Вы тут

Жывая памяць. І слова


Бібліятэка беларускай аповесці. Алесь Адамовіч. Хатынская аповесць. 

Барыс Сачанка. Апошнія і першыя

У чарговы выпуск серыі «Бібліятэка беларускай аповесці» выдавецтва «Мастацкая літаратура» ўвайшлі два творы, аб’яднаныя балючай тэмай: генацыд беларускага народа ў час нямецка-фашысцкай акупацыі. 

«Асаблівае значэнне маюць творы, для аўтараў якіх вайна — гэта не толькі чыесці ўспаміны, пераказы, але найперш свая пякельная памяць», — сцвярджае ў пасляслоўі дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак.

«Хатынская аповесць» Алеся Адамовіча набыла сусветную вядомасць дзякуючы экранізацыі «Ідзі і глядзі». Але які б ні быў таленавіты і ўражальны фільм, літаратурная аснова ўсё-ткі ўтрымлівае больш. Галоўны герой Фларыян — выкладчык інстытута, ён мае шчаслівую сям’ю, любімую працу, нягледзячы на тое што страціў зрок. Але ўнутраным сваім зрокам ён працягвае бачыць страшныя карціны вайны... Вось людзей загналі ў хлеў, яны разумеюць, што іх спаляць.

«Стала ціха, ціха. А ў цішыні той, вось ужо чвэрць стагоддзя, не заціхае раптоўны голас жанчыны: — Сынок, нашто ж ты боцікі рызінавыя надзеў? Твае ж ножкі доўга гарэць будуць. У рызіне».

Як у кожным вартым творы, жыццё падаецца ва ўсіх сваіх складанасцях, без пафасу і глянцу. Але аўтар цвёрда верыць, што існуе тая шкала чалавечнасці, што адрознівае дабро і зло і пазначае злачынствы, якія нельга ні дараваць, ні забыць.

«Я хацеў бы, каб гэта быў сон. Але гэта не сон. Не, не сон...» — так пачынаецца аповесць Барыса Сачанкі. Маленькага Ясіка маці паслала да цёткі ў суседнюю вёску занесці малака... Вярнуўся — замест вёскі папялішча. І такая страшная ў сваёй простасці дэталь: на папялішчы роднага дома Ясіка засталася печ, а на яе загнетцы — накрыты патэльняй чыгунок з наваранай бульбай, якую маці падрыхтавала для сына, чакала яго, сама не ела...

Малы застаецца жыць адзін у спаленай вёсцы... Спадзяецца, што хтось з родных вернецца ці прыйдуць партызаны... Шукае ежу... Назірае, як марадзёрствуе паліцай, як засільваецца сусед, чые жонка і дзеці спаленыя карнікамі... Сустракае хворага немца-дэзерціра, які ў жаху ад таго, што робяць яго суайчыннікі на гэтай зямлі...

Як і аповесць Адамовіча, твор заканчваецца развагамі пасталелага героя — пра тое, што нельга забываць.

Нора Галь. Слово живое и мёртвое

Гэтая кніга перавыдавалася шмат разоў і дасюль уваходзіць у абавязковае чытанне для ўсіх, хто прафесійна працуе са словам. Аўтар — вядомы перакладчык, літаратуразнаўца, крытык і тэарэтык перакладу. Нора Галь (Элеанора Гальперына) змагалася за натуральную і жывую мову, яе абурала, што канцылярызмы, моўныя штампы робяцца ледзь не нормай нават у паўсядзённым жыцці, і справа рэдактараў — змагацца з гэтай «самой распространенной, самой злокачественной болезнью нашей речи». 

Праўда, у эпоху інтэрнэту з’явіліся іншыя хваробы — звязаныя з занадта легкаважным стаўленнем да слова, якое пад уплывам блогасферы робіцца слэнгам, мемам, непісьменным хуткапісам. Вартасць кнігі — у шматлікіх прыкладах. Нора Галь прапануе чытачу самому супастаўляць розныя варыянты. Што лепей гучыць — «По мере приближения момента встречи с нею» ці «Чем меньше времени оставалось до встречи с нею»? «Испытывал жалость» ці «жалел»? «Заблаговременно» ці «заранее»? «Посмотрел перед собою» ці «посмотрел вперед»? І, зразумела, па-ранейшаму для нас актуальна праблема бяздумных іншамоўных запазычанняў. Мову маладых «прыкрашваюць» бясконцыя «траблы», «крашы», «крынжы»... Нора Галь іранізуе: «Обязан ли каждый читатель знать, что такое „тенцент“, „тьютор“, „инициация“, „блэк-аут“?.. И все же в одном переводе почтенный профессор вспоминает юность, однокашников — и... „тьютора“ (почему бы не по-русски — наставника, учителя?)».

Сёння можна перакласці тэкст з любой мовы, тыцнуўшы пальцам. Але ніякі штучны інтэлект не заменіць пачуцця слова і густу. Аб чым сведчаць прыклады Норы Галь: «Можно излагать гладко, скучно: «К его удивлению, никто не был убит», а можно передать как бы внутреннее восприятие самого героя: «Как ни странно, убить никого не убило».

Тое, пра што піша аўтар, актуальна для любой мовы — і для рускай, і для беларускай. Яна просіць задумацца над пытаннямі: як мы вучым гаварыць дзяцей сёння? Як яны будуць гаварыць заўтра? Ад гэтага залежыць будучыня, бо родная мова — гэта духоўны свет чалавека і народа, яго гонар і сумленне.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ.

Выданні для агляду дадзены кніжнай крамай «Акадэмічная кніга». Мінск, пр-т Незалежнасці, 72.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.