыўнасці работы ўсіх, пачынаючы ад малодшага навуковага супрацоўніка і заканчваючы дырэктарам інстытута. «Эфектыўна працуеш па празрыстых крытэрыях — атрымліваць павінен больш, чым іншы супрацоўнік, які працуе менш эфектыўна. Інтэлектуальную канкурэнцыю ніхто не адмяняў. Гэта вельмі важны момант», — растлумачыў ён. Ігар Марзалюк таксама звярнуў увагу, што ў асобных інстытутах НАН недастатковая колькасць спецыялістаў з навуковымі ступенямі.
Напрыклад, у інстытутах гуманітарнай накіраванасці колькасць такіх спецыялістаў вагаецца ад 19 працэнтаў да 50 працэнтаў. Па словах эксперта, няправільна, калі акадэмічным інстытутам кіруе кандыдат навук, які не здольны або не жадае абараніць доктарскую дысертацыю. У сувязі з гэтым Ігар Марзалюк прапануе зняць якія-небудзь абмежаванні на занятак прафесійнай дзейнасцю для магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў на вочнай форме навучання. Таксама па словах члена рабочай групы, неабходна аднаўляць страчаную традыцыйную звязак паміж «вузаўскай» навукай і акадэмічнай. Па словах Ігара Марзалюка, гэтыя тэмы неабходна абмеркаваць на акадэмічным сходзе ў НАН, які анансаваў Прэзідэнт. «Мы хочам прынцыпова сумленна пагаварыць, — сказаў дэпутат. — Вочы ў вочы, не хаваючы праблем. Самае галоўнае: мы павінны зразумець, што няма нацыянальнай бяспекі без навукі. Мы павінны зрабіць так, каб навука стала рэальным драйверам развіцця эканомікі».
Старшыня Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш ключавой задачай назваў камерцыялізацыю фундаментальнай навукі, пераход ад лабараторных узораў да масавай вытворчасці. Ён таксама падкрэсліў, што галіновыя міністэрствы павінны адыгрываць больш актыўную ролю і выступаць заказчыкамі правядзення навуковых даследаванняў. «Гэта не заказ і не купля нейкіх тэхналогій — гэта сумесная работа разам з вучонымі, каб нашы тэхналогіі нараджаліся, развіваліся і былі рэалізаваны на практыцы», — сказаў Вадзім Богуш.
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі Сяргей Красны адзначыў, што айчынная медыцынская навука развіваецца інтэнсіўна. Але праблем хапае. І адна з іх — слабае ўзаемадзеянне акадэмічнай, галіновай і «вузаўскай» навукі. «Чамусьці кожны бачыць у іншым канкурэнта. А практыка паказвае, што, калі мы змаглі аб’яднаць намаганні вучоных рознай накіраванасці, то атрымліваюцца найбольш значныя прарыўныя тэхналогіі», — падкрэсліў вучоны.
Валерыя СЦЯЦКО.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат