Адукацыя, турызм, аздараўленне і спорт — гэта асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння арганізацый на бліжэйшую перспектыву. Канкрэтныя дамоўленасці па кожным з гэтых пытанняў былі дасягнуты сёння ў час он-лайн сустрэчы старшыні ФПБ Юрыя Сянько і прадстаўнікоў Таварыства дружбы правінцыі Сычуань Кітая.
Трэба адзначыць, што правінцыя Сычуань — адна з найбуйнейшых у Кітаі. Тут пражывае больш за 80 мільёнаў чалавек. У рэгіёне актыўна развіваюцца ўсе сферы эканомікі — ад прамысловасці да адукацыі. Як было адзначана ў час он-лайн сустрэчы, Таварыства дружбы гэтай правінцыі зацікаўлена ў пашырэнні ўзаемадзеяння з прафсаюзамі Беларусі для ўмацавання народнай дыпламатыі, абмену вопытам і непасрэдна супрацоўніцтва ў розных сферах. У сваю чаргу Юрый Сянько падкрэсліў, што сёння ў нацыянальнага прафцэнтра ёсць для гэтага ўсе магчымасці.
Так, напрыклад, у сферы адукацыі бакі дамовіліся аб пашырэнні кантактаў паміж прафсаюзным Міжнародным універсітэтам «МІПСА» і профільнымі ВНУ правінцыі Сычуань. Гэта абмен студэнтамі і выкладчыкамі, сумесныя адукацыйныя праграмы. Патэнцыял і магчымасці для гэтага ёсць. Ужо сёння ў «МІПСА» паспяхова дзейнічае Цэнтр кітайскай мовы і культуры. Таксама ўстанова адукацыі ФПБ уваходзіць у Кітайска-Беларускую Асацыяцыю ўніверсітэтаў.
Што да турызму, то прафсаюзным спецыялізаваным прадпрыемствам у гэтай сферы распрацаваны спецыяльныя праграмы для турыстаў з Кітая. Далейшае ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі Таварыства дружбы будзе садзейнічаць развіццю турызму паміж краінамі.
Ёсць зацікаўленасць бакоў і ў сумеснай рабоце ў спорце. У першую чаргу гэта правядзенне сумесных спартыўных мерапрыемстваў, запазычанне перадавога трэнерскага вопыту.
Дарэчы, плануецца ўзаемадзеянне не толькі на рэспубліканскім, але і на рэгіянальным узроўні. Цяпер абмяркоўваецца магчымасць падпісання пагаднення па гэтым пытанні.
Алена КРАВЕЦ
Фота: БелТА
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.