Вы тут

Брэстчына настроена на рывок


4 снежня Брэсцкая вобласць адзначае 85-ю гадавіну з дня ўтварэння. Гэтаму юбілею была прысвечаная прэс-канферэнцыя кіраўніка Брэстчыны Пятра ПАРХОМЧЫКА. Гаворка ішла пра развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі, сацыяльную сферу; былі абазначаны асноўныя пункты росту.


Патрэбны наватарскія ідэі

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык правёў першую на сваёй цяперашняй пасадзе прэс-канферэнцыю для рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ. Журналісты адразу ж заўважылі, што сустрэча праходзіць у час, калі губернатар адпрацаваў сімвалічныя сто дзён. Таму шмат пытанняў датычылася яго асабістага знаёмства з рэгіёнам і ўспрымання Брэстчыны.

Кіраўнік вобласці згадаў выказванне аднаго са сваіх папярэднікаў Канстанціна Сумара, які аднойчы назваў жыхароў рэгіёна беларусамі са знакам якасці. «Цяпер я зразумеў сэнс гэтых слоў. Сапраўды, тут жывуць людзі, якія ўмеюць працаваць і многага дасягнулі, — сказаў Пётр Пархомчык. — І вось, атрымаўшы гэтую пасаду, я разумеў, што нельга дапусціць падзення вытворчасці, вынікаў работы нашых сельгаспрадпрыемстваў, трэба захаваць станоўчую дынаміку развіцця прамысловасці ды іншых галін. Магу сказаць, што атрымліваецца. 

Выконваем, і нават крыху больш, чым планавалі. Не выконваецца толькі паказчык па інвестыцыях, не ўсе асвоілі тыя грошы, што былі выдзеленыя на рэалізацыю асобных інвестпраектаў. Ёсць шэраг прадпрыемстваў, якім не хапае рыўка, наватарскіх ідэй, каб прыбавіць у аб’ёмах».

І працягнуў разважанні на гэтую тэму:

— Галоўная задача кіраўніка — захацець здзейсніць прарыў і заразіць такім жаданнем найбліжэйшы круг аднадумцаў-калег. Тады справа зрушыцца з месца. Я ніколі не мірыўся з гэтымі памяркоўнымі лічбамі — 102-103 працэнты. А чаму, напрыклад, не 115? Гэта ж дабрабыт прадпрыемства і магчымасці яго развіцця, гэта заработная плата калектыву. Важна не спыняцца на тым, чаго дасягнулі, а ісці наперад. Калі ў людзей гараць вочы, калі яны любяць сваю работу, у іх усё атрымліваецца.

Ад халадзільнікаў да самалётаў

Супрацоўнікі СМІ нагадалі губернатару, што пры яго прызначэнні кіраўнік дзяржавы паставіў задачу звярнуць асаблівую ўвагу на прамысловасць. Пётр Пархомчык расказаў пра распрацоўку Праграмы развіцця аграпрамысловага комплексу Брэсцкай вобласці. Праграма накіраваная на паскораны рост і павелічэнне долі машынабудаўнічых галін, у тым ліку на павелічэнне ўдзельнай вагі прамысловага комплексу ў валавым рэгіянальным прадукце.

Будуць рэалізаваны вялікія праекты, якія закліканы даць імпульс развіццю. Напрыклад, плануецца будаўніцтва новага завода па вытворчасці ДСП на прадпрыемстве «Івацэвічдрэў» магутнасцю 600 тысяч кубаметраў, што дазволіць павялічыць выпуск такой прадукцыі ў 2,5 раза, будаўніцтва новых магутнасцяў для выпуску акумулятараў і камплектавальных да іх у Пінску. Ну і, вядома, атрымае далейшае развіццё флагман рэгіянальнай індустрыі — харчовая і перапрацоўчая прамысловасць.

У Баранавічах хутка будзе рэалізавана некалькі значных інвестыцыйных праектаў. Ужо фактычна завершана падрыхтоўка пляцоўкі для арганізацыі вытворчасці халадзільнага абсталявання кампаніі «Мідэа». Першыя кантэйнеры з прадукцыяй ужо дастаўлены ў горад, вядзецца іх разгрузка, іншыя — у дарозе. Да канца года на прадпрыемстве спадзяюцца атрымаць усе станкі і ўсе тэхналогіі для вытворчасці новых халадзільнікаў. На гэтай вытворчасці будуць прыменены тэхналогіі на ўзроўні сусветных. 

«Калі ўсё будзе ісці ў адпаведнасці з планам, то да канца года выпусцім першую партыю халадзільнікаў,» — адзначыў кіраўнік вобласці.

Дарэчы, зусім нядаўна на Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе ЗАТ «Атлант» запушчана вытворчасць першага ў Беларусі высокаэфектыўнага інвентарнага кампрэсара. Такім чынам будзе створаны мадэльны рад высокаэфектыўных кампрэсараў з паніжаным спажываннем электраэнергіі для выпуску халадзільнікаў. Тым часам прадпрыемства прапрацоўвае наступны праект. «Бачым неабходнасць вытворчасці высокатрывалага чыгуну. Трэба прамаштабаваць, павялічыць фактычна ў два разы аб’ёмы яго вытворчасці», — расказаў Пётр Пархомчык.

У Баранавічах неўзабаве павінен быць праведзены ў жыццё яшчэ адзін, даволі амбіцыйны, праект. Маецца на ўвазе вытворчасць у Беларусі самалётаў. Распрацоўка дакументацыі на 19-месны самалёт «Асвей» ідзе ў прапорцыі 50/50 з авіябудаўнічымі прадпрыемствамі Расіі. Такім чынам, гаворка ні многа ні мала — пра айчыннае авіябудаванне. «І ўжо ў 2026 годзе чакаецца выпрабаванне вопытнага ўзору самалёта, яго палёт», — удакладніў Пётр Пархомчык.

Асаблівая ўвага, паводле слоў кіраўніка вобласці, будзе аддавацца развіццю прадпрыемстваў, якія маюць пэўныя праблемы, у першую чаргу рэалізацыя на іх новых праектаў і асваенне новых відаў прадукцыі. А каб гэта ўдалося правесці ў жыццё, трэба прадугледзець рост узроўню аплаты працы як галоўнай умовы прыцягнення кадраў.

Будучыня — за электрадамамі, «разумнымі» дамамі

Падрабязна гаварылі ў гэты дзень пра вынікі года і развіццё сельскай гаспадаркі, а таксама пра будаўніцтва, развіццё электратранспарту, увядзенне ў эксплуатацыю электрадамоў і «разумных» дамоў. Губернатар адзначыў, між іншым, што Брэсцкая вобласць займае лідзіруючыя пазіцыі па колькасці легкавога аўтатранспарту, расце і колькасць электракараў на дарогах. Сёння ў вобласці 82 электразарадныя станцыі, колькасць іх будзе расці, гэты кірунак кіраўніцтва вобласці мае намер развіваць. Таксама ў Брэсцкай вобласці рэалізуюць праграму будаўніцтва жылля з выкарыстаннем электрычнай энергіі для ацяплення, водазабеспячэння і гатавання ежы. Летась узвялі 78 783 квадратныя метры такога жылля, маюцца на ўвазе як шматпавярховікі, так і індывідуальныя дамы. 

Праграма будзе развівацца далей. Зараз асабліва запатрабаваныя «разумныя» дамы, якія прадугледжваюць беражлівае стаўленне да рэсурсаў. У гэтым кантэксце губернатар згадаў і новы праект, які толькі на стадыі перамоў. Цяпер завяршаецца перагаворны працэс аб стварэнні ўздоўж ракі Мухавец цэлага мікрараёна з «разумным» жыллём, з бізнес-цэнтрамі, інфраструктурай. Гэта будзе прынцыпова новы для Брэста ўзор будаўніцтва: «У найбліжэйшыя 15-20 гадоў абласны цэнтр атрымае прыгожы, суперсучасны мікрараён».

Не колькасць, а якасць

Для развіцця глыбінкі падкрэслівалася важнасць рэалізацыі праграмы «Адзін раён — адзін праект». Губернатар адзначыў, што праграма не абмяжоўваецца рэалізацыяй у бягучай пяцігодцы толькі аднаго праекта ў кожным з раёнаў. Цяпер у 16 раёнах і трох гарадах вобласці ажыццяўляецца рэалізацыя 31 інвестыцыйнага праекта. Гэта новыя вытворчасці, прыліў інвестыцый, новыя рабочыя месцы ў рэгіёнах. 

Паводле яго слоў, важна засяродзіцца не на колькаснай складовай, а на якасці. Няма добрых ідэй, і па гэтай прычыне прабуксоўвае праграма «Адзін раён — адзін праект». «Замест таго каб думаць над новым, мы любім паўтараць адзін за адным. Быў час калі сталі адкрываць спрэс прадпрыемствы па выпуску драўляных пелет. А цяпер узніклі праблемы з іх рэалізацыяй. І многія не ведаюць, куды падзець прадукцыю. У гэтым сэнсе не грэх прыглядзецца да вопыту асобных прыватных вытворцаў. Ёсць прыватныя кампаніі, якія зарэкамендавалі сябе вельмі ўмелымі вытворцамі, выдатнымі менеджарамі, яны заслугоўваюць усялякай пашаны».

Задачы для першага рэгіёна

І хоць асноўны час канферэнцыі прысвяцілі размове аб развіцці прамысловасці, не абышлі ўвагай і сацыяльную сферу. «Гэтыя пытанні такія ж надзённыя, як вытворчыя праблемы, — сказаў Пётр Пархомчык. — Усё ўзаемазвязана: будзем лепш працаваць, больш зарабляць, адпаведна больш грошай накіроўваць на сацыяльныя патрэбы. Фінансаванне адукацыі, аховы здароўя, культуры на 2025 год запланавана з плюсам. Значная частка грошай, як і ў папярэднія гады, накіроўваецца на будаўніцтва, рамонт, мадэрнізацыю ўстаноў аховы здароўя. Налета запланавана завяршыць рамонт у Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы, Пінскай дзіцячай паліклініцы, бальніцы Давыд-Гарадка. Маштабная рэканструкцыя працягваецца ў Пінскай цэнтральнай бальніцы, завяршыць яе плануецца ў 2026 годзе. Вядзецца будаўніцтва новага корпуса Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы, распрацоўваецца праектная дакументацыя для рэканструкцыі Баранавіцкага радзільнага дома. Працягнецца паступленне ва ўстановы аховы здароўя новага абсталявання. Будуць узводзіцца новыя дзіцячыя садкі і школы».

Згадалі і словазлучэнне «першы рэгіён», якое стала ўжо брэндам. Як вядома, Брэсцкая вобласць першая па алфавіце, адпаведна і называецца першым рэгіёнам. Дарэчы, ёсць нямала паказчыкаў, па якіх вобласць займае лідарскія пазіцыі ў краіне. «У вобласці ёсць паспяховыя прадпрыемствы, асабліва тыя, што займаюцца глыбокай перапрацоўкай сельгаспрадукцыі. На вышыні там і якасць, і маркетынг, і тэхналогіі, — сказаў губернатар. — Мы, як вядома, першыя ў краіне па малаку — і па ўдоях, і па вале. У нас вельмі высокі ўзровень лакалізацыі, то-бок глыбіня перапрацоўкі малака адна з найлепшых у Рэспубліцы Беларусь. 

Пералік можна працягваць. Адным словам, трымаць планку першага — гэта вялікая адказнасць, гэта і стымул для імкнення адпавядаць статусу».

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Фота БелТА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.