Працягваем расказваць пра зімоўку суджанцаў у прыкопе.
Зімой для раслін у прыкопе небяспечныя не толькі мароз, вільгаць і мышы. Патагенная мікрафлора актыўна развіваецца ва ўмовах высокай вільготнасці, што можа прывесці да псавання саджанцаў у працэсе захоўвання. Хваробатворныя грыбы пранікаюць у расліны праз свежыя раны, таму перад укладаннем на захоўванне саджанцы не абразаюць. А вось ад лісця неабходна пазбавіцца.
Не варта таксама трывожыць каранёвую сістэму расліны. Выключэнне складае наяўнасць нежыццяздольных счарнелых ці падгнілых каранёў. Яны будуць працягваць гніць у прыкопе, таму іх лепш адразу выдаліць.
За дзень да закладання ў прыкоп рэкамендуецца адпаіць расліны. Для гэтага асобныя з адкрытай каранёвай сістэмай апускаюць у ваду на 3-5 гадзін (пажадана замачыць іх цалкам: не толькі карані, але і надземную частку, для гэтага спатрэбіцца ванна ці вялікая пасудзіна).
У ваду карысна дадаць біяпрэпарат з сеннай палачкай, якая стварае нябачны бар’ер для патагеннай мікрафлоры. У халодную пару года бактэрыі знаходзяцца ў спячым стане. Але як толькі саджанцы будуць высаджаны на пастаяннае месца, у цяпле карысная мікрафлора актывізуецца.
Высадкі з закрытай каранёвай сістэмай за дзень да закладання ў прыкоп шчодра паліваюць.
Паколькі захоўванне ў прыкопе — гэта часовы працэс, неабходна паклапаціцца аб тым, як вы будзеце здабываць саджанцы з зямлі. Відавочна, што з друзлага глебавага субстрату адкопваць іх будзе значна прасцей.
Укладанне саджанцаў у прыкоп нагадвае пасадку. Расліны размяшчаюць у становішчы «напаўлежачы». Карані засыпаюць друзлай глебай, таўшчыня пласта 20-30 см. У працэсе закопвання глебу ўвільгатняюць, каб карані шчыльна кантактавалі з зямлёй і не заставалася паветраных кішэняў. Дапускаецца ўтоптванне глебы нагой, як пры пасадцы дрэў і кустоў.
Надземную частку саджанцаў засыпаюць глебай пазней, калі тэмпература будзе трымацца стабільна ніжэй за нуль, а па прагнозе не прадбачыцца адліг. Надземную частку засыпаюць зямлёй на адну траціну, напалову ці на дзве траціны ў залежнасці ад кліматычных умоў.
Пасля заканчэння працы траншэя з закапанымі саджанцамі выглядае як узгорак, які ўзвышаецца над узроўнем глебы на 15-20 см. З двух бакоў ад траншэі лепш яшчэ па восені прадзяўбці неглыбокія канаўкі для адвядзення адталай вады.
Яшчэ пры набыцці саджанцаў дэкаратыўных і пладовых культур неабходна зважаць на марозаўстойлівасць і падбіраць сарты, якія здольныя выжыць у пэўных кліматычных умовах.
Для зімоўкі цеплалюбівых раслін праблему ўяўляе не толькі мароз. Частыя змены маразоў і адліг таксама дрэнна ўплываюць на расліны. Зімовыя халодныя вятры ўсушваюць маладыя парасткі, ледзяны дождж небяспечны для раслін з тонкай карой, яркае лютаўскае сонца выклікае сонечныя апёкі і становіцца прычынай маразабоін.
Пад паўметровым пластом пухкага снегу цеплалюбівыя расліны выдатна зімуюць без якога-небудзь сховішча. Аднак, калі зіма пачынаецца з траскучых маразоў, раслінам прыходзіцца цяжка.
Важна разумець, што няправільнае сховішча можа нанесці больш шкоды, чым карысці. Калі пад «дахам» ствараецца мікраклімат з высокай вільготнасцю паветра, то актыўна развіваецца патагенная мікрафлора і расліны не вымярзаюць, а выправаюць за зіму.
Крыніцай патагеннай мікрафлоры можа служыць арганіка: перагной, кампост, якія часта выкарыстоўваюцца для высокага абганяння раслін на зіму. Пласт арганічнай мульчы таўшчынёй 20-30 см абараняе карані ад вымярзання, але можа прывесці да развіцця бактэрыяльнага апёку на закапанай частцы раслін або да выправання каранёвай шыйкі дрэва.
Яшчэ да прамярзання глебы неабходна ўстанавіць каркас для збудавання паветрана-сухога зацішку. Каркас павінен быць дастаткова трывалым, канструкцыя не павінна скласціся пад вагой снегу.
Важна разумець, што паветрана-сухому сховішчу патрэбна быць прасторным, пад ім павінна цыркуляваць паветра. Укрыўны матэрыял не павінен захутваць расліну шчыльным коканам — гэта прыводзіць да выправання вечназялёных і іглічных раслін, да пашкоджання кары лістападных кустоў.
Чым прасторней сховішча, тым лепш зімуюць пад ім расліны. Бо цяпло дае не ўкрыўны матэрыял, якім бы шчыльным ён ні быў. Цяпло паднімаецца ад глебы, а ўкрыцце толькі не дазваляе яму рассейвацца ў паветры.
Ірына ТАМКОВІЧ
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.