Цёплую сустрэчу, прымеркаваную да Міжнароднага дня інвалідаў, арганізавала ў сваіх сценах Магілёўская абласная бібліятэка імя В.Леніна сумесна з рэгіянальнымі грамадскімі арганізацыямі «Беларускага таварыства інвалідаў» і «Саюза пісьменнікаў Беларусі». Радкі з верша мужнай і таленавітай паэтэсы Ніны Кавалёвай — «Мы — святло, якое шукае дабро» сталі назвай гэтай імпрэзы і яе лейтматывам. Жанчына ўсё сваё жыццё змагалася з цяжкай хваробай і некалькі гадоў таму пайшла з жыцця.
На памяць засталіся светлыя, пранікнёныя радкі, якія сёння натхняюць людзей з абмежаванымі магчымасцямі. А яны, у сваю чаргу, кранаюць сваёй творчасцю іншых. На працягу болей чым гадзіны са сцэны гучалі песні і вершы, дэманстраваліся танцавальныя нумары. Ад магілёўскай і бабруйскай суполак Беларускага таварыства інвалідаў выступілі з творчымі нумарамі Ала Заштавава, Алена Верасава, Берта Глушац. Нумары ішлі ад самога сэрца. Немагчыма было без слёз глядзець кранальную кампазіцыю бабруйчан Вадзіма Казырэўскага і Алісы Верасавай «З любімымі не расставайцеся».
Святочную праграму падтрымалі сваім удзелам салісты студыі вакалу і творчага калектыву «Раманс» Магілёўскага гарадскога палаца культуры і вольнага часу, Магілёўскай філармоніі. Вядучая вечара, загадчык аддзела краязнаўства абласной бібліятэкі Сняжана Шаўцова, паклапацілася, каб атмасфера ў зале была па дамашняму ўтульнай. Сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі шмат адданых чытачоў гэтай установы.
— Вы вельмі натхняеце нас вашым жыццём, вашай устойлівасцю і невычэрпным аптымізмам! — адзначыла яна. — Няхай вам заўсёды шчасціць.
Свае новыя вершы на тэму філасофія жыцця зачытаў намеснік старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі «Беларускага таварыства інвалідаў» Віктар Іванавіч Кунцэвіч. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што з боку дзяржавы ствараецца і рэалізуецца мноства сацыяльных праграм па адаптацыі і рэабілітацыі інвалідаў, і выказаў пажаданне, каб інтэграцыя гэтых людзей у грамадскае жыццё была яшчэ больш эфектыўным.
Са шчырымі пажаданнямі міра і дабрабыту звярнуўся да прысутных старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Аляксандр Казека.
— У нашай краіне ўсе роўныя, — падкрэсліў ён. — Калі ты жадаеш быць карысным дзяржаве, не мае значэння інвалід ты ці не. Нас ўсіх аб’ядноўвае любоў да Радзімы, а галоўнае багацце нашай краіны — таленавітыя, працаздольныя людзі
Аптымістычным акордам імпрэзы стала песня ў выкананні артыста Магілёўскай філармоніі Паўла Любчанкі «Беларусь мая родная», якую падхапіла ўся зала і пела стоячы.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва абласной бібліятэкі і Святланы КАЗЕКА
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.