У госці да навучэнцаў Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа на мінулым тыдні прыйшлі член Савета Рэспублікі, старшыня Брэсцкага абласнога Савета Ігар Брылевіч, намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама Віталь ШЧЭРБА, дэпутат гарадскога Савета, галоўны ўрач Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы Сяргей КОЎШЫК. Дыялогавая пляцоўка з навучэнцамі праводзілася ў рамках рэспубліканскага асветніцкага праекта «Прэзідэнцкая рэспубліка».
Сваё выступленне Ігар Брылевіч пачаў з цытаты Прэзідэнта: «У нас ёсць галоўнае, што мы павінны захаваць і перадаць нашчадкам. Гэта наша любімая Радзіма, наша Беларусь. Нам не трэба чужога, свой дабрабыт мы створым самі, сваёй працай на сваёй зямлі».
— Гэта цудоўнае выказванне, якое можа прэтэндаваць на нашу нацыянальную ідэю, — сказаў старшыня абласнога Савета і загаварыў з моладдзю аб асноўных дасягненнях краіны за апошнія 30 гадоў. — Сёння наша краіна з’яўляецца прызнаным суб’ектам міжнародных адносін. Мы ўдзельнічаем у розных міжнародных арганізацыях, і ў рамках усіх без выключэння міжнародных пляцовак наша краіна, Рэспубліка Беларусь, заўсёды ўзнімае пытанні раўнапраўя, бяспекі, развіцця, супрацоўніцтва. Мы заўсёды выступаем за дыялог на падставе ўзаемапавагі.
На канкрэтных прыкладах з дапамогай лічбаў Ігар Максімавіч прадэманстраваў дасягненні нашай краіны, якія дазволілі зрабіць яе эканамічна незалежнай. Напрыклад, такіх: у 1994 годзе валавы ўнутраны прадукт быў на ўзроўні 13 мільярдаў долараў, па выніках 2024 года ён чакаецца каля 70 мільярдаў. Экспарт нашай краіны ў тых жа храналагічных рамках вырас з 5,6 да 50 мільярдаў долараў.
Гаварылі таксама пра развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі, транспартнай галіны краіны. З дапамогай лічбаў і табліц разбіралі, якое месца ва ўсім гэтым займае Брэсцкая вобласць, а яшчэ — што такое інвестыцыйны праект і як яго рэалізоўваюць. Цікавасць аўдыторыі выклікала размова аб касмічных праектах Беларусі, дасягненнях нашых вучоных і першым палёце беларускага касманаўта...
Асабліва ажыўленай стала размова, калі перайшла ў форму дыялогу.
Напрыклад, у Ігара Брылевіча спыталі, якім чынам, на яго думку, можна дасягнуць жыццёвых вышынь. На гэта пытанне спікер адказаў так: «Нічога не бойцеся, па жыцці ідзіце смела, дапамагайце слабейшым, шануйце старэйшых і, самае галоўнае, любіце нашу Радзіму — родную Беларусь. І ўсё ў вас атрымаецца!»
У старшыні аблсавета спыталі, што кіраўніцтва горада і вобласці плануе зрабіць, каб жыццё моладзі было яшчэ больш змястоўным, цікавым. Ігар Брылевіч спыніўся на праграме мерапрыемстваў, звязаных з патрыятычным выхаваннем. Паводле яго пераканання, малады чалавек павінен расці патрыётам, гэта значыць адданым радзіме, тады ў яго будзе больш стымулаў вучыцца, развівацца, дасягаць новых вяршынь у прафесіі і духоўным узроўні. Расказаў, як ідзе работа па стварэнні Патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці. Там круглы год будзе праходзіць навучанне юных грамадзян з усёй краіны. Расказаў і пра новы склад маладзёжнага парламента пры абласным Савеце, падкрэсліў, што парламент закліканы працаваць на карысць моладзі, даносіць да дарослых дэпутатаў пажаданні маладых і дапамагаць ім рэалізоўваць свае хай маленькія, але важныя праекты. Згадалі і міжнародны праект «Цягнік Памяці».
Віталю Шчэрбу навучэнцы задавалі ў тым ліку і практычныя пытанні.
Напрыклад пацікавіліся, ці можна працягнуць маршрут 100-га тралейбуса да вуліцы Герояў абароны Брэсцкай крэпасці, на якой знаходзіцца іх навучальная ўстанова. Цікавіліся навучэнцы планамі на ўзвядзенне дзіцячых садкоў і школ у раёнах, дзе яны пражываюць, што цалкам зразумела: у іх ёсць малодшыя браты, сёстры, такія ўстановы адукацыі патрэбны сем’ям. Віталь Шчэрба заўважыў, што за апошнія дзесяць гадоў у горадзе штогод адкрываецца новая школа альбо садок. А з галоўным урачом дзіцячай бальніцы гаварылі нават аб мэтазгоднасці прышчэпак ад ковіду.
Вынікі сустрэчы падвёў Ігар Брылевіч. Старшыня аблсавета падзякаваў юнай аўдыторыі за ўдзел у дыялогавай пляцоўцы, за актыўнасць, пажадаў навучэнцам поспехаў у вучобе, а пазней — і ў рабоце на карысць моцнай, квітнеючай Беларусі.
Святлана ЯСКЕВІЧ.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.