У Беларусі з 1987 года зарэгістравана каля 36 тысяч выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Цяпер у краіне жыве каля 25 тысяч чалавек з гэтым захворваннем. Яго распаўсюджанасць нераўнамерная: больш за 70% людзей з ВІЧ жыве ў трох рэгіёнах: Гомельскай і Мінскай абласцях і Мінску. З пачатку года ў краіне выяўлена каля тысячы новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі.
На сёння ВІЧ-інфекцыя з’яўляецца хранічным інфекцыйным захворваннем, якое пры належным і своечасова распачатым лячэнні не прыводзіць да смерці ці да нейкіх цяжкіх наступстваў са здароўем. Аднак для барацьбы з яго распаўсюджаннем Сусветная арганізацыя аховы здароўя вызначыла мэты, так званыя 95-95-95. Гэта азначае, што свой статус павінны ведаць 95% усіх людзей, якія жывуць з вірусам імунадэфіцыту чалавека, 95% з іх павінны атрымліваць жыццёва важную антырэтравірусную тэрапію, а 95% тых, хто яе атрымлівае, павінны дабіцца супрэсіі віруснай нагрузкі, што будзе садзейнічаць паляпшэнню стану іх здароўя і немагчымасці далейшай перадачы віруса імунадэфіцыту.
Аднак колькасць новых выпадкаў ВІЧ расце як у свеце, так і ў Еўрапейскім рэгіёне. Як паведаміў прадстаўнік СААЗ у Рэспубліцы Беларусь, кіраўнік краінавага офіса СААЗ у Беларусі Сяргей ДЗІОРДЗІЦА, у Еўрапейскім рэгіёне СААЗ, які ахоплівае 53 краіны Еўропы і Цэнтральнай Азіі, колькасць новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі ў 2024 годзе павялічылася на 7% у параўнанні з 2010 годам. У кожнага другога чалавека са станоўчым тэстам на ВІЧ інфекцыю дыягнастуюць позна.
Палова ўсіх людзей, якія жывуць з ВІЧ, ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, усё часцей не атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію і толькі 42% маюць вірусную супрэсію, гэта значыць больш не перадаюць вірус.
— Гэтая тэндэнцыя патрабуе ад краін прыняцця больш эфектыўных і інавацыйных мер па выяўленні ВІЧ-інфекцыі, уключаючы ўкараненне новых алгарытмаў тэсціравання, заснаваных на экспрэс-тэстах, пашырэнне ахопу прафілактычнымі і дыягнастычнымі паслугамі для ключавых груп насельніцтва, — адзначыў Сяргей Дзіордзіца. — Сёння ў нас ёсць усе неабходныя лекі, інструменты і тэхналогіі, каб пакончыць са СНІДам. Станоўчы тэст на ВІЧ больш не з’яўляецца смяротным прысудам.
Антырэтравірусная тэрапія дазваляе людзям, якія жывуць з ВІЧ, весці здаровае доўгае жыццё, асабліва калі хвароба дыягнаставана на ранняй стадыі, а яны прымаюць антырэтравірусныя прэпараты.
СААЗ адзначае намаганні Міністэрства аховы здароўя Беларусі па забеспячэнні ўніверсальнага і стопрацэнтнага бясплатнага доступу да сучаснага антырэтравіруснага лячэння людзей, якія жывуць з ВІЧ, — у Беларусі гэта стала магчымым з 2018 года.
— Адной з ключавых задач Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў галіне прафілактыкі ВІЧ і СНІДу з’яўляецца даванне доказнай базы для барацьбы з ВІЧ-інфекцыяй. І ў гэтым кантэксце з задавальненнем хачу адзначыць, што Беларусь аператыўна абнаўляе і паляпшае нарматыўную базу і праграмы па прафілактыцы і лячэнні ВІЧ-інфекцыі на аснове рэкамендацый СААЗ. Трэба адзначыць, што з пачаткам усеагульнага доступу да антырэтравіруснага лячэння ў Беларусі змянілася і тэндэнцыя першаснай захваральнасці на ВІЧ. Пачынаючы з 2018 года мы бачым ужо станоўчую тэндэнцыю зніжэння тэмпаў з’яўлення новых выпадкаў, — дадаў Сяргей Дзіордзіца.
Важным крытэрыем эфектыўнасці работы, паводле яго слоў, з’яўляецца і папярэджанне так званай вертыкальнай перадачы ВІЧ-інфекцыі ад маці да дзіцяці. У 2016 годзе Беларусь першай з краін Еўрапейскага рэгіёна атрымала афіцыйнае прызнанне на міжнародным узроўні і ёй быў уручаны адпаведны сертыфікат СААЗ.
Як паведаміла ўрач-эпідэміёлаг аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтэральных вірусных гепатытаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Лізавета ПРЫЛАЖЫНСКАЯ, за 10 месяцаў 2024 года ў Беларусі выяўлена каля тысячы новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, што на 14% ніжэй за аналагічны леташні перыяд.
Захворванне ў нашай краіне распаўсюджваецца пераважна сярод сацыяльна актыўных груп насельніцтва працаздольнага ўзросту. У асноўным гэта людзі ад 30 да 49 гадоў. Нязменнымі застаюцца асноўныя шляхі перадачы ВІЧ-інфекцыі: палавы шлях пры неабароненых кантактах без выкарыстання прэзерватыва і парэнтэральны шлях пры ін’екцыйным увядзенні наркатычных рэчываў або выкарыстанні нестэрыльнага медыцынскага інструментарыю. У Беларусі асноўным шляхам перадачы з’яўляецца палавы, на долю якога прыпадае 84% ад усіх новых выпадкаў.
— ВІЧ-інфекцыя многія гады асацыіравалася з пэўнымі групамі рызыкі, напрыклад людзьмі, якія ўжываюць наркотыкі, або работнікамі камерцыйнага сексу. Аднак варта звярнуць увагу, што сёння мы стараемся не ўжываць тэрмін «групы рызыкі», а рабіць акцэнт менавіта на рызыкоўных паводзінах, бо ў сілу розных абставін любы чалавек можа практыкаваць такія паводзіны, незалежна ад яго сацыяльнага статусу або прыналежнасці да той ці іншай групы, — адзначыла Лізавета Прылажынская. — Любая дыскрымінацыя ці стыгматызацыя людзей, якія жывуць з ВІЧ, недапушчальная. Гэта прыводзіць да нежадання ці нават страху перад абследаваннем на ВІЧ-інфекцыю, да зніжэння зваротаў па паслугі, звязаныя з прафілактыкай, — звярнула ўвагу ўрач-эпідэміёлаг.
Сталіца, як адзначалася, — адзін з трох неспрыяльных рэгіёнаў па распаўсюджанні ВІЧ-інфекцыі. Як паведаміла ўрач-інфекцыяніст Дзяржаўнай клінічнай інфекцыйнай бальніцы, выконваючая абавязкі загадчыка аддзялення Кансультатыўна-дыспансернага аддзялення па ВІЧ-інфекцыях Ганна ШАМЕЦЬКА, у Мінску на ўліку знаходзіцца каля 5400 чалавек, якія жывуць з ВІЧ, з іх лячэнне атрымлівае больш за 90%. На базе сталічнай інфекцыйнай бальніцы дзейнічае праграма па вядзенні цяжарных. На сёння ў Мінску назіраецца 37 цяжарных з ВІЧ-інфекцыяй, з іх 19 былі перададзены пад назіранне сацыяльных работнікаў для таго, каб прафілактаваць перадачу ВІЧ-інфекцыі ад маці да дзіцяці.
Рэалізоўваецца і дзяржпраграма па вышуку і матывацыі да лячэння асоб, якія знаходзяцца ў сацыяльна неспрыяльных умовах, сёлета ёй ахоплены 207 чалавек.
Сярод мер прафілактыкі спецыялісты называюць практыку абароненых палавых кантактаў — з выкарыстаннем прэзерватыва. Акрамя таго, важна своечасова дыягнаставаць ВІЧ-інфекцыю, паколькі чым раней чалавек даведаецца аб сваім дыягназе, тым менш гэта адаб’ецца на яго здароўі.
Алена Кравец
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.