Сімвалічным падарункам да 85-годдзя Брэсцкай вобласці стала адкрыццё ў Лунінецкім раёне новай малочнатаварнай фермы. Жывёлагадоўчы аб’ект у сельгаспрадпрыемстве «Вулькаўскі світанак» пабудаваны з падтрымкай дзяржавы. На цырымоніі адкрыцця падкрэслівалася, што рэалізацыя праекта стала важным крокам у развіцці аграрнага сектара рэгіёна — сектара, які з’яўляецца прыярытэтным кірункам дзяржаўнай палітыкі.
Аб’ект стаў адным са складнікаў вялікай праграмы, якая рэалізоўваецца ў краіне па забеспячэнні функцыянавання аграрнай галіны. Дзяржава ўзяла на сябе выплату працэнтаў па крэдыце — каля аднаго мільёна рублёў за год. І гэта істотная падтрымка.
Ферма ўжо некаторы час працуе. І першыя вынікі ўсяляюць пэўны аптымізм, сведчаць аб правільным кірунку аграрнай палітыкі. Напрыклад, сюды перавялі жывёлу са старой фермы Боркі. Дык вось у тых умовах надоі не перавышалі 5000 кілаграмаў малака ад каровы за год, а ў новым комплексе з сучаснымі памяшканнямі і сістэмай кармлення, новай даільнай залай спецыялісты прагназуюць надой каля 7000 кілаграмаў. Якасць малака таксама гаворыць сама за сябе. На старой ферме маглі даваць сортам «экстра» толькі каля 12 працэнтаў прадукцыі, а на новай фактычна ўсё малако ідзе названым сортам. А гэта, адпаведна, — даход гаспадаркі, заработная плата працаўнікоў і далейшыя перспектывы.
4 снежня кіраўніцтву і жыхарам першага рэгіёна паступіла шмат віншаванняў ад палітыкаў, дзеячаў культуры, іншых вядомых людзей Беларусі і замежжа.
Жыхароў Брэсцкай вобласці павіншаваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. «Наш самы заходні рэгіён — зямля з унікальнай гісторыяй і багатай культурна-духоўнай спадчынай, на якой спрадвеку жылі таленавітыя і працавітыя людзі», — гаворыцца ў віншаванні. Брэсцкая вобласць, утвораная пасля ўз’яднання тэрыторыі Беларусі ў адзіную рэспубліку, у гады Вялікай Айчыннай вайны была сапраўдным фарпостам вялізнай дзяржавы, а знакамітая «Брэсцкая крэпасць-герой» назаўжды застанецца сімвалам мужнасці і адданасці Радзіме, адзначыў беларускі лідар.
Умелае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, вытворчая і тэхналагічная дысцыпліна, укараненне перадавога вопыту дапамагаюць сёння Брэсцкай вобласці ўтрымліваць лідарскія пазіцыі ў краіне па многіх паказчыках, звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён пажадаў жыхарам Брэстчыны моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, упартасці ў дасягненні мэт і веры ў свае мары.
Цэлы дзень 4 снежня ў Брэсце прымалі гасцей. Па традыцыі святкаванне пачалося з цырымоніі ўскладання кветак у мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой». Разам з кіраўніком вобласці Пятром Пархомчыкам памяці герояў-абаронцаў пакланіліся Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Крутой, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Юрый Шулейка, Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі, упаўнаважаны кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Міхаіл Русы, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык.
З нагоды 85-годдзя вобласці ўсе значныя падзеі гэтага адрэзку часу, важныя вехі рэгіёна адлюстраваны ў новых музейных экспазіцыях, адкрыццё якіх прымеркавалі менавіта да гэтага дня. Музей 85-годдзя Брэсцкай вобласці стварылі ў Брэсцкім аблвыканкаме. Яго ўладкавалі на першым паверсе будынка выканкама. Галоўнай каштоўнасцю новага музея, несумненна, сталі ўнікальныя дакументы і фотаздымкі. А ўсяго тут сабрана каля дзвюх соцень розных экспанатаў. Іх перадалі абласны архіў, занальныя архівы Баранавічаў, Пінска, Кобрына, абласная бібліятэка імя М. Горкага, мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», а таксама Дзяржаўны архіў Расіі.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.