3 снежня на месцы воінскага пахавання № 4847 на 605 кіламетры рэспубліканскай магістральнай аўтамабільнай дарогі М-1 «Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі» адбыўся ўрачысты мітынг «Памяці загінуўшых, на славу жывых!», прысвечаны адкрыццю адноўленага помніка воіну-вызваліцелю.
Да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся: старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, старшыня Смаленскай абласной Думы Ігар Ляхаў, старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта Анатоль Лукашоў, заснавальнік ПКПУ «Шляхамі Культуры» Віталь Буздуган, ураджэнка в. Засценкі Валянціна Ляпунова.
— 80 гадоў таму змучаная вайной беларуская зямля была вызвалена ад фашысцкіх акупантаў. Ахвяруючы самым дарагім — сваім жыццём, доўгачаканую свабоду прынеслі воіны Чырвонай Арміі, партызаны, падпольшчыкі, працаўнікі тылу. Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокую і незагойную рану на Дубровенскай зямлі. Тут цягам дзевяці месяцаў стаяў фронт. Баі не спыняліся ні днём, ні ноччу. Тут пачалася знакамітая вызваленчая аперацыя «Баграціён», — адзначыў Дзмітрый Дзямідаў. — У брацкай магіле, каля якой мы знаходзімся, упакоены 1927 чырвонаармейцаў, з іх 250 — ураджэнцы Смаленскай вобласці. Мы ніколі не забудземся на герояў, якія склалі свае галовы ў імя мірнага жыцця будучых пакаленняў. Сёння, напярэдадні 25-годдзя з дня падпісання дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, мы адкрываем разам з нашымі братамі з Расіі абноўлены пасля рэканструкцыі помнік загінуўшым героям.
Скульптура воіна была ўстаноўлена ў 1959 г. на месцы пахавання 1927 савецкіх воінаў, перапахаваных з вёсак Гічы, Гараны, Засценкі, Карумны, Новая Зямля, Сарвіры, Сенцюры, Трафіменкі, Чарнаручча, Шухаўцы, Шчарбіна, Якіменка. У брацкай магіле былі пахаваны грамадзяне з 12 рэспублік былога Савецкага Саюза. Нажаль, за дзесяцігоддзі помнік прыйшоў у непрыдатны стан.
Па ініцыятыве і непасрэдным удзеле прыватнай культурна-асветніцкай установы «Шляхамі Культуры» скульптура была адноўлена.
— Зусім нядаўна, 21 чэрвеня гэтага года мы адкрылі першы «Адрас Перамогі» у Смалявіцкім раёне на месцы мемарыяла легендарнай партызанскай брыгады «Разгром». Сёння мы адкрываем другі «Адрас Перамогі» — адноўлены помнік вайну-вызваліцелю на месцы брацкага пахавання ў Дубровенскім раёне, — падкрэсліў у сваім выступе Віталь Буздуган. — Гэты праект для нас — сімвал павагі да мужнасці і самаахвяравання загінуўшых савецкіх воінаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Пасля мітынгу школьнікі раздалі прысутным трохкутныя лісты з апісаннем подзвігаў, узнагародных дакументаў байцоў, пахаваных у брацкай магіле.
Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел дэлегацыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.
Віктар Іванчыкаў
Фота: Віктар Іванчыкаў
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.